Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565гг.) – “бацька” Рэфармацыі ў ВКЛ

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 04 Февраля 2015 в 20:16, реферат

Краткое описание

Вялікае Княства Літоўскае (так звалася наша краіна ў XVI стагоддзі), як і шматлікія іншыя еўрапейскія краіны, актыўна ўключылася ў рух абнаўлення. Евангельскае вучэнне імкліва распаўсюджвалася па краіне. Спрыялі гэтаму і Бібліі, надрукаваныя Скарынай, і тое, што шматлікія беларусы вучыліся ва ўніверсітэтах Прагі, Виттенберга, Кенігсберга, Лейпцыга, і тое, што вось ужо больш 100 гадоў у Беларусі прапаведвалі Евангелле папярэднікі Рэфармацыі - гусіты.

Содержание

Уводзіны
Зорны час Мікалая Радзівіла
Вялікія пэрспэктывы і вялікія занядбанні
Заключэнне
Спіс выкарыстованных крыніц
Дадатак

Вложенные файлы: 1 файл

Реферат.docx

— 98.66 Кб (Скачать файл)

У хуткім часе пасля гэтага ў сэнаце Вялікага Княства Літоўскага засталося толькі два католікі: біскупы віленскі і жамойцкі, прысутнасць якіх была замацаваная статутам Княства, а ўсе астатнія былі эвангельскімі хрысціянамі. Сярод іх можна назваць Стэфана Збаражскага, ваяводу троцкага, Станіслава Паца, ваяводу віцебскага, Паўла Сапегу, ваяводу наваградзкага, Васіля Тышкевіча, ваяводу смаленскага, Юрыя Осьціка, ваяводу мсціслаўскага, Габрыэля Гарнастая, ваяводу менскага, Астафея Валовіча, кашталяна троцкага і падканцлера, Яна Хадкевіча, маршалка земскага, Юрыя Зяновіча, кашталяна полацкага, Яна Гайко, кашталяна берасцейскага і іншых. Калі дадаць да гэтага спісу каталіцкага кіеўскага біскупа Мікалая Паца, які ў 1564 годзе стаў кальвіністам, і жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча, стаўшага лютаранінам, то вобраз рэлігійнай сытуацыі ў Вялікім Княстве будзе даволі адназначны. Шляхта ў Вялікім Княстве Літоўскім, у адрозненні ад многіх краінаў Эўропы, а таксама Расеі, складала каля 10% насельніцтва (для параўнання: шляхецкі стан у Францыі налічваў недзе 1,5% грамадзтва), і ў пераважнай большасці яна стала пад сцягі Рэфармацыі. У яшчэ большай ступені гэта адносіцца да мяшчанства краіны. Мандат вялікага князя Жыгімонта Аўгуста на заснаванне кальвінскай царквы ў Віцебску пачынаецца такімі словамі: «Прыслалі до нас бояре, шляхта, бурмістры, райцы і мешчане тамошніе вітэбскіе, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Вітэбском дозволілі ім ку науцэ детем і для хожэнія іх ку слуханю слова Божего дом збудоваті і казнодею ховаті». У Полацку ў той самы час летапісец адзначае, што «не только мірстіі люді, но і ігумены і чернцы, і попы, і діаконы Греческого закона» актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні і развіцці эвангельскіх цэркваў. Сярод 22 сэньёраў (назіральнікаў за царкоўным жыццём у зборах, якія абіраліся з найбольш паважаных членаў збору), прысутных на сынодзе ў Вільні, 11 чалавек былі шляхецкага стану, а другія 11 - месцічы. Гэты сынод прыняў пастанову, каб у кальвінскую школу ў Вільні хадзілі «деткі шляхецкіх і мейскіх станов». Калі ў 1563 годзе маскоўскія войскі захапілі Полацак, «сафейскі протопоп і со священніцы з братіей і все градскіе і посадцкіе священніцы благодарственне іспущающе гласы, ізбавлышеся і свободішеся от Люторского насілованія, что те Люторы отпалі святые православные веры, церкві разорылі і іконам не поклоняліся, і поруганіе чынілі велікое».

