Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Июня 2013 в 00:48, реферат

Краткое описание

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую духоўную навучальню, а затым - у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. - палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. - у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Вложенные файлы: 1 файл

Вялікая проза Міхася Зарэцкага.docx

— 98.89 Кб (Скачать файл)

Абыграць  яго, перамагчы! Бо йначай - немаведама што...

Гульня  к канцу падыходзіла. Асталося па некалькі шашак у кожнага. Абодва не паддаваліся.

Напружнай чырванню пакрыўся акамянелы твар Аснача, вочы заблішчэлі агнём жорсткім, сталёвым. Упарта глядзеў на дошку. Уваччу ўжо  не хлебныя крошкі, а нейкія вялізныя камлыгі каменныя. Здаецца, заваліў  бы, раструшчыў імі гэтыя заядлыя  белыя паперкі. А разам з імі  гэтага ўпартага, злоснага ворага.

У парозе гаротна, недалужна пішчэў самавар. Усе на яго забыліся, усе абступілі гульцоў, з зацятым дыханнем чакалі, чым скончыцца. Ува ўсіх на твары відаць было шчырае спачуванне Асначу, жаданне, каб выйграў ён, не паддаўся. І разам трывога, напружная, палкая.

- А што, калі ды прайграе?..

Гэтак і выйшла. Зрабіў Аснач ход дрэнны, няўдалы; і твар пана раптам зайграў  давольнай, радаснай усмешкай.

Аснач прайграў. Аснач паддаўся варожаму пану.

Раптам  глыбокая цішыня стала жудаснай, злавеснай. Дзіўна дапасаваў ёй завыўны, жалобны  посвіст самавара.

Узняўся Аснач. Упяў пагляд проста ў твар пану. У гэтым паглядзе нешта гарэла, бушавала шалёнае, лютае.

Пан таксама ўстаў. Смела глядзеў  у твар Асначу, усміхаўся зларадасна.

І вось тады здарылася тое, чаго, пэўна, ніхто не чакаў, што спалохам агнявым усіх агарнула.

Аснач вынуў з кішэні наган і навёў  яго на пана. Стрэл быццам ускалануў, разадраў усю хату.

А пасля - ціха стала, як у магіле. Пан марудна, паволі апусціўся на лаву.

Аснач стаяў нерухома. Не ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што. Дый не думаў пра гэта. Нешта падказала  з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэты кроўны, упарты - узяў і забіў...

Усе моўчкі стаялі, спалоханыя. Усе ўзіраліся  ў недалужна-паніклае панскае цела. І дзіўна, што ні ў каго не мігнула ў гэты жудасны момант думка асуджэння. Быццам усе згодны былі з Асначом, быццам кожны разважаў сваім простым, нямудрым розумам:

- Яму трэ было гэтак зрабіць...

Дык вось якая была адна партыя ў шашкі. Гэта было тады, як у нашай краіне барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі - панамі.

Тады  не было меры мужычай моцы жалезнай, не было меры й гневу народнаму, бурнаму...

Бель

1

Ціха, лагодна патрусілася з неба. Потым завіхрылася маладым, жвавым карагодам. У дзівосных, адчайных скоках замітусілася, быццам хацела падражніцца, пашкуматаць трохі счарнеўшую старую зямлю.

І ўрэшце ўзляглася - цяжка, пухка, пластом  ваты; захінула, сціснула ў мякка-ўпартых абнімках.

Бель... Першая бель - прывітанне доўгачаканай гасцюхі-зімы...

Весела, радасна спатыкаць першы снег!

Чаму?

Можа, таму, што смерць прыроды ярка адзначае, быццам падкрэслівае жыццё чалавека? Мо затым і настрой тады ахапляе  чалавека такі, што - жыць, разгарнуцца, упіцца жыццём хочацца? Мо затым гэта смяротнае адзенне, гэты саван прыроды - бель - абуджае душу чалавека, цягне яго некуды ў зачарованы прасцяг, туды, далёка па гэтым бяскрайнім белым дыване, на спатканне чамусь невядомаму, светламу?

