Автор работы: Пользователь скрыл имя, 04 Февраля 2015 в 20:16, реферат
Вялікае Княства Літоўскае (так звалася наша краіна ў XVI стагоддзі), як і шматлікія іншыя еўрапейскія краіны, актыўна ўключылася ў рух абнаўлення. Евангельскае вучэнне імкліва распаўсюджвалася па краіне. Спрыялі гэтаму і Бібліі, надрукаваныя Скарынай, і тое, што шматлікія беларусы вучыліся ва ўніверсітэтах Прагі, Виттенберга, Кенігсберга, Лейпцыга, і тое, што вось ужо больш 100 гадоў у Беларусі прапаведвалі Евангелле папярэднікі Рэфармацыі - гусіты.
Уводзіны
Зорны час Мікалая Радзівіла
Вялікія пэрспэктывы і вялікія занядбанні
Заключэнне
Спіс выкарыстованных крыніц
Дадатак
РЕФЕРАТ
на тему: Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565гг.) – “бацька” Рэфармацыі ў ВКЛ
Змест
Уводзіны
Вялікае Княства Літоўскае (так звалася наша краіна ў XVI стагоддзі), як і шматлікія іншыя еўрапейскія краіны, актыўна ўключылася ў рух абнаўлення. Евангельскае вучэнне імкліва распаўсюджвалася па краіне. Спрыялі гэтаму і Бібліі, надрукаваныя Скарынай, і тое, што шматлікія беларусы вучыліся ва ўніверсітэтах Прагі, Виттенберга, Кенігсберга, Лейпцыга, і тое, што вось ужо больш 100 гадоў у Беларусі прапаведвалі Евангелле папярэднікі Рэфармацыі - гусіты. У 1553 году князь Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі, адзін з самых уплывовых магнатаў краіны, публічна абвясціў, што ён вызнае евангельскую веру. У тым жа годзе ён заснаваў у Вільні і Брэсце кальвінісцкіе цэрквы, або, як іх тады звалі, зборы, дзе людзі збіраліся слухаць пропаведзь Словы Божага. Адначасова ў Брэсце князь Радзівіл выдаў за свае грошы катэхізіс евангельскай веры.
Мікалай Радзівіл Чорны не быў самотны ў сваім імкненні да ісціны. У плыні некалькіх гадоў евангельскімі хрысціянамі сталі Валовічы, Глебавічы, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы, Вішнявецкія, іншыя вядомыя ў краіне прозвішча. Іх вера не была прастой фармальнасцю. Аб ахвярнасці і вялізнай пасвячэннасці беларускіх евангельскіх хрысціянаў сведчаць іх справы. Яны будавалі зборы, запрашалі пастараў і прапаведнікаў, адчынялі школы, засноўвалі друкарні. Дзякуючы іх высілкам перакладаліся кнігі Святога Пісання, друкаваліся кнігі, падручнікі для школ, катэхізісы для цэркваў. Вялікае Княства на вачах станавілася евангельскай краінай. Даследчык Рэфармацыі ў Беларусі Ў.Плисс пісаў: "Варта прызнаць бясспрэчным той факт, што ў пачатку 60-ых гадоў XVI стагоддзя кальвінійскае спавяданне займала пануючае становішча і пачынала трывала абгрунтоўвацца тут". У 1569 году ў сенаце Вялікага Княства толькі два чалавека не былі евангельскімі хрысціянамі. У Наваградскім ваяводстве (паўднёвая частка Гарадзенскай і паўночная частка Брэсцкай абласцей) з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты больш 580 прынялі евангельскую веру.
Зорны час Мікалая Радзівіла
Вясна 1554 году была нялёгкай для луцкага біскупа Валерыяна Пратасевіча. У Берасьці Літоўскім, важным горадзе луцкага біскупства, ўжо больш за год нейкі Сымон Зак, выхаванец Кракаўскага ўнівэрсытэту, прапаведуе навуку швайцарскага герэтыка Жана Кальвіна. І мала таго, што прапаведуе. Найгоршае, што яго слухаюць. Ня толькі берасьцейцы, але нават шляхта з ваколіцаў кожную нядзелю зьбіраюцца на замку, дзе спыніўся гэты вераадступнік, каб паслухаць, як яны кажуць, Слова Божае. Усё шукаюць нечага новага, не падабаецца ім вера продкаў. Трэба тэрмінова прымаць меры, а то гэтая зараза распаўзецца па ўсёй Літве, як лютарава герэзія апанавала Нямеччыну.
