География Брестской области - климат, воды, почвы, растительный и животный мир

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Января 2013 в 20:06, реферат

Краткое описание

Кліматычныя ўмовы Брэсцкай вобласці з'яўляюцца вядучым фактарам, які вызначае занальнае размеркаванне і дыферэнцыяцыю прыродных і гаспадарчых аб'ектаў. Клімат Брэсцкай вобласці характарызуецца як умерана-кантынентальны, няўстойліва вільготны, што заснавана на класіфікацыі клімату Б.П.Алісава. Вобласць знаходзіцца ва ўмераным кліматычным поясе, дзе часцей за ўсё паўтараюцца паветраныя масы ўмераных шырот.

Вложенные файлы: 1 файл

География Брестской области(климат, воды, почвы, раст. и жив. мир).docx

— 84.90 Кб (Скачать файл)

Удзельная вага дзярнова-падзолістых  і падзолістых глебаў у сельскагаспадарчых угоддзях Брэсцкай вобласці ніжэй, чым  у сярэднім па Беларусі, але гэта ўсё роўна найбольш распаўсюджаны  тып глебаў вобласці. Найбольш пашыраны гэтыя глебы на схілах Навагрудскага ўзвышша і Капыльскай грады, Баранавіцкай, Высокаўскай, Пружанскаё і Косаўскай раўнінах, трапляюцца ў Загараддзі.

У аўтаморфных умовах пры прамыўным  тыпе воднага рэжыму на карбанатных  пародах фарміруюцца дзярнова-карбанатныя глебы. Яны характарызуюцца багаццем гумусу (4,5–9%), зярніста-камкаватай струк-турай, слабакіслай ці нейтральнай рэакцыяй ў верхніх гарызонтах. Усё гэта вызначае высокую прыродную ўрадлівасць гэтых глебаў і амаль поўнае іх выкарыстанне ў якасці ворыва. Дзярнова-карбанатныя глебы па баніціровачнай шкале ацэньваюцца вышэйшым балам (ад 63 да 100).

Найбольш пашыраны гэтыя глебы  ў Столінскім раёне, галоўным чынам  у міжрэччы Прыпяці і Сцвігі. Яны  ўтварыліся тут на амергеляваных суглінках.

У аўтаморфных умовах, на адносна  ўзвышаных добра дрэніраваных пародах  багатага мінералагічнага складу, утвараюцца бурыя лясныя глебы, якія займаюць участкі пад шырокалістымі і хвойна-шырокалістымі лясамі. Біялагічны зварот рэчываў пад гэтымі лясамі вядзе да пастаяннага аднаўлення мінеральных элементаў у верхніх гарызонтах бурых лясных глебаў, назапашванню ілістых фракцый і хуткаму ўтварэнню так званага "мяккага гумусу" асаблівага складу. Утрыманне гумусу ў перагнойна-акумулятыўным гарызонце 8–9,2%.

Выдзяленне бурых лясных глебаў мае вялікае значэнне дпя лясной гаспадаркі, паколькі яны падыходзяць  для вырошчвання патрабавальных да глебавай урадлівасці шырокалістых парод. Але, разам з тым, іх дробнаконтурнасць выклікае цяжкасці з выдзяленнем на дробнамаштабных глебавых картах і вызначае ў цэлым невялікае значэнне.

Бурыя лясныя глебы сустракаюцца ў  вобласці невялікімі масівамі пад хвойна-шыракалістымі  лясамі пераважна старога ўзросту. Найбольшая колькасць разрэзаў гэтых  глебаў апісана ў Белавежскай  пушчы.

Ва  ўмовах  часовага  пераўвілыатнення  развіваюцца паўгідраморфныя глебы. У залежнасці ад глебаўтваральных парод і спалучэння дзярновага і падзолістага працэсаў у гэтым радзе глебаў выдзяляюць некалькі тыпаў.