Можа, і затым? Але ладна...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэта  пачалося яшчэ ўлетку, калі горад купаўся  ў едкім пылу. Тады былі сонечна-светлыя, палкія дні, якія падскварвалі, як на патэльні, праціналі душнаю млявасцю, і вечары халаднаватыя, ціхія.

Данілу  Чаборскаму дні былі - жорсткая праца  ў заводзе, а вечары - або сходкі якія, або нудная сумятня, дробныя  жыццёвыя клапоты.

Ён  любіў, калі сходкі. Збярэцца чалавек  паўсотні камуністых, а часам завод  увесь. Прамовы, спрэчкі...

І адчуваеш сябе тады часткай чагось вялікага, значнага. Расцеш неяк, уздымаешся, адчуваеш сябе не проста работнікам, а  нечым вялікшым і патрэбным. Мо тым  пасам, што спавівае рухавыя колы ў заводзе?

А ў двары інакш. Там жонка, дзеці, там розная драбяза жыццёвая. Абцугі. Сціскаюць яны, і робішся маленькім, нязначным. Стуляешся ў будзённую  шалупу.

А дзе чалавек, там ці тут?

Даніла аб гэтым не думаў. Нашто? Не ўсё роўна, ці гэта так ці так... Жывеш - і добра.

Але вось што прытрапілася...

На  завод паступіла дзяўчына. Даніла даўно не глядзеў на кабет - не цікавілі. А на гэту зірнуў. І штодня ўзіраўся - перш здалёк, потым бліжэй.

Ёй  было гадоў дваццаць. Ганнай звалі. Прозвішча - Матузова. Пекнатой - так  сабе, але вочы - шэрыя, буйныя вочы... Яны хапалі за сэрца. Былі гэткія глыбокія, прамяністыя.

Даніла і не ўгледзеў, як сышоўся з гэтай дзяўчынай. Першы раз загаварылі нешта ўвечары, ідучы ў двор.

Ён  ішоў ззаду вясёлай гурмы дзяўчат-работніц. Дзяўчаты, ідучы, стракаталі, штурхаліся, гарэзвалі. І яна была сярод іх.

А потым звярнула ў тую вулку, куды і яму трэба было ісці.

Ён  дагнаў яе.

- Вы куды ідзіцё?

- Дахаты.

- А дзе ваша хата?

- На Ленінскай.

- Во як? Значыцца - суседзі... Вы ў каго?

- А хто яго ведае! На рагу  жоўценькі домік, там я каморку займаю.

- Вы адна жывіцё?

- Адна, - адказала, нібы здзівіўшыся  гэткаму пытанню. Ускінула на  Данілу дапытлівы погляд шэрых вачэй.

- Далёка да заводу, - буркнуў ён.

- Во гэта горш за ўсё. Я  дык ніколі не хаджу на полудзень,  не справішся. Вось і цяпер... Трэба наспех перакусіць і  зноў бегчы за блізкі свет: сходка ж сёння партыйная.

- Вы камуністка! - здзівіўся ён.

- Ага. А хіба баба камуністкай  не можа быць?

Яна ўсміхнулася. Вясёлая ў яе ўсмешка!..

- Мала, - адказаў Даніла. - У нас  ёсць дзве, але і то з служачых.

- Гэта і дрэнна. Дурныя яшчэ  бабы. Затым і здзекуецца ваш  брат над імі. Верна?

Яна гучна зарагатала. Брызганула вясёлымі іскрачкамі з шэрых глыбокіх вачэй.

Даніла  таксама ўсміхнуўся.

- Можа, й так... Але варта вашаму  брату: неспакойны народ. Ведама - бабы...

- Ну, кажыце вы...

Пакуль  дайшлі да двара, усё гаварылі.