Біскуп паклікаў пісара і загадаў пісаць позву на біскупскі суд у Янаў Палескі для герэтыкоў, якія перакручваюць праўдзівую навуку хрысціянскую: Сымона Зака, Гераніма Пякарскага і Альбінуса, у вялікай хрысціянскай міласэрнасьці даючы ім шанец вырачыся сваіх памылак і вярнуцца ва ўлоньне каталіцкае царквы. У позве загадаў таксама адзначыць, што падсудныя могуць прыехаць на паседжаньне суду толькі ў таварыстве чатырох асобаў, сяброў ці сваякоў. 22 красавіка біскуп Пратасевіч сеў у сваю карэту і паехаў у Янаў. Ужо пад'яжджаючы да мястэчка, заўважыў ён на гасьцінцы вялікі конны аддзел. Гэта Зак і Пякарскі ехалі на біскупскі суд. Праўда, зь імі было не чацьвёра, але трыста чалавек берасьцейскай шляхты, усе на конях, у панцырах, зь дзідамі і шаблямі. Толькі гэтыя вершнікі адрозьніваліся ад тых шляхецкіх загонаў, якія не аднойчы сустракаў луцкі біскуп у сваім жыцьці. Не было чуваць п'яных крыкаў, лаянкі, ніхто ня біў сябе ў грудзі, нешта даводзячы іншым. Коні ішлі няспешна, а кожны вершнік трымаў у руцэ разгорнутую Біблію, і ў рытм конскай хады ў неба ўзносіліся словы псалмаў, чытаных гэтым незвычайным войскам.
Што мусіў рабіць у такой сытуацыі кіраўнік луцкага біскупства? Стаць тварам у твар з трыма сотнямі ўзброенных, дасведчаных у бітвах ваяроў? Што ён ім скажа? Біскуп Пратасевіч вырашыў не рызыкаваць, загадаў павярнуць карэту і завочна прысудзіў Зака і яго таварышаў на выгнаньне і канфіскацыю маёмасьці.
Чаму біскуп, голас якога яшчэ нядаўна шмат значыў для шляхты, які меў шматлікія каралеўскія прывілеі, нічога ня мог зрабіць з нейкім прапаведнікам? Што адбылося ў Вялікім Княстве, што ідэі Рэфармацыі здабылі так шмат прыхільнікаў? Адказ на гэтае пытанне звязаны з дзейнасцю адной з найвыбітнейшых постацяў беларускай Рэфармацыі - князя Мікалая Радзівіла Чорнага, чалавека, які шырока адчыніў дзьверы абнаўленню хрысціянства ў Беларусі, на працягу некалькіх гадоў зрабіўшы Вялікае Княства краінай Рэфармацыі.
Мікалай Радзівіл Чорны нарадзіўся ў Нясвіжы 4 студзеня 1515 году. Рана застаўшыся бяз бацькі, ён разам з малодшым братам Янам і сястрой Ганнай быў узяты на выхаванне на каралеўскі двор у Кракаў. У Кракаве малады магнат вучыўся ва ўнівэрсытэце, а таксама набываў веды, неабходныя для дзяржаўнага дзеяча, назіраючы палітычнае жыццё польскай сталіцы. Мянушку «Чорны» Мікалай атрымаў крыху пазней з-за колеру сваёй барады, чым адрозніваўся ад свайго стрыечнага брата, вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога.
Славуты ў Вялікім Княстве магнацкі род Радзівілаў заўсёды славіўся сваім патрыятызмам. Ня быў выключэннем і Мікалай Чорны. У гэты час палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага перажывала застой, выкліканы шматгадовай адсутнасцю вялікага князя Жыгімонта Старога ў дзяржаве, які наведваў Вільню раз на некалькі год, астатні час жывучы ў Кракаве. Мікалай Радзівіл, бачачы, як дзяржава гібне без адпаведнага лідарства, прапанаваў беларускім магнатам звярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгімонту Аўгусту, які ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны і на польскі, і на літоўскі трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапіла на добрую глебу, і восенню 1544 г. на Берасцейскім сойме Жыгімонт Аўгуст становіцца ўладаром Вялікага Княства Літоўскага. Трыццацігадовы Мікалай Радзівіл стаў галоўным дарадцам і правай рукой вялікага князя, з якім яго звязвалі доўгія гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжання ў Кракаве пры каралеўскім двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялікага маршалка, найважнейшай пасля канцлера пасадай у Вялікім Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгімонт Аўгуст. Да кампэтэнцыі маршалка належала судовая ўлада вышэйшай інстанцыі і пытанні знешняй палітыкі краіны.
Уплыў Мікалая Радзівіла на дзяржаўныя справы яшчэ больш павялічыўся, калі неўзабаве Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл, стрыечную сястру Чорнага. Маладая ўдава троцкага ваяводы жыла тады ў палацы свайго брата, Мікалая Радзівіла Рудога. Вялікі князь часта наведваў яе, і вестка пра гэта разыйшлася па ўсёй краіне. Браты Барбары звярнуліся да свайго валадара, просячы, каб сваімі заляцаннямі да іхняй сястры не прыносіў няславы роду Радзівілаў і не наведваў палац на Лукішках у іх адсутнасць. Жыгімонт Аўгуст згадзіўся і нейкі час да Барбары не прыходзіў. Аднойчы, пачуўшы, што браты выехалі з Вільні, вялікі князь парушыў сваё слова і патаемна зьявіўся на Лукішках. Але ўвайшоўшы ў палац, замест каханай Жыгімонт Аўгуст убачыў братоў Мікалая Чорнага і Мікалая Рудога. Вялікі князь ня стаў хітраваць і абвесціў, што хоча ажаніца на Барбары. «Дай жа Бог», - адказалі браты і адразу паклікалі святара. Шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл быў патаемны, і амаль год пра яго практычна ніхто ня ведаў. Толькі калі ў 1548 г. памёр Жыгімонт Стары і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст атрымаў польскую карону, выявілася, што малады кароль мае жонку-ліцвінку. Каб падвысіць статус сваёй сястры ў вачох польскага грамадзтва, Мікалай Чорны адмыслова выехаў у 1547 г. з пасольствам у Вену, дзе атрымаў княскі тытул з рук імпэратара Карла V.
На працягу некалькіх наступных гадоў Мікалай Радзівіл Чорны становіцца некаранаваным каралём Літвы. У яго руках засяродзіліся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краіны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялікага Княства, а яшчэ праз год атрымаў віленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Смерць каралевы не пахіснула даверу Жыгімонта Аўгуста да Мікалая Чорнага. Вялікакняскім прывілеем ён атрымаў права захоўваць у сваім архіве ў Нясьвіжы ўсе паперы і дакуманты, звязаныя з унутранай і знешняй палітыкай Вялікага Княства, прыраўноўваючы нясвіскі архіў да дзяржаўнага. Улічваючы, што Жыгімонт Аўгуст большасць часу знаходзіўся ў Польскім Каралеўстве, фактычная ўлада ў краіне была сканцэнтраваная ў руках Мікалая Радзівіла.
Але ня толькі палітычная кар'ера цікавіла князя Мікалая. Час імклівага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакінуць абыякавым Мікалая Радзівіла. Упершыню ён сутыкнуўся зь ідэямі аднаўлення хрысціянства пад час вучобы, калі выяжджаў у Нямеччыну для завяршэння сваёй адукацыі. Вярнуўшыся ў Вільню, малады магнат пазнаёміўся з віленскімі лютаранамі. У гэты час ён блізка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзі якога выклікалі ў маладога Радзівіла захапленне ягонай верай і ягонай перакананасцю. Калі ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад пераследваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унівэрсытэце, Мікалай Чорны заапекаваўся хворай маці аднаго з першых прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вільні.
У той самы час Ян Радзівіл, малодшы брат Чорнага, паехаў на лячэнне ў Італію. Па дарозе ён заехаў у Вітэнбэрг і пазнаёміўся там з Філіпам Мэлянхтонам, вучнем і наступнікам Марціна Лютара. Пабыўшы некаторы час у сталіцы Рэфармацыі, Ян Радзівіл прыняў эвангельскае вучэнне і стаў гарачым яго вызнаўцам. Наступныя два гады, якія ён правёў у Італіі, толькі ўмацавалі Яна ў слушнасці зробленага выбару. Вярнуўшыся на радзіму, Ян Радзівіл пачаў прапаведваць вучэнне Лютара сярод усіх сваіх шматлікіх сваякоў. І хоць віленскі біскуп Павал Гальшанскі крывым вокам глядзеў на дзейнасць маладога рэфарматара, нічога зрабіць яму ня мог. Тым больш, што да Рэфармацыі пачаў схіляцца дзядзька Радзівілаў, найбагацейшы магнат Вялікага Княства, Станіслаў Кежгайла.
Але лявіна падзеяў, актыўным удзельнікам якіх стаў Мікалай Чорны, адцягнула яго ад прыняцця акрэсленай духоўнай пазыцыі. Напружаны Берасьцейскі сойм, агітацыя за Жыгімонта Аўгуста, пасада маршалка, пасольствы, паседжанні паноў рады, патаемны шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, смерць Жыгімонта Старога і каранацыя Жыгімонта Аўгуста, каранацыя Барбары, дзеля якой Мікалай Чорны вымушаны быў больш за год пераадольваць супраціў магнатаў Польскага Каралеўства, шлюб з Альжбэтай Шыдлавецкай, атрыманне тытулу князя, выправа супраць крымскіх татараў на Валынь. Здаецца, што няма часу, каб спыніцца і задумацца.
У 1551 годзе раптоўна памірае стрыечная сястра Мікалая Радзівіла, каралева Барбара. Празь некалькі месяцаў адыходзіць у вечнасць малодшы брат Ян. Сьмерць блізкіх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцця... Мікалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасці. «Чалавек - як трава, і ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, і краска апала; але Слова Госпада трывае вечна», - прыйшлі на памяць словы з Бібліі, якая з новай сілай пачала прыцягваць да сябе князя Мікалая. З далёкага Вітэнбэргу прыйшоў ліст, гэта Філіп Мэлянхтон прыслаў элегію на смерць Яна Радзівіла. Канцлер Вялікага Княства зноў і зноў узгадваў словы брата, як той расказваў пра Марціна Лютара, пра апраўданне верай, пра малітву, пра Біблію. Шукаючы адказу на свае пытанні, Мікалай Чорны звяртаўся да збораў вялікакняскай бібліятэкі, у якой знаходзілася шыкоўная Біблія ў перакладзе Лютара з яго ўласным прысвячэньнем Жыгімонту Аўгусту, камэнтар Кальвіна да Пасланняў апостала Паўла, прысвечаны вялікаму князю літоўскаму, мноства эвангельскай літаратуры, асабліва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мікалая глыбока ўзрушыў палымяны «Зварот да хрысціянскай шляхты нямецкай нацыі» Лютара, прымусілі сур'ёзна задумацца «Хрысціянскае выхаванне» Кальвіна, іншыя творы бацькоў Рэфармацыі. У кастрычніку 1556 г. у адкрытым лісце да папскага нунцыя Ліпамана Мікалай Радзівіл напісаў, што ён быў бы рады бачыць у Вялікім Княстве ня толькі Кальвіна, але і Мэлянхтона, і іншых рэфарматараў. Эвангельскае вучэнне захапляла князя Мікалая. Жывая вера, непасрэдныя адносіны з Богам - гэта тое, чаго так прагнула яго душа, гэта тое, што было неабходна яго краіне.
Цёплым жнівеньскім вечарам 1552 году віленскі ваявода ў атачэнне 30 вершнікаў прыехаў у Берасьце, каб правесці рэвізію інвэнтароў Берасцейскага староства. Берасцейскі кашталян (камэндант замку), даючы справаздачу князю Мікалаю, сярод пытанняў, якія неабходна вырашыць, узгадаў пра нейкага Сымона Зака, прапаведніка, якога аб'явілі герэтыком і які шукае прытулку ў Берасці. Віленскі ваявода ўжо чуў пра гэтага чалавека і пра ягоныя пропаведзі, таму неадкладна загадаў паклікаць яго да сябе. Назаўтра ў Берасцейскім замку пачаўся банкет з нагоды прыезду князя Радзівіла. Шляхта піла віно за здароўе шаноўнага госця, але сам віленскі ваявода адмаўляўся. Амаль увесь вечар ён размаўляў з нейкім сціпла апранутым мужчынам, якога ніхто з запрошаных ня ведаў. Празь некалькі дзён Мікалай Чорны, сабраўшы ўсіх паважаных людзей староства, урачыста аб'явіў, што ў Берасцейскім замку з гэтага часу будзе арганізаваная эвангельская царква, міністрам (прапаведнікам) у якой будзе Сымон Зак, магістар тэалёгіі Кракаўскага ўнівэрсытэту. Гледзячы на новага прапаведніка, многія пазналі таго незнаёмца, з якім доўга размаўляў на банкеце віленскі ваявода.
Информация о работе Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565гг.) – “бацька” Рэфармацыі ў ВКЛ