Балотна-падзолістыя   глебы   (дзярнова-падзолістыя   глеевыя) фарміруюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтовымі водамі і больш прымеркаваны да раёнаў з плоскім рэльефам. Працэсы пераўвільгатнення прыводзяць да заглейвання – назапашвання закісных злучэнняў желаза, якія абумоўліваюць шызы, зялёны, шэравата-сіні або блакітны колер глебавых гарызонтаў.

У вобласці найбольш пашыраны дзярнова-падзолістыя  грунтова-аглееныя глебы на рыхлых пародах, што садзейнічае развіццю прамыўнага рэжыму і, адпаведна, ападзольванню глебы – вынасу ўсіх элементаў, акрамя крэмнязёму. Пры гэтым фарміруецца ілювіяльна-гумусавы, ці ілювіяльна-жалезіста-гумусавы гарызонт. Гэтыя глебы характарызуюцца вельмі нізкай ураддівасцю, што звязана з высокай кіслотнасцю, беднасцю элементамі жыўлення раслін.

Дзярнова-падзолістыя глеевыя глебы  шырока распаўсюджаны ў Брэсцкай вобласці ў Прыпяцкім і Брэсцкім Палессі ў межах Маларыцкага, Кобрынскага, Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага і Ганцавіцкага раёнаў. Пры  іх меліярацыі трэба праводзіць комплекс асушальна-абвадняльных работ.

Сярод паўгідраморфных глебаў найбольшай урадлівасцю валодаюць дзярнова-глеевыя глебы. Яны фарміруюцца пад лугавой расліннасцю пры спалучэнні дзярновага і балотнага глебаўтваральных працэсаў. Такія глебы ўзбагачаюцца арганічным рэчывам за кошт адмершай травяністай расліннасці, а грунтовыя воды насычаюць глебу салямі. Калі ў ліку гэтых салей ёсць карбанаты, то гэта садзейнічае замацаванню гумусу. Такім чынам утвараюцца дзярнова-карбанатныя глеевыя глебы, якія звычайна ўтрымліваюць вялікую колькасць гумусу, рэакцыя іх асяроддзя блізкая да нейтральнай. Утрыманне асноў у такіх глебах высокае (да 70–90%). Таму дзярновыя глеевыя глебы маюць высокую патэнцыяльнуто ўрадлівасць і выкарыстоўваюцца пад высокапрадукцыйныя лугавыя ўгоддзі. Па баніціровачнай шкале іх ацэньваюць ў 27–75 балаў у залежнасці ад ступені увільгатнення і механічнага складу глебаўтвараючых парод, Найбольш пашыраны дзярновыя глеевыя глебы ў Брэсцкім Палессі ў межах Жабінкаўскага, Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў.

Алювіялыя (поймавыя) дзярнова-глеевыя глебы фарміруюцца ў поймах рэк Прыпяці, Буга з Лясной ва ўмовах штогадовых разводдзяў і ўвільгатнення грунтовымі водамі. Яны маюць магутны гумусавы гарызонт, які ўтвараецца не толькі за кошт дзярновага працэсу, але і пры паступленні арганічных рэчываў у час разводдзя з прылягаючых тэрыторый. Маюць высокую прыродную ўрадлівасць.

Ва ўмовах устойлівага залішняга  ўвільгатнення фарміруюцца гідраморфньм глебы. У гэтым радзе найбольш распаўсюджаным тыпам з'яўляюцца тарфяна-балотныя нізіныя глебы. У Брэсцкай вобласці іх ўдзельная вага ў агульнай плошчы ў 2 разы большая, чым у сярэднім па Беларусі.

Тарфяна-балотныя нізінныя глебы ў  вобласці займаюць 625,9 тысяч гектараў. Утварыліся пад уплывам пераўвільгатнення  мінералізаванымі грунтовымі ці паверхневымі водамі. У гэтых умовах назапашванне арганічнага рэчыва пераважае над яго раскладаннем, і ў выніку гэтыя глебы характарызуюцца высокім утрыманнем арганікі і азоту, пераважна слабакіслай рэакцыяй, сярэдняй і высокай ступенню раскладання торфу.

