Характарыстыка Максіма Багдановіч

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 01 Апреля 2014 в 18:10, реферат

Краткое описание

Бацька – Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) у дзяцінстве насіў імя Адольф. Існуе версія, што яго хрысцілі ў касцёле, паводле каталіцкага абраду. Афіцыйна, на падставе дубліката метрычнага запісу, лічыцца, што ён быў ахрышчаны ў Халопеніцкай праваслаўнай царкве Барысаўскага павета (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці). Максімавага дзеда Юрыя (Ягора), беззямельнага селяніна, былога прыгоннага кухара маёнтка Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер у Глускім раёне Магілёўскай вобласці) прывёз у гэтую мясцовасць на службу памешчык.

Вложенные файлы: 1 файл

Максім Багдановіч.docx

— 66.68 Кб (Скачать файл)

     Яшчэ ў самым пачатку 1920-х гг. украінскі пісьменнік А. Ярэмчанка, перакладчык твораў  Багдановіча на ўкраінскую мову, назваў яго вялікім паэтычным талентам, вялікім майстрам слова, які валодаў таямніцай рытму і гармоніі.

     Творчыя поспехі Максіма  Багдановіча адметны не толькі  ў паэзіі. Ён унёс значны ўклад  і ў развіццё іншых жанраў  беларускай літаратуры.

    Апавяданні Максіма Багдановіча, як піша літаратуразнавец Т. Кароткая, “ляжаць ля вытокаў нацыянальнай прозы, а яго крытычныя даследаванні шмат у чым прадвызначылі развіццё літаратурнай крытыкі, сталі фундаментальнай асновай у вывучэнні гісторыі літаратуры”. Як літаратуразнавец ён быў першаадкрывальнікам у беларускай літаратуры, – так лічыць літаратуразнавец М. Мушынскі. Талент і майстэрства Багдановіча яскрава праявіліся і ў публіцыстыцы, адметныя рысы якой – сцісласць формы і паўната зместу і сёння з’яўляюцца ўзорнымі.

     Максім Багдановіч  стаіць у шэрагу тых піянераў беларускага нацыянальнага адраджэння, хто спрабаваў паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі. Філосаф і літаратурны крытык У. Конан адзначае, што з гэтай тэматыкі пачыналась паэтычная творчасць Багдановіча, а пазней яна стала публіцыстычным пафасам яго праграмных твораў, якія канчаткова сцвердзілі ў грамадскай свядомасці беларускую паэтычную сімволіку адраджэнскага зместу.     Вучоны таксама падкрэслівае веліч Максіма Багдановіча як нацыянальнага паэта-прарока, які поруч з Купалам, самабытна, але з роўнай мастацкай сілай выявіў гістарычны парыў беларускага народа да адраджэння.

    Заслуга Багдановіча  ў параўнанні з іншымі беларускімі  пісьменнікамі таго часу заключаецца ў тым, што ён даследваў не толькі беларускае, але і агульнаславянскае адраджэнне. У гістарычнай перспектыве ён бачыў незалежнасць кожнага народа, іх творчы росквіт, супрацоўніцтва. Максім      Багдановіч быў адным з нямногіх беларускіх пісьменнікаў, чые творы друкаваліся па-за межамі нацыянальнага рэгіёна і былі вядомы тагачаснаму агульнарасійскаму чытачу.

“Багдановіч-мысліцель і публіцыст, гісторык літаратуры і крытык быў роўны, ці, дакладней сказаць, роўнавялікі Багдановічу-паэту”, – мяркуе Н. Гілевіч. – “Яго разважанні і думкі па праблемах развіцця літаратуры і мастацтва, навукі і духоўнай культуры ў цэлым, яго панарамныя агляды гістарычнага шляху беларускай літаратуры, яго ацэнкі творчасці паэтаў і пісьменнікаў розных краін і народаў і сёння чытаюцца з неаслабнай цікавасцю і ўспрымаюцца вельмі актуальна… Яны ўражваюць глыбінёй пранікнення ў сутнасць праблемы, смеласцю і самастойнасцю мыслення, трапнасцю і дакладнасцю характарыстык”. Вяршыняй метадалагічных пошукаў беларускага крытыка, дзе яскрава выяўлена гарманічнасць яго поглядаў на мастацтва, літаратуру, глыбокае разуменне іх родавай сутнасці і грамадскага прызначэння назваў артыкул Максіма Багдановіча “Грицько Чупринка” літаратуразнавец М. Мушынскі.

