Игнат Домейко

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 26 Ноября 2013 в 21:38, биография

Краткое описание

Нарадзіўся Ігнат Дамейка 31 ліпеня 1802 года ў родавай сядзібе Медзвядка паблізу Міра Навагрудскага павета (цяпер — Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). У сем гадоў малы Ігнась страціў бацьку, Іпаліта Дамейку, старшыню Навагрудскага земскага суда. Маці — Караліна — засталася пасля яго смерці з трыма сынамі і дзвюма дочкамі. На дапамогу ёй прыйшлі Іпалітавы браты.

Содержание

1) Биография ………………………………………………………………3
2) Национальный герой Чили – Игнатий Домейко…………………...6
3) Список литературы……………………………………………………10

Вложенные файлы: 1 файл

Дамейка.doc

— 73.00 Кб (Скачать файл)

Нарадзіўся Ігнат Дамейка 31 ліпеня 1802 года ў родавай сядзібе  Медзвядка паблізу Міра Навагрудскага павета (цяпер — Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). У сем гадоў малы Ігнась страціў бацьку, Іпаліта Дамейку, старшыню Навагрудскага земскага суда. Маці — Караліна — засталася пасля яго смерці з трыма сынамі і дзвюма дочкамі. На дапамогу ёй прыйшлі Іпалітавы браты.

Адзін з іх, гаспадарлівы Ігнат Дамейка, які меў агранамічную адукацыю, узяў на выхаванне свайго малога цёзку да сябе ў маёнтак  Жыбуртоўшчына ў Лідскім павеце, за 12 вёрст ад паштовай станцыі Наваельня.

Дзядзька прывучаў малога Ігната гаспадарыць на зямлі. А другі  дзядзька — Юзаф, які атрымаў  асвету ў Германіі, у славутай фрайбургскай Горнай акадэміі і меў у сваім  доме немалую калекцыю мінералаў  і прыродазнаўчых кніг, хацеў зацікавіць пляменніка канкрэтнымі навукамі і ў першую чаргу сваёй любімай мінералогіяй, рамантычнай прафесіяй геолага. Дзеля гэтага ён адвёз Ігнася ў Шчучын, у піярскую школу, дзе шмат увагі надавалася прыродазнаўчым навукам, бо школьную праграму склаў тут былы яе выкладчык — вядомы мінералог і батанік Станіслаў Баніфацый Юндзіл. У школе меўся неблагі мінералагічны музей, багатая бібліятэка. Вучні былі пад апекай гувернёраў, ці «дырэктараў». Такім «дырэктарам» для Ігнася быў будучы паэт-філамат Ануфрый Петрашкевіч, дарэчы, таксама схільны да прыродазнаўства.

Добры ўплыў меў на Ігната Дамейку і адзін з выкладчыкаў  школы ксёндз-піяр Калясанты Львовіч.

Чатырнаццаць гадоў  было Ігнату Дамейку, калі ён скончыў  Шчучынскую піярскую школу і запісаўся ў студэнты Віленскага ўніверсітэта, на фізіка-матэматычны факультэт, дзе вывучаў выбраныя ім навукі: біялогію, хімію, матэматыку. Адначасова наведваў лекцыі прафесараў літаратуры і гісторыі.

У 1821 годзе маці Ігната Дамейкі атрымлівае ў спадчыну маёнтак свайго брата Станіслава Анцуты Сачыўкі каля Крашына (радзімы Паўлюка Багрыма) з усёй рухомасцю. Гаспадаром маёнтка яна хацела бачыць свайго сына Ігнася. Хлопец, вядома ж, не раз прыязджаў з Вільні ў Сачыўкі, памагаў мацеры гаспадарыць, але назаўсёды пакінуць вучобу не змог.

Праз які год універсітэт  быў скончаны. Ігнат Дамейка атрымаў  ступень магістра філасофіі. Але  прагны да ведаў юнак не спяшаўся развітвацца  з універсітэтам. Яму хацелася глыбей вывучыць гісторыю, літаратуру, мовы. Ён ужо добра ведаў французскую і англійскую мовы, вывучаў яшчэ нямецкую і латынь. Акрамя таго затрымлівалі хлопца ва ўніверсітэце ў Вільні і абавязкі ў Таварыстве філаматаў.

