Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Ноября 2014 в 12:10, курсовая работа
Мэта курсавой работы – даследаванне паэзіі Рыгора Барадуліна розных гадоў.
Задачы курсавой работы:
- акрэсліць жыццёвы шлях паэта;
- зрабіць агляд паэзіі Р.Барадуліна;
- прасачыць тэматыку творчасці паэта;
- ахарактарызаваць мастацкую вобразнасць у паэзіі;
- асэнсаваць функцыю элементаў паганскай і хрысціянскай міфалогіі;
- прасачыць фальклорныя матывы ў творчасці;
- вызначыць уклад творчасці Р.Барадуліна ў развіццё беларускай дзіцячай
паэзіі
Уводзіны….….……………………………………………… …………..................3
РАЗДЗЕЛ 1 Жыццёвы шлях паэта……….…………….………………………......5
РАЗДЗЕЛ 2 Тэматыка і праблематыка творчасці...…………………………….....8
РАЗДЗЕЛ 3 Мастацкая вобразнасць.………………………..…………….……..15
РАЗДЗЕЛ 4 Уклад Р.Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі….…………..……..17
РАЗДЗЕЛ 5 Матывы ў творчасці ………………………………………………...19
5.1 Элементы паганскай міфалогіі…..…….……………….……………...……...19
5.2 Біблейска-хрысціянскія матывы………………………………..……………..21
5.3 Фальклорныя матывы ў творчасці…………..…………….………………..…23
Заключэнне……………………………….………………………………………..25
Бібліяграфічны спіс…………….…………...……………………………………28
Многія вершы Р.Барадуліна пакладзены на музыку і сталі песнямі. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў розных народаў свету. Рыгор Барадулін – актыўны грамадскі дзеяч. У розныя гады пабываў у многіх краінах свету. Прымаў удзел у рабоце 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, абіраўся ў прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1992 годзе яму было прысуджана ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Яго актыўная рознабаковая пісьменніцкая і грамадская праца адзначана ордэнамі Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, медалём Францыска Скарыны і іншымі ўзнагародамі. [19].
РАЗДЗЕЛ 2
Тэматыка і праблематыка творчасці
Р.Барадулін увайшоў у мастацкую літаратуру ў пасляваенны час. На творчасці паэта выразна адбілася свежая і горкая памяць аб дзяцінстве, абпаленым вайной, аб гераізме, моцы і вытрымцы змагароў, барацьбітоў за Радзіму.
Жахі блакады і пасля вайны не пакідаюць, не адступаюць ад паэта. Таму зварот да вайны – гэта не даніна часу, а ўнутраная неабходнасць, вымушанасць. Ён не мог па-іншаму, бо вайна адклала моцны адбітак на біяграфіі паэта. “Што ты хочаш яшчэ, Блакада?” – пытаецца паэт [1, с.86]. Ён просіць яе не прыходзіць у сны: “Хоць у сны мае не прыходзь, // Я прашу цябе! // Чуеш, Блакада?” [1, с.87]. У “Блакадзе” мы чытаем пра пошукі забітага бацькі, пра ўдоў, якім прыходзілася цяжка працаваць, аповед пра былога партызана, які памірае ў бальніцы, непрыдуманую замову старой. Гэта рэквіем абпаленаму вайной дзяцінству і ўсім ахвярам вайны, праклён гэтай жорсткай, страшнай вайне: “У складчыну горкую п’юць удовы: // Пеўні галовы // Кладуць на калодкі, // Вясну забралі блакада, балоты” [1, с.81]. “У бальніцы раённай партызан памірае”, [1, с.84] - і можа, не ад адных толькі ран – ад пакутнай памяці вайны, ад неўладкаванага побыту, ад няздольнасці пераключыцца на новыя ўражанні, перайсці на “мірныя рэйкі”.
У вершы “Партызанская маці” аўтар горача спачувае тым матулям, якія праводзілі сваіх дарагіх сыноў на вайну, а ніводнага не сустрэлі. Як не расце трава пад карчом, так і маці – “захавальніца дрэва жыцця” [2, с.255] становіцца дрэвам. Міжволі, чытаючы радкі з такім сэнсам, вельмі балюча ўспрымаць гора такіх матуль, колькасць якіх вельмі шматлікая. Калі загінуў на Беларусі кожны чацвёрты, значыць, гэтая колькасць толькі для Беларусі вызначаецца ў мільёнах.