А праз гадзіну Даніла сядзеў у работніцкім клубе і нецярпліва чакаў, ці скора прыйдзе Ганна.

Работнікі сядзелі гурткамі, упаўголаса гутарылі адзін з адным. За сталом «верхаводы»  сядзелі. Разбіралі паперы, аб нечым  паціху спрачаліся.

Даніла ўсё азіраўся. Ляпнуць дзверы - ён і зірк: ці не яна? Пакой напаўняўся новымі людзьмі, а Данілу здавалася, што ён пусцее.

Пачалася  сходка. Даніла не слухаў, аб чым гаварылі. Думкі лёталі ва ўсе бакі, што косы пражэктару. Неяк ураз спыняліся ў абшары і траіліся. Быў непарадак у галаве, і ніяк не ўдавалася сабраць думкі да ладу.

Хацелася  ўсё назад азірнуцца, ды стрымліваўся, быццам саромеўся сам сябе. Але  ўрэшце не вытрымаў - і ўбачыў яе на краю лаўкі.

Шэрая сукенка, шэрыя вочы...

Адразу  настрой змяніўся. Весела стала. І сталі зразумелымі словы прамоўцы.

А як кончылася сходка, як запелі «Інтэрнацыянал», - усё азіраўся Даніла, баяўся, каб не пайшла без яго.

Пайшлі  разам. Ганна спяшалася.

- Заўтра ўставаць раненька-раненька, а сёння яшчэ многа зрабіць  чаго трэба... Нават і пачытаць  некалі. Кніжку цікавую ў бібліятэцы  дастала - проста не адарвацца... А вы ці чытаеце што?

- Некалі...

- Ну, што там некалі... Столькі сама  часу, колькі і ў мяне, калі  не больш.

- У мяне сям'я...

- А!.. Ну, гэта іншая рэч.

Яна ўсё турбавалася, каб хутчэй дабрацца дадому. А яму хацелася памарудзіць. Ён любіў увечары прайсціся па горадзе, падзівавацца на яго кіпучае, бурлівае жыццё. Зірнеш усцяж на вуліцу - агні, свет, людзі, людзі бясконца... Увушшу зліваецца ў дзіўную гутарку-песню: грукат калёс, гвалты хлапцоў, гоман усяго гэтага людскога натоўпу...

Як  праходзілі міма рэстарана, абодва міжвольна  зірнулі ў шырокія вокны, поўныя яркага свету.

- Вунь яны... П'юць, ядуць... Ліха  ім!.. Во каму жывецца!

- Гніллё, - азвалася Ганна. - Мне брыдка  глядзець на іх... І ні крушыначкі  я ім не зайздрошчу.

- А ведаеце што, Гануля, мне часамі  дужа смешна бывае. Я люблю глядзець на спекулянтаў, сачыць за імі, як яны ходзяць, як гамоняць, які часамі важны-важны від робяць, быццам яны не абы-што... І вось часамі яны выдаюць мне нейкай жывёлай, непадобнай да ўсіх людзей. Мне пачынае здавацца, што іх наўмысля разводзяць, як, напрыклад, малпаў якіх або свіней... на паказ... для заводу... І ўзапраўды, яны дужа на свіней на завадскіх падобны...

Гануля  смяялася...

2

Прыйшоўшы ў двор, Даніла доўга думаў пра Ганну. Прыемна было думаць. Як лёг у ложак, выпрастаў змораныя ногі і акунуўся ў салодкую нерухомасць, - шэрыя вочкі зазірнулі аднекуль і працялі нутро ціхаю ласкай.

- Добрая дзяўчына. А разумная якая, відаць...

Снілася нешта. Не помніў што, як прачнуўся. Толькі на душы засталося лёгкае, ружовае  абуджэнне.

На  заводзе ўсё прыглядаўся, шукаў  шэрую сукенку. І не пазнаў, як праходзіла воддаль. Не заўважыў...

Яна азвалася:

- Дзень добры! Як маецеся?

