Старая і новая беларуская літаратурная мова: адна ці дзве

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 26 Января 2014 в 18:47, доклад

Краткое описание

Кожны з гісторыкаў беларускай мовы так ці інакш вымушаны заняць пэўную пазіцыю адносна праблемы пераемнасці паміж старым і новым беларускім пісьменствам. Назіранні над гістарычнымі зменамі беларускай літаратурнай мовы ў цэлым або супастаўленні асобных моўных фактаў старабеларускіх рукапісаў з іх адпаведнікамі ў XVIII-ХІХ стст. непазбежна прыводзілі даследчыкаў да гэтай праблемы і прымушалі заняць пэўную пазіцыю пры навуковым аналізе: разглядаць гэтыя змены як паступовыя, эвалюцыйныя перамены або як абсалютна новыя, рэвалюцыйныя з’явы.

Вложенные файлы: 1 файл

24.docx

— 21.36 Кб (Скачать файл)

Старая і новая беларуская літаратурная мова: адна ці дзве?

 

 Кожны з гісторыкаў  беларускай мовы так ці інакш  вымушаны заняць пэўную пазіцыю  адносна праблемы пераемнасці  паміж старым і новым беларускім  пісьменствам. Назіранні над гістарычнымі зменамі беларускай літаратурнай мовы ў цэлым або супастаўленні асобных моўных фактаў старабеларускіх рукапісаў з іх адпаведнікамі ў XVIII-ХІХ стст. непазбежна прыводзілі даследчыкаў да гэтай праблемы і прымушалі заняць пэўную пазіцыю пры навуковым аналізе: разглядаць гэтыя змены як паступовыя, эвалюцыйныя перамены або як абсалютна новыя, рэвалюцыйныя з’явы. Пры гэтым бясспрэчна, што менавіта XVIII ст., якое падаравала гісторыі шэраг літаратурных твораў, арыентаваных на жывую народную гаворку, з’яўляецца водападзелам паміж плынямі старога і новага беларускага пісьменства.

 

 Я.Ф.Карскі пісаў, што ў XVIII ст. “народная гаворка, прыкрыўшыся большай часткай польскім пісьмом, трапіла нават у літаратурныя помнікі”, аднак беручы пад увагу нязначнае пашырэнне гэтых помнікаў, адсутнасць друкаваных выданняў, адзінкавасць рукапісных экземпляраў, ён вобразна называе мову гэтых помнікаў “жывым нашчадкам лядашчага старога” (у арыгінале “живым наследником одряхлевшего старца”) [Карскі, 1922, с.3-4]. Назваў вобразна, але незразумела, ці быў гэты “нашчадак” спадкаемнікам.

 

 У 1951 г. Кандрат Крапіва  (акадэмік Атраховіч К.К.) – на  той час загадчык сектара мовазнаўства  Інстытута мовы і літаратуры  АН БССР - у артыкуле для часопіса  “Полымя” “Аб некаторых пытаннях  беларускай мовы” піша: “...беларуская літаратурная мова пасля двухсотгадовага перарыва не магла быць працягам старой літаратурнай мовы XVII стагоддзя. Занадта многа часу прайшло, і жывая мова беларускага народа, якая захавала ў цэлым сваю аснову, усё ж такі зведала значныя змены, асабліва ў слоўнікавым складзе. Для народа старая літаратурная мова была б малазразумелай, тым больш, што і раней... яна не зусім супадала з жывой” [Крапіва, 1997, с.343]. Зазначым толькі, што і ніякая старая літаратурная мова (мова Сярэднявечча) не супадала, і не магла, і не павінна была супадаць з жывой.

 

 Адназначна выказваўся  аб перарыве ў гісторыі беларускай  літаратурнай мовы і славуты  рускі мовавед М.М.Дурнаво: “Цяперашняя  беларуская мова з’явілася толькі  ў ХІХ ст., у аснове яе ляжыць адна з цэнтральнабеларускіх гаворак... Ні ў якай сувязі са старой заходнерускай літаратурнай мовай XV-XVIII стст. яна не знаходзіцца” [Дурнаво, 1969, с.29-30].

