Лекции по "Белорусскому языку"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 09 Мая 2013 в 20:46, курс лекций

Краткое описание

1. Феномен мовы і паняцце соцыуму
2. Асноўнымі рысамі мовы з’яўляюцца:
3. Канцэпцыі паходжання мовы
...
18. Справавы ліст. Кампазіцыя справавых лістоў

Вложенные файлы: 1 файл

сбм адказы на пытанні.docx

— 73.12 Кб (Скачать файл)

 

6. Паняцце інтэрферэнцыі.

Віды руска-беларускай інтэрферэнцыі

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія знаходзяцца  ў кантакце, прыводзіць да інтэрферэнцыі.

Тэрмін “інтэрферэнцыя” паходзіць ад лац. іntеr – ‘памiж’,ferеns– ‘якi нясе, пераноciць’ і абазначае ўзаемапранікненне моўных элементаў у выніку кантактавання роднасных моў, ужыванне пры маўленні на адной мове элементаў другой мовы, што прыводзіць да парушэння нормаў гэтых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені блізкасці моў, узроўню валодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш.

Блізкароднасны  характар беларускай і рускай моў  абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на кожнай з гэтых моў. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя  закранае ўсе ўзроўні моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, лексіку, марфалогію, сінтаксіс. У залежнасці ад гэтага вылучаюць  наступныя віды моўнай інтэрферэнцыі:

1) фанетычная інтэрферэнцыя – выяўляецца ў памылках, звязаных з ужываннем у маўленні на адной мове гукаў іншай мовы. У рускім маўленні двухмоўнага індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы: дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне, выразнае вымаўленне ўсіх галосных у слове, фрыкатыўнае [γ]замест рускага выбухнога [г], прыстаўныя галосныя – вуха, вучань; [р] заўсёды цвёрды; [ч] – цвёрды на месцы рускіх мяккіх. У беларускім маўленні можна пачуць выбухны [г], мяккія [ч] і [р], вымаўленне [в] замест [ў] (правда).

На думку  беларускіх мовазнаўцаў, на фанетычным узроўні большы ўплыў робіць беларуская мова на рускае маўленне, а не наадварот;

2) акцэнталагічная інтэрферэнцыя – гэта вынік няправільнай пастаноўкі націску пад уплывам іншай мовы.

Акцэнталагічныя памылкі ўзнікаюць як у беларускім, так і ў рускім маўленні. Гэта звязана з тым, што аднакаранёвыя  словы ў беларускай і рускай мовах  часта адрозніваюцца месцам націску: усы – вýсы, крапива – крапіва, некоторые – некаторыя, вéрба – вярба, имя – імя, звонит – звоніць, коклюш – коклюш і г.д.;

3) лексічная інтэрферэнцыя –узнікае ў выніку выкарыстання ў тэкстах на адной мове раўназначных слоў іншай мовы без патрэбы, калі ёсць свае словы. Для назвы рускамоўнай лексікі ў беларускай мове існуе тэрмін “русізм”. Русізмы, якія выкарыстоўваюцца без пэўнай мэты і не апраўданы маўленчымі патрэбамі, з’яўляюцца інтэрферэнцыйнымі памылкамі: узвешваць, наскі, кірпіч, выдвіжэнне, громкі, мнімы, пасловіца, скамейка, спасенне, фанарык, шляпа, этаж і інш. Прычына ўжывання русізмаў – недастатковае веданне лексікі беларускай мовы, мысленне на рускай мове і механічны пераклад на беларускую;

4) фразеалагічная інтэрферэнцыя – выяўляецца ў памылках у выніку даслоўнага перакладу фразеалагізмаў: два боты – пара, крычаць благім матам, падаць у вобмарак, біць баклушы, хлопчык з пальчык, папасці ўпрасак. У адпаведнасці са спецыфікай беларускай мовы гучаць самабытныя фразеалагізмы: абое рабое, крычаць немым голасам, траціць прытомнасць, біць бібікі (лынды, байды), кату па пяту, трапіць у нерат;

5) марфалагічная інтэрферэнцыя – адхіленне ў маўленні ад марфалагічных нормаў адной мовы пад уздзеяннем другой мовы: ужыванне назоўнікаў у неўласцівых формах роду і ліку (моцная боль, прыгожая стэп, смачная маліна, грэцкая крупа, бярвенні, праменні), інтэрферэнцыйныя канчаткі розных чацін мовы (для абмена, эпідэмія грыпа, стане прадзядуляй, аграноміей, пры рэдактары, у гасцёўне, у маём доме, новые), інтэрферэмы ва ўтварэнні формаў ступеняў параўнання прыметнікаў: Здароўе даражэй, чым грошы; Ночы становяцца даўжэй і цямней (правільна па беларуску: даражэйшае, даўжэйшыя, цямнейшыя);

6) сінтаксічная інтэрферэнцыя – перанос з адной мовы ў маўленне на другой мове мадэляў пабудовы словазлучэнняў і сказаў: два першых намесніка, спыніліся ў трох кіламетрах, аддзякаваць гэту жанчыну, захварэць грыпам, ажаніцца на суседцы, ісці па снегу, ісці за кнігамі (правільна па-беларуску: два першыя намеснікі, спыніліся за тры кіламетры, аддзякаваць гэтай жанчыне, захварэць на грып, ажаніцца з суседкай, ісці па снезе, ісці па кнігі).

Сінтаксічныя  інтэрферэмы з’яўляюцца найбольш жывучымі, бо сінтаксіс цесна звязаны з  мысленнем, з пабудовай словазлучэнняў і сказаў.

Інтэрферэнцыйныя  памылкі на ўсіх моўных узроўнях адмоўна  ўплываюць на культуру маўлення.

 

7. Канцэпцыі паходжання

і гістарычныя карані беларускай мовы

Вытокі беларускай мовы губляюцца ў глыбокай старажытнасці, калі існавала агульная супольнасць  славяне. У навуковай літаратуры прынята лічыць, што славяне вылучыліся як асобны этнас прыкладна на пачатку III тысячагоддзя да н.э. і доўгі час  жылі разам. Лічыцца, што ў гэтую  эпоху яны карысталіся агульнай мовай – агульнаславянскай мовай-асновай, або праславянскай мовай. Пра агульнасць мовы славян сведчыць як блізкасць сучасных славянскіх моў, так і тое, што моўныя змены тых часоў закраналі ўвесь славянскі арэал.

Рассяленне  славян па тэрыторыях Усходняй, Цэнтральнай  і Заходняй Еўропы прывяло да распаду  іх моўнага адзінства. Мяркуюць, што  ў сярэдзіне I тысячагоддзя н.э. агульнаславянская  эпоха закончылася. Узніклі асобныя  групы славянскіх народаў, звесткі  пра якіх можна знайсці ўжо  ў пісьмовых крыніцах II – VII стст. іншых народаў.

Усходнія  славяне, якія згадваюцца ў пісьмовых  крыніцах як анты (заходнія – венеды; паўднёвыя – славены) складваліся  з некалькіх род-насных плямёнаў. Згодна з летапісамі, тэрыторыю сучаснай Беларусі насялялі: крывічы – на Заходняй Дзвіне з цэнтрам у Полацку; дрыга-вічы – паміж Прыпяццю і  Заходняй Дзвіной з гарадамі Тураў  і Пінск; радзімічы – на рацэ Сож. Моўнай адзінкай гэтых плямёнаў быў  дыялект.

1-я  канцэпцыя. Мяркуюць, што беларуская мова, як і іншыя ўсходнеславянскія мовы, утварылася непасрэдна з гэтых племянных дыялектаў прыкладна ў VII – VIII стст. Аднак утварэнне моў на базе дыялектаў суправаджалася і працэсамі іх інтэграцыі, асабліва калі па-чалі развівацца феадальныя адносіны, узніклі цэнтралізаваныя феадальныя дзяржавы (IX – X стст. – узвышэнне Полацкага княства) і мясцовыя моўныя рысы пэўных рэгіёнаў пачалі шырока адлюстроўвацца на пісьме, якое і засведчыла працэс афармлення асобных усходнеславянскіх моў.

2-я  канцэпцыя. Прыкладна з ІХ ст. на ўсходнеславянскіх землях існавала магутная дзяржава з цэнтрам у Кіеве (Кіеўская Русь).

Кансалідацыя (аб’яднанне) усходнеславянскіх земляў вакол Кіеў-скай Русі прывяла да зліцця ўсходнеславянскіх плямёнаў у адзіную этнічную супольнасць  – старажытнарускую – з адзінай  мовай (таксама старажытнарускай, або  агульнаўсходнеславянскай). Пры гэтым  мясцо-выя дыялекты не пераставалі  існаваць. Тым не менш моўнае адзінства  гэтага перыяду адлюстравалася ў  шматлікіх помніках усходне-славянскага  пісьменства. Калі ў XIII ст. старажытнаруская дзяржава распалася (адна частка падпала  пад уладу мангола-татараў, а на другой узнікла ВКЛ), вылучыліся асобныя  ўсходнеславянскія народы, кожны  са сваёй мовай.

Такая канцэпцыя  існавала як афіцыйная ў савецкі  час. Яна адпавядала імкненню зліць  усходнеславянскія мовы ў адзіную  рускую, бо старажытнаруская мова нібыта з’яўляецца калыскай усіх трох моў.

І першая канцэпцыя, і другая датычацца тых часоў, калі мова мела вусна-гутарковую форму, гэта значыць ёй карысталася большасць  насельніцтва ў паўсядзённым жыцці.

Гісторыя  ж літаратурнай мовы звязана з  узнікненнем пісьма ў таго ці іншага народа (слова літаратурная ад лац. Littera – ‘знак пісьма’).

Такім чынам, усю гісторыю мовы падзяляюць на дзве часткі – дапісьмовую і пісьмовую.

Пісьмовая эпоха  ў гісторыі ўсходніх славян пачынаецца з XI ст., калі на іх тэрыторыю пачалі пранікаць старажытныя кнігі  з паўднёваславянскіх краін (Балгарыі, Македоніі, Сербіі). Гэта былі пераклады  з грэчаскай мовы царкоўнаславянскіх кніг, зробленыя Кірылам і Мяфодзіем. У аснову былі пакладзены балгара-македонскія  гаворкі, якія і замацаваліся ў царкоўнай  літаратуры. Зараз гэту мову называюць  стараславянскай (першыя пераклады) або  царкоўнасла-вянскай (кнігі пазнейшай  царкоўнай літаратуры).

Усходнія славяне карысталіся  гэтай пісьмовай мовай для  напісання кніг пераважна царкоўных. Але царкоўнаславянская мова была для  іх усё ж чужой, не заўсёды зразумелай. І таму для напісання кніг свецкага характару (дакументы, законы, прыватныя  лісты, арыгінальная літаратура) выкарыстоўвалі побач з царкоўнаславянскай мовай  гутарковую мову (эканамічныя, юрыдычныя, палітычныя тэрміны). Менавіта такія  помнікі і адлюстроўвалі асаблівасці  жывога маўлення ўсходніх славян (надпіс на крыжы Е. Полацкай 1161 г., граматы  на пергаменце, берасцяныя граматы  і інш.). Такім чынам складвалася  агульнаўсходнеславянская мова, на аснове якой і фарміраваліся затым літаратурныя мовы ўсходнеславянскіх народаў (рускіх, беларусаў, украінцаў). Асаблівасцю  гісторыі беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду з’яўляецца тое, што складвалася яна паступова  шляхам насычэння мясцовымі моўнымі  рысамі тэкстаў на агульнаўсходнеславянскай мове – агульнай пісьмовай мове ўсходніх славян XI – XIV стст.

У помніках XIII ст. усё больш выяўляюцца мясцовыя моўныя рысы, што сведчыць аб фарміраванні беларускай мовы. У гэты час на захадзе  і поўдні ўтвараецца ВКЛ, на ўсходзе  – Маскоўская дзяржава.

 

 

8. Лёс беларускай мовы ў ВКЛ

(XIV–XVІ стст.)

У XIV ст. Беларусь уваходзіць у склад Вялікага княства  Літоўскага. На працягу XIV – XVІ стст. складваецца беларуская народнасць з уласцівай ёй мовай – беларускай (у тыя часы беларуская пісьмовая  мова мела назву “руский языкъ” – ад назвы “Русь”, якой у шмат-нацыянальным Вялікім княстве Літоўскім абазначалася ўсходне-славянскае насельніцтва. Назва  “беларуский” язык пачала ўжывацца толькі ў сярэдзіне XVІІ ст. у Рускай дзяржаве).

Беларуская  мова становіцца дзяржаўнай мовай ВКЛ, таму ўсё справаводства стваралася на ёй: дзелавое пісьменства, шматлікія  акты, дагаворы, Статуты ВКЛ трох рэдакцый (1529, 1566, 1588 гг.), Метрыка ВКЛ, дзе змяшчаюцца дакументы ад XIV да канца XVІІІ стст., вядзецца дакументацыя ў гарадскіх управах, судах, магістратах, магдэбургіях. Беларуская мова выкарыстоўваецца ў дыпламатычнай і прыватнай перапісцы. Такім чынам, беларуская мова становіцца канцылярскай мовай ВКЛ.

Пішацца на беларускай мове і свецкая мастацкая  літаратура: летапісы, гістарычныя  запіскі мясцовага характару, перакладныя  раманы і аповесці, хронікі і інш. З’яўляюцца пераклады на беларускую мову і рэлігійных твораў. У гэтым  кірунку дзейнічаў беларускі  першадрукар, асветнік Ф. Скарына, які  на працягу 1517 – 1520 гг. пераклаў і надрукаваў 23 кнігі Старога Запавету. Захаваўшы  царкоўнаславянскую аснову, ён насыціў  свой пераклад беларускімі рысамі.

З сярэдзіны XVI ст. з’яўляюцца на беларускай мове і  арыгінальныя творы рэлігійнага  прызначэння. С. Будны ў 1562 г. у Нясвіжы  на беларускай мове выдаў дзве кнігі  – “Катэхізіс” і “Апраўданне  грэшнага чалавека перад богам”. У 1580 г. В. Цяпінскі выдае “Евангелле”  пара-лельна на царкоўнаславянскай і  беларускай мовах.

На працягу  канца XVI – першай паловы XVII стст. выдаецца шмат кніг рэлігійнага і свецкага характару.

Вядзецца  навучанне на беларускай мове, хаця не захавалася ні падручнікаў, ні слоўнікаў  з тых часоў.

У Статут 1566 года быў уключаны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы, які быў захаваны і ў Статуце 1588 г.

Такім чынам, у XVI – першай палове XVII стст. старабеларуская  літаратура дасягнула найвышэйшага ўзроўню свайго развіцця.

9. Беларуская  мова сярод іншых моў свету.

Па падліках вучоных усяго ў свеце існуе  каля 5 тысяч моў. З іх прыкладна  дзве трэці моў не маюць пісьменнасці. Па колькасці носьбітаў адной  мовы на першым месцы знаходзіцца  Кітай (больш за 1 мільярд), а па колькасці  моў у межах адной дзяржавы – Індыя (845 моў). Да прыкладу, у Інданезіі  налічваецца каля 200 моў, у Дагестане  – каля 30, у Швейцарыі 4 мовы –  нямецкая, французская, італьянская  і рэтараманская.

Усе мовы свету ў залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рысаў падзяляюцца на роднасныя  і няроднасныя. У сваю чаргу роднасныя мовы аб'ядноўваюцца ў вялікія групы, або сем'і, моў. Ёсць мовы, якія з прычыны свайго гістарычнага развіцця не ўваходзяць у склад сем'яў ці груп. Да іх належаць японская, карэйская і інш.

Беларуская мова ўваходзіць у індаеўрапейскую моўную сям'ю, якая налічвае 16 моўных груп: германская (нямецкая, англійская, нідэрландская, або галандская, дацкая, нарвежская, шведская, ісландская, ідыш, або новаяўрэйская, і інш. мовы); раманская (французская, іспанская, італьянская, партугальская, румынская, малдаўская, "мёртвая" лацінская і інш. мовы); балцкая (літоўская, латышская, а таксама "мёртвыя" мовы: пруская і яцвяжская); іранская (персідская, таджыкская, курдская, афганская, або пушту; асецінская, "мёртвая" скіфская і іншыя мовы); індыйская (пенджабі, бенгалі, урду, хіндзі, цыганская мова і інш., а таксама "мёртвыя" мовы – ведыйская, санскрыт) і інш. Беларуская мова належыць да славянскай групы моў.

Славяне вылучыліся з індаеўрапейскага моўнага адзінства  прыкладна на пачатку III тысячагоддзя да н.э. Доўгі час яны жылі разам на параўнальна невялікай тэрыторыі. Гэты перыяд у гісторыі славян прынята лічыць агульнаславянскім, яго мову называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Праславянская мова-аснова сфармавалася да сярэдзіны I ст. да н. э. Пацверджаннем агульнага перыяду ў гісторыі славян з'яўляецца той факт, што ва ўсіх сучасных славянскіх мовах існуе вялікі пласт слоў, зразумелых кожнаму славяніну. Большая частка сучасных гісторыкаў і мовазнаўцаў лічыць, што ўжо ў I ст. н.э. славяне займалі тэрыторыю паміж 50 і 55 градусамі паўночнай шырыні, паміж рэкамі Дняпром і Одэрам. Такое засяленне славянамі велізарных абшараў натуральна прывяло да паслаблення сувязей паміж славянскімі групамі, а нарэшце і да распаду агульнаславянскага адзінства, які адбыўся не пазней як у VI ст. н.э. У выніку чаго і склаліся тры славянскія моўныя групы – усходнеславянская, заходнеславянская і паўднёваславянская.

Информация о работе Лекции по "Белорусскому языку"