Канфлікты ў рамане І.Шамякіна “Сэрца на далоні”

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Марта 2014 в 14:32, доклад

Краткое описание

Раман «Сэрца на далоні» (1960—1963) задумваўся і пісаўся ў час так званай хрушчоўскай адлігі, калі быў асуджаны культ асобы Сталіна, пачалася рэабілітацыя нявінных ахвяр таталітарнага рэжыму. На пачатку твора пісьменнік і журналіст Кірыла Шыковіч гаворыць: «Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах». З вышыні сённяшняга часу відавочна, што ў 50—60-я гады была адкрыта толькі нейкая частка праўды пра антыгуманнасць дзяржаўнай сістэмы. Адна з асаблівасцей таленту I. Шамякіна — падключанасць да сучаснасці. Падзеі, канфлікт у рамане самым непасрэдным чынам звязаны з жыццём савецкага грамадства напачатку 60-х гадоў. Так, героі рамана актыўна абмяркоўваюць прынятую XX з'ездам КПСС Праграму пабудовы камунізму.

Вложенные файлы: 1 файл

Канфлікты ў рамане І Шамякіна.doc

— 35.00 Кб (Скачать файл)

Канфлікты ў рамане І.Шамякіна “Сэрца на далоні”

 

     Раман «Сэрца на далоні» (1960—1963) задумваўся і пісаўся ў час так званай хрушчоўскай адлігі, калі быў асуджаны культ асобы Сталіна, пачалася рэабілітацыя нявінных ахвяр таталітарнага рэжыму. На пачатку твора пісьменнік і журналіст Кірыла Шыковіч гаворыць: «Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах». З вышыні сённяшняга часу відавочна, што ў 50—60-я гады была адкрыта толькі нейкая частка праўды пра антыгуманнасць дзяржаўнай сістэмы.

     Адна з асаблівасцей таленту I. Шамякіна — падключанасць да сучаснасці. Падзеі, канфлікт у рамане самым непасрэдным чынам звязаны з жыццём савецкага грамадства напачатку 60-х гадоў. Так, героі рамана актыўна абмяркоўваюць прынятую XX з'ездам КПСС Праграму пабудовы камунізму. Брыгада Тараса называецца камуністычнай. Гэта працоўны калектыў будучыні, з'яднаны не толькі высокім прафесіяналізмам, але і маральнымі, светапогляднымі прынцыпамі. Перадавой свядомай сілай грамадства ў творы паказваецца рабочы клас, таму перавыхаванне сына інтэлігентаў Уладзіслава Шыковіча адбываецца на заводзе.

     Пісьменнік выводзіць у творы кіраўнікоў старога і новага тыпу, што таксама было павевам часу. Гукан у працы бачыць толькі справу, Тарасаў імкнецца зразумець кожнага чалавека. Варта адзначыць, што супрацьпастаўленне старшыні гарвыканкома і сакратара гаркома ў I. Шамякіна не лабавое. Гукан не з'яўляецца прыстасаванцам і кар'ерыстам. Хірург Яраш на першых старонках твора характарызуе яго наступным чынам: «Нягледзячы на яго кнігу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра і папрацаваў дай Бог кожнаму». Аднак менавіта ён настойліва і мэтанакіравана супраціўляецца той праўдзе, якую шукае Кірыла Шыковіч, непрыгожа помсціць журналісту. Гукан не адчувае ніякай віны перад Зосяй Савіч, яе загінуўшым і абылганым бацькам.

     Як паказвае аўтар, Гукан з тых людзей, для каго шчырасць, удзячнасць, добразычлівасць мала што значаць. Зося, згадваючы гады вайны, адзначае: «Ён ні разу не сказаў мне дзякуй... Мне... крыўдна рабілася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такі ветлівы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такі кіраўнік, быў у сто, тысячу разоў больш культурны і ветлівы». Падзякаваў партызанскі камандзір толькі за віншаванне са святам Першага мая — гэта для яго было істотным і важным. Здаецца, Гукана нельга назваць палахліўцам. Сваю ваенную біяграфію ён прыгадвае ў размове з Тарасавым: «Я эвакуіраваў горад— не баяўся. Адступаў да Масквы :— не баяўся. Мяне паслалі назад у тыл — я не баяўся, не бегаў па камісіях, як другія. Ні разу не скакаў з парашутам — скочыў, у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнізона. Вадзіў людзей на аперацыі — не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзіць разбітае падполле, — не баяўся». Аднак, вярнуўшыся ў партызанскі атрад, Гукан не сказаў, у каго хаваўся ў горадзе. Пасля Перамогі не толькі не назваў сваіх выратавальнікаў, а і пацвердзіў іх здрадніцтва. Прычыну такіх паводзін персанажа аўтар бачыць у ім самім. Тарасаў жорстка папракае Гукана: «Дрыжэў за сваю скуру... Дрыжэў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар'еру — вось чаго ты баяўся!»

     Але, выносячы на суд чытача віну персанажа, пісьменнік не хоча бачыць яго бяду. У той час вельмі мала што залежыла ад Гуканавай смеласці. Такая пазіцыя аўтара рамана таксама абумоўлена часам. Праз два з паловай дзесяцігоддзі ў аповесці «Ахвяры» (1989) I. Шамякін раскажа пра дзейнасць сталінска-берыеўскіх вартавых, што за спінамі змагароў з фашызмам «дбалі» пра патрыятызм грамадства, пакажа ахвяр іх падазронасці і пільнасці.

     Сакратар гаркома партыі — кіраўнік новага тыпу, — які ўмее і думаць, і кіраваць па-новаму, паўстае цалкам станоўчым. Тарасава нельга назваць яркім запамінальным характарам. Пры абмалёўцы гэтага персанажа пераважаюць ідылічныя фарбы.

     Вастрыня канфлікту у сюжэтнай лініі рамана раскрываецца у змаганні за добрае імя доктара Савіча, які доўгія гады лічыўся здраднікам. У эпіцэнтры гэтага змагання апынуўся пісьменнік Шыковіч, чалавек няўрымслівы і імпульсіўны. У час працы з Туканам над кнігай пярэчанняў, нязгоды ў Шыковіча не ўзнікала. Жаданне «ператрэсці» кнігу нарадзілі грамадска-палітычныя змены. Напачатку здаецца дзіўным, чаму Яраш, былы падпольшчык, які не прыняў Гуканаву кнігу, не хоча варушыць мінулае. У адрозненне ад сябра, ён добра разумее, што мінулае — гэта чалавечыя лёсы, трагедыі і драмы жывых людзей. I калі звяртацца да іх, то дзеля справядлівасці і праўды. Ён баіцца, каб перагляд падзей для некага не стаў сродкам засведчыць уласную смеласць, альбо папсаваць апаненту нервы, звесці асабістыя рахункі. Да гонару Шыковіча імкненне да праўды вяло яго ў працы над узнаўленнем гісторыі гарадскога падполля.

     У рамане « Сэрца на далоні» пісьменнік выступіў майстрам пабудовы сюжэту, звязаўшы ў адно цэлае шмат адметных чалавечых лёсаў (сем'і Яраша і Шыковіча, Зося Савіч, Маша, Гукан, Тарасаў, Клаўдзія Сухадол, Тарас і члены яго брыгады і т.д.),якія на працягу усяго твора уступалі у канфліктныя адносіны. Само сюжэтнае дзеянне ў творы дынамічнае і напружанае, аўтар умее не толькі зацікавіць чытача, але і заінтрыгаваць яго.


Информация о работе Канфлікты ў рамане І.Шамякіна “Сэрца на далоні”