 

 Прафесар Л.М.Шакун у апошняй рэдакцыі падручніка для вну па гісторыі беларускай літаратурнай мовы слушна заяўляе, што XVIII ст. – гэта не “белая пляма” і адзначае, што ў развіцці беларускай мовы яно “стаіць на стыку старой і новай эпох”, што “творы новых літаратурных жанраў, якія нараджаліся ў гэты час, вобразна кажучы, можна лічыць перакідным мастом у новую беларускую літаратуру” [Шакун, 1984, с.174].

 

 Найбольш грунтоўна  і паслядоўна гэта праблема  разглядаецца аўтарамі двухтомнага акадэмічнага даследавання “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”. Аўтар І тома акадэмік А.І.Жураўскі падрабязна прасочвае працэс паланізацыі старабеларускай літаратурнай мовы, адзначае забарону яе выкарыстання ў дзяржаўным справаводстве (1696г.) і далейшае існаванне толькі ва ўніяцкіх выданнях XVIII – п. ХІХ стст. (да забароны уніяцтва рускім царызмам). Ён катэгарычна адмаўляе пераемнаю сувязь паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай: “калі б старабеларускай мовы не было зусім, мова драматычных твораў XVIII ст. ўсё роўна была б менавіта такой, якой яна зафіксавана ў вядомых помніках” [Жураўскі, 1967, с.367].

 

 Адразу пасля выхаду  ў свет гэтай манаграфіі ў  рэцэнзіі, названай “Гісторыя працягваецца”,  А.Я.Баханькоў выказвае прынцыповую  нязгоду з яе аўтарамі, маўляў, пры адсутнасці сувязі паміж  старым і новым пісьменствам мы будзем мець справу “з дзюма рознымі мовамі”. Сувязь паміж старым і новым пісьменствам даводзіцца ім з гіпатэтычнай наяўнасці агульнанароднага моўнага элемента. “Вось гэты агульнанародны моўны элемент, найбольш устойлівы і нейтральны як для старой, так і для новай пісьменнасці, і быў асновай, якая паяднала новую пісьменнасць са старой і не дала ёй перарасці ў абсалютна новую якасць. (...) пры перарыве старой пісьмовай традыцыі і фарміраванні новых стыляў у іншых гістарычных умовах маглі адпасці і сапраўды адпалі толькі спецыфічныя для асобных ранейшых стыляў (пераважна чужаземныя і архаічныя) моўныя элементы” [Баханькоў, 1971, с.136]. Безумоўна, у другой палове ХХ ст. тое, што ўжывалася і было гвалтоўна выведзена з ужытку ў канцы XVII ст. будзе ўспрымацца як архаізм.

 

 Найбольш паслядоўным  прыхільнікам ідэі пра бесперарыўнасць  развіцця беларускай літаратурнай  мовы быў прафесар Ул.В.Анічэнка. Ён адназначна сцвярджае, што “непасрэдная пераемная сувязь старабеларускага пісьменства з беларускай нацыянальнай мовай ў галіне граматычнага ладу ў нас далёка не раскрыта ў значнай меры з выніку недаацэнкі ролі пераемнасці і некаторага перабольшвання ролі народна-гутарковай мовы ў працэсе станаўлення і развіцця літаратурных нормаў” [Анічэнка,1972, с.562].

 

 Такім чынам, усімі  мовазнаўцамі прызнаецца своеасаблівае  месца мовы твораў XVIII ст. у гісторыі  беларускай мовы і ніхто не  называе іх узорамі старой літаратурнай мовы.

 

 Праблема пераемнасці  паміж старой і новай беларускай  літаратурнай мовай распадаецца  на шэраг пытанняў, якія ўмоўна  можна падзяліць на два блокі: 1 - Ці быў перарыў паміж старой і новай літаратурнай мовай? Калі быў, то перарыў чаго, існавання мовы ўвогуле або пісьмовых традыцый (графіка-арфаграфічных, граматычных, стылістычных)? 2 - Як кваліфікаваць мову твораў XVIII ст.: як новую літаратурную мову або як фіксацыю народнай гаворкі? Які змест укладваецца ў паняцце “новая літаратурная мова”?

