Автор работы: Пользователь скрыл имя, 03 Ноября 2012 в 00:25, биография
Францішак (Францыск) Скарына (Скарыніч) нарадзіўся ў сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 пад імем Лукіян. Сямейнае прозвішча паходзіць ад старажытнага славянскага слова «скора» (скура), адсюль — скарняк, па-старабеларуску — скарыніч, што азначала прафесію рамесніка, які займаецца апрацоўкай скур. Відаць, роданачальнікам Скарынаў быў гарбар, нашчадкі якога разбагацелі і заняліся гандлем. Скарынічам называў сябе Францішак Скарына ў сваіх акафістах-акравершах. Пад гэтым прозвішчам часам згадваецца ў дакументах і яго родны брат Іван. Дата нараджэння Ф. Скарыны дакладна невядома. Паводле розных ускосных звестак, найбольш верагодна, што ён нарадзіўся ў сярэдзіне 1480-х гадоў. У друку называлася таксама дата 18.3.1470. Імя нованароджанаму раней, як правіла, выбіралі паводле царкоўнага календара, г. зн. надавалі імя таго святога, дзень памяці якога прыпадаў на дзень нараджэння дзіцяці. Продкі і бацькі Скарыны былі, несумненна, хрысціянамі праваслаўнага веравызнання, таму ён быў хрышчаны паводле праваслаўнага абраду і атрымаў адпаведнае грэка-славянскае імя, якога, на жаль, мы не ведаем. Напэўна, паводле гэтага ж прынцыпу пазней яго назвалі ў адпаведнасці з каталіцкім календаром Францыскам (Францішкам).