Прыходзіла пара ўладкоўвацца Ігнату Дамейку на работу. Вядома, маладога хлопца вабіў да сябе горад, дзе ён мог знайсці як спецыяліст някепскую пасаду. Але перамагла «агітацыя» дзядзькі Ігната заняцца гаспадаркай на вёсцы. Паколькі ў Сачыўках, дзе жыла маці, гаспадарыў цяпер сястрын муж, Ігнату Дамейку аддавалі ў валоданне маёнтак Заполле ў Лідскім павеце. Дваццацігадовы Жэгота, як называлі сябры Ігната Дамейку, з цікавасцю і маладым запалам узяўся за гаспадаранне.

Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, следчая камісія даведалася і  пра ўдзел Ігната Дамейкі ў  тайным згуртаванні моладзі. У лістападзе 1823 года маладога гаспадара Заполля арыштоўваюць, дастаўляюць у Вільню. Толькі вясной наступнага года яго разам з большасцю сяброў выпусцілі. Пазбегнуць высылкі ў «аддаленыя губерні Расіі» дапамаглі Жэготу ўплывовыя дзядзькі.

Улады пакуль што задаволіліся толькі высылкай «змоўшчыка» на вёску, у яго ж Заполле, — пад нагляд паліцыі і без права ўладкавання на дзяржаўную службу, пакуль не будзе дадзены на гэта «дазвол яго цэсарэвічаўскай вялікасці вялікага князя Канстанціна», як адзначалася ў прыгаворы.

У сваім Заполлі пад  неаслабным паліцэйскім вокам прагаспадарыў  Ігнат Дамейка цэлых шэсць  гадоў. Невядома, колькі б яшчэ доўжылася  гэтая, хай і не пакутлівая, ссылка, калі б не паўстанне 1830-1831 гадоў. Пачуўшы  пра яго, Дамейка пры першай жа магчымасці ўцякае з дому. Змагаўся ён у войску генерала Хлапоўскага.

Пасля разгрому паўстання  ўцалелыя яго ўдзельнікі падаюцца ў сталіцу Саксоніі Дрэздэн, які даў ім часовы прытулак перад ад'ездам далей на Захад. У Дрэздэне Ігнат Дамейка сустрэўся з віленскімі сябрамі Антоніем Эдвардам Адынцом і Адамам Міцкевічам. Адсюль разам э Міцкевічам у канцы ліпеня 1832 года ён едзе ў Парыж.

Жыў там Дамейка з  Міцкевічам у адным з недарагіх  гатэляў, потым сябры знайшлі  прыватныя кватэры. У французскай  сталіцы Ігнат Дамейка актыўна ўключаецца ў грамадскае жыццё эміграцыі.

Дзейны і неспакойны па натуры Дамейка заняўся ў Парыжы яшчэ падрыхтоўкай да друку і выдання прац і мастацкіх твораў сваіх сяброў. Яго паслугамі карысталіся, напрыклад, Іахім Лялевель, Багдан Залескі.

Асабліва адчувальную падтрымку і дапамогу «любага Жэготы» атрымлівае там Адам Міцкевіч. Калі паэт засеў за напісанне свайго самага буйнога і значнага твора – паэмы «Пан Тадэвуш», Дамейка быў незаменны памочнік і кансультант. Як добры знаўца роднай яму і паэту Навагрудчыны, ён падаваў для Міцкевіча шмат важных звестак з яе гісторыі, прыроды, памагаў узнавіць у памяці постаці адметных яе людзей, што сталі вобразамі паэтычнай эпапеі. Ды і патрэбныя словы часам памагаў ён знайсці сябру. Яму, Ігнату Дамейку, даручыў паэт і перапісванне паэмы для друку з адзінага арыгінала. Гэта была немалая праца — перапісаць начыста агромністы па сваім памеры твор. Нездарма Адам Міцкевіч зрабіў Ігната Дамейку адным з персанажаў сваёй славутай паэмы «Дзяды». Яго ж вобраз вывеў паэт і ў другім сваім шэдэўры — паэме «Пан Тадэвуш».

