Антанімія як спосаб арганізацыі беларускіх прыказак

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 27 Февраля 2014 в 16:44, курсовая работа

Краткое описание

Прыказкі карэнным чынам адрозніваюцца ад усіх іншых фальклорных жанраў. Ужо тое, што прыказка не складаецца ў маўленні, а ўзнаўляецца ў памяці як гатовы слоўны комплекс, дазваляе ставіць яе ў адзін рад з такімі моўнымі адзінкамі, як слова, фразеалагізм, састаўны тэрмін, крылаты выраз. Прыказкі, у адрозненне ад іншых жанраў фальклору, ніколі не выконваюцца, не спяваюцца, як, напрыклад, народныя песні ці прыпеўкі, не расказваюцца, як казкі, анекдоты ці гумарэскі, не прапануюцца для разгадвання, як загадкі, - словам, самастойна не бытуюць, а, выкліканыя канкрэтнай жыццёвай з’явай, у патрэбны момант устаўляюцца ў маўленне як афарыстычнае выказванне, праверанае вопытам многіх пакаленняў.

Содержание

Уводзіны………………………………………………………………………..
3
Глава 1. Паняцце антаніміі………………………………...………………….
5
Глава 2. Тыпы антонімаў у беларускіх прыказках…………………………..
10
Глава 3. Стылістычныя і функцыянальныя патэнцыі антонімаў у беларускіх прыказках………………………………………………………….

15
Заключэнне…………………………………………………………………….
20
Спіс літаратуры……………………………………………………………

Вложенные файлы: 1 файл

Курсовая .docx

— 56.59 Кб (Скачать файл)

Функцыя стварэння кантрасту і парадаксальнасці антонімаў значна пашырана ў прыказках: Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там пуста; Знайшоў – узрадаваўся, згубіў – не плакаў.

Дадаткова функцыя кантраснасці можа быць выражана ў розных стылістычных мэтах:

  • для абазначэння пэўнай мяжы выяўлення якасці, уласцівасці, адносін, дзеяння: Дурань недабачыць, а разумны не скажа; Бяда і радасць ходзяць побач;
  • для актуалізацыі выказвання або ўзмацнення вобраза, уражання, павучання: Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць сёння; Язык у разумнага ў галаве, а ў дурнога – на зубах;
  • для прызнання прамежкавай якасці, уласцівасці: Ні рыба ні мяса; Ні да бога ні да чорта; Ні ўзад ні ўперад;
  • для вылучэння адной прыкметы, з’явы, дзеі за кошт проціпастаўлення другой: Вялікая галава, ды пустая; Малы жук, ды вялікі гук.

Акрамя таго, выкарыстанне ў прыказках антонімаў дапамагае адлюстраваць парадаксальныя (часцей толькі на першы погляд) і ў той жа час звычайныя з’явы прыроды, жыцця, чалавечых узаемаадносін: З маленькага зернятка вырастае вялікае дрэва; Ляцеў, як анёл, а ўпаў – як чорт.

Аднак не заўсёды антонімы выкарыстоўваюцца ў мэтах супрацьпастаўлення. Часам палярныя паводле лексічнага значэння словы характарызуюць прадмет або з’яву з аднаго боку, з мэтай узмацніць думку, уразіць, дасягнуць найбольшага выніку: Садзі сады і ў маладосці і ў старасці; Гаспадар ні сцюжы, ні спёкі не баіцца. У пазначаных прыказках пры дапамозе антонімаў выражаецца значэнне далучальнасці, а не проціпастаўлення, што падкрэсліваецца нават сінтаксічна, пры дапамозе далучальных злучнікаў і – і ці размеркавальных ні – ні.

Значная колькасць антонімаў, змешчаных у адным кантэксце, утварае такую стылістычную фігуру, якая ў мовазнаўчых крыніцах называецца антытэзай (ад грэч. antithesis – супрацьпалажэнне). Гэты прыём дазваляе прыказцы падкрэсліць несумяшчальнасць з’яў, наяўнасць дыяметральна супрацьлеглых прымет, раскрыць дыялектычную супрацьлегласць наваколля, а таксама служыць сродкам кантраснай характарыстыкі: Часам шэпчуць – далёка чуваць, а крычаць – не чуюць. Звычайна пры аналізе стылістычных функцый антонімаў побач з антытэзай называюць аксюмаран (ад грэч. oxymoron – дасціпна-недарэчнае) – такая стылістычная фігура, калі ў адным спалучэнні аказваюцца два супрацьлеглыя, несумяшчальныя паняцці. У прыказках аксюмаран выкарыстоўваецца даволі рэдка: Лепей благі мір, чым добрая сварка.

Такім чынам, можна сведчыць, што стылістычныя і функцыянальныя патэнцыі антонімаў у беларускіх прыказках даволі разнастайныя, што абумоўлена самой прыроднай сутнасцю з’явы лексічнай антаніміі. Прыказка – найкарацейшы з фальклорных жанраў, таму сродкі мастацкага выяўлення ў ёй павінны быць надзвычай сціслымі, эканомнымі. Антонімы дазваляюць прыказкам, як разнавіднасці малога фальклорнага жанру, літаральна некалькімі словамі паказаць цэлую з’яву, яны (прыказкі) набываюць такія характарыстыкі, як сцісласць, лаканічнасць, трапнасць і выразнасць, што робіць іх высокамастацкімі творамі з вялікім практычным і выхаваўчым зместам.

 

 

 

 

 

 

 

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Прыказкі – залаты фонд народнай мовы – узбагачаюць літаратурную мову новымі паняццямі, шматграннай сінаніміяй фразеалагічных выразаў, якія адыгрываюць вялікую ролю ў стылістыцы. Дзякуючы гэтым невычарпальным сродкам народнай мудрасці літаратурная мова робіцца больш гібкай, адточанай і выразнай.

Антонімы выкарыстоўваюцца як яркі выразны сродак у мове прыказак, яны дапамагаюць кантрасна адлюстраваць жыццё, больш рэльефна выявіць асацыяцыі, стварыць на аснове супярэчнасцей цэльны вобраз.

Аналіз лексічнага матэрыялу дазваляе выявіць значную разнастайнасць антонімаў, засведчаных у беларускіх прыказках.

Сярод асноўных класаў антонімаў вылучаюцца кантрарныя, кампліментарныя, вектарныя антонімы і антонімы-канверсівы. У колькасных адносінах кантрарная антанімія, у склад якой уваходзіць мноства прыметнікавых антанімічных пар, значна пераважае ў параўнанні з іншымі семантычнымі тыпамі антонімаў.

Стылістычныя функцыі антонімаў у прыказках шматлікія і разнастайныя. Функцыі узуальнага характару: намінатыўная, ацэначная, эмацыянальная, экспрэсіўная, функцыя “лакалізацыі” маўлення, функцыя вобразнага выказвання. Да функцый аказіянальнага характару адносяцца функцыя стварэння гумару і сатыры, функцыя стварэння іроніі, самаіроніі і сарказму, функцыя стварэння кантрасту і парадаксальнасці, функцыя стварэння антытэзы і аксюмарана.

Даволі шырокае функцыянаванне антонімаў з’яўляецца прыкметнай адзнакай беларускіх прыказак, што абумоўлена багаццем і разнастайнасцю лексічнага складу мовы, яе каларытам і вобразнасцю. Вельмі часта ў прыказках выкарыстоўваецца цікавы мастацкі прыём, заснаваны на лексічнай антаніміі, што робіць выказванні асабліва выразнымі, экспрэсіўнымі.

 

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што антанімія надае прыказкам такія характарыстыкі, як эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць, з мэтай узмацніць думку, уразіць, што робіць іх высокамастацкімі творамі з вялікім практычным і выхаваўчым зместам.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

 

  1. Аксамітаў, А. С. Лексіка беларускіх прыказак ХІХ ст. у сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі / Рэд. П. Ф. Глебка. – Мн.: АН БССР, 1958.
  2. Аксамітаў, А. С. Прыказкі і прымаўкі: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак з архіваў, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў 19 і 20 стст.  / А. С. Аксамітаў. – Мн.: Беларуская навука, 2000.
  3. Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя / Уклад. і аўт. прадм. А. С. Фядосік. – Мн.: Ураджай, 2002.
  4. Крапіва, К. Беларускія прыказкі / К. Крапіва. – Мн.: Маст. літ., 1997.
  5. Лазоўскі, У. М. Слоўнік антонімаў беларускай мовы: Канкрэтныя выпадкі ўжывання / У. М. Лазоўскі. – Мн.: Універсітэцкае, 1994.
  6. Лаўрэль, Я. М. Тэкст: тэорыя і практыка / Я. М. Лаўрэль. – Мн.: Нар. асвета, 2004.
  7. Лепешаў, І. Я. Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства / І. Я. Лепешаў. – Гродна : ГрДУ, 2006.
  8. Лепешаў, І. Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы / І. Я. Лепешаў. – Мн.: Навука і тэхніка, 1984.
  9. Лепешаў, І. Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І. Я. Лепешаў,  М. А. Якалцэвіч. – Мн.: Бел. навука, 2002.
  10. Лепешаў, І. Я. У слоўнікавую скарбонку: навучальны дапам. / І. Я. Лепешаў. – Гродна: ГрДУ, 1999.
  11. Літвінава, В. А. Стылістычныя і функцыянальныя магчымасці антонімаў у беларускіх прыказках і прымаўках // Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час : зборнік навук.артыкулаў. Вып.2 / М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж.ун-т імя Ф.Скарыны [і інш.] ; рэд.кал.: А.А.Станкевіч (гал.рэд) [і інш.].  -  Гомель : ГДУ ім.Ф.Скарыны, 2009 .
  12. Літвінава, В. А. Тыпы антонімаў паводле семантыкі ў беларускіх прыказках // Веснік Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна : навуковы часопіс / заснавальнік : Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна”. – 2011. - №4.
  13. Ляшчынская, В. А. Тэкст на ўроках беларускай мовы / В. А. Ляшчынская. – Гомель : ГДУ, 2008.
  14. Старасценка, Т. Я. Лексіка-стылістычныя сродкі рэалізацыі кантрасту / Т. Я. Старасценка. – Мн., 2001.
  15. Старасценка, Т. Я. Стылістыка тэксту / Т. Я. Старасценка. – Мн.: БДПУ, 2007.
  16. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: беларускія прыказкі і прымаўкі. – Мн.: Маст. літ., 1987.
  17. Янкоўскі, Ф. М. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Ф. М. Янкоўскі. – Мн.: Беларуская навука, 2004.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ДАДАТАК

 

Ад добрага чалавека хлеб смачнейшы, чым пірог ад дрэннага.

Ад зямлі адарваўся і да неба не дастаў.

Ад маленькага сабакі вялікі брэх бывае.

Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не тухнуць.

Аднаму густа, а другому пуста.

Анёлам ляцеў, а чортам сеў.

Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць.

Бяда і радасць ходзяць побач.

Вялікага дуба з малым карэннем не бывае.

Вялікая галава, ды пустая.

Вялікая дзірка, ды малая накрыўка.

Вялікая кабыла, ды малая сіла.

Вялікі целам, ды малы дзелам.

Гаспадар ні сцюжы, ні спёкі не баіцца.

Госць госця ненавідзіць, а гаспадар абодвух.

Госцю двойчы рады: калі ён прыязджае і калі ад’язджае.

Гушчу паеў, а юшку – на гурт.

Да пекла вароты шырокія, а да неба вузкія.

Даводзіцца знайсці, даводзіцца і згубіць.

Далей паложыш – бліжэй возьмеш.

Дзе паклаў, там і вазьмі.

Дзе сядаць, там уставаць.

Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там пуста.

Добрая жонка – дома рай, злая – хоць ты цягу дай.

Добры пачатак – блізкі канчатак.

Добрыя ўчынкі доўга помняцца, а ліхія ніколі не забудуцца.

Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне.

Дурань недабачыць, а разумны не скажа.

З вялікай хмары малы дождж бывае.

З маленькага зернятка вырастае вялікае дрэва.

За што прадавалі, за тое і купіў.

Знайшоў – узрадаваўся, згубіў – не плакаў.

І Бога ашукае, і ў чорта адхопіць.

І жыў – не любіла, і памёр – не тужыла.

І чорта ашукае, і Богу не дадасць.

Ідзі хутка – бяду здагоніш, ідзі павольна – цябе здагоніць.

Ілля жніво пачынае, а лета канчае.

Калі Бога малюеш, пра чорта не думай.

Калі памрэ беднячок, дык ідзе і поп і дзячок, а калі памрэ багаты – дык ідуць па тры з хаты.

Калі пан смяецца – мужык плача.

Кепскія песні лепш за добрыя слёзы.

Лёгка кінуць, цяжка падняць.

Лепей благі мір, чым добрая сварка.

Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў.

Лепш кепска ехаць, як добра ісці.

Ляцеў, як анёл, а ўпаў – як чорт.

Малы жук, ды вялікі гук.

Матчын кулак вучыць, а мачышын сушыць.

На чорнай зямлі белы пірог расце.

Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць сёння.

Не бойся таго, хто крычыць, а бойся таго, хто маўчыць.

Не тады, калі салодка, а тады, калі горка, прыяцель патрэбен.

Ні да бога ні да чорта.

Ні жывы, ні ўмерлы.

Ні рыба ні мяса.

Ні сыты ні голадзен, ні стары ні моладзен.

Ні ўзад ні ўперад.

Няма нічога тайнага, каб не стала яўным.

Пакаштаваўшы салодкага, не захочаш горкага.

Пакуль з багатага пух, дык з беднага дух.

Паны балююць, а мужыкі гаруюць.

Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку.

Разумны дурному ўступіць павінен.

Ранняя птушачка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі працірае.

Рукі белыя, ды душа чорная.

Садзі сады і ў маладосці і ў старасці.

Сёрбай юшку, на дне гушча.

Сляпы не ўбачыць, а відушчы не заўважыць.

Старога паважай, малога павучай.

Старое дзярэцца – на новае спадзяецца.

Сухі марац, мокры май – будзе жыта, як гай.

Такі зяць, што ні даць, ні ўзяць.

Таргаваць таргавалі, а купляць не куплялі.

Трапіў у нерат – ні ўзад, ні ўперад.

Трэба ўлетку назбіраць, каб узімку было што каштаваць.

“Учора” не дагоніш, ад “заўтра” не ўцячэш.

Хвалі мяне сёння, а я цябе заўтра.

Хлеб бывае траякі: чорны, белы і ніякі.

Хлеба – каб трошку, а да хлеба – каб множку.

Часам шэпчуць – далёка чуваць, а крычаць – не чуюць.

Чыя сіла – за мяжой ніва, а чыя не сіла – на сваім полі чужая ніва.

Язык у разумнага ў галаве, а ў дурнога – на зубах.

 

 

 

 

 

 


Информация о работе Антанімія як спосаб арганізацыі беларускіх прыказак