- А, я й не пазнаў вас... Дзякую. Як вы?

- У, я заўсёды добра. Мяне ніякае ліха не бярэць!..

Засмяялася  і пайшла. А Даніла з асаблівай шчырасцю завінуўся каля свайго станка. Па вуснах блукала нейкая ўсмешка. Яго сусед па рабоце не ўтрымаўся:

- Што гэта, дзядзька Даніла, на  дзяўчат заглядацца пачаў? Ой, скажу жонцы, дадушы скажу...

- Ды не. Гэта - суседка.

- Суседка, суседка... Знаем мы вас!

Хітра падміргнуў.

Данілу трохі сорамна стала.

- Ат... выдумаў...

Гудок у гэты дзень быў дужа позна  для Данілы. Прачакаўся, небарака. А як загудзеў - зычна, прарэзліва, - у Данілы сэрца забілася мацней.

Ніколі  не выходзіў ён так раптоўна з завода. Бывала - пакурыць, пагутарыць... А то - ураз.

Выйшаў  на вуліцу, спыніўся каля купы работнікаў, якія аб нечым гутарылі. А сам  усё пазіраў на вароты - ці скора  работніцы выйдуць. Няўважна слухаў, аб чым сябрукі гаманілі.

Вось  і высыпалі пярэстай, сумятлівай гурмай. Вунь і яна. Расчырванелася ад жару, шчочкі рдзяцца, як мак. Уся пыхае  сілай, здароўем.

Даніла  пайшоў услед. На звароце зноў дагнаў, пайшоў разам. Любаваўся на яе. Асвятлёная ружовым водблескам заходзячага  сонца, яна здавалася прыгожай, дужа прыгожай. Быццам уся складалася з  маладосці, сілы, здароўя; быццам была жывая вясна. Зграбная, крамяная...

Яна заўважыла яго погляд. Усміхнулася гарэзліва, узняла на яго іскрыстыя шэрыя вочы.

- Чаго гледзіцё так?

Ён  хацеў адказаць, але яна далей  загаварыла:

- Горача дужа... Там, у заводзе.  Ух... Проста як у пекле.

- Нічога. Вам, маладым, гэта не  шкодзіць.

- У, стары які!.. Падумаеш!..

- Вядома, стары. Я ўжо аджыў сваё. Цяпер толькі так, працяг нейкі...

- Ну, кіньце вы!

- Што кідаць? Вас, маладых, тое цікавіць, другое... А мне што? У мяне ўжо адны клопаты, адны турботы... Гняздо цэлае. Ды ўсе есці просяць. А накарміць не дужа лёгка. Вы ж ведаеце, колькі нам плоцяць.

- Ну, паехала! Нялюба слухаць. Калі  сям'я ёсць, значыцца - усё... лажыся  ды памірай... Глупства. Адно другому не замінае.

- А што ж рабіць?

- Што-хоця. Чытаць, вучыцца. Я дык дужа чытаць люблю.

- А часу дзе ўзяць, а?

- Знойдзецца.

Даніла  задумаўся. Раней ён ніколі не думаў  аб жыцці. Не думаў, бо пагадзіўся з  ім - нічога не парадзіш. Ён і цяпер  загаварыў проста так, каб пагутарыць. Але неўзаметку захапіўся ўсур'ёз гэтай думкай.

Ліха  ведае... І праўда - дрэнь жыццё. Узваліў  сабе ношку на плечы, цягнеш... І немаведама, калі дацягнеш яе, калі адпачнеш. Дый, напэўна, - ніколі. Хіба, як здохнеш...

Калі  ўжо падходзілі к двару, Данілу дужа захацелася спытацца ў яе, але сорамна  неяк было - ні з таго ні з сяго... Урэшце-ткі  адважыўся.

- Вы, Ганна, замужам былі калі?

- Я? А што, гэта вам цікава?

- Ні то што... Калі не хочаце, не кажыце...

- Была.

- А цяпер?