Каб удасканаліць свае веды ў выбранай мінералогіі, Ігнат Дамейка  паступае ў Горную школу, зноў садзіцца на студэнцкую лаву. За тры гады ён прайшоў увесь курс навучання, закончыўшы школу ў 1837 годзе з вялікім багажом ведаў і дыпломам спецыяліста ў руках.

На пастаянную працу  Дамейку запрашаюць у Эльзас, дзе  ён знайшоў багатыя залежы жалезнай руды. Яму даручаюць арганізацыю выплаўкі жалеза, за што абяцаюць добрыя заробкі. Ды якраз у гэты час, час роздуму і сумненняў, Ігнат Дамейка атрымаў з Парыжа ліст ад свайго сябра Адама Міцкевіча: «Мілы Жэгота! Я вельмі рады, што ты нарэшце знайшоў сваю руду... Але ці ведаеш ты, што цябе чакаюць амерыканскія капальні? Быў якраз сёння ў мяне паляк Ястжэмскі, які сустракаўся з французам Дзюфрэно. Хто такі гэты Дзюфрэно, я не ведаю. Але ён сказаў, што ёсць для цябе месца ў Чылі, дзе ты станеш прафесарам хіміі і металургіі, дадуць табе грошы на дарогу і зарплату тры тысячы даляраў. Ястжэмскі кажа, што гэта будзе 15 тысяч франкаў. Выезд у кастрычніку. Так што пішы Дзюфрэно і даведвайся пра падрабязнасці».

Ігнат Дамейка вельмі ўзрадаваўся лісту сябра. «Я ажыў, — пісаў ён потым у сваіх  нататках. — Ажылі і мае дзіцячыя мары пра далёкія вандраванні. Нядоўга  думаючы, я напісаў, што згодны».

Што ж да Адама Міцкевіча, то хоць ён і знайшоў гэтае месца  для сябра, сам быў вельмі засмучаны  расстаннем з ім. «Я ў смутку, —  пісаў ён Г. Кайсевічу 29 студзеня 1838 года, — бо трачу Дамейку, старога  і праверанага сябра. Бог ведае, калі яго яшчэ ўбачу».

Міцкевічава трывога была не дарэмная: сябрам ужо ніколі не давялося сустрэцца. Хвалюючым было і само развітанне Дамейкі ў доме Міцкевічаў, куды ён завітаў перад ад'ездам. Маленькая Адамава дачка Марыня, як заўсёды, папрасілася Дамейку на рукі — яна не ведала, што добры «Дамака» сёння гушкае яе апошні раз.

Згодна з пагадненнем, Ігнат Дамейка павінен быў  папрацаваць у Чылі не меней чым  пяць гадоў. 3 чэрвеня наступнага года Ігнат Дамейка нарэшце быў на месцы свайго прызначэння, у невялікім прыморскім горадзе Какімба, асяродку горнай прамысловасці Чылі.

Сваё ўражанне аб далёкай  краіне апісаў Ігнат Дамейка ў  кнізе «Мае падарожжы».

Чылійскія ўлады запрасілі  Дамейку недарэмна. Пасля вызвалення Чылі ад каланіяльнай залежнасці ад Іспаніі і ўстанаўлення тут рэспубліканскага ладу адкрыўся шырокі прастор для развіцця гаспадаркі краіны. Неабходна было выкарыстаць багатыя, але пакуль яшчэ не асвоеныя прыродныя рэсурсы. Тут патрэбны былі спецыялісты. Задача вучонага-мінералога, горнага інжынера Ігната Дамейкі была такая — падрыхтаваць спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні прыродных багаццяў Чылі, стварыць тут адпаведную навуковую базу.

