Баявая дзейнасць падпольшчыкаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Января 2014 в 18:14, реферат

Краткое описание

Мэта гэтага рэферата – вызначыць ролю дзейнасці беларускіх падпольшчыкаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Пастаўленыя задачы: прасачыць пры якіх умовах зараджалася падпольная барацьба, як яна ўзмацнялася; вызначыць які яна насіла характар; адзначыць вялізарнасць вынікаў дзейнасці падпольшчыкаў; падкрэсліць самаахвярнасць, патрыятызм, мужнасць падпольшчыкаў і ўсяго беларускага народа.

Вложенные файлы: 1 файл

Реф.docx

— 36.39 Кб (Скачать файл)

Я выбрала для рэферата тэму падпольнай дзейнасці на Беларусі ў гады Вялікай  Айчыннай вайны, таму што гэта тэма мае вялікае значэнне для беларускага  народа. Антыфашысцкае падполле з  пачатку і да канца свайго існавання (а праз яго за гады вайны прайшло  звыш 70 тыс. чалавек) было цесна звязана  з народнымі масамі, абапіралася  на іх пастаянную падтрымку і канкрэтную дапамогу. Можна з упэўненасцю  сцвярджаць, што каб не шырокае  народнае супраціўленне, то вынікі злачынстваў  ворага былі б куды больш значнымі і жудаснымі. Дзесяткі тысяч людзей аддалі сваё жыццё ў імя свабоды. Многіх чакала быць расстралянымі, закатаванымі, трапіць у рукі фашыстаў, але гэта не спыняла беларускіх падпольшчыкаў. Яны сабаціравалі гаспадарча-эканамічныя, палітычныя і ваенныя мерапрыемствы  захопнікаў, здзяйснялі шматлікія дыверсіі.    

Гэтая барацьба з ворагам абумоўлівалася і тым, што па прычыне розных акалічнасцей не ўсе жадаючыя процідзейнічаць  агрэсару маглі пакінуць сваё жыллё  і пайсці ў лясы, каб уключыцца  ў партызанскія сілы. Адначасова яны  ўсведамлялі ролю палітычнага і  сацыяльна-эканамічнага фактару ў  распачатай вайне: гарады і населеныя  пункты – гэта варожыя гарнізоны, пушчаныя ў ход акупантамі, уцалелыя прадпрыемствы, чыгуначныя вузлы, гаспадарчыя  ўстановы, фашысцкая адміністрацыя  і г. д.

Гісторыя  не ведае больш шырокамаштабнага супраціўлення заваёўнікам як барацьба савецкага народа супраць германскіх рабаўнікоў, якая разгарнулася на акупіраванай тэрыторыі СССР.

Гэта тэма заўседы будзе заставацца актуальнай, таму што гэта важная частка нашай гісторыі, якая вучыць нас  патрыятызму, гонару за нашых продкаў.

Мэта гэтага рэферата – вызначыць  ролю дзейнасці беларускіх падпольшчыкаў  у Вялікай Айчыннай вайне.

Пастаўленыя задачы: прасачыць пры  якіх умовах зараджалася падпольная барацьба, як яна ўзмацнялася; вызначыць  які яна насіла характар; адзначыць  вялізарнасць вынікаў дзейнасці  падпольшчыкаў; падкрэсліць самаахвярнасць, патрыятызм, мужнасць падпольшчыкаў  і ўсяго беларускага народа.

Гэты рэферат я падрыхтавала на аснове такіх навуковых прац, як чацвёрты том “Гісторыі Беларускай ССР” (Мінск, 1975), “Вялікая Айчынная вайна  савецкага народа (у кантэксце  другой сусветнай вайны)” (Мінск, 2004), другая частка “Нарысаў гісторыі Беларусі” (Мінск, 1995).

 

Насельніцтва захопленых рэгіёнаў СССР, у тым ліку і Беларусі, у  сваёй большасці не прымірылася  з агрэсарамі. Нават нягледзячы на жорсткасць акупацыйнага рэжыму, патрыятычны  рух супраць германскіх захопнікаў пашыраўся, прымаў больш эфектыўныя арганізаваныя формы і выкарыстоўваў  разнастайныя метады барацьбы. Хаця насельніцтва ў пераважнай большасці было бяззбройным, яно знаходзіла формы барацьбы з  ворагам. Так было і ў тых раёнах, дзе з-за раптоўнасці варожага ўварвання  не было падрыхтавана падполле і не былі створаны партызанскія атрады.

