Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Июня 2013 в 00:48, реферат
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую духоўную навучальню, а затым - у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. - палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. - у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Янкель падышоў да яго.
- Можа, перакусіш чаго, Даніла?
У голасе спагада чулася. Даніла рукой махнуў.
- Нічога не хачу.
Потым, нібы ўспомніўшы штось, схапіў за руку Янкеля.
- Слухай! Можа... выпіць ёсць што?..
Янкелеў твар у патаемную ўсмешку расплыўся.
- Пашукаем...
Даўно ўжо не піў Даніла. Не любіў піць. Але цяпер узрадаваўся, што можна выпіць. Мо палягчэе?..
Ён піў не закусваючы. Піў чарку за чаркай, але не лягчэла. Нешта ссала, цягнула. Нешта балюча тачыла сэрца.
Потым растала нешта ўсярэдзіне, разлілося, ахапіла агнём усе грудзі, к горлу падышло, перасела ў ім, аж дыхаць цяжка... Потым слёзы з вачэй пакаціліся. Многа слёз!.. І жаласна-жаласна стала.
Даніла плакаў, схіліўшы на стол галаву. А як узняў яе, пачуў, што круціцца. «П'яны», - падумаў.
І яшчэ піў, каб зусім ап'янець, каб не помніць нічога. У галаве буйнымі хвалямі віхаўся зялёны туман. Унутры нешта ўздымалася, бурліла, штурхала, рушыла з месца. Хацелася пабегчы, паскакаць, дагнаць кагосьці...
Вылез з-за стала і, хістаючыся, пайшоў з хаты. Дзіўна, смешна стала, калі Янкель хацеў затрымаць. Ганна тож не пускала. Баяцца... А чаго - немаведама...
На вуліцы весела. Снег гэты, бель бяскрайняя... Круціцца ўсё, скача ў шалёным карагодзе... Вецер жартуе. З-за вугла выскачыць, шпургане ў твар ахапкам снегу і наўцёкі...
Ну ладна... жартуй, шпургай... Ты ж малады, вясёлы. Даніла тож малады. Ён тож жартаваць, гуляць хоча... Ён - разам з ветрам, разам з гэтай раз'юшанай беллю...
Даніла спыніўся ля Ганнінае хаты. Хістаючыся падышоў пад акно, абапёрся рукамі аб сцяну.
Агонь яшчэ ёсць. Не спіць. Во тут яна, блізка... Зусім блізка, у колькіх кроках... Каб пранікнуць праз сцяну... Тады абняць яе, цалаваць... бо тут жа яна, во-во, зусім блізка... Яна ж дужа добрая, ласкавая такая, яна салодка ўмее галубіць... Хіба паляпаць у акно? Ці згадае - хто?.. Але не, не варта. Не трэба... Трэба пайсці, не кратаць яе... Няхай! Яны абодва маладыя... няхай...
Ён адштурхнуўся ад сцяны, пайшоў далей па вуліцы. Куды - не знаў. Ды ці не ўсё роўна? Трэба ж ісці куды-небудзь... Як выйшаў за горад, у цёмнае поле, спыніўся на момант, азірнуўся.
Цемра. Завіруха. Штурхае гуллівы вецер, рагоча, вочы снегам жорсткім, шурпатым запарушвае. Чаго яму трэба? Што ён ісці не дае?..
Гэты снег... Бель гэта... І ўсярэдзіне - тож бель, бо ружовае знікла. Нічога няма - адна бель...
Але ж трэба ісці... Цёмна, заслона перад вачыма - калючая, чорная. За заслону трэба - там светла... Далей трэба йсці...
Ногі вязнуць у снезе. Цяжка. А мо гэта не дарога? Дзе ж дарога? Чаму ён не па дарозе ідзе? Дарога ці не?.. Трэба пашчупаць, няйначай... Нагой не пазнаеш таго, што рукой. Толькі нагнуцца, і адразу ўбачыш: ці дарога ці не?..
Даніла нагнуўся і - забурыўся. Устаць не мог.
Дый навошта ўставаць? Добра так, мякка, прытульна. Галава так прыемна круціцца, у вачах квяцістыя, прыгожыя палосы віхаюцца... Мо гэта тыя пасы, што ў заводзе колы злучаюць?
А во й Ганулька. Нахілілася з радаснай усмешкай. Абнімае рукамі мяккімі, прытуляе да сябе, песціць, галубіць...
Якая яна любая!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Завіруха атуляе, укрывае Данілу пухаваю беллю. Вецер шалёны хаўтурную песню спявае...
Информация о работе Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)