Сваю задачу Ігнат  Дамейка выканаў належным чынам. Ён стварыў школу па падрыхтоўцы патрэбных спецыялістаў, арганізаваў лабараторыю, дзе рабіліся хімічныя аналізы руд. Пачынаць на голым месцы было нялёгка. Да таго ж, на пачатку шкодзіла няведанне іспанскай мовы. Але настойлівасць і працавітасць зняла ўсе перашкоды на яго шляху. За тры месяцы ён авалодаў іспанскай мовай і мог свабодна весці курс лекцый у сваей школе.

У час канікул няўрымслівы  Жэгота наладжвае працяглыя экспедыцыі па вывучэнні Чылі. У сваіх падарожжах па Чылі Ігнат Дамейка цікавіцца не толькі карыснымі выкапнямі ды мінераламі гэтай горнай краіны, усімі яе прыроднымі багаццямі, але і жыццём яе насельнікаў, побытам рабочых на капальнях і асабліва карэннымі жыхарамі Паўднёвай Амерыкі — індзейцамі, іх традыцыйнай культурай.

У снежні 1844 года беларускі выгнаннік наладжвае заманлівае для яго падарожжа на поўдзень Чылі — у краіну свабодалюбівых індзейцаў-араўканцаў. Вывучае іх гісторыю, побыт і ўсё занатоўвае на паперы.

Незаўважна прыйшоў  час, калі заканчваўся тэрмін працы  Ігната Дамейкі ў Какімба. Вучоны мог цяпер спакойна варочацца дадому. Але ж дарога на радзіму яму ўсё яшчэ была перакрыта: тамашнія ўлады не надта чакалі змоўшчыка-філамата і паўстанца. Да таго ж, у час падарожжа ў Араўканію згарэла з такой цяжкасцю створаная ім лабараторыя і дом з багатай калекцыяй мінералаў. Трэба было аднаўляць страчанае, а таксама даследаваць сабраныя ў апошніх падарожжах мінералы і іншыя матэрыялы. I Ігнат Дамейка мусіў застацца яшчэ на нейкі час за акіянам.

У 1846 годзе ён ужо цвёрда наважыў вяртацца ў Еўропу, бліжэй да радзімы. Але чылійскія ўлады прасілі папрацаваць яшчэ на карысць маладой рэспублікі. Тым больш што яго перавялі ў сталіцу краіны Сант'яга, дзе прапанавалі пасаду прафесара хіміі і мінералогіі нядаўна адкрытага тут універсітэта. Праз нейкі час ён ужо ўзначаліў кафедру хіміі, стаў членам універсітэцкай рады.

«Я першы з смертных, — расказвае ён у лісце сябрам, — вывучыў новы вулкан на Кэро Азуль. Цэлымі днямі хадзіў я па агромністай  сальфатары, дыхаючы дымам ад згарання серы і скачучы з каменя на камень, як алень. Ніякая рака, ні ручай не маглі затрымаць мяне ў вандроўцы, а ад майго малатка ўсе трыццаць дзён разлягаліся горы».

Але як бы ні захапляла  Ігната Дамейку праца, ён ні на хвіліну  не пакідаў думаць пра вяртанне на радзіму. У Какімба яму была добрая магчымасць ажаніцца, займець, як усе людзі, сям'ю. Ды выгнаннік ведаў, што жаніцьба магла б стаць непераадольнай перашкодай да вяртання, і ён адмовіўся ад свайго намеру.

I ўсё ж жыццё мацнейшае  за чалавечыя планы. Усе карты  змяшала Ігнату Дамейку чароўная маладая паненка Энрыкета дэ Сатамаер, якая прычаравала прафесара. 7 ліпеня 1850 года 46-гадовы Жэгота бярэ шлюб з 15-гадовай чылійкай. К гэтаму часу ў Дамейкі быў раскошны дом з садам на ўскраіне Сант'яга. Гадаванец Медзвядкі, віленскі філамат і запольскі гаспадар цяпер з каранямі пачаў урастаць у паўднёваамерыканскую зямлю.

Чорным для Ігната Дамейкі і сям'і стаў снежань 1870 года: нечакана памерла жонка. На руках  у яго засталося трое дзяцей: пятнаццацігадовая  дачка Аніта і два меншыя хлопцы — Гернан і Казімір. Не паспеў Дамейка як след ачуняць ад смерці жонкі, як новая цяжкая вестка выбіла яго з каляіны: памёр дома родны брат Казімір.

Ігнат Дамейка на гэты час стаў вельмі паважаным чалавекам у Чылі, якая многім была яму абавязана. Перш за ўсё тым, што беларускі выгнаннік, які ад прафесара і загадчыка кафедры даслужыўся да рэктара чылійскага ўніверсітэта, рэарганізаваў усю сістэму навучання ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне, у тым ліку і ў самім універсітэце. За ўзор узяў ён сістэму адукацыі на сваёй радзіме, сістэму, якую праводзіў у жыццё Віленскі ўніверсітэт, асяродак навучальнай акругі.

Рэформа дазволіла прывабіць  да навукі лепшыя інтэлектуальныя сілы Чылі, пашырыць асвету ў краі. Ігнат  Дамейка сам пісаў і падручнікі для школ па прыродазнаўчых навуках. Ён стварыў у Чылі музей мінералагічных, петраграфічных і палеанталагічных матэрыялаў, заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лабараторыю, арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства.

Вялікія заслугі Ігната Дамейкі і як вучонага — даследчыка чылійскіх прыродных багаццяў. Ён адкрыў тут багатыя паклады золата, серабра, медзі, каменнага вугалю, салетры, арганізаваў іх здабычу. Вучоны сабраў і апісаў мноства новых, невядомых навуцы мінералаў, раслін, акамянеласцяў, метэарытаў. А яшчэ ён адшукаў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Сант'яга вадаправод, поўнасцю вырашыўшы праблему водазабеспячэння чылійскай сталіцы.

Толькі ў 1884 годзе, вызваліўшыся нарэшце ад напружанай працы ва ўніверсітэце, ад пасады рэктара, на якую выбіраўся аж чатыры разы запар, змог 82-гадовы выгнаннік ажыццявіць сваю неадступную мару — убачыць родную зямлю. Пра гэтую радасную, хаця і вельмі цяжкую вандроўку праз самы вялікі акіян Ігнат Дамейка паспеў падрабязна расказаць у кнізе «Мае падарожжы».

Толькі ў канцы жыцця  Дамейку было дазволена наведаць радзіму. І ў 1884 годзе Ігнат Іпалітавіч разам з сынамі прыехаў у родныя мясціны. Пабываў у Мядзведцы, Міры, Навагрудку, Крошыне. Пасадзіў у Крошыне дубок, а мясцовы каваль Паўлюк Багрым (вядомы потым паэт) высек памятны надпіс на вялізным камені ў гонар знакамітага земляка. Яшчэ праз нейкі час, пасля падарожжа ў Італію і Палесціну, Дамейка вярнуўся ў Чылі.

23 студзеня 1889 года ў  Сант’яга перастала біцца сэрца  былога віленскага філамата. Дзень  яго пахавання быў аб’яўлены  днём нацыянальнай жалобы. Калі на шырокім пляцы перад урадавым палацам сабраўся агромністы людскі натоўп, каля ўстаноўленай там труны з целам славутага вучонага выступіў сам прэзідэнт рэспублікі Бальмакеда, які нагадаў пра вялікія заслугі памерлага перад краінай і аб'явіў аб наданні Ігнату Дамейку звання нацыянальнага героя Чылі.

Чылійцы высока ацанілі  заслугі апальнага ў Расійскай  імперыі беларуса. У гонар яго  быў адліты памятны медаль, імем малазнанага ў Беларусі чалавека назвалі адзін з партовых гарадоў (Пуэрта-Дамейка), вулканічны ланцуг гор у Андах, а таксама адкрыты ім мінерал (дамейкіт) і фіялкавую кветку (віёла дамейкона). У доме, дзе жыў вучоны, быў створаны музей, а ў Сант’яга пастаўлены помнік “Грандэ Эдукатору” (вялікаму асветніку)...

Информация о работе Игнат Домейко