Для вобласці характэрна спалучэнне невялікіх дробназалежных тарфянікаў з мінеральнымі забалочаннымі глебамі  і пясчанымі ўзгоркамі. Буйныя ўчасткі  тарфяна-балотных нізінных глебаў уяўляюць сабой невялікія зарослыя вадаёмы  ў асноўным з трысняговым, ці трыснягова-асаковым торфам. Пасля правядзеныя гідратэхнічнай меліярацыі гэтыя глебы па ўрадлівасці становяцца на 3-е месца пасля дзярнова-карбанатных і поймавых глебаў.

Вялікія масівы тарфяна-балотных нізінных глебаў прымеркаваны да балот Вялікі Лес на паўднёвым усходзе Кобрынскага раёну, Дзікага і Хараўскага балот у Пружанскім раёне, Аброўскага, Пушыцавага і Хварашчанскага балот на мяжы Бярозаўскага, Іванаўскага раёнаў, Выганаўскага балота ў Івацэвіцкім раёне, Грычын у Лунінецкім раёне.

Верхавыя тарфяна-балотныя глебы ў Столінскім і Ганцавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці распаўсюджаны на пераходных балотах, але па сваіх асаблівасцях бліжэй стаяць да верхавых балот. Фарміруюцца ва ўмовах залішняга ўвільгатнення пад вільгацелюбнай расліннасцю (сфагнавыя імхі, паўхмызнякі сямейства верасовых). Ад нізінных тарфяна-балотных глебаў адрозніваюцца моцнакіслай рэакцыяй, малой попепьнасцю, слабым раскладаннем арганічнага рэчыва і слабой біялагічнай актыўнасцю. У сувязі з гэтым іх прыродная ўрадлівасць нізкая.

Да гідраморфных глебаў адносяцца поймавыя тарфяна-бялотныя глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах рэгулярнага затаплення ў час разводдзя і ўстойлівага залішняга грунтовага ўвільгатнення. Тут назапашваюцца рэшткі раслін не толькі мясцовых, але і прьнесеных у час разводдзя. Таму такая глеба па ўсяму профілю складаецца з торфу рознай ступені раскладання. Торф гэты частей за ўсё высокапопельны, багаты на азот, фосфар, калій. Рэакцыя глебы звычайна слабакіслая. Таму поймавыя тарфяна-балотныя глебы валодаюць высокай патэнцыяльнай урадлівасцю.

 

ГЛЕБАВАЕ РАЯНАВАННЕ.

 

Для вырашэння пытанняў спецыялізацыі  сельскай гаспадаркі, распрацоўкі занальных  сістэм аховы і рацыянальнага  выкарыстання зямельных рэсурсаў, павышэння  іх прадукцыйнасці, ў межах Брэсцкай вобласці магчыма выдзеліць рэгіёны, якія адрозніваюцца асаблівасцямі глебавага покрыва. У адпаведнасці са схемай глебава-геаграфічнага раянавання (Почвы Белорусской ССР, 1974) тэрыторыя вобласці адносіцца да двух глебавых правінцый: Цэнтральнай (Беларускай) і Паўднёвай (Палескай) (мал.2.17).