 Партыйна-савецкія ўлады напярэдадні  акупацыі Беларусі паклапаціліся  аб тым, каб пакінуць заканспіраваныя  групы, арганізаваць яўкі, распрацаваць  розныя віды сувязі. На гэта  арыентавала дырэктыва ЦК КП(б)Б  ад 30 чэрвеня 1941 г. аб пераходзе  на падпольную работу партарганізацый  раёнаў, занятых ворагам. Звярталася  ўвага на тое, што партызанская  барацьба павінна знаходзіцца  ў полі зроку і весціся пад  непасрэдным кіраўніцтвам заканспіраваных  падпольных партыйных структур. Мясцовыя парторганы ў сціслыя  тэрміны правялі работу па  ўтварэнню на тэрыторыі Беларусі  партыйна-камсамольскага падполля. Да поўнай акупацыі рэспублікі  ў 89 раёнах Мінскай, Віцебскай,  Магілёўскай, Гомельскай, Палескай  і Пінскай абласцей былі арганізацыйна  аформлены раённыя падпольныя  парторганы (райкомы, тройкі) на чале  з сакратарамі або членамі  былых парторганаў.

У чатырох абласцях – Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Пінскай  – заставаліся абласныя парторганы. Для арганізацыйна-кіруючай дзейнасці  ў тыле ворага былі пакінуты звыш 1200 камуністаў, у тым ліку 8 сакратароў абкомаў і 120 сакратароў гаркомаў і  райкомаў партыі. Усяго ж для нелегальнай  работы ў Беларусі заставалася звыш 8500 камуністаў. Кіраўніцтва камсамола  рэспублікі на акупаванай тэрыторыі  пакінула 73 кіруючых работнікаў, больш  за 1400 ячэек, у якіх у агульнай колькасці  налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Па меркаванню партыйнага і камсамольскага кіраўніцтва, пакінутыя ў тыле ворага камуністы і камсамольцы павінны  былі з’явіцца тым ядром, вакол якога  згуртуюцца ўсе свядомыя і патрыятычныя сілы. Трэба зазначыць, што з пастаўленай  мэтай пакінутыя партыйныя і  камсамольскія работнікі, радавыя  камуністы і камсамольцы справіліся паспяхова, аб чым сведчаць размах, глыбіня і агульныя вынікі супраціўлення захопнікам.

Як і партызанскія фарміраванні, папярэдне створанае і самастойна ўзнікшае падполле адразу ж прыступіла да дыверсійна-баявой і палітычнай дзейнасці. У Мінску ўжо ў другой палове 1941 г. падпольшчыкі ўзрывалі склады са зброяй і ваеннай маёмасцю, цэхі і майстэрні па рамонту баявой тэхнікі, вырабу харчавання, знішчалі варожых чыноўнікаў, салдат і афіцэраў. У снежні 1941 г., у час напружаных баёў пад Масквой, яны ажыццявілі паспяховую дыверсію на чыгуначным вузле: вынікам яе з’явілася тое, што ў суткі адсюль на фронт адпраўлялася толькі 5–6.

Акупацыйная адміністрацыя ў Мінску атрымлівала звесткі аб актыўнай дыверсійна-баявой дзейнасці падпольшчыкаў  Брэста, Гродна, Мазыра, Віцебска, іншых  гарадоў Беларусі. За верасень-кастрычнік у Беластоку было спалена тры  вайсковыя склады, у Брэсце –  адзін харчовы, у Вілейцы –  склад са зброяй і боепрыпасамі. У пачатку лістапада гомельскія падпольшчыкі на чале з Ц.С.Барадзіным, Р.I.Цімафеенка і I.Б.Шылавым схавалі  ў рэстаране скрынку з узрыўчаткай  і мінай з часавай наводкай. Калі там сабраліся нямецкія афіцэры, каб ушанаваць поспехі войск  вермахта пад Масквой, грымнуў магутны  выбух, які знішчыў дзесяткі афіцэраў і аднаго генерала.

Восенню 1941 г. значна павялічылася колькасць  баявых аперацый супраць акупантаў у гарадах і населеных пунктах, на прадпрыемствах і ва ўстановах. Падпольшчыкі ўзрывалі варожыя казармы, сталовыя, кінатэатры, што былі месцамі масавых збораў гітлераўскіх салдат і афіцэраў; наладжвалі ўцёкі савецкіх ваеннапалонных з канцэнтрацыйных лагераў.

На Аршанскім чыгуначным вузле  эфектыўна дзейнічала група К.С.Заслонава. У снежні 1941 г. брыкета-вугальнымі мінамі яна вывела са строю некалькі дзесяткаў  паравозаў: частка з іх была ўзарвана і замарожана на станцыі, іншыя ўзарваліся на шляху да фронту. Скардзячыся  з гэтага выпадку, аршанская група  бяспекі і СД паведамляла свайму кіраўніцтву: «Дыверсіі на чыгуначнай лініі Мінск-Орша сталі такімі частымі, што кожную з іх паасобку не апішаш. Не праходзіць ніводнага дня, каб  не было здзейснена адной альбо некалькіх  дыверсій».