 

 Большасць даследчыкаў,  прызнае наяўнасць перарыву пісьмовых традыцый паміж старой і новай літаратурнай мовай. Пры гэтым усе адзначаюць немагчымасць перыяду абсалютнай адсутнасці мовы, “нематы” беларусаў.

 

 Асобна спынімся на  тым, што мову твораў XVIII ст. некаторыя  даследчыкі расцэньваюць, як натуралізаваную  фіксацыю народнай гаворкі і  не лічаць яе літаратурнай. У сувязі з гэтым трэба адзначыць наступнае.

 

 Па-першае, пры дапамозе  мовы ў камедыйных творах XVIII ст. (незалежна ад іх мастацкіх  вартасцей) паказваецца суаднесенасць  з пэўнай мясцовасцю. Гэта асабліва заўважна там, дзе героі – прадстаўнікі розных народаў. Напрыклад, у “Інтэрлюдыях” гаворка Ліцвіна – беларуская, Цыган гаворыць з украінскім акцэнтам, а для Раскольніка характэрна рускае з вялікай колькасцю царкоўнаславянізмаў маўленне; у “Камедыі” Каятана Марашэўскага выведзены на сцэну беларус Дзёмка, беларускамоўны яўрэй-карчмар і польскамоўны Д’ябал. Такім чынам, мова ў беларускіх (або шматмоўных) камедыйных творах XVIII ст. - сродак стварэння мастацкага вобраза і выражэння грамадзянскай пазіцыі аўтара.

 

 Па-другое, мова ніводнага  з гэтых твораў не з’яўляецца  дакладнай паслядоўнай фіксацыяй  пэўнай гаворкі. Хаця канкрэтная  дыялектная аснова ў асобных  творах прасочваецца даволі выразна:  усх.-бел. асаблівасці - у мове персанажаў Смаленскіх камедый, пн.-ўсх. – у зборніку Забе льскай калегіі, зах.-бел. – у інтэрмедыі “Вакханалія” і “Прамовах русіна”. Для некаторых твораў з-за малого памеру або мастацкай недасканаласці паказаць прывязку да канкрэтнай гаворкі не ўдаецца, але і там у гаворцы беларуса (ліцвіна) абавязкова прысутнічаюць адметныя беларускія рысы. Найперш гэта фанетычныя беларусізмы: аканне - pasadziwszy na palicy, warona, pasciel (Зб.147,35), wada, ia tanu, kastur (Вакх.,20), пападзhтца, павидзися, к абhдни (См.,66б), нявидна, ня придзиць (См.,67б), шарсцинки, побядзителю (См.,70), ad capa (M.,15), w halawie (M.,15б), pauniutańka wady (Ц.,86б), pazdarawieła, pramudryje (Ц.,87); дзеканне і цеканне – iedzie, bocian (Зб.147.,34), поидзі^ом, наводзиць, дзhцина (Інт., 99б), boyciasia, na toy powodzi (Вакх.,19), идзи, павидзися (См.,66б), susiedzi, nie ciaszko (M.,17), u chrudziach, kupić (Ц.,86б); гук ў-нескладовае – не нашовши, наhвся (Інт,.100б), nedouho, wouk, z chlewou (Пр.рус.,15), ни гулявъ, попався (См.,66б), krou, da ahurcou (M.,16) і інш. Імкненне да перадачы асаблівасцей маўлення, характэрнага для пэўнай мясцовасці, прывяло да адлюстравання дыялектных рыс. Так, у Смаленскіх камедыях перадаецца гук [р’]: брязгаць (См.,66б), пиряпhчку, в сваі^ом дворh (См.,67), дзяревня, цhрихъ, цяперь, ци ни придзиць (См.,67б); інтэрлюдыі адлюстроўваюць такую вузкалакальную з’яву, як цоканне: не ворцы, науцысь (Інт.,99б). На граматычным узроўні таксама адзначым дыялектныя адрозненні. Напрыклад, прамое дапаўненне ў помніках, заснаваных на заходніх гаворках, выражана формамі Р.скл.: cepa dziarzać, sachi kiarawać (Вакх.,21), полацкія гаворкі – паралельнае ужыванне Р. і В.: adpusci hrecha (m.,16), zakladu dadzerzać (M.,17 // sarwau jabłyczak (M.,16), datrymać zakład (M.,17), усходнія – толькі В.скл.: взявшы свhчку (См.,67), кавярзень спляцеть (См.,69б); формы 3 ас. адз.л. дзеясловаў у пн.-усх. помніках маюць на канцы –ць: идзhць, цhкhць (См.,67), kazeć, nie racieć (M.,14), stochnieć, lieć (Ц.,86б), помнікі з дыялектнай асновай Гродзеншчыны паказваюць паралельнае ужыванне форм: tuzaieć, idzieć (Вакх.,24) // wiedaie, kaze (Вакх.,23), а палескія – толькі без –ць: hadaie, ne wedaie, rozmaulaie (Чарт.,79).