У межах Цэнтральнай (Беларускай) правінцыі  знаходзіцца частка вобласці на поўнач ад лініі Брэст-Івацэвічы-Ганцавічы. Гэтая тэрыторыя цалкам знаходзіцца  у межах Заходняй глебава-кліматычнай  акругі названай правінцыі і характарызуецца  плоскім рэльефам. Толькі на паўночным усходзе вобласці знаходзяцца схілы Навагрудскага ўзвышша і Капыльскай грады. Глебаўтвараючымі пародамі тут з'яўляюцца марэнныя і канцова-марэнныя суглінкі і супескі, водна-ледавіковыя і старажытна-алювіяльныя пяскі. У межах Заходняй акругі на тэрыторыі вобласці выдзяляецца Гродзенска-Ваўкавыска-Слонімскі падраён Гродзенска-Ваўкавыска-Лідскага аграглебавага раёна. У гэтым падраёне пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне- і глыбокаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых слабазавалуненых супесках і лёгкіх і сярэдніх марэнных суглінках. У паніжэннях і лагчынах развіты працэсы забалочвання (Дзікі Нікар, Дзікае, Хараўскае балоты).

Баранавіцкі раён знаходзіцца ў  Навагрудска-Нясвіжска-Слуцкім аграглебавым раёне, дзе распаўсюджаны дзярнова-палева-падзолістыя лёгка- і сярэднесугліністыя глебы на лёсападобных суглінках, падасланых марэннымі суглінкамі. На схілах Навагрудскага ўзвышша і Капыльскай грады ёсць умовы для развіцця эрозіі глебаў. Уся паўднёвая частка Брэсцкай вобласці знаходзіцца ў межах Паўднёва-заходняй кліматычна-глебавай акругі Палескай глебавай правінцыі, якая характарызуецца цёплым і няўстойліва вільготным кліматам. Тут вельмі слабое расчляненне рэльефу і самая высокая забалочанасць тэрыторыі (да 15%). Пераважаючымі глебаўтвараючымі пародамі з'яўляюцца водна-ледавіковыя пяскі і супескі. старажытна-алювіяльныя пяскі і торф.

Разнастайнасць глебаўтвараючых  парод, умоў глебаўтварэння і глебавага  покрыва абумовілі выдзяленне ў  межах Брэсцкай вобласці ў гэтай акрузе трох аграглебавых раёнаў:

1) Брэсцка-Драгічынска-Іванаўскага;

2) Тураўска-Давыд-Гарадоцкага;

3)Ганцавіцка-Лунінецка-Маларыцка-Столінска-Пінскага.

Брэсцка-Драгічынска-Іванаўскі аграглебавы  раён размешчаны ў трохкутніку Брэст-Бяроза-Пінск на водападзеяе Ясельды і Дняпроўска-Бугскага канала. Геамарфалагічна ён адпавядае узвышанай водна-ледавіковай раўніне Загараддзя і частцы Брэцкага Палесся. Тэрыторыя раёна ўтворана водна-ледавіковымі і марэннымі адкладамі. Таму найбольш шырока прадстаўлены дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых супесках, якія падсцілаюцца марэннымі суглінкамі і пяскамі.

Тураўска-Давыд-Гарадоцкі аграглебавы  раён вузкай паласою выцягнуты ўздоўж правага берага Прыпяці на яе надпоймавай  тэрасе. Гэтая мясцовасць характарызуецца плоскім рэльефам, у паніжэннях забалочана. Раён вылучаецца найбольш урадлівымі ва ўмовах Беларусі глебамі. Іх фарміраванне звязана са старажытна-алювіяльнымі адкладамі пылаватых парод карбанатнага складу, якія прыносіліся правымі прытокамі Прыпяці са схілаў Валынскага ўзвышша. На іх развіваліся дзярнова-карбанатныя і перагнойна-карбанатныя сугліністыя і супясчаныя глебы з магутным перагнойным гарызонтам. На павышэннях і пясчаных градах развіваліся дзярнова-падзолістыя глебы, а ў паніжэннях – торфяна-балотныя і поймавыя глебы.

Найбольшы   па   плошчы   Ганцавіцка-Лунінецка-Маларыцка-Столінска-Пінскі аграглебавы раён падзяляецца на падраёны.

