Автор работы: Пользователь скрыл имя, 01 Апреля 2014 в 18:10, реферат
Бацька – Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) у дзяцінстве насіў імя Адольф. Існуе версія, што яго хрысцілі ў касцёле, паводле каталіцкага абраду. Афіцыйна, на падставе дубліката метрычнага запісу, лічыцца, што ён быў ахрышчаны ў Халопеніцкай праваслаўнай царкве Барысаўскага павета (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці). Максімавага дзеда Юрыя (Ягора), беззямельнага селяніна, былога прыгоннага кухара маёнтка Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер у Глускім раёне Магілёўскай вобласці) прывёз у гэтую мясцовасць на службу памешчык.
Максім Багдановіч, як чалавек надзвычай грунтоўных ведаў і шырокай эрудыцыі ў галіне літаратуры, добра ведаў творчасць многіх класікаў сусветнай паэзіі. Ён захапляўся вершамі А. Пушкіна, А. Фета, Т. Шаўчэнкі. Быў знаёмы і з творчасцю многіх паэтаў – прадстаўнікоў такога актуальнага ў той час літаратурнага накірунку, як сімвалізм. Асаблівую цікавасць ён праяўляў да створанага французскім паэтам П. Верленам. Творчасць аднаго з заснавальнікаў сімвалізму мела значны ўплыў на фарміраванне паэтычных прыхільнасцей Максіма Багдановіча (напрыклад, верш “Маёвая песня” (Па-над белым пухам вішняў), 1910 г.). Багдановіча цікавіла найперш музыкальнасць паэтычных радкоў, якой сімвалісты надавалі вялікае значэнне. Аднак ён імкнуўся не капіраваць літаральна створанае іншымі, а выкарыстоўваў некаторыя творчыя напрацоўкі калег па пяры для ўдасканалення ўласнай, вельмі індывідуальнай, паэзіі.
Падчас знаходжання ў Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў і пад уражаннем ад іх напісаў верш “Слуцкія ткачыхі” (1912 г.) з цыкла “Старая Беларусь”. У гэтым творы аўтар расказвае сумную гісторыю прыгонных ткачых, апісвае хараство роднай зямлі, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, дзе “заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька”. Васілёк з лёгкай рукі Максіма стаў адным з сімвалаў Беларусі.
Яшчэ адным вынікам паездкі сталі вершы “За дахамі места памеркла нябёс пазалота” (1911 г.), “Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць”, “У Вільні” (1912 г.) і іншыя з цыкла “Места”, прысвечаныя старажытнай беларускай сталіцы. Максім Багдановіч – фактычна першы ў беларускай літаратуры паэт-урбаніст, гарадскія вобразы займаюць у яго творчасці даволі істотнае месца ў адрозненне ад іншых беларускіх паэтаў – яго сучаснікаў, а “Места” – першы ўрбаністычны цыкл у беларускай літаратуры.
Паэтычнай творчасці Максіма Багдановіча гэтага перыяду былі ўласцівы і такія тэмы, як гістарычны лёс Беларусі, паднявольнае становішча беларускага народа, яго барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне (цыклы 1911-1912 гг. “Старая Беларусь”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая спадчына”).
У 1909-1916 гг. Максім Багдановіч напісаў амаль два дзесяткі вершаў на рускай мове (“Уймитесь, волнения страсти”, “Я вспоминаю дом старинный”, “Ах, как уютно, чисто, мило” і інш.), прычым некаторыя з іх не маюць аўтарскага беларускага тэксту (такія лірычныя творы, як“Зачем грустна она была”, “Я вспоминаю Вас такой прекрасной, стройной”, “Зеленая любовь”, “Осенью”).
У 1909-1913 гг. ён стварыў рукапісны зборнік паэзіі “Зеленя”, які прызначаўся для яго стрыечнай сястры Г. Гапановіч, меркаванне якой малады паэт вельмі цаніў. У зборнік ён уключыў тры вершы на рускай мове і 19 аўтаперакладаў сваіх жа беларускіх вершаў на рускую мову.