Такі ўздым рэфармацыйнага руху, асабліва ўлічваючы масавыя навярненні шляхты, ня мог не закрануць і сялян. І хоць гэты працэс ішоў значна павальней, што і ня дзіўна, калі ўзгадаць знікомы ўзровень разумення сутнасьці хрысціянства і поўную непісменнасць беларускага сялянства, з цягам часу сітуацыя пачала мяняцца. Захаваліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў некаторых уладаннях кальвінскіх магнатаў сяляне таксама вызнавалі эвангельскую веру. Адзін з правінцыйных сынодаў пастанавіў, каб шляхта не прымушала сялян прымаць кальвінізм, але раіць сэньёрам збораў, каб яны сваіх падданых прыцягвалі да слухання Слова Божага, самі зяўляючыся для іх прыкладам.

Імклівае развіццё Рэфармацыі ў Вялікім Княстве дазволіла ўжо ў 1557 годзе правесці пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага першы сынод (сход сэньёраў і магістраў збораў) эвангельска-рэфармаванага Задзіночання, як называлі сябе вызнаўцы кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. На гэтым сынодзе быў абраны першы супэрінтэндант (адказны) беларускіх збораў - Сымон Зак. Неўзабаве далейшы рост колькасці эвангельскіх цэркваў у краіне прымусіў эвангельска-рэфармаванае Задзіночанне падзяліцца на два, а пазней на шэсць дыстрыктаў (рэгіёнаў), на чале кожнага з якіх стаяў свой супэрінтэндант. Штогод дэлегаты ад кожнага дыстрыкту зьязджаліся ў Вільню на агульны сынод.

Эвангельскія цэрквы ў гарадах Вялікага Княства, нават задоўга да свайго юрыдычнага афармлення, вылучаліся немалой місыянэрскай актыўнасцю. Прымаючы веру Хрыстовую, купцы і рамеснікі сур'ёзна прымалі словы Госпада: «Ідзіце і зрабіце вучнямі ўсе народы». Гарады паўночна-усходняй Беларусі мелі даўнія гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам Вялікім, Цвер'ю і Масквою, і разам з купецкімі абозамі на ўсход ішлі ідэі Рэфармацыі. Як вынік гэтага ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай дзяржаве пачало распаўсюджвацца эвангельскае вучэнне. Адзін з лідараў гэтага руху, Мацвей Башкін казаў, што яго настаўнікамі былі «літвянін аптекарь Матфей і другой літвянін Андрей Хотеев». Калі маскоўскія духоўныя і дзяржаўныя ўлады жорсткімі рэпрэсіямі стлумілі рэфармацыйны рух у Маскоўскім царстве, частка вернікаў уцяклі «ў Літву», або «ў Немцы», дзе «свабодна гучала Слова Божае».

У гэты час Вялікае Княства Літоўскае перажывала ўздым ня толькі ў духоўным жыцці, але таксама ў эканоміцы і культуры. І менавіта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэнне Кальвіна, якое вялікую ўвагу надавала характару чалавека і рэалізацыі кожным свайго прызначэння, асабліва падкрэслівала важнасць якаснага выканання кожным сваіх абавязкаў, пры гэтым ніколі не задавальняючыся дасягнутым. Такі біблійны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнікнення рынкавай гаспадаркі. Падобныя працэсы адбываліся і ў Беларусі.