Ганцавіцка-Лунінецка-Жыткавіцкі падраён  працягнуўся ад даліны Ясельды да ўсходніх межаў Брэсцкай вобласці. У ім пакатыя плоскія павышэнні чаргуюцца з забалочанымі паніжэннямі. Пераважаюць тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу, якія сфарміраваліся ў асноўным на асокавых тарфах. Яны спалучаюцца з забалочанымі ў рознай ступені дзярнова-падзолістымі глебамі, якія развіваюцца на магутных рыхлых старажытна-алювіяльных пясках. На павышаных формах рэльефу часта развіваецца ветравая эрозія глебаў.

Маларыцкі аграглебавы падраён  займае паўднёвы захад вобласці, на поўдзень ад Мухаўца і Дняпроўска-Бугскага канала. Яго тэрыторыя характарызуецца плоскім рэльефам, які месцамі ўскладняецца невысокімі павышэннямі і значнымі забалочаннымі паніжэннямі. Глебы падраёна ўтварыліся на старажытна-алювіяльных і водна-ледавіковых пясках і супесках, нізінных тарфяніках. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, часта з алювіяльна-гумусавым жалезістым, карбанатным гарызонтам.

Столінскі аграглебавы падраён  знаходзіцца на паўднёвым усходзе  вобласці ў міжрэччы Гарыні і Сцвігі. Для яго характэрна чаргаванне плоскіх  паніжэнняў з невысокімі згладжанымі градамі і ўзгоркамі. Гле-баўтвараючымі пародамі з'яўляюцца водна-ледавіковыя і старажытна-алювіяльныя пяскі і супескі, а таксама нізінны торф. Глебавае покрыва складаецца з тарфяна-балотных (30%), дзярновых забалочаных (26%) і дзярнова-падзолістых забалочаных (21%) глебаў.

 

2.7 РАСЛІННАСЦЬ

 

Сучаснае аблічча  расліннасці абумоўлена складанай  геалагічнай гісторыяй і сучаснымі  прыроднымі працэсамі, на якія істотна  ўплывае гаспадарчая дзейнасць  чалавека. Разнастайнасць флоры Брэстчыны  звязана з геаграфічным становішчам вобласці ў пераходнай паласе ад еўразійскай хвойна-лясной да еўрапейскай шырокаліста-лясной зоны.

Флора Брэсцкай вобласці ўяўляе сабой сукупнасць усіх відаў раслін, якія растуць на яе тэрыторыі. Яна налічвае 1150 абарыгенных відаў вы-шэйшых сасудзістых раслін і звыш 220 інтрадукаваных экзатычных дрэў і хмызнякоў.

Флора Брэстчыны сфарміравалася ў  асноўным з элементаў пліяцэнавай  флоры, якая значна змянілася пад  уплывам халоднага клімату ледавіковых  эпох антрапагену. У гэты ж час адбылося пашырэнне элементаў тундравай флоры. Блізкі да сучаснага характар флора вобласці набыла ў галацэне. На яе тэрыторыі пашырыліся патрабавальныя да цяпла і глебы расліны: граб, зімовы дуб, ціс. Толькі ў межах Палесся сустракаецца пантыйская азалія. Прадстаўнікі старажытнай тундрава-балотнай і барэальнай флор адышлі на поўнач і на тэрыторыі вобласці знаходзяцца ў астраўных ізалятах ці каля паўднёвай мяжы свайго арэала. Да іх адносяцца, напрыклад, сфагнавыя імхі, больш пашыраныя ў паўночнай Беларусі і елка еўрапейская, якае мае суцэльнае пашырэнне толькі ў паўночнай палове вобласці, а на Палессі сустракаецца ў астраўных месцазнаходжаннях. Нарэшце, з поўдня і паўднёвага ўсходу праніклі асобныя віды стэпавых раслін; вапнаўка мяцёлчатая (перакаці поле), жаўтазель фарбавальны і іншыя.

У складзе флоры Брэсцкай вобласці захаваліся рэліктавыя