Характарыстыка Максіма Багдановіч

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 01 Апреля 2014 в 18:10, реферат

Краткое описание

Бацька – Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) у дзяцінстве насіў імя Адольф. Існуе версія, што яго хрысцілі ў касцёле, паводле каталіцкага абраду. Афіцыйна, на падставе дубліката метрычнага запісу, лічыцца, што ён быў ахрышчаны ў Халопеніцкай праваслаўнай царкве Барысаўскага павета (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці). Максімавага дзеда Юрыя (Ягора), беззямельнага селяніна, былога прыгоннага кухара маёнтка Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер у Глускім раёне Магілёўскай вобласці) прывёз у гэтую мясцовасць на службу памешчык.

Вложенные файлы: 1 файл

Максім Багдановіч.docx

— 66.68 Кб (Скачать файл)

Максім Багдановіч: асоба і творчасць

 
      Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык.

Максім Багдановіч нарадзіўся  9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям’і служачых.

    Бацька – Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) у дзяцінстве насіў імя Адольф. Існуе версія, што яго хрысцілі ў касцёле, паводле каталіцкага абраду. Афіцыйна, на падставе дубліката метрычнага запісу, лічыцца, што ён быў ахрышчаны ў   Халопеніцкай праваслаўнай царкве Барысаўскага павета (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці).   Максімавага дзеда Юрыя (Ягора), беззямельнага селяніна, былога прыгоннага кухара маёнтка   Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер у Глускім раёне Магілёўскай вобласці) прывёз у гэтую мясцовасць на службу памешчык.

     Продкі Максіма Багдановіча насілі прозвішча Скокліч і толькі прадзед Максіма Лук’ян, прыгонны садоўнік, з цягам часу стаў падавацца ў дакументах як Багдановіч (Багдан) паводле прозвішча Нічыпара Багдановіча – айчыма свайго бацькі Сцяпана.

     Бабуля Максіма – маці Адама Ягоравіча Анэля Тамашоўна (Ганна Фамінічна) Асьмак, хоць і непісьменная, але мела прыродныя матэматычныя здольнасці, а таксама была цудоўнай апавядальніцай народных казак, атрымаўшы гэты дар у спадчыну ад сваёй маці Рузалі   Казіміраўны Асьмак. Паводле ўспамінаў Адама Ягоравіча, прабабуля Максіма расказвала казкі вельмі творча, дадаючы новыя рысы ў сюжэт. Зробленыя Адамам Ягоравічам запісы з яе вуснаў казак, народных абрадаў, паданняў, прымавак, прыказак, загадак і інш. сталі для Максіма першай крыніцай яго знаёмства з беларускай мовай і беларускім фальклорам.

     Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у вясковай школе, выкладчыкам гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. У маладыя гады падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-нарадавольцамі. Ён шмат займаўся самаадукацыяй, самастойна вывучыў некалькі замежных моў, добра ведаў беларускі фальклор, апублікаваў некалькі навуковых прац этнаграфічнага і гістарычнага характару, выступаў таксама як публіцыст. Адам Ягоравіч пісаў артыкулы пра жыццё беларускіх сялян да і пасля адмены прыгоннага права, пакінуў успаміны пра рэвалюцыйны рух у Беларусі 1880-х - пачатку 1890-х гг., а таксама пра славутага рускага пісьменніка Максіма Горкага. Ён жа па прапанове Інстытута беларускай культуры ў 1923 г. напісаў успаміны пра свайго сына.

     Маці – Марыя Апанасаўна Мякота (1869-1896) паходзіла з старажытнага беларускага шляхецкага роду (герба “Курч”), які, аднак, не быў зацверджаны ў дваранстве Расійскай імперыі. Сведчанні аб продках Марыі прадстаўлены дакументамі з першай паловы XVII ст. Прадзед Максіма Ян служыў уніяцкім святаром, дзед Апанас (Афанасій) за ўдзел у Крымскай вайне 1853-1856 гг. атрымаў пажыццёвае дваранства, пасля служыў дробным чыноўнікам у павятовым горадзе Ігумене (цяпер Чэрвень). Дачкой святара таксама была бабуля Максіма – Таццяна Восіпаўна Малевіч. У сям’і нарадзіліся чатыры дачкі – Стэфанія, Марыя, Аляксандра, Ганна і сын Іван. Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, смерць бацькі прывялі да таго, што Марыя разам са сваёй малодшай сястрой Аляксандрай і братам выхоўвалася ў Мінскім прытулку, дзе на вялікія здольнасці дзяўчынкі звярнула ўвагу жонка мінскага губернатара і ў хуткім часе ўзяла яе на выхаванне. Марыя скончыла Мінскае трохкласнае жаночае вучылішча, вучылася ў земскай настаўніцкай школе ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. Яна шмат чытала, тонка адчувала мастацтва, мела літаратурныя схільнасці і наогул надзвычай жывую фантазію, па натуры была мяккай, весёлай, вельмі ўражлівай, эмацыянальнай. Паводле сведчання Адама Ягоравіча, выдатнай рысай яго жонкі з’яўляліся надзвычайная выразнасць пачуццяў і жвавасць рухаў.

* * * 
     У 1888 г. Адам Ягоравіч з Марыяй Апанасаўнай узялі шлюб. Сям’я Багдановічаў жыла ў той час у Мінску. У 1890 г. тут нарадзіўся старэйшы брат Максіма – Вадзім. Амаль праз два гады з’явіўся на свет Максім. У сувязі з пагаршэннем стану здароўя Адам Ягоравіч вымушаны быў пакінуць пасаду выкладчыка і перайсці ў банкаўскія служачыя, прычым давялося змяніць нават месца жыхарства.

     У 1892 г., праз некалькі месяцаў пасля нараджэння Максіма, сям’я пераехала ў Гродна, дзе бацька стаў працаваць у банку. Кола яго кантактаў складала пераважна мясцовая інтэлігенцыя, сярод якой Адам Ягоравіч карыстаўся аўтарытэтам, яго нават абралі дырэктарам публічнай бібліятэкі, у гэты час ім былі напісаны значныя творы па беларускай этнаграфіі і гісторыі сялянства. У 1894 г. у Гродне нарадзіўся малодшы брат Максіма – Леў. Марыя Апанасаўна займалася хатнімі справамі, гадавала дзяцей, але не забывала і пра інтэлектуальную працу. У гродзенскай губернскай газеце было апублікавана яе апавяданне пад назвай “Напярэдадні Каляд”. У 1895 г. некалькі вясенніх і летніх месяцаў Марыя Апанасаўна з дзецьмі правяла ў сваёй старэйшай сястры Стэфаніі Секяржыцкай у вёсцы Вяззе (цяпер у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці), дзе дзеці шмат часу праводзілі на прыродзе, у лесе, пазнаёміліся з вясковым жыццём, апынуліся ў асяроддзі жывой беларускай мовы. Пасля нараджэння дачкі Ніны і справакаванага родамі хуткацечнага туберкулёзу ў кастрычніку 1896 г. Марыя Апанасаўна памерла. Маленькі Максім, вельмі цяжка перанёс яе смерць. Бацька лічыў, што па складзе свайго характару, ён быў “маленькім падабенствам маці”, асабліва ў дзяцінстве. У далейшым не толькі яе псіхічная, але і інтэлектуальная спадчыннасць – трапнасць назіранняў і іх паўната, сіла ўяўлення, пластычнасць і вобразнасць мыслення ў поўнай меры праявіліся ў жыцці і творчасці сына Максіма.

* * * 
    У канцы 1896 г. Адам Ягоравіч быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад. У гэты ж час памерла і маленькая сястрычка Максіма Ніна. Вадзіма, Максіма і Льва даглядалі родныя сёстры        Адама Ягоравіча Марыя і Магдалена. Праз некалькі гадоў Адам Ягоравіч узяў шлюб з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай (яе родная сястра Кацярына Паўлаўна была жонкай Максіма Горкага, чыім блізкім сябрам стаў Адам Ягоравіч), аднак яна памерла пры родах, а іх маленькі сын Аляксандр гадаваўся у сям’і Горкага (у двухгадовым узросце хлопчык цяжка захварэў і памёр). Пазней А.Я.           Багдановіч звязаў сваё жыццё з сястрой першай жонкі – Аляксандрай Апанасаўнай Мякота і ў іх нарадзілася пяцёра сыноў (Павел, Мікалай, Аляксей, Вячаслаў і Раман).

     З цёткай у Максіма, на жаль, не склаліся добрыя адносіны, што ў далейшым у пэўнай меры адбілася на яго лёсе – уся яе ўвага (і, як следства, клопаты бацькі) была накіравана галоўным чынам на малодшых дзяцей.

     Для сям’і Багдановічаў вялікім выпрабаваннем было захворванне на туберкулёз, ад якога памерлі многія з родных. Цяжкім ударам, асабліва для Максіма, стала смерць вясной 1908 г. брата Вадзіма, таленавітага юнака, які пражыў толькі васямнаццаць гадоў.

      Бацька ўдзяляў шмат увагі сваім сынам, імкнуўся належным чынам падрыхтаваць іх да вучобы ў гімназіі, абудзіў у іх любоў да чытання, знаёміў з эпасамі розных народаў, класічнымі творамі сусветнай літаратуры, вадзіў у карцінныя галерэі і музеі. Сярод знаёмых і сяброў Адама      Ягоравіча былі ў той час такія людзі як яго сваяк пісьменнік Максім Горкі, дырэктар Ніжагародскай мужчынскай гімназіі С. Шчарбакоў. У адным з лістоў да сябра Максім адзначаў: “Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу... Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры...”. Відаць, нездарма ён сам назваў сябе Максімам Кніжнікам.

      У Ніжнім Ноўгарадзе склалася своеасаблівая беларуская “калонія”. Трэба адзначыць, што ў сям’і Багдановічаў размаўлялі ў асноўным па-руску, але лад жыцця, звычкі, густы ў сваёй аснове заставаліся беларускія. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску.

      У 1902-1908 гг. Максім Багдановіч вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Юнак адчуваў атмасферу радыкальных палітычных настрояў, якія панавалі ў грамадстве. У доме Багдановічаў збіралася дэмакратычная інтэлігенцыя. Максім актыўна наведваў розныя мітынгі і маніфестацыі, у выніку чаго атрымаў у атэстаце адзнаку “нядобранадзейнага вучня”. Падлетак цікавіўся анархізмам, чытаў творы тэарэтыкаў гэтага руху, аднак праз пэўны час анархісцкі “запал” прайшоў.

      У ніжагародскі перыяд ішло не толькі станаўленне грамадзянскай пазіцыі Максіма Багдановіча, але і фарміраванне яго як паэта. Ён пачынае цікавіцца беларусікай: вывучае беларускую мову і літаратуру, пад уплывам настаўніка, беларуса па паходжанні А. Кабанава больш глыбока знаёміцца з гісторыяй сваёй бацькаўшчыны Беларусі, а таксама з матэрыяламі беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”, якія выдаваліся ў Вільні (іх для Максіма ў 1906 г выпісала яго хросная маці В. Сёмава, яна працавала ў Пінскім жаночым вучылішчы, была ў мінулым удзельніцай народавольскага гуртка).

      1907 г. лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. 19 ліпеня на старонках газеты “Наша ніва” з’явіўся яго першы твор –празаічнае апавяданне “Музы́ка”. У апавяданні расказваецца, як ад гукаў скрыпкі галоўнага героя вочы людзей напаўняліся то слязьмі ад думак аб сваёй цяжкай долі, то гневам на тых, хто асуджае народ на пакуты. Нават загубіўшы музы́ку, “злыя і сільныя людзі” не змаглі забіць памяць аб ім. Юны аўтар апавядання здолеў у алегарычнай форме перадаць і нялёгкае жыццё роднай Беларусі, і надзею на тое, што беларусы ўсё ж стануць гаспадарамі свайго лёсу.

      У 1908 г. у Ніжнім Ноўгарадзе Максімам Багдановічам былі напісаны і першыя лірычныя вершы “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”.

                                                                                     * * *

      З лета 1908 г. Багдановічы жылі ў Яраслаўлі. Тут Максім працягваў навучанне ў Яраслаўскай гімназіі, дзе праявіў сябе выдатным знаўцам літаратуры, які ведаў на памяць вялікую колькасць вершаў, рыхтаваў рэфераты на літаратурныя тэмы, выступаў з імі перад навучэнцамі. Пасябраваў з выкладчыкам лацінскай мовы У. Белавусавым, высокаадукаваным чалавекам, знаўцам многіх моў, які кіраваў заняткамі Максіма па вывучэнні не толькі лацінскай, але і грэчаскай, італьянскай, французскай моў.

У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. Вясной 1909 г. Максім захварэў на туберкулёз. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне, што добра паўплывала на стан здароў’я Максіма, ён захапіўся паўднёвым краем, з’явілася новае кола знаёмых, закаханасць.

    У значнай меры пераломным у жыцці Максіма Багдановіча стаў 1911 г., бо спраўдзілася яго даўняе жаданне – пабываць на Беларусі. Пасля заканчэння вучобы ў гімназіі ён наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся з выдатнымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам В. Ластоўскім, выдаўцом, мовазнаўцам і літаратуразнаўцам Б. Эпімах-Шыпілам. Па запрашэнні Луцкевічаў      Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у іх родзіча ў фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна.     Да гэтага часу ён меў пераважна кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў.

    Атрымаўшы атэстат сталасці, у 1911 г. Максім Багдановіч паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў у 1916 г. Ён не меў ніякай схільнасці да юрыспрудэнцыі, хацеў паступіць у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Была і спрыяльная акалічнасць для гэтага: на просьбу акадэміка А. Шахматава рэкамендаваць чалавека, які мог бы заняцца пад яго кіраўніцтвам вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, рэдакцыя “Нашай нівы” назвала кандыдатуру Багдановіча. Але Максім не здолеў здзейсніць сваю мару з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем і з-за адсутнасці сродкаў (бацька аддаваў перавагу навучанню малодшага сына Льва, які меў вялікія матэматычныя здольнасці і планавалася яго паступленне ў Маскоўскі ўніверсітэт).

     Увесь час Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Яго веды ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры народаў славянскага свету мелі энцыклапедычны характар. Шмат увагі ён аддаваў замежным мовам: вывучаў грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую. І не пераставаў пісаць.

     Сярод значных падзей асабістага жыцця гэтага перыяду была паездка ў Крым летам 1915 г. для паўторнага курса лячэння. Там было і захапленне жанчынай, пачуццё да якой стала ўзаемным. Новае каханне пакінула шмат уражанняў, як станоўчых, так і адмоўных, і знайшло адбітак у творчасці маладога паэта.

          У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны і набліжэннем фронту да Мінска ў Яраслаўлі апынулася даволі вялікая колькасць бежанцаў з Беларусі. Максім Багдановіч пазнаёміўся з многімі з іх, чым мог стараўся дапамагчы, арганізоўваў для студэнтаў-беларусаў наведванне тэатра, удзельнічаў у студэнцкіх вечарынах, падчас якіх вельмі любіў слухаць беларускія песні, знаёміцца з народнымі абрадамі, танцамі.

    Нягледзячы на тое, што цяжкая хвароба ўжо праявіла сябе, яраслаўскі перыяд жыцця Максіма Багдановіча – час напружанай і найбольш плённай творчай працы. І асабліва ён шчыраваў на ніве беларушчыны. Бацька і некаторыя сваякі не падзялялі яго такога празмернага, на іх погляд, зацікаўлення беларускай мовай і ўвогуле беларускай тэматыкай. На думку некаторых даследчыкаў, гэта, магчыма, было выклікана жаданнем засцерагчы Максіма ад цяжкасцей, з якімі той мог сутыкнуцца на Беларусі. Адам Ягоравіч пазней у сваіх успамінах назваў карціну беларускага адраджэння “даволі бязрадаснай”, гаварыў пра “слабасць матэрыяльных перадумоў” для нацыянальнага руху.

         Максім Багдановіч тварыў у многіх паэтычных жанрах. Сярод яго вершаў ёсць узоры як прыродаапісальнай, пейзажнай (“Ноч” (1908 г.),“Зімовая дарога”, “Зімой”, “Перад паводкай”, “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”, “Вечар на захадзе ў попеле тушыць” (усе 1910 г.),“Добрай ночы, зара-зараніца!” (1911 г.) і інш.), так і інтымнай лірыкі (“Ў космах схаваліся кветы чырвоныя” (1908-1909 гг.), “Жывая лялечка! Не душу і не сэрца” (1910 г.), “Ўчора шчасце толькі глянула нясмела” (1910-1913 гг.), “Апусціўшы густыя расніцы” (1912 г.),“Забудется многое, Клава” (1915 г.), “Маладыя гады” (1915-1916 гг.).

        Часта ў яго вершах сустракаюцца і міфалагічныя матывы, найперш звязаныя з беларускай народнай міфатворчасцю (“Вадзянік”, “З цыкла “Лясун”, “Хрэсьбіны лесуна” (усе 1909 г.), “Возера” (Стаяў калісь тут бор стары) (1910 г.) і інш.).

Аднак ужо ў адным з ранніх вершаў “Краю мой родны! Як выкляты Богам...” (1909 г.), выразна акрэслены тэма сацыяльнага прыгнёту беларусаў, а таксама надзея на іх нацыянальнае адраджэнне. Паводле некаторых ацэнак, гэты твор паставіў Максіма Багдановіча поруч з Янкам            Купалам і Якубам Коласам. Боль і трывога за родную зямлю, за яе людзей выразна гучаць і ў вершы “Народ, Беларускі Народ!” (1913 г.).

           Хоць у паэзіі Максіма Багдановіча і адчувальныя матывы смерці і песімізму, у значнай ступені выкліканыя яго хваробай, як, напрыклад, верш“Я, бальны, бесскрыдлаты паэт” (1909 г.), але ў многіх сваіх творах ён выступае як вяшчальнік надзеі, заклікае кінуць “вечны плач свой аб старонцы” (“Кінь вечны плач свой аб старонцы!” (1911 г.). Адным з праграмных у творчасці Багдановіча лічыцца напісаны ў ліпені 1910 г. верш “Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі”, дзе паэт выказвае сваю шчырую веру ў лепшую будучыню.

Информация о работе Характарыстыка Максіма Багдановіч