Асабліва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, літаральна змяніўшая аблічча Беларусі на працягу XVI стагодзьдзя. Ідэя рэформы, якая б дазволіла кожнаму селяніну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялікага князя Жыгімонта Старога. Актыўна падтрымліваў каралеву ў яе пачынаннях ейны духоўнік Лісманіні, адзін з прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, які лічыў, што прызначэнне чалавека найбольш поўна рэалізуецца тады, калі ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежаваліся толькі ейнымі ўладаннямі ў Гарадзенскім і Кобрынскім староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэннямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасць праведзеных рэформаў, якія развівалі ініцыятыву і актыўнасць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале з віленскім ваяводам. Разам з ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін з непасрэдных выканаўцаў пераўтварэнняў ва ўладаннях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую «Уставу на валокі», абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восенню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараванне зямлёй ў Вялікім Княстве. Сутнасцю гэтай рэформы было меранне зямлі і яе клясыфікацыя паводле вартасці, апрацаванасці і ўраджайнасці. Абмераныя землі падзяляліся на стандартныя часткі - валокі (21,37 гектара). Зямля ў карыстанні сялянаў пераразмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такім чынам ліквідуючы церазпалосіцу і спрашчаючы падаткаабкладанне сялянскай гаспадаркі. Такая арганізацыя землекарыстання дазваляла асвойваць новыя землі і павялічыць таварнасць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялікім памерам участка і магчымасці выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова ствараліся фальваркі - вялікія панскія гаспадаркі, якія павінны былі апрацоўвацца цяглымі сялянамі (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалі вялікаму князю, але пасля яе падхапіла шляхта, праводзячы памеру ў сваіх маёнтках.

Валочная памера змяніла нават знешні выгляд вёсак па ўсёй Беларусі. Яны сталі больш буйнымі, з характэрнай забудовай у адну вуліцу. І гэты іх выгляд прынцыпова не змяніўся да сённяшняга дня. Яшчэ больш важным вынікам рэформы сталася павелічэнне грашовага абарачэння, бо большасць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, і таму мусіла звязвацца з рынкам. Акрамя таго была ліквідаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлівалі ў спадчыну ў сваё карыстанне валокі і выконвалі грашовыя і іншыя павіннасці паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былі праведзеныя ў Расійскай імпэрыі толькі на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-міністрам Пятром Сталыпіным, які меў маёнтак каля Горадні і на ўласныя вочы бачыў вынікі рэалізацыі «Уставы на валокі». Сама валока аказалася настолькі трывалай гаспадарчай адзінкай, што нават у XX стагодзьдзі беларускія сяляне, набываючы зямлю, вымяралі яе валокамі.

Новая сыстэма гаспадарання дала магчымасць павялічыць ураджаі збожжа, так што жыта і ячмень пачалі вывозіць на продаж за мяжу. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла развіваць разнастайную вытворчасць, асабліва звязаную з перапрацоўкай драўніны, бо частка сялянаў замест працы на зямлі пачала займацца рамяством. Зявіліся цэлыя паселішчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту мясцовага рынку і эканамічнаму развіццю краіны. Адной з прыкметаў гэтага стала стварэнне ў Вялікім Княстве аднароднай грашовай сыстэмы. На пачатку XVI стагодзьдзя на Полаччыне ў абарачэнні былі галоўным чынам рыскія шылінгі, у Панямоньні - праскія грошы, а на Палесьсі - залатаардынскія дзірхемы. Але ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя асноўнай манэтай ва ўсім Княстве становіцца літоўскі паўгрош віленскай вытворчасці.

Яшчэ адной характэрнай рысай XVI стагодзьдзя стаў хуткі рост у Беларусі гарадоў і мястэчак. Калі на пачатку стагодзьдзя іх было толькі 48, то ўжо ў 1567 годзе іх налічвалася больш за 280. Гэтая ўрбанізацыя Вялікага Княства непасрэдна звязаная з імкненнем магнатаў закладаць гарады і мястэчкі ў сваіх уладаннях. Радзівілы, Кішкі, Пацы, Сапегі запрашалі разнастайных рамеснікаў, перш за ўсё веручых, і надавалі новым паселішчам магдэбурскае права (права самакіравання). Дзеячы Рэфармацыі ставілі сабе за мэту клапаціцца пра пашырэнне кола людзей, якія займаюцца нейкім рамяством. Сымон Будны ў сваім «Катэхізісе» звяртаў увагу бацькоў, што «повінны родітелі научаті сынов своіх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелі». Ён ставіў майстра ў адзін шэраг з настаўнікам, пастарам і ўладамі.