- Цяпер не...

- А дзе ён?

- Хто, мужык? А хто яго ведае...

- Як гэта?

- Ды проста так...

- Вы што... развяліся?

- Як вам сказаць... Мы й не  жаніліся так, як гэта зазвычай  разумеюць. От, проста жылі, дый  годзе...

- Ну?..

- Што ж тут такога? Жылі, пакуль  не надакучыла, а потым разышліся.  Ён, можа б, і жыў яшчэ са  мной, але мне абрыдла...

- Пачакайце... Але ж чалавек прывыкае  да чалавека, зжываецца. Пэўна,  не лёгка й разлучыцца...

- Глупства! Прывыкнуць і адвыкнуць  дваццаць разоў можна. А калі  й пасумуеш часам... Яно, праўда, як разлучышся, дык і мілей чалавек робіцца і нібы зноў любіць яго пачынаеш. Але гэта самападман. Разлюбіў, значыцца - кончана.

- Мм... Гэта, па-мойму, таксама не рахуба... Сёння адзін, заўтра другі...

- Ха-ха-ха! Што так? Гэта, як трапіцца. А можа, спаткаеш такога, з якім век пражывеш і не надакучыць. Хто яго ведае? Гэта загадня не згадаеш... Паспытаць трэба, ха-ха-ха!

- Бывайце!

Яна пабегла ў сваю кватэру.

- Маладосць! - крыкнуў услед Даніла.

3

Праз  тыдзень Даніла быў разам з Ганнай у клубе. Адчыніўся марксісцкі гурток. Было першае пасяджэнне.

Не  пайшоў бы, напэўна, Даніла, бо зазвычай хадзіў толькі туды, куды абавязкова было хадзіць. Але знаў, што Ганна там будзе, затым і прыйшоў.

Цікава было. Даніла наогул не пакаяўся, што пайшоў.

Лектар - з чужых, малады хлопец - прыгожа, складна  апавядаў пра тое, як жылі калісь людзі. Тады, як не было яшчэ ні паноў, ні мужыкоў, як былі ўсе роўныя. Даніла міжвольна пералятаў сваім уяўленнем у тую пару, калі вандравалі яны - дзікія, безабаронныя - гурмамі па непраходных, старадаўных лясах, поўных нявідных ворагаў. Людзі - прабацькі сучаснага чалавека, гаспадара свету. Людзі - жывёлы...

І дзіўна рабілася. Не хацелася верыць...

А пасля лекцыі спрэчкі пайшлі. Гарачыя, заўзятыя. Непрыкметна і тэму пакінулі, перайшлі на сучаснасць.

Даніла не важыўся гаварыць, хоць і меў што якое ў думках. Як гаварыла Ганна, глядзеў на яе з захапленнем, лавіў кожнае слова.

А яна ўмела гаварыць. Гаварыла з  пачуццём, абуджэннем. Натхненне ззяла  з вачэй, і ўся была нейкая дзіўная, новая. Змянялася. Даніла нават не знаў, што яго больш захапляе - словы яе ці сама.

А як пачалася гутарка пра сям'ю, пра  штодзённае жыццё камуністага, тады Ганна стала асяродкам. Адны накідаліся на яе з гарачым, шчырым імпэтам, другія абаранялі. А яна ўся гарэла задорным агнём.

- Трусы вы, во што! Здалелі зрабіць  рэвалюцыю, свет перавярнуць,  усё дыбарам паставіць, а жыццё сваё змяніць баіцёся. Жонак спалохаліся. Не, ужо, па-мойму, рушыць - дык рушыць! Усё... дашчэнту... Нічога старога! Новае будаваць трэба, а не чакаць, пакуль варункі зменяцца, ды абаранкі з неба пасыпяцца, ды бабы вас вучыць возьмуцца... Як ні кажыце, як ні спрачайцеся, а мужчына ў сваім уласным сямейным быцці - сам кансерватар... Во!..

Информация о работе Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)