Вораг планаваў прапускаць праз Беларусь на фронт 100 эшалонаў у суткі. Аднак на фронт даходзіла не болей як 30 – 40 эшалонаў. І ў гэтым была немалая заслуга беларускіх партызан і падпольшчыкаў.

Небяспечную для свайго жыцця дзейнасць  у акупаваным Магілёве праводзіла група  медыкаў-падпольшчыкаў. У яе склад  уваходзілі ўрачы У.П.Кузняцоў, А.I.Паршын, Ф.I.Пашанін, якія ўсе загінулі, сярэдні  і малодшы медперсанал. Знішчыўшы  сапраўдныя медыцынскія карткі і  сфабрыкаваўшы новыя, яны здолелі адправіць за горад сотні байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Пасля перамогі ў Маскоўскай бітве  падпольная барацьба ў гарадах і  населеных пунктах Беларусі шырылася і паглыблялася. Відавочную ролю ў  гэтым адыграў той фактар, што  была праведзена работа па ўстанаўленню сувязі кіраўніцтва падполля з Вялікай  зямлёй, адкуль праз аэрадромы партызанскіх фарміраванняў падпольшчыкам паступалі  не толькі неабходныя звесткі, але і  значная дапамога зброяй, мінна-ўзрыўной тэхнікай, медыкаментамі. Умацавалася  сувязь падполля з насельніцтвам, партызанскімі  атрадамі і групамі. Усё гэта разам  самым станоўчым чынам адбілася на дзейнасці падполля.

Асабліва значных поспехаў дасягнулі к вясне 1942 г. падпольшчыкі Мінска. Пад кіраўніцтвам гарадскога партыйнага камітэта дзейнічала шырока разгалінаваная сетка падпольных груп.

У пачатку 1942 г. члены калінкавіцкай  падпольнай маладзёжна-камсамольскай  арганізацыі “Смугнар” (“Смерць  прыгнятальнікам народаў”) знішчылі чыгуначны мост на скрыжаванні ліній  Калінкавічы – Лунінец і Калінкавічы  – Мазыр. Рух паяздоў на гэтых  участках спыніўся на 36 гадзін. Падпольшчыкі справакавалі перастрэлку паміж  венгерскімі салдатамі, што знаходзіліся ў эшалоне, і гарнізонам станцыі  Калінкавічы. Было забіта некалькі дзесяткаў  салдат праціўніка. 

Мінскія падпольшчыкі ў 1942 г. сваю ўвагу  засяродзілі на масава-агітацыйнай  рабоце сярод жыхароў горада, сістэматычных  дыверсіях на розных аб’ектах, зборы  для партызан разведвальных звестак, вызваленні ваеннапалонных і патаемнай  адпраўцы іх у лес да партызан. Не абышлося і без цяжкіх страт. У  сакавіку-красавіку 1942 г. за турэмныя краты  трапіла больш за 400 чалавек, у  тым ліку члены падпольнага ГК КП(б)Б С.I.Заяц (Зайцаў), I.П.Казінец, Г.М.Сямёнаў. 7 мая яны былі павешаны, а яшчэ 251 чалавек былі расстраляныя. Мінскае  падполле знайшло ў сябе сілы зноў узняцца на барацьбу. На нарадзе  ў маі 1942 г. былі прааналізаваны прычыны  правалу, і былі створаны аддзелы: разведкі, агітацыі і прапаганды, ваенны, арганізацыі  дыверсій, сфарміраваны пяць падпольных райкомаў партыі, шэраг падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый  на прадпрыемствах і ва ўстановах. Падпольшчыкі выпускалі газету «Звязда», лістоўкі, мелі сувязь з падполлем Асіповічаў, Оршы, Бабруйска, Дзяржынска, Узды, Калодзішчаў, Смалявічаў, іншых гарадоў і населеных  месцаў Беларусі.

У ноч на 26 верасня 1942 г. зноў пачаліся арышты ўдзельнікаў падполля. Сярод  іх – сакратар падпольнага гаркома I.К.Кавалёў, члены камітэта Дз.А.Караткевіч, В.К.Нікіфараў, К.I.Хмялеўскі, сакратары  райкомаў Н.Я.Герасіменка (з сям’ёй), М.К.Каржанеўскі, I.I.Матусевіч, М.А.Шугаеў, кіраўнікі падпольных арганізацый  і груп, актыўныя падпольшчыкі Л.Я.Адзінцоў, М.А.Багданаў, Е.М.Баранаў і іншыя.

Удар, нанесены акупантамі мінскаму падполлю восенню 1942 г., быў вельмі цяжкім, але  і ён не прымусіў патрыётаў скарыцца. Сведчаннем таму былі расклееныя 21 кастрычніка 1942 г. больш чым у 300 месцах горада лістоўкі з заклікам яшчэ мацней біць акупантаў.