У вершы “Нагбом” паказана прага да жыцця, чаму сведчаннем з’яўляецца поўнае вядро вады. “Нагбом з поўнага п’е партызан са смакам - // Толькі ходзіць кадык” [2, с.54]. Але ён не змог дажыць да вясны, калі адступіў крыгаход. Жыццё прыпынілася. Хлопец не сустрэў перамогу над немцамі, не здзейснілася жаданне мірна жыць пасля перамогі. Між радкоў твора мы яскрава чытаем удзячнасць будучых пакаленняў змагарам за перамогу. У вершы прысутнічаюць дзве ключавыя постаці, два героі. Першы герой не паспеў пражыць жыццё, з другім – лірычным героем - мы аддаём даніну памяці.
У вершы “Партызанскі ўрок” Рыгор Барадулін прыгадвае той урок, які даваў яму бацька, вяртаючыся дадому з атрада. “Адзінка – // Бачыш гэты палец, якім я цісну на курок”, “А” – слуп з падпорай, на каторым павешаны быў паліцай” [3, с.338]. Для партызанаў гэта быў самы першы ўрок. Сапраўдную навуку мог атрымаць далёка не кожны. Умовы вучобы ў школах у перыяд вайны былі вельмі цяжкія. Мільёны савецкіх дзяцей на часова акупіраваных тэрыторыях зусім не вучыліся. Некаторыя працягвалі вучобу і ў час вайны, праўда, у вельмі цяжкіх умовах голаду, холаду, адсутнасці школьных рэчаў. Але найсвяцейшае іх прызначэнне было дапамагаць дарослым у барацьбе з ворагам. Яны, знаходзячыся ў тыле, станавіліся партызанамі і падпольшчыкамі, усялякім чынам, як умелі, змагаліся з ворагам.
Верш “Пліты” прысвечаны Анатолю Анікейчыку, аўтару мемарыяльнага комплексу “Прарыў” каля Ушацкай вёскі Пліна. Прозвішчы на мармуровых плітах: Аўдошка, Апёнак, Буряк, Грак, Дук, Дзярыба, Жаўранак, Жарнасек, Лукашонак, Кабяк, Карабань, Лабань, Люцько, Мамяка, Роўба, Смаргун, Цвяцінскі, Якута, Ярмош… На пытанне: “Хто сёння дзяжурны?” час адказвае: “Усе пайшлі на прарыў блакады” [3, с.336]. Сапраўды, наганяе страх арыфметыка. Лірычны герой нават не бярэцца лічыць, бо баіцца зблытаць вялікую колькасць учарнелых пліт па ўсёй Беларусі. Па іх азбуцы будуць вучыцца нашчадкі лютасці і нянавісці да забойцаў!
У вершы “Мяне жагнала галадуха” лірычны герой прыгадвае ваенны і пасляваенны час, калі ён пакутаваў ад голаду. Ён жыў духоўным жыццём, святым духам, таму што хлебным духам прыходзілася дыхаць зрэдку. У гэты цяжкі перыяд жыцця ён спасціг ісціну, што падаць духам ні ў якім разе нельга. “З асноўных ісцін // Саматугам // Адну спасціг: “Не падаць духам!” [3, 378].
Паэма “Матчына хата” пра цяжкія пасляваенныя гады. Паэма адносіцца да вершаў Барадуліна на гэтую ж тэматыку. Гісторыя адбудовы роднай хаты, расказаная паэтам, нягледзячы на скурпулёзную падрабязнасць бытапісу, гучыць досыць сімвалічна. Гэта пачатак таго шырокага пасляваеннага будаўнічага Адраджэння, за якое ўзяліся нашы людзі, прыйшоўшы на пагарэлішчы - з надзеяй адбудаваць правамоцную, годную сваёй гістарычнай барацьбе Айчыну. “Маці сталярыла і цяслярыла // Без гэбля, без ватэрпаса. // Сякера была адна, // Як доля ўдавіная, чэзлая” [1, с.14].
Кожны з твораў пра вайну - гэта яшчэ адна старонка ў паэтычным летапісе гераізму народа ў Вялікай Айчыннай. Рыгор Барадулін асуджае войны і напамінае аб неабходнасці паўсядзённай барацьбы за забарону ядзернай зброі.
