Я.Колас і Я.Купала

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 15 Октября 2013 в 17:10, реферат

Краткое описание

У 2012 годзе Беларусь адзначае 130-годдзе з дня нараджэння знакамітых песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Іх імёны сталі сімвалам беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, а тытанічная падзвіжніцка-пабуджальная дзейнасць паспрыяла станаўленню беларускай незалежнасці, фарміраванню беларускай літаратурнай мовы і стварэнню беларускага класічнага стылю.

Вложенные файлы: 1 файл

Обзор 2012.docx

— 22.75 Кб (Скачать файл)

 

У 2012 годзе Беларусь адзначае 130-годдзе з дня нараджэння знакамітых песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Янка Купала і Якуб Колас  – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Іх імёны сталі сімвалам беларускага нацыянальна-культурнага  Адраджэння, а тытанічная падзвіжніцка-пабуджальная дзейнасць паспрыяла станаўленню  беларускай незалежнасці, фарміраванню беларускай літаратурнай мовы і стварэнню  беларускага класічнага стылю.

Паэзія беларускага песняра-прарока  Янкі Купалы ўвабрала ў сябе лепшыя здабыткі жывой беларускай культуры, мовы і мыслення. Лірычны герой  вершаў паэта — фігура трагічная, асуджаная гістарычнымі абставінамі  на роспач, адчай, пакуты, але разам  з тым ён — празорца, які силай  свайго духу узвышаецца над абставінамі. 

Якуб Колас па праву  носіць імя “беларускага Гамера”, ён творца беларускага паэтычнага эпасу  “Новая зямля” і паэмы “Сымон-музыка”, якія сталі носьбітам класічных  вобразаў беларускага нацыянальнага  характару.

Творчасць кожнага з пісьменнікаў непаўторна і самабытна, але ёсць тое, што яднае іх і ставіць на вершыню беларускай культуры – гэта глыбокае асэнсаванне нацыянальнай самабытнасці беларускай нацыі і, адначасова, драмы беларускай гісторыі. І Купала і Колас адносіліся да сваёй літаратурнай дзейнасці як да служэння і свята верылі ў ператваральную моц мастацкага слова.

У дні, калі ўсё культурнае жыццё нашай краіны праходзіць пад  знакам ушанавання імёнаў Купалы і  Коласа выходзіць вялікая колькасць  новых выданняў, манаграфій і даследванняў, прысвечаных жыццю і творчасці  гэтых волатаў беларускай літаратуры.

На працягу года у Гродзенскай  абласной навуковай бібліятэцы імя  Я.Ф. Карскага было праведзена шэраг  мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям  класікаў. Вынікам усіх гэтых мерапрыемстваў стане міжнародная навуковая  канферэнцыя “Нацыянальны гонар  Беларусі”, якая пройдзе 11-12 снежня у  зале пасяджэнняў  абласной навуковай  бібліятэкі.  Удзел у канферэнцыі прымуць навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Латвіі; гісторыкі, краязнаўцы, супрацоўнікі бібліятэк, прадстаўнікі СМІ, студэнты. Акрамя таго ганаровымі гасцямі канферэнцыі будуць унучка Якуба Коласа – Вера Данілаўна Міцкевіч і супрацоўнікі літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У рамках канферэнцыі будзе  арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры “Летапісцы свайго народа”, а таксама адбудзецца узнагароджванне пераможцаў літаратурнага конкурсу “Песнярам роднай зямлі…”, праведзенага па ініцыятыве Упраўлення культуры і абласной бібліятэкі сярод чытачоў публічных бібліятэк.

У год юбілею дзяржаўнымі  выдавецтвамі “Мастацкая літаратура”, “Беларусь”, “Беларуская навука”, “Вышэйшая школа” падрыхтаваны да выпуску шэраг выданняў, прысвечанных жыццю і творчасці народных пісьменнікаў Беларусі.

Сёння мне б хацелася расказаць  вам  аб кніжных навінках аддзела  абанемента, прысвечаных Янке Купале і Якубу Коласу.

Так у 2012 годзе пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь убачыў свет фотаальбом Анатоля Кляшчука “Беларусь. Зямля  песняроў”.

Альбом падзяляецца на дзве часткі: Зямля Купалы і Зямля Коласа. Кожная з частак змяшчае фотаздымкі знакавых для пьсьменнікаў месцаў.