 

 Кожны з аўтараў у працэсе работы над творам свядома арыентаваўся на жывыя народныя гаворкі і рабіў адбор моўных сродкаў адпаведна свайму густу і адчуванню мовы. Свядома або несвядома гэты адбор праводзіўся па двух крытэрыях: 1 – стварэнне вобраза канкрэтнага героя, выхадца з пэўнай мясцовасці; 2 – адрасаванасць твора многім чытачам або гледачам. Такім чынам, хаця выбар моўных сродкаў абсалютна адвольны, пры аналізе граматычных форм выяўляюцца агульныя тэндэнцыі ў развіцці і фарміраванні моўных літаратурных нормаў. Там, дзе матэрыял дазваляе вылучыць асноўны варыянт, ён, як правіла, адпавядае агульнанароднаму. Пры гэтым, калі аўтар ставіў за мэту перадаць мясцовы каларыт, то ўжываліся рэгіянальныя дыялектызмы.

 

 Тым не менш, нельга  лічыць мову гэтых твораў прыналежнасцю  беларускай нацыянальнай мовы, паколькі  тэрмін “нацыянальная” суадносіцца  з нацыяй, а беларуская нацыя,  як вядома, фарміравалася ў ХІХ ст. Нацыянальная мова – мова стандартная; яе нормы з агульнаўжывальных, звыклых ператварыліся ў кадыфікаваныя, абавязковыя, замацаваныя ў граматыках, слоўніках, падручніках.

 

 Разам з тым мова  твораў XVIII ст. моцна адрозніваецца  ад старабеларускай літаратурнай  мовы, паколькі апошняя паступова  на працягу некалькіх стагоддзяў  эвалюцыянавала ад кніжна-славянскай  традыцыі ў бок жывой беларускай  мовы, так і не наблізіўшыся  да яе ўшчыльную. Лёс прапанаваў  нашай мове варыянт рэвалюцыйнага  развіцця, адрынуўшы ўсё напрацаванае  ў галіне афіцыйна-справавога  пісьменства, рэлігійнага, летапіснага і іншых свецка-мастацкіх жанраў. І ў гэтым сэнсе адмаўляць наяўнасць перарыву ў развіцці мовы нам падаецца немагчымым.

 

 Аднак, незалежна ад  таго эвалюцыйна або рэвалюцыйна  развіваецца мова, у яе гісторыі  вылучаюцца стары і новы перыяды. Прынцыповае адрозненне паміж імі ў характары моўнай асновы – ідэала, на які арыентуецца аўтар. Мова новага перыяду, або новая літаратурная мова, - гэта мова, якая мае народнагутарковую аснову. Пры гэтым нацыянальная (стандартная) мова – гэта вышэйшая ступень у развіцці мовы. Таму, на нашу думку, помнікі беларускага пісьменства XVIII ст. варта кваліфікаваць як узоры новай беларускай літаратурнай мовы данацыянальнага перыяду. Тыпалагічна блізкімі да іх з’яўляюцца “Прамова Мялешкі” (п. XVII ст.) і “Ліст да Абуховіча”, якія па традыцыі разглядаюцца ў кантэксце гісторыі старабеларускай літаратурнай мовы. Думаецца, і да іх можна прыстасаваць выказванне А.І. Жураўскага: калі б старабеларускай мовы не было зусім, мова гэтых твораў усё роўна была б менавіта такой.


Информация о работе Старая і новая беларуская літаратурная мова: адна ці дзве