Адным з вядучых у творчасці Р.Барадуліна з'яўляецца вобраз маці. Для паэта маці - увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і самаахвярнасці. Творы, прысвечаныя гэтай тэме, асвечаныя дабравесцем, благаславеннем, бо маці - пачатак жыцця, ідэал працавітасці, сумлення і дабрыні, зберагальніца маральных каштоўнасцяў, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў. З радкоў твора паўстае вобраз маці паэта Куліны Андрэеўны. Свой жыццёвы вопыт, багаты прыродны дар і незвычайную чуласць да слова яна перадала ў спадчыну сыну. “Не ведаючы тэорыі вольных вершаў, // Не чуўшы нічога // Пра факт існавання авангардызму, // Мама лісты мне пісала верлібрам” [4, с.114]. Звычайная вясковая жанчына, якую не песціў лёс: не дачакалася з вайны мужа, адна гадавала сына, перажыла пасляваенныя цяжкасці. Вобраз маці – вечны арыенцір для паэта. Паэт не проста апавядае пра маці, ён абагаўляе яе: “А мама багіняй была” [5, с.271].
У вершы “Матулі нашы сведчаць неўміруча” аўтар падкрэслівае, што краса мамы непадуладная гадам. І гэтай незвычайнай красе матуль моляцца сыны са спазненнем.
У вершы “Мама” лірычны герой пастарэў без яе і адчувае сябе адзінокім. Параўновае сябе з вокам у ілбе і жадае закаціцца ў века, бо ў гэтай адзіноце хмарыць любая крыўда і слепіць любая парушынка.
У вершы “Нам застаецца ад матуль” аўтар заўважае, што нам у спадчыну ад матуль застаецца іх шчырасць і ласка. Нашы матулі жадаюць задобрыць лёс сваім дзецям, але гэтага, па словах аўтара, ім зрабіць не ўдасца. І ўсе тыя крыўды, якія мы часам і незнарок ім чынілі, да нас вяртаюцца. Верш вучыць нас, чытачоў, разуменню матчынай дыбрыні і шчырасці, бласлаўлення лёсу сыноў і дачок. І канечне ж, не чыніць крыўды матулям – самым дарагім людзям на свеце.
У вершы “Мама” аўтар апісвае маму, якая пажыла, як пабыла ў гасцях. Пасядзела з прыхаду, не было ён ні спагады, ні парады. Жыла па той прыказцы: добраму чалавечку добра і ў запечку, а якой благаце блага і на куце. За свой век шмат працавала-шчыравала, “папераносіла азёры вёдрамі” [2, с.222]. Мала чула добрых слоў, а словы злыя беглі ўслед. Не было каму дапамагчы. Верш заканчваецца такімі радкамі: “Закацілася ў журбе балючай знічкай // Мама, сцежка да цябе не зарасце бруснічкай” [2, с.222]. У творчасці, прысвечанай маме, аўтар стварае лірычнага героя, які вельмі любіць сваю матулю, паважае яе і шануе. Ды і адносіны аўтара да мамы паказаны самыя пяшчотныя. Вобраз маці паўстае такім зямным, рэальным і, разам з тым, самым святым і узнёслым.
Вобраз маці ў творчасці Барадуліна паступова перарастае ў адзіны суладны вобраз маці-Радзімы. Тэма Беларусі балючая для яго. Бацькаўшчына – гэта не толькі тое, што мы маем на сённяшні дзень. А не ў меншай ступені і тое, што страцілі праз скрываўленую беларускую гісторыю На старонках яго кніг Беларусь паўстае на розных гістарычных скрыжаваннях. “Грунвальд – крывіцкай крыві голас, што змогі не мае” [6, с.228], “Васпаватая ад асколкаў і куль, на свет Сафійка глядзіць вачыма цнатлівымі” [7, с.84], “Майданакі, Трасцянцы, Хатыні – Крыжы пакуты Дарог крыжавых” [1, с.90]
У вершы “Спадчына” аўтар называе Беларусь берагам белых буслоў. Паўстае гэтая краіна ў выглядзе жывога чалавека, таму што ў паэме акцэнтуецца ўвага на васільках яе воч. Беларусь спазнала цяжкі лёс, ды ніколі не плакала. “Святлела ад святла, // Ад ворага не бегала, // Ты Белаю была, // Але не плямай белаю” [7, с.24]. Беларусь любой парой была надзейнаю сястрой, сяброўкай. Аўтар ёй і надалей жадае цвісці пяцікутнаю зоркай, зыча таксама, каб шчодрылася яе сяўба адборнымі зярнятамі. У творы пастаўлена пытанне: колькі год Беларусі? І тут жа даецца адказ: “Колькі дочкам, сынам, // Колькі радасці, скрусе, // Колькі снам, курганам, // Колькі зорцы дасвецця, // Што ўзышла для вякоў, // Колькі шумнаму веццю // Баравых бальшакоў. // Колькі крэўнаму слову, // Што вяшчуе святло, // Небу, што крутаброва // Маладзік узняло” [7, с.26]. Аўтар звяртаецца да кожнага з нас займеннікам “ты” і нагадвае, што “Ты спрадвечны Радзімай”. Але тут жа дадае: “І Радзіма табой” [7, с.26]. Апраўдана Радзіма называецца Адзінай. Прычым гэты прыметнік напісаны з вялікай літары, што падкрэслівае незвычайна паважлівае стаўленне да Радзімы.
У вершы “Памяць босых ног” аўтар сцвярджае, што ў босых ног ёсць памяць, якая не забываецца на сцяжынкі, па якіх хадзіла, на лугі, дзе расла атава, на трыпутнік, які можа загаіць рану. Аўтар спадзяецца, што памяць босых ног нідзе не страціцца і не прывядзе да чужога парога: “Хай памяць босых ног // Не страціцца нідзе // І на чужы парог // Цябе не завядзе [7, с.27].
У вершы “Трэба дома бываць часцей” акцэнтуецца ўвага на родным доме. А пад родным домам маецца на ўвазе малая радзіма, дзе кожнаму трэба часта бываць, не забывацца на яе і клапаціцца пра яе. А калі лёс распарадзіўся так, што чалавек апынуўся па-за межамі Радзімы, то захоўваць яе ў сваёй памяці і наведваць абавязкова, каб “душою не ачарсцвець, // Каб не страціць святое штосьці” [8, с.19]. Тая сцежка, якая выводзіла з дому ў вялікую дарогу, даражэйшая за ўсе. Памятаць пра сям’ю, якая весела збіраецца за вялікім сталом, і пра суседа…Трэба дзякаваць лёсу, што паспелі пачуць блаславенне самага святога чалавека ў жыцці – маці. Трэба дома бываць родным чалавекам, а не чужым госцем, які ўжо даўно забыўся на родную хату і лад у ёй. Толькі светламу і добраму вучыць нас гэты верш.
У вершы “Маленне за Беларусь” аўтар моліцца за сваю краіну, просіць Бога, каб ён паслаў ласку, злітаваўся. Гэтае маленне сведчыць пра неабсяжную і неабдымную любоў паэта да роднай краіны. Барадулін просіць, каб Бог не даў знікнуць Беларусі, каб вярнуў людзей з выгнання. Хай пануе ў людзей любоў адно да аднаго, і боскай святасцю поўняцца нашы хаты: “Божа, на ўсіх раздарожжах // Нас ад напасцяў варожых // Твой зберажэ напамін. // Амін”
[6, с.132].
Зямля бацькоў дала Барадуліну права быць чалавекам на зямлі. Ён зрабіў усё тое, што дае права лічыць сябе беларусам: “З рэк піў, // Еў хлеб без асцюкоў, // He даланіў меч, // Лашчыў рала” [1, с.222]. Паэт любіць зямлю, і прычым любіць нязмушана. Яна дзіўная: дала і забрала ў яго бацькоў, але і, нягледзячы на гэта, ён любіць яе: “Зямлю бацькоў // Я так люблю, // Што ненавідзець // Маю права!” [4, с.84] На маю думку, у гэтых мастацкіх радках спляліся прыёмы антытэзы і аксюмарана – спалучэння неспалучальнага. Злучана неспалучальнае: пры моцнай любові магу ненавідзець. Такі прыём яшчэ з большай моцай падкрэлівае любоў паэта да роднай Беларусі.
Віцебшчына ў творах паэта – старажытная і легендарная, адкрытая і гераічная. “Прыцягненне Віцебскай зямлі // Мы адчуем пад зямлёй сырою”.
“З суседзямі падзелішся скарынкаю, // Адно не ўмееш – з торбаю прасіць. // Як ластаўка, з падстрэшша рук Скарынавых // Тваё крыляла слова па Русі”
[2, с.94].
Тэма роднай мовы і яе лёсу, бадай, самая хвалюючая на працягу ўсёй творчасці Барадуліна. Мова – найсвяцейшы духоўны скарб, які мы маем у жыцці. І гэта разумеў сапраўдны беларус Рыгор Барадулін.
Верш “Неруш” – адзін з многіх вершаў Барадуліна аб непаўторнай прыгажосці і невычэрпным багацці нашай мовы. Паэт называе родную мову нерушам, таму што яна светлая, чыстая, некранутая, незаплямленая, святая. Лірычны герой і паэт разам вельмі любяць родную мову. Ад роднага слова “на небе світае”, “яснее ў вачах” [2, с.101]. На прыкладзе лірычнага героя паказана, што кожны з нас павінен бараніць родную мову, заблытваць шлях ад наслання, не даваць яе зневажаць і крыўдзіць, не дазваляць, каб яна пакутавала, бо яна ЖЫВАЯ: “Ад абразы, ад позірку злога, // Шлях заблытаўшы ад наслання // Неруш ранішні – матчына слова // Мне, як бору, цябе засланяць” [2, с.101].
У вершы “Мова” сцвярджаецца, што мова-маці лірычнага героя ніколі не аджыве. Ён да яе адчувае неверагодную роднасць і еднасць з ёй: “Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая, // Што па жылах маіх цячэ і сонным Сажом і Нёманам” [4, с.42]. Аўтар ведае, што калі нават мова яго замаўчыць і на яе ўсе забудуцца, то спатрэбіцца вывучыць яе нанова, каб даведацца пра гістарычнае мінулае краіны, пра яе гераічны лёс. Лірычны герой верыць, што “мова мая ўліецца ў агульны людскі акіян – // Пацячэ ў ім, стрыманая, // Цёплым Гальфстрымам. // І будзе мне сэрца грэць // Кожным ашчаджаным словам, // Бо, як жыта, спрадвечная // Беларуская мова!” [4, с.43] У гэтым вершы лірычнага героя можна поўнасцю атаясамліваць з аўтарам, бо Рыгор Барадулін таксама чалавек вельмі улюбёны ў родную мову.
У паэзіі Барадуліна шырока прадстаўлена тэма кахання. Глыбокая павага і замілаванне дзяўчынай, стварэнне яе таямнічага, недасягальнага вобразу нараджаюць у душы паэта моцнае каханне.
У гэтым рэчышчы ён нават паспрабаваў стварыць акраверш на імя Ала: “Аленю здзіўлення аб скалы адчаю разбіцца ў запале. // Ледзь Вашая ўсмешка ўзыдзе — ухвал загрыміць абвал. // Але, асмялеўшы ад страху, выводжу світальнае Але” [10, с.213]. Атрымаўся цудоўны акраверш на імя жанчыны.
У “Рамансе” лірычны герой Барадуліна чакае сваю каханую “з вясны да сівізны”. Вясна паўстае ў творы маладосцю. Параўноўвае сябе з вечным вязнем, які чакае раніцу. Лірычны герой настолькі па-трапяткому адносіцца да сваёй абранніцы, што яна нават бачыцца яму ў снах. Моцнае каханне прасочваецца праз кожны радок раманса. Герой яе гукае, але “голас мой змаўкаў // Перад красой, нябачанай вякамі” [11, с.84]. Яна была настолькі прыгожая, што перад яе гожасцю нават змаўкаў голас. Толькі паэт, якія адчуў сапраўднае каханне, можа стварыць такога прачулага лірычнага героя, шчыра закаханага ў сваю музу. Нават не проста каханую, а музу, таму што толькі той, якая так моцна можа натхніць на каханне, магчыма прысвяціць такія радкі: “Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі, // I ў кожнай маладой неразгаданай. // Вы, ўзнёслая, былі і не былі, // Плылі ракой, разводдзем разгайданай” [11, с.84]. І лірычны герой нават і зімой - у сталым узросце – жыве чаканнем і надзеяй прыемнай сустрэчы з ёю: “Я жыў чаканнем і цяпер жыву // Надзеяй, што сустрэну хоць зімою. // Хілю заснежаную галаву // I дзякую за веснавую мрою” [11, с.84]...