Творчасць Багдановіча трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. І ў той жа час, як сцвярджае А. Лойка, усё яскравей бачыцца яго постаць у кантэксце сусветнай літаратуры. На думку перакладчыка твораў паэта на англійскую мову В. Рыч з Вялікабрытаніі, Максім Багдановіч “уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных”.

“...Роля Багдановіча з кожным новым дзесяцігоддзем, з новым вітком развіцця грамадства як бы ўзрастае. Бо ён востра адчуваў, пісаў пра вечныя пачуцці, якія не знікнуць, пакуль будуць жыць на зямлі людзі”, – такую ацэнку класіку беларускай літаратуры даў І. Навуменка.

     Гаворачы аб творчых  дасягненнях Максіма Багдановіча, нельга не адзначыць, што яны  безумоўна грунтуюцца на ўнікальных  якасцях яго асобы.

На думку Адама Ягоравіча Багдановіча, у творчасці сына адлюстраваліся лепшыя праявы яго душы, “а, можа быць, і ўся яна цалкам. Яго лірыка ёсць гісторыя яго душэўных пакут, жывапісна расказаных ім самім, а яго іншыя пісанні сведчаць аб яго поглядах і перакананнях, аб яго грамадскіх інтарэсах”.

Уражвае бязмернае захапленне, можна сказаць, апантанасць Максіма Багдановіча Беларуссю.        Жывучы з маленства, амаль усё жыццё, удалечыні ад Беларусі, не маючы побач аднадумцаў, людзей з такой жа глыбокай зацікаўленасцю ёю, тым не менш ён змог ужо ў юным узросце захапіцца беларускай мовай, культурай і гісторыяй, глыбока спасцігнуць і выразна асэнсаваць праблемы роднай Беларусі, блізка да сэрца ўспрыняць клопаты і спадзяванні беларускага народа.  Гэтыя акалічнасці наводзяць на думку аб генетычнай спадчыннасці (і тут дарэчы выраз “увабраў з малаком маці”) і нават прадвызначанасці, наканаванасці лёсу.

    Негледзячы на тое, што  жыццёвыя абставіны, здавалася б, ніяк не спрыялі праяўленню  і рэалізацыі яго таленту, Максім Багдановіч, дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, змог дасягнуць істотных вышынь. “У працы быў настойлівы і ўпарты”, – успамінаў Адам Ягоравіч Багдановіч. – “Ставячы якую-небудзь мэту, ён цвёрда і неадступна імкнуўся да яе ажыццяўлення… З такою ж упартасцю ён ставіўся і да вывучэння беларускай мовы і да напісання вершаў на ёй. Калі прыняць пад увагу стан яго здароўя, патрэбу вучобы і ўсе абставіны яго жыцця, то нельга не прызнаць яго працы ў гэтай сферы велізарнай. І нельга не палічыць гэтага пачынання нават дзёрзкім”.

     Не менш значнымі падаюцца энцыклапедычнасць ведаў Максіма Багдановіча ў галіне культуры, гісторыі і філалогіі, атрыманых у значнай ступені за кошт самаадукацыі, а таксама разнастайнасць накірункаў і форм яго творчасці, глыбіня дасведчанасці і навуковага пранікнення, наватарства і аб’ём зробленага ўсяго за дзясяцігоддзе. І ўсё гэта пры вельмі дрэнным, а ў апошні час крытычным стане здароўя.

     Унікальнасць і веліч  асобы і творчай постаці Максіма  Багдановіча сцвярджаюць слушнасць  званняў “гарачае сэрца”, верны рыцар бацькаўшчыны, пясняр Беларусі, якія надалі яму сучаснікі і нашчадкі.

     Свой талент, а ў  рэшце рэшт і жыццё, Максім  Багдановіч перш за ўсё ахвяраваў роднай Беларусі.

* * * 
     Асоба і творчасць Максіма Багдановіча высока ацэнены нашчадкамі. Ушанаванне яго памяці грамадскасцю Беларусі пачалося ўжо з першай гадавіны яго смерці і доўжыцца да сённяшняга дня.

     Творчую спадчыну  Максіма Багдановіча вывучае  адна з галін беларускай літаратурнай  навукі – багдановічазнаўства.

Яго творы неаднаразова выпускаліся асобнымі выданнямі, друкаваліся ў сродках масавай інфармацыі. Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927-1928 гг. і ў 1968 г. Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992-1995 гг. і ў 2001 г. У 1927 г. у Вільні з’явілася 2-е выданне зборніка “Вянок”, а ў 1981 і ў 1985 гг. у Мінску выпушчана факсімільнае выданне зборніка “Вянок”.

     Яго паэзія, працы  па гісторыі і тэорыі літаратуры  вывучаюцца ў сярэдняй школе  і на філалагічных факультэтах  вышэйшых навучальных устаноў.

У 2000 г. у праекце “100 беларускіх кніг XX стагоддзя” зборнік паэтычных твораў Максіма Багдановіча “Вянок” стаў пераможцам з вялікім адрывам, а аўтар быў прызнаны лепшым паэтам.

У Мінску, у Траецкім прадмесці, знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, у Мінску захаваўся дом, у якім жыў Максім Багдановіч (вуліца Рабкораўская, 19), дзе размешчаны філіял яго музея – “Беларуская хатка” (па назве аднайменнага нацыянальнага клуба, у рабоце якога ўдзельнічаў паэт). Другі філіял музея – “Фальварак Ракуцёўшчына”, дзе гасцяваў Багдановіч і напісаў два цыклы вершаў, знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. У “Фальварку  Ракуцёўшчына” праводзяцца традыцыйныя рэспубліканскія святы паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”.  Музеі класіка беларускай літаратуры таксама працуюць у Гродне і ў Яраслаўлі.

Помнікі Максіму Багдановічу ўсталяваны ў Мінску, Яраслаўлі, Місхоры і на магіле паэта ў Ялце. Мемарыяльныя дошкі ў яго гонар ёсць у Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.

    Памяць Максіма Багдановіча  ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

    Вобраз Максіма і персанажы  яго твораў ўвасоблены ў карцінах, скульптурах, графічных работах. Выпушчаны паштоўкі, значкі з яго выявай.

Максім Багдановіч і яго творчасць з’явіліся крыніцай натхнення пры стварэнні многіх музычных твораў. На вершы Максіма Багдановіча напісаны песні, якія ўспрымаюцца як народныя (“Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”). Яму прысвечаны опера Юрыя Семянякі “Зорка Венера” і поп-опера  Ігара Паліводы “Максім”. Знакаміты вакальна-інструментальны ансабль “Песняры” неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму “Вянок”, поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок. А песня “Вераніка” стала значнай з’явай музычнай культуры 70-х гг. мінулага стагоддзя як пранікнёны, светлы гімн каханню, які палюбіўся людзям у розных кутках свету.

    Многія аўтары пісалі паэтычныя прысвячэнні ў гонар беларускага песняра.

Існуе багатая бібліяграфія даследаванняў жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Аб яго жыцццёвым шляху і творчасці зняты чатыры кінафільмы і адзін відэафільм.

    Творчасць песняра Беларусі  знайшла сусветнае прызнанне. Акрамя  Расіі і Украіны, памяць аб  Максіме Багдановічу існуе і  ў многіх іншых краінах свету.

100-годдзе з дня нараджэння  класіка беларускай літаратуры  Максіма Багдановіча было адзначана  ў каляндарным спісе ЮНЕСКА  “Гадавіны выдатных асоб і падзей” на 1991 г.

Творы беларускага песняра перакладзены на два дзясяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гг. у Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

У 2008 г. Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Францыі у рамках беларуска-французскіх культурных сувязей аб’явіла аб стварэнні праграмы “Максім Багдановіч” для садзейнічання публікацыям у Беларусі французскіх аўтараў. У 2011 г. у Мінску пад эгідай Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры”.

Тысячамі спасылак прадстаўлена інфармацыя пра Максіма Багдановіча ў сусветным сеціве Інтэрнэт.

     У сувязі са 120-годдзем  з дня нараджэння Максіма Багдановіча  Пастановай Савета Міністраў  Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2011 г. быў зацверджаны шэраг агульнанацыянальных і рэгіянальных мерапрыемстваў, прысвечаных памятнай даце. Сярод іх капітальны рамонт будынка, у якім размяшчаецца Літаратурны музей паэта, аднаўленне дома ў Траецкім прадмесці Мінска, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч, усталяванне помніка ў гонар паэта ў Гродне, правядзенне выставак ва ўстановах адукацыі, культуры і мастацтва, літаратурных вечароў, творчых сустрэч з беларускімі пісьменнікамі, прысвечаных жыццю і творчасці класіка, факсімільнае выданне зборніка вершаў “Вянок”. У выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў 2011 г. выйшаў энцыклапедычны даведнік “Максім Багдановіч”.

Максім Багдановіч пражыў толькі 25 гадоў, але ўжо прайшло амаль стагоддзе, а яго рамантычны вобраз і незабыўныя творы, як і раней, кранаюць людзей да глыбіні душы. Думаецца так будзе і надалей!..

 


Информация о работе Характарыстыка Максіма Багдановіч