Сярэдзіна XVI стагодзьдзя - гэта таксама імклівы культурны ўздым Вялікага Княства. Тут варта ўзгадаць хаця б тыя некалькі сотняў школаў, адкрытых пры эвангельскіх цэрквах на працягу няпоўных дзесяці гадоў, якія далі магчымасць тысячам маладых людзей атрымаць прынамсі пачатковую адукацыю. Або сотні кнігаў, якія выходзілі вялікімі накладамі і пашыралі веды сярод жыхароў краіны. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькі рэлігійная літаратура, але таксама кнігі па гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, філясофіі, паэтычныя і празаічныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў. Князь Мікалай Радзівіл Чорны стаў распачынальнікам мэцэнацтва ў Вялікім Княстве. Пры яго двары стваралі музыку Кіпрыян Базылік і Вацлаў з Шаматулаў, пісалі вершы Мікалай Рэй і Андрэй Трыцесскі. Нямецкія мастакі, якія працавалі дзякуючы падтрымцы віленскага ваяводы, увялі ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапіс. Мікалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзівілаўскіх мастацкіх збораў, першай мастацкай калекцыі ў Беларусі.

Шматгранная дзейнасць віленскага ваяводы выяўлялася і ў палітычным жыцці краіны. Пачынаючы з 1556 году Мікалай Радзівіл Чорны шмат увагі ўдзяляў сітуацыі ў Прыбалтыцы, вядучы перамовы аб далучэнні Лівоніі да Вялікага Княства і сумеснай абароне супраць маскоўскай агрэсіі. У 1558 годзе войскі Івана Жахлівага ўварваліся ў Лівонію, пакідаючы за сабою спаленую зямлю. Лівонія звярнулася да Вільні па дапамогу, становячыся пратэктаратам Вялікага Княства. Вайна з Масквою стала непазбежнай. Зімою 1563 году 200-тысячная маскоўская армія на чале з Іванам Жахлівым увайшла ў межы Княства і аблажыла Полацак. Вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды кінуўся тэрмінова збіраць беларускае войска і закрыў дарогу на Вільню, але дапамагчы Полацку аніяк ня змог. У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Івана ўсе, хто не хрысціўся па-праваслаўнаму, былі пасечаныя шаблямі або ўтопленыя ў Дзвіне, мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. Усіх пазасталых палачанаў захопнікі аб'явілі палоннымі і пагналі на ўсход. У родны горад з іх ніхто не вярнуўся, а сам Полацак быў заселены перасяленцамі з-за Масквы. Калі праз 16 гадоў войскі Стэфана Баторыя вызвалілі Полаччыну, гэтая некалі самая заселеная зямля ў Вялікім Княстве ўяўляла сабою зарослую маладым лесам пустыню без людзей і без жывёлы. Да сённяшняга дня гэты край самы бязлюдны ў Беларусі.

Такое развіццё падзеяў нарадзіла паніку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Віцебскам было прынятае рашэнне аб далучэнні Вялікага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым планам інтэграцыі рашуча супраць стаў Мікалай Радзівіл Чорны. На Варшаўскім сойме ў студзені 1564 году, калі польскія дэлегаты і Жыгімонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалі ліквідацыі Вялікага Княства і ўваходжання яго ў склад Польшчы, віленскі ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытанні незалежнасці сваёй краіны, не згаджаючыся ні на якія саступкі. У гэты час Мікалай Радзівіл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнікаў, разграміў 30-ці тысячнае маскоўскае войска. Пытанне пра інтэграцыю было закрытае. Аднак незалежніцкая пазыцыя віленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносінаў з каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Некаторыя сучаснікі гаварылі, што Мікалай Радзівіл Чорны прымерваў для сябе вялікакняскую карону, разлічваючы на тое, што Жыгімонт Аўгуст ня мае нашчадкаў, і таму быў такі непрыхільны да ўсялякіх саюзаў. Мы ня ведаем, ці былі ў віленскага ваяводы такія пляны, хутчэй за ўсё гэта прыдумкі недабразычліўцаў. У лісце да сына ен пісаў: «Кароль вельмі неахвотна ад мяне гэта прыймае, але Рэч Паспалітая для мяне больш значыць, чым прыхільнасьць гаспадара, таму мала мяне гэта хвалюе». Віленскі ваявода называе тут Рэччу Паспалітаю, гэта значыць супольнаю справаю ўсіх грамадзян краіны, Вялікае Княства Літоўскае. Такая зацятасць Мікалая Чорнага не была дарэмнай. Гісторыкі аднадушна сцвярджаюць, што пастава віленскага ваяводы адносна вуніі з Польшчай надавала сілу беларускай дэлегацыі ў Любліне ў 1569 годзе, і хоць Мікалай Чорны памёр чатыры гады раней, бясспрэчна яго заслуга ў тым, што Вялікае Княства ня стала часткаю Польскага Каралеўства і захавала сваю самастойнасць.