З мэтай дыскрэдытаваць падполле была распрацавана версія аб здрадзе кіраўніцтвам ГК КП(б)Б, у першую чаргу яго сакратаром I.К.Кавалёвым. На жаль, гэтай фальшыўцы  гітлераўскіх спецслужб паверылі ў  ЦК КП(б)Б, і на доўгія гады над мінскім  падполлем навісла хмара недаверу. Мінскае падполле і пасля другога  правалу працягвала сваю дзейнасць. Цесную сувязь з ім мелі шэраг партызанскіх брыгад. У горадзе практычна не было ніводнага прадпрыемства ці ўстановы, дзе б ні дзейнічалі патрыёты. Дзесяткі дыверсійных груп былі створаны на Мінскім чыгуначным вузле. У другой палове 1943 г. тут было праведзена больш  за 50 дыверсій. Па ўдакладненных данных, у складзе мінскага падполля самааддана змагалася звыш 9 тыс. чалавек, больш  тысячы камуністаў і звыш 2 тысяч  камсамольцаў, антыфашысты замежных краін. За час акупацыі ў Мінску было праведзена звыш 1500 дыверсій. Тут нашлі  сваю пагібель многія высокапастаўленыя  асобы, у тым ліку генеральны камісар  Беларусі В.Кубэ.

У падпольнай арганізацыі “Андруша”, якую узначальваў М. А. Кедышка, была створана спецыяльная група, якая займалася  “паляваннем” на гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Паводле няпоўных звестак, на вуліцах Мінска ёю было знішчана больш як 50 акупантаў і іх памагатых. Нямецкі генерал Шперлінг у адным  са сваіх выступленняў быў вымушаны прызнаць, што ў Мінску ад рук  савецкіх патрыётаў загінула больш  як 1600 акупантаў. К канцу 1943 г. гэта лічба  значна павялічылася. 

У Віцебску ў 1941-1942 гг. дзейнічала 56 падпольных груп. Адной з іх з кастрычніка 1942 г. кіравала В.З.Харужая, якая была накіравана сюды ад БШПР. 13 лістапада 1942 г. фашысты  схапілі і пасля доўгіх допытаў  закатавалі яе, а таксама С.С.Панкову, Е.С.Суранаву, К.Д.Балдачову, сям’ю Вераб’ёвых. Пасмяротна В.З.Харужай прысвоена  званне Героя Савецкага Саюза.

Шырокі размах набыў падпольны  рух у Асіповічах, Барысаве, Бабруйску, Оршы, Жлобіне, Петрыкаве, Полацку, Брагіне, Добрушы, Калінкавічах, Мазыры, іншых  населеных пунктах. Асабліва актыўна  дзейнічалі падпольшчыкі на чыгуначным транспарце. На тэрыторыі Беларусі фактычна не было ніводнай колькі-небудзь  значнай станцыі, дзе б ні змагаліся  патрыёты. Шырокую вядомасць набылі баявыя подзвігі маладых обальскіх  падпольшчыкаў. Падпольная камсамольская  арганізацыя «Юныя мсціўцы» на чыгуначнай станцыі Обаль Віцебскай вобласці была створана вясной 1942 г. Узначальвала гэту арганізацыю камсамолка Ефрасіння  Зянькова. У склад яе ўваходзіла каля 40 чалавек. Усяго маладыя падпольшчыкі зрабілі 21 дыверсію: спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, карысныя разведдадзеныя, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро  і інш. Амаль усе падпольшчыкі былі арыштаваныя і пакараныя  смерцю, у тым ліку Н.А.Азоліна, М.П.Аляксеева, Н.М.Давыдава, З.М. артнова, Ф.Ф.Слышанкова і іншыя. Пасля вайны Ефрасінні  Зяньковай і Зінаідзе Партновай  прысвоена званне Героя Савецкага  Саюза.

У заходніх абласцях Беларусі таксама  дзейнічалі антыфашысцкія арганізацыі, што ствараліся па ініцыятыве камуністаў, былых актывістаў КПЗБ, камсамольцаў, іншых патрыётаў. У маі 1942 г. на базе антыфашысцкіх груп Васілішкаўскага, Шчучынскага, Радунскага, Скідальскага раёнаў быў створаны «Акруговы беларускі  антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці». Арганізатарам камітэта з’яўляліся Г.М.Картухін, А.I.Іваноў, А.Ф.Манковіч і Б.I.Гардзейчык. Камітэт правёў значную работу па стварэнню новых  і актывізацыі дзейнасці існуючых груп і арганізацый. Восенню 1942 г. пад  кіраўніцтвам гэтага камітэта барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў.

Информация о работе Баявая дзейнасць падпольшчыкаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны