Автор работы: Пользователь скрыл имя, 02 Мая 2014 в 18:45, автореферат
Мэта і задачы даследавання. Мэтай дысертацыйнага даследавання з’яўляецца стварэнне цэласна-сістэмнай канцэпцыі развіцця беларускай дзіцячай драматургіі ад вытокаў да нашых дзён праз раскрыццё праблемы характару. У сувязі з гэтым павінны быць вырашаны наступныя задачы:
- абазначыць асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай драматургіі для дзяцей, даць ім навуковае абгрунтаванне;
- выявіць сацыяльныя і мастацкія ўплывы на ўвасабленне герояў у беларускай дзіцячай драматургіі;
- прааналізаваць эстэтычныя і этычныя аспекты мастацкіх вобразаў дзіцячых п’ес;
- раскрыць своеасаблівасці мастацкіх характараў у творах дзіцячай драматургіі розных перыядаў;
- прасачыць дыялектыку ўзаемадачыненняў традыцый і наватарства ў развіцці мастацкіх характараў беларускіх п’ес для дзяцей.
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі
СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ
РЭЗЮМЕ
Большай аўтэнтычнасцю ў мастацкіх вобразах і развіцці дзеяння валодаюць п’есы-казкі, якія не абапіраюцца на фальклорны сюжэт, але часам настолькі стылізаваны пад прадукт народнай творчасці, што практычна не адрозніваюцца ад яго. Фальклор канцэптуальна паўплываў на стварэнне характараў і сюжэтных калізій у многіх аўтарскіх творах (“Чароўны гадзіннік” З. Дудзюк, “Чужое багацце” Г. Марчука, “Мілавіца” С. Клімковіч, “Пра тое, як Янка Белую краіну ад Цмока вызваліў” В. Маслюка і інш.). Ёсць і прыклады постмадэрнісцкай гульні з вядомай дзецям класікай. Але калі П. Васючэнка ў “Новым Калабку” стварае новы, аўтэнтычны характар свайму пратаганісту, то Г. Аўласенка ў вершаваную п’есу “Як казкі пераблыталіся” ўводзіць персанажаў адразу з трох вядомых казак, захоўваючы іх партрэты і псіхалогію.
Такім чынам, характары і канфлікты маюць розныя шляхі асваення ў драматургічных відах літаратуры. Практыка паказвае, што адсутнасць творчага падыходу можа зашкодзіць вобразам. І наадварот: пераасэнсаванне з пільнай аглядкай на адпаведныя патрабаванні пры такім пераходзе дае ім яшчэ адно цікавае і паўнавартаснае літаратурнае жыццё. Нязменным застаецца толькі адно – сістэма каштоўнасцей, якой вывяраюцца характары дзеючых асоб.
У другой частцы “Літаратурная п’еса-казка: тэмы і героі” разглядаецца шырокае кола арыгінальных драматургічных твораў з аўтэнтычнымі характарамі. Зразумела, пэўных фальклорных элементаў у развіцці дзеяння, у вобразах аўтарам цалкам унікнуць было немагчыма, але не яны станавіліся канцэптуальным стрыжнем п’есы, часта далёка адыходзячы ад традыцый народнай казкі.
У навагодніх п’есах (“Новы год у лесе” Г. Аўласенкі, “Спадчына бабулі Зімавухі” Л. Рублеўскай, “Прыгоды з чароўнай скрыначкай” Ю. Куліка і А. Оксіня і інш.) не тыражыруюцца характары традыцыйных персанажаў свята – Дзеда Мароза і Снягуркі, хаця ў большасці твораў яны маюць тыповыя рысы, прадвызначаныя ўжо сваёй функцыянальнасцю. П. Васючэнка ў “Навагоднім дэтэктыве” ўвогуле надзяляе іх рысамі герояў трылера.
Асновай характараў многіх п’ес сталі жыхары лесу, надзеленыя рысамі чалавечай псіхалогіі (як заганамі, так і вартасцямі). Гэта актуалізуе дзейства. Характары ў такіх п’есах фарміруюцца, аднак, па-рознаму. Некаторыя аўтары ідуць па шляху атаясамлення вобразаў сваіх твораў з прататыпамі (“Вясновая песня” С. Клімковіч). Іншыя партрэтную палітру персанажаў ствараюць, кіруючыся перадусім лейтматывам твора (“Ная і Нахлебнік” З. Дудзюк, “Маленькі Анёлак” С. Кавалёва). Найбольш удалымі атрымліваюцца індывідуалізаваныя персанажы, якія разам з тым перадаюць таксама тыя ці іншыя тыповыя рысы псіхалогіі і паводзінаў фальклорных герояў.
Прыгодніцкія творы ніколі не перастануць быць папулярнымі сярод дзятвы, а іх героі – запамінальнымі. Рызыкоўныя перыпетыі, як лакмусавая паперка, найлепшым чынам выяўляюць усю сутнасць і асобнага чалавека, і міжчалавечых стасункаў, што, бадай, карэктна параўнаць з пагранічнымі сітуацыямі экзістэнцыяналісцкіх інтэрпрэтацый. Беларускія дзіцячыя драматургі абгрунтавана і праўдзіва дэманструюць, што такое выяўленне сапраўднай сутнасці чалавека вядзе хутчэй да гуманізацыі і цеплыні ў стасунках, чым да экзістэнцыяльнай самоты. Усё залежыць ад веры ў бліжняга і любові да яго, якія не проста ляжаць у аснове чалавечай сутнасці, але і з’яўляюцца маяком для кожнага падчас небяспечных для жыцця сітуацый. Таму Непаседа і Забіяка з п’есы Г. Каржанеўскай “А як жа Непаседа?” насамрэч аказваюцца найлепшымі сябрамі – клапатлівымі і самаахвярнымі. Да таго ж яны на лепшае пераасэнсавалі свае адносіны да прыроднага наваколля. Але каб героі не прайшлі праз наладжаныя міфічнымі істотамі выпрабаванні, то такой эвалюцыі не адбылося б.
Вобразы многіх прыгодніцкіх п’ес створаны на міфалагічна-гістарычным матэрыяле. Яркі прыклад – “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Забалоцкага” С. Кавалёва і П. Васючэнкі. Назіраецца таксама прадукаванне так званай рыцарскай п’есы з ідэаламі і высокімі кодэксамі рыцарства. Так, у п’есе С. Кавалёва “Драўляны Рыцар” малюецца ідэалізаваны вобраз – узор прадстаўнікоў рыцарскай культуры. Ён не міне тых, каму яго дапамога патрэбна ў першую чаргу. Імператыў дабрыні, носьбітам якой з’яўляецца звычайная драўляная цацка, характарызуецца недасягальнай для большасці людзей ступенню чалавечнасці, становячыся для іх маральным арыенцірам.
П’еса для дзяцей сваімі канцэптуальнымі катэгорыямі – перадусім канфлікту і характару – адлюстравала культурныя і сацыяльныя ўплывы на мастацкі дыскурс, зрэагавала на з'яўленне новых актуалій як у жыцці грамадства, так і ў светапоглядах падрастаючай генерацыі. Знаходзіцца нямала вобразаў, якія нярэдка ўяўляюць сплаў архетыповых рысаў са штрыхамі сучаснікаў, назіраецца ярка выражаная трансфармацыя тыповага ў казачных характарах (“Міжпланетны пажарнік” і “Шкляныя горы, альбо Праграміст Чароўнай даліны” Р. Баравіковай, “Канікулы на астэроідзе” і “Сінязорка” З. Дудзюк, “Кацярынка і Кэт” П. Васючэнкі). На старонкі гэтых драматургічных казак выходзяць новыя вобразы – героі тэхнагеннай цывілізацыі.
Станоўчыя героі казак на экалагічную тэматыку (“Каляровай затокі” П. Васючэнкі, “Калі дракон прачнуўся” М. Арахоўскага, “Чарнабог” Г. Каржанеўскай) супрацьстаяць злу, абараняючы чысціню навакольнага асяроддзя. Гэта місія ўскладаецца на падрастаючае пакаленне. Такім яго прадстаўніком з’яўляецца Паўлік з п’есы Г. Марчука “Начныя прыгоды Паўліка”. Ён вядзе барацьбу са Злым Духам Асфальту. Аднак перамогу абумоўлівае не толькі маладосць, але і повязь з традыцыямі, духоўная непарыўнасць паміж пакаленнямі.
Як бачна, напрыканцы ХХ ст. беларуская п’еса-казка распачала якасна новы этап развіцця. Аднак пры яе прыкметнай мадэрнізацыі, асучасніванні побач захоўваюцца традыцыйныя творчыя падыходы, перадусім у аксіялогіі і маралі. У мадэляванні характараў неабходна адзначыць большую разняволенасць і фантазію. Але што застаецца нязменным і ў сучаснай казцы, дык гэта вастрыня сутыкнення прадстаўнікоў антаганістычных сіл. Яна дазваляе аўтарам належным чынам раскрыць мастацкія характары герояў, захоўваючы пры гэтым і тыповыя рысы, і ў той жа час індывідуалізуючы іх. Большасць п’ес-казак рэпрэзентуе класічным чынам сканструяваныя характары, г. зн. іх маральна-этычная дыферэнцыяцыя з’яўляецца дастаткова экспліцытнай. У той жа час у дзіцячай драматургіі усё шырэй практыкуецца адыход ад традыцыйных мастацкіх канонаў. Таму часам пафас таго ці іншага характару немагчыма вызначыць адразу на пачатку п’есы (напрыклад, рыцар Дармедонт з “Маленькага збраяносца” П. Васючэнкі). Такі творчы падыход пры ўмелай, далікатнай рэалізацыі дастаткова плённы, бо загадкавасцю вобраза ці псіхалагічнай нечаканасцю павышаецца цікавасць рэцыпіента да твора.
Галерэя мастацкіх характараў сведчыць пра высокую ступень іх індывідуалізацыі на сучасным этапе пры захаванні тыповых маральных якасцей рознапалярных герояў. Творцы сённяшняга дня і ў п’есах для малодшых дзяцей больш выразна звяртаюцца да пэўных, звычайна эвалюцыйных зменаў у характарах герояў: Віхурык (“Спадчына бабулі Зімавухі” Л. Рублеўскай), Пеўнік і Індык (“Качка Гапа” Н. Марчук). Знаходзяцца характары, якія не з’яўляюцца носьбітамі дабра ці зла; між тым яны дастаткова цэльныя і канцэптуальна неабходныя (“Хведар Жылка і сапраўдныя асілкі” А. Мінкіна).
Пэўнасць у падзеле большасці казачных персанажаў на станоўчых і адмоўных мае на мэце менавіта набліжэнне да эстэтычнага ідэала шляхам канкрэтызацыі яго рысаў у святле сфарміраванай за шматвяковую гісторыю аксіялогіі. У той жа час мастацкі метад твораў, напісаных у рэалістычнай манеры, не дазваляе прымітызаваць стварэнне характару шляхам надзялення яго адназначнымі псіхалагічнымі рысамі, размеркавання паміж рознапалярнымі героямі катэгарычна адпаведных ім якасцей. Выкрышталізоўваецца своеасаблівая тэндэнцыя да паглыблення мастацкага характару ў драматургіі для дзяцей – надзяленні героя тымі якасцямі, без якіх нельга было б абысціся пры стварэнні канцэптуальнага партрэта, пры замоўчванні, вынясенні за дужкі менш важных для фармавання цэльнага мастацкага характару псіхалагічных рысаў. Такім чынам, характар уключае канкрэтныя рысы, якія становяцца яго стрыжнем, а поўны псіхалагічны партрэт адыходзіць на другі план, робіцца фонам, які не заўсёды і відзён.
Увогуле ў стварэнні характараў і мадэляванні канфліктаў у літаратурнай п’есе-казцы вызначальнай з’яўляецца тэма, згодна з якой падбіраюцца сродкі для яе раскрыцця. Падбор характараў – найважнейшы. Тэматычнай разнастайнасцю прадвызначаецца шырокі спектр мастацкіх матэрыялаў у канструяванні характараў: ад пачэрпнутых у вуснай народнай творчасці да цалкам выдуманых, фантастычных, не мінаючы фарбаў, што перманентна падкідваюцца актуальным жыццём.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі
Беларуская дзіцячая драматургія мае даўнія генетычныя вытокі. Яе развіццё адбывалася неадназначна. Пасля даволі ўдалага перыяду творчых здзяйсненняў у другой палавіне 1920-х – 1930-я гг. наступілі часы супярэчлівага развіцця, калі мастацтва адчула сацыялагізатарскі дыктат. Пасля Вялікай Айчыннай вайны мастацкасць і вечныя маральна-этычныя вартасці вяртаюць status quo, а на сучасным этапе лібералізацыя творчых падыходаў становіцца арыенцірам стварэння п’ес. У такім рэчышчы распрацоўвалася, вырашалася і праблема характару ў драматургічных творах для дзяцей. Галоўнымі вынікамі аналізу з’яўляюцца наступныя высновы:
Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў
Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы навучальна-метадычных дапаможнікаў і падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры, у тым ліку дзіцячай, пры распрацоўцы агульных і спецыяльных лекцыйных курсаў у навучальных установах адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама могуць быць карыснымі для пастановачных калектываў у аспекце эстэтычнай верыфікацыі мастацкіх вартасцей драматургічных твораў.
СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ
Манаграфія
Артыкулы ў навуковых часопісах, рэкамендаваных ВАК
Информация о работе Белорусская детская драматургия: художественная проблема характер