Працуючы над альбомам фотакарэспандэнт на працягу апошніх  пяці гадоў наведваў мясціны, у якіх жылі і тварылі беларускія песняры. Ён рабіў здымкі ў розныя поры году і станы надвор’я, шмат дзён правёў сярод узвышшаў Маладзечанскага, Мінскага і Лагойскага раёнаў, вандраваў па Нёманскіх і Свіслацкіх берагах. Цікава, што мясціны фатаграфаваліся  менавіта ў тую пару, у якую іх наведвалі паэты.

Зямля Купалы – гэта рака Вязынка, на беразе якой ён нарадзіўся і дзе зараз знаходзіцца Купалаўскі мемарыяльны заказнік, Радашковічы, дзе быў хрышчаны будучы народны паэт, Калізберг, дзе напісаны верш “Мая навука”. Аўгустова, Слабодка, Бяларучы  і Тукалаўка – месцы першапачатковай вучобы паэта. У Яхімоўшчыне былі напісаны многія з вершаў першага зборніку “Жалейка” і у тым ліку славуты верш “А хто там ідзе?”.  Акопы знакаміты як месца найбольшага уздыму творчасці паэта. Тут было напісана каля 50 вершаў, завершаны п’есы “Паўлінка” і “Прымакі”, паэмы “Магіла льва”, “Бандароўна”, “Яна і я”, пераклад “Слова аб палку Ігаравым” і п’еса “Тутэйшыя”. Завяршае раздзел пра зямлю Купалы фотаздымак прасялковай дарогі каля вёскі Быстрая ў Горацкім раёне, па якой у першыя дні ліпеня 1941 г. Купала назаўсёды ад’яджаў з Беларусі.

Зямля Коласа – гэта ўрочышча Акінчыцы, дзе паэт нарадзіўся і  якому прысвечаны яго верш “На  раздарожжы”, Мікалаеўшчына, дзе нарадзіліся  бацькі Коласа, а таксама жыў і  вучыўся сам паэт. Колас часта  прысвячаў творы мясцінам, якія яму  палюбіліся. Так весцы Балачанка  прысвечаны верш  “Зіма ў Балачанцы”, адпачынку ў Падбярэжжы верш “Дуб”, Беразянка адлюстравана у паэмах “Рыбакова хата” і “Адплата”, узгадваецца у апавяданні “Між дзвюх  рэчак”, вёсцы “Патрэба” прысвечаны апавяданні “З боку жыцця” і “Агатка”. На апошнія фотаздымках гэтага раздзелу – віды Каралішчавічаў, дзе з 1949 г. быў Дом творчасці Саюза пісьменнікаў Беларусі у якім Якуб Колас штогод адпачываў з 1950 г., працаваў над трылогіяй “На росстанях”, рыхтаваў раздзелы паэмы “На шляхах волі”. Тут жа ён адзначыў свой 70-гадовы юбілей.

У альбоме выкарастаны  архіўныя фотаздымкі з літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Тэкст і подпісы да фотаздымкаў  у альбоме напісаны на беларускай і англійскай мовах.

 

Адно з самых цікавых  выданняў 2012 года – кніга “Янка Купала. “Мне сняцца сны аб Беларусі”, надрукаванае  у выдавецтве “Мастацкая літаратура” у прэстыжна-папулярнай серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” .

Аснову выдання склалі ўспаміны сучаснікаў паэта, яго родных і блізкіх, пісьменнікаў і навукоўцаў, дзеячаў мастацтва і культуры, кіраўнікоў і простых людзей, якія сустракаліся з Купалам.

Неацэнную каштоўнасць гэтых успамінаў першай добра зразумела жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, якая стала першым дырэктарам музея Янкі Купалы і з самага пачатку стварэння музея рупілася пра тое, каб сабраць і захаваць такі ўнікальны фонд.

У выданне таксама ўключаны некаторыя афіцыйныя дакументы, лісты, артыкулы, якія тлумачаць асаблівасці  складанай гістарычнай эпохі, у  якой выпала жыць паэту.

У канцэпцыі выдання ляжыць храналагічная лінія жыцця паэта. Першыя ўспаміны датуюцца 1928 годам, апошнія  – 2010-м.

Кніга складаецца з сямі раздзелаў, якія метафарычна названы  радкамі з вершаў Янкі Купалы: “Як  на свет нарадзіўся Янка”, “Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць”, “Стаім мы перад будучыняй  нашай…” і інш.

У першым раздзеле змесцяцца  артыкулы аб месцах, звязаных з першымі  крокамі Янкі Купалы,  яго родных, звесткі пра радавод класіка  беларускай літаратуры, у другім –  успаміны пра віленскі, пецярбургскі і “нашаніўскі” перыяды жыцця  паэта, першую пастаноўку “Паўлінкі”.

Асаблівую цікавасць  прадстаўляе  трэці раздзел выдання – у  ім упершыню друкуюцца тры часткі з манаграфіі першага біёграфа Янкі Купалы Льва Клейнбарта «Янка Купала. Вопыт характарыстыкі літаратурнай і біяграфічнай» .

У чацвёртым-шостым раздзелах  змешчаны ўспаміны сучаснікаў паэта, якія дазваляюць убачыць нехрэстаматыйную постаць паэта: мы можам уявіць сабе якім Купала быў бацькам, сваяком, сябрам, як паводзіў сябе дома і у афіцыйных  абставінах, са сталым пакаленнем і  з літаратурнай моладдзю.

Сёмы раздзел змяшчае  артыкулы аб родных і блізкіх Купалу людзях, іх адносінах з паэтам.

Напрыканцы кнігі прыведзены кароткія звесткі аб аўтарах, чые  успаміны, эсэ і артыкулы увайшлі  у выданне: пісьменніках Міхасе Лынькове, Якубе Коласе, Кандрате Крапіве, Пятрусе  Броўке, Васіле Вітке, крытыках Пятро  Глебке, Льве Клейнбарте, Вячаславе  Рагойшы і іншых.

 

Таксама у 2012 годзе выдавецтва “Мастацкая літаратура” завяршыла выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі”, распачатае ў 2010 г. і  прысвечанае класікам беларускай літаратуры.

У выданні публікуюцца  невядомыя дакументы, у тым ліку аўтографы класікаў, матэрыялы біяграфічнага  характару, сведчанні пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў, увекавечанне іх памяці.

У апошнюю частку зборніка ўключаны матэрыялы, якія ахопліваюць  перыяд з сярэдзіны 1940-х гг. да пачатку XXI стагоддзя. Друкуюцца дакументы  пра святкаванне юбілеяў песняроў, увекавечанне іх памяці, выданне збораў твораў, стварэнне і дзейнасць  музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У дадатаку змешчаны дакументы за 1928—1944 гг., выяўленыя ўжо пасля  таго, як рукапіс зборніка быў падрыхтаваны да друку.

У падрыхтоўцы выдання  ўдзельнічалі сын Якуба Коласа М.К. Міцкевіч і ўнучка В.Д. Міцкевіч, літаратуразнаўцы, архівісты, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк.

Выданне разлічана на літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў ВНУ і  школьных настаўнікаў, студэнтаў, архівістаў, работнікаў бібліятэк і музеяў, краязнаўцаў, будзе цікавае таксама шырокаму колу чытачоў.

 

Хацелася б звярнуць увагу  на яшчэ адну працу, якая прызначаецца гуманітарыям, выкладчыкам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца беларускай класікай. Гэта грунтоўная манаграфія Міхаіла Аляксандравіча Тычыны “Янка Купала і Якуб Колас: учора і сёння”, якая выйшла у выдавецкім доме “Беларуская навука”

У манаграфіі прапануецца  новы погляд на творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, асэнсоўваецца  месца і роля беларускіх класікаў ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры.

Выданне цікава тым, што творчасць  паэтаў разглядаецца не паасобку, а  у сугучнасці. Тычына уводзіць паняцці  “літаратурнай пары” і “двайной зоркі” у дачыненні да імёнаў Купалы и Коласа. У сусветнай гісторыі сімвалам нацыянальнай літаратуры часта станавіліся падвоенныя зорныя імёны:   Гётэ і Шылер у нямецкай літаратуры, Бальзак і Стэндаль у французскай, Пушкін і Гогаль у рускай, Шаўчэнка і Франко ва ўкраінскай. Такой літаратурнай парай на думку аўтара  у беларускай літаратуры сталі Янка Купала і Якуб Колас, творчасць якіх забяспечыла духоўнае адзінства ўсіх пакаленняў беларусаў і законнае месца беларускай літаратуры у свеце нацыянальных літаратур.

 

 


Информация о работе Я.Колас і Я.Купала