 

 

 

 

Вялікія пэрспэктывы і вялікія занядбанні

Трывожныя падзеі 1563 і наступнага 1564 году падарвалі здароўе віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён адчуваў набліжэнне смерці, і таму спяшаўся. Усё менш займаўся палітыкай, а ўвесь свой час прысвячаў таму, каб умацаваць эвангельскую царкву ў краіне. За апошнія дванаццаць гадоў ён зрабіў шмат, каб укараніць Рэфармацыю ў Вялікім Княстве. Здавалася, можна было глядзець у будучыню спакойна, але трывога не пакідала князя Мікалая. Яго непакоілі весткі з вайны, адкрыта прапольская пазыцыя вялікага князя. У дадатак да ўсяго ў самім эвангельска-рэфармаваным Задзіночанні пачыналіся спрэчкі, якія сеялі нязгоду між братамі. У красавіку 1565 году князь Мікалай цяжка захварэў. 27 траўня ён паклікаў да сябе свайго старэйшага сына, Мікалая Крыштафа, і прасіў яго цвёрда трымацца эвангельскай веры, клапаціцца пра зборы і прапаведнікаў. Пасля паклікаў пісара і пачаў дыктаваць тастамант. У сваёй апошняй волі віленскі ваявода зноў і зноў узгадваў пра патрэбы эвангельскіх цэркваў: «А на тот костел, где тело мое поховано будет, і на школу одпісую всі Бібліі, накладом моем друкованые в Бересті». На наступны дзень Мікалай Радзівіл Чорны, патрыёт і рэфарматар, некаранаваны кароль Літвы, лідар эвангельскага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, памёр.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Заключэнне

Смерць Мікалая Чорнага выклікала непрыхаваную радасць ворагаў Рэфармацыі ў нашай краіне, але справа жыцця віленскага ваяводы знайшла дастойных паслядоўнікаў. На чале рэфармацыйнага руху стаў ягоны брат, вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды.

Таксама смерць Мікалая Чорнага стала сур'ёзным выпрабаваннем для кальвіністаў Вялікага Княства. Багаслоўскія спрэчкі разгарэліся ўнутры эвангельска-рэфармаванага Задзіночання з нечуванай сілай і прывялі да падзелу адзінага рэфармаванага збору на так званы большы збор - уласна кальвіністаў, верных навуцы Жана Кальвіна, і меншы збор - так званых арыянаў ці антытрынітарыяў, якія самі сябе называлі літоўскімі братамі.

Вайна з Масквою, якая цягнулася ўжо шмат гадоў, востра паставіла перад Вялікім Княствам даўняе пытанне пра вунію (саюз) з Польскім Каралеўствам.

У 1563 годзе пачаліся перамовы дэлегацыі Вялікага Княства з прадстаўнікамі Польскай Кароны пра ўмовы аб'яднання дзяржаваў. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, настойваў на стварэнні адзінай дзяржавы, але беларускія паслы на чале з Мікалаем Радзівілам Чорным прынцыпова стаялі на пазыцыі захавання незалежнасці Вялікага Княства.

Информация о работе Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565гг.) – “бацька” Рэфармацыі ў ВКЛ