У той жа перыяд былі напісаны паэмы “У вёсцы” (1912 г.) і “Вераніка” (1911-1913 гг.) (некаторыя даследчыкі яе адносяць да жанру вершаванага лірычнага апавядання), дзе выразна праявілася захапленне Максіма Багдановіча вобразам жанчыны, які стаў адным з цэнтральных у яго творчасці. Глыбокія мацярынскія пачуцці, на думку Багдановіча, арганічна ўласцівыя кожнай жанчыне, нават маленькай дзяўчынцы, – ідэйная аснова твора “У вёсцы”. Хоць паэма “Вераніка” і мае эпіграф “Яна – выдумка маёй галавы”, вядома, што яе радкі навеяны пачуццём закаханасці ў сястру свайго аднакласніка – Ганну Какуеву. Ідэалізаваны вобраз жанчыны ў душы Максіма абуджае ў аўтара імкненне да ўвасаблення яго ў паэтычнай форме. Вобразам гэтай дзяўчыны навеяны і такія вершы, як “Учора шчасце толькі глянула нясмела”, “Больш за ўсё на свеце жадаю я”, некаторыя іншыя. Другі знакаміты твор лірыкі любоўных перажыванняў – верш Максіма Багдановіча“Раманс” (Зорка Венера ўзышла над зямлёю), які пазней стаў шырокавядомай песняй, канкрэтнага адрасата не мае.
Каля 1915 г. паэт напісаў цыкл вершаў “На ціхім Дунаі. Вершы беларускага складу”. У іх выразна гучаць фальклорныя матывы. Да фальклорных стылізацый належаць таксама паэмы “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” (1914 г.) пра няўдалую жаніцьбу камара і “Максім і Магдалена” (1915 г.), яе тэма – трагічнае каханне вясковага хлопца да дачкі ваяводы, які жорстка распраўляецца з юнаком, і той гіне як герой.
Пад уражаннем ад знаёмства з фальклорам розных народаў Максім Багдановіч стварыў на беларускай мове шэраг песень, стылізаваных пад народную творчасць сербаў, рускіх, украінцаў, скандынаваў, іспанцаў, японцаў, персаў.
Максім Багдановіч адзін з заснавальнікаў у беларускай літаратуры такога накірунку, як філасофская лірыка. Паступова ў яго творчасці пачалі праяўляцца агульначалавечыя тэмы: вечнасць свету і тленнасць усяго існага (“Дзед” (Так цёпла цэлы дзень было), 1913 г.), эгаізм людзей як прычына ўсялякай несправядлівасці (“Мяжы”, 1914 г.), марнасць і бессэнсоўнасць чалавечых канфліктаў (“Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”, 1915 г.). Радкі з апошняга верша: “Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // да зор?” сталі хрэстаматыйнымі.
Максім Багдановіч фактычна першы з беларускіх паэтаў, хто звярнуўся да санета, трыялета, рандо, тэрцыны, скерца і іншых складаных форм верша (варта ўспомніць хоць бы хрэстаматыйныя цяпер “Санет” (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі) (1911 г.) або “Трыялет” (Калісь глядзеў на сонца я) (1912 г.). Ён свядома імкнуўся ўзбагаціць маладую беларускую літаратуру новымі для яе формамі, ужо добра асвоенымі ў сусветнай літаратуры, і тым самым істотна пашырыць яе творчыя магчымасці, удасканаліць літаратурную мову.
1 студзеня 1909 г. у газеце “Наша ніва” з’явілася першая паэтычная публікацыя Максіма Багдановіча – верш “Над магілай”. У сакавіку газета надрукавала яшчэ адзін верш – “Прыйдзе вясна”. Аднак многія вершы, якія Багдановіч дасылаў у “Нашу ніву”, былі адпраўлены ў архіў рэдакцыі. Некаторыя члены рэдкалегіі, на той час ужо вядомыя прадстаўнікі беларускага адраджэнскага руху, палічылі іх “дэкадэнцкімі”, незразумелымі простаму народу, тым чытачам, на якіх, як яны лічылі, арыентуецца газета. І тут у творчым лёсе маладога паэта адыграў значную ролю супрацоўнік газеты “Наша ніва” беларускі паэт, публіцыст, крытык С. Палуян. У жніўні 1909 г. азнаёміўшыся з вершамі Багдановіча, ён змог належным чынам ацаніць яго наватарства, імкненне да ўзбагачэння форм мастацкага слова, пашырэння абсягу тэм маладой беларускай літаратуры, у чым аўтар бачыў адну з сваіх галоўных задач. С. Палуян пры падтрымцы Янкі Купалы настаяў на публікацыі вершаў. З верасня 1909 г. паэтычныя творы Максіма Багдановіча пастаянна друкаваліся на старонках “Нашай нівы”.
У пачатку 1914 г. у Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок” (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: “Вянок на магілу С.А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)”. У зборніку каля 100 вершаў (лірычнага і патрыятычнага характару) і 2 паэмы. Яны былі аб’яднаны па цыклах: “У зачарованым царстве”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая Беларусь”, “Места”, “Думы”, “Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны”. Сам Багдановіч пазней так ахарактарызаваў сваю кнігу: “Недахватаў рожных – гібель, ды і … вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г., калі мне было 17-20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца”.
Плённа працуючы над паэтычнымі творамі, Максім Багдановіч пасля шасцігадовага перапынку зноў звярнуўся да мастацкай прозы.
У 1913-1916 гг. ён напісаў шэраг апавяданняў і нарысаў не толькі на беларускай (“Апавяданне аб іконніку і залатару…”, “Шаман”, “Марына”, “Гарадок”, “Сярод глухой пушчы”, “Вясной”), але і на рускай мове (“Несчастный случай”, “Колька”, “Преступление”, “Мадонна”, “Сон-трава”, “Страшное”, “Именинница”, “Чудо маленького Петрика”, “Экзамен”, “Из летних впечатлений”, “Катыш”, “Около театра миниатюр”, “Волгари”, “На углу”, “Около билетов”). Гэта невялікія па аб’ёме творы з разнастайнай тэматыкай: усхваленне жанчыны, любаванне прыродай, апісанне розных мясцовасцей, жыццёвых акалічнасцей і цяжкасцей вайны, ёсць аўтабіяграфічныя замалёўкі, гучаць рэлігійныя, казачныя і гістарычныя матывы і інш.
Асобнае месца ў гэтым радзе належыць апавяданню “Апокрыф” і яго пашыранаму рускамоўнаму варыянту “Притча о васильках”, у якіх выкладзена паэтычнае крэда Максіма Багдановіча – “Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы”. У гэтым творы, які імітуе біблейскі стыль, асвятляюцца ўзаемаадносіны паўсядзённага жыцця і мастацтва і іх яднанне.
Увагу Максіма Багдановіча прыцягнуў яшчэ адзін жанр мастацкай прозы – казкі. У гэтым праявілася схільнасць пісьменніка да шырокай метафары, алегорыі. У казцы “Башня мира”, напісанай у 1915 г. на рускай мове, у больш поўнай меры, чым у іншых творах, Багдановіч меў магчымасць выказаць свой погляд на падзеі вайны, якая вялася ўжо паўгода, і негатыўнае стаўленне да вайны наогул.
Трэба адзначыць, што амаль усё напісанае Максімам Багдановічам у жанры мастацкай прозы было адразу ж надрукавана ў беларускай і расійскай прэсе.
Мастацкае слова Масіма Багдановіча прагучала з усёй сілай яго таленту і пры стварэнні ім паэтычных пераказаў твораў іншых аўтараў.
Багдановіч імкнуўся
да таго, каб узбагаціць беларускую
літаратуру набыткамі
1909 г. –
пачатак перакладчыцкай
У 1909-1910 гг. Максім Багдановіч пераклаў на беларускую мову некаторыя вершы нямецкіх класікаў Г. Гейне, Ф. Шылера. Многія з перакладаў з’явіліся на старонках “Нашай нівы”.
У 1911-1912 гг. ён займаўся перакладчыцкай дзейнасцю яшчэ больш актыўна. З’явіліся пераклады на беларускую мову твораў Гарацыя і Авідзія.
Асобна варта адзначыць
пераклады 22 вершаў французскага
паэта-сімваліста П. Верлена, чыя
творчасць была асабліва
Да 1913-1916 гг. адносяцца пераклады на беларускую мову твораў бельгійскага паэта Э. Верхарна, рускага класіка А. Пушкіна.
Таксама Максім Багдановіч займаўся перакладамі на рускую мову твораў беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў. Існаваў цэлы рукапісны сшытак перакладаў на рускую мову вершаў Янкі Купалы, а таксама іншых беларускіх паэтаў. Ацалеў толькі пераклад верша Янкі Купалы “Жніво”. У 1911-1916 гг. Багдановіч перакладаў на рускую мову вершы ўкраінскіх аўтараў: А. Крымскага, Т. Шаўчэнкі, М. Чарняўскага, Алеся, І. Франко, У. Самійленкі, большасць з іх пры жыцці перакладчыка не былі апублікаваны.
Ёсць у Максіма
Багдановіча і некалькі
У 1910 г. Максім Багдановіч пачынае выступаць і як літаратурны крытык. Першай спробай пяра стаў артыкул “І. Неслухоўскі”, прысвечаны беларускаму паэту Івану Неслухоўскаму, які выступаў пад псеўданімам Янка Лучына. Артыкул застаўся няскончаным.
Значнай з’явай у працэсе развіцця беларускага прыгожага пісьменства стаў артыкул Максіма Багдановіча “Глыбы і слаі”, які з’явіўся ў студзені 1911 г. на старонках газеты “Наша ніва” і быў прысвечаны аналізу творчасці беларускіх пісьменнікаў, стану беларускай літаратуры. Ён фактычна паклаў пачатак беларускай прафесіянальнай літаратурнай крытыцы. Малады аўтар адразу праявіў сябе як уважлівы і ўдумлівы крытык, які ў сваіх даследаваннях зыходзіў з высокіх эстэтычных крытэрыяў. Яго глыбокі аналіз, грунтоўныя тэарэтычныя напрацоўкі заклалі падмурак для далейшага развіцця беларускага літаратуразнаўства, якога да Багдановіча практычна не існавала.
У артыкуле
Максім Багдановіч, у прыватнасці,
выказаўшы некаторыя крытычныя
заўвагі наконт творчасці Янкі Купалы
і Якуба Коласа, тым не менш сцвярджаў,
што талент Купалы “прабіўся на волю і
паказаў, якую ён таіць красу і моц”, а
Колас павінен заняць пачэснае месца ў
маладой беларускай літаратуры.
У 1913 г. у артыкуле “За тры гады”, які мае падзагаловак “Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911–1913 гг.”, апублікаваным у літаратурна-мастацкім альманаху “Калядная пісанка”, Максім Багдановіч, даючы ацэнку маладой беларускай літаратуры, так падсумаваў яе стан: “…За апошнія гады сярэдняя вартасць твораў падвышаецца… цяпер кожны піша так, як некалькі год назад маглі пісаць найлепшыя пісьменнікі нашы. А гэта можа значыць адно: што ў нас вырабілася літаратурная мова”. Аўтар лаканічна але трапна ахарактарызаваў дасягненні беларускай літаратуры, заявіўшы, што “не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе яна свой дар”.
Аналізуючы кнігу вершаў Янкі Купалы “Шляхам жыцця”, Багдановіч імкнецца адзначыць эстэтычныя дасягненні аўтара: “З радасцю бачым, што талент Купалы развіваецца, з’яўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасці, новыя формы і вобразы. Не толькі нядоля нашай вёскі ды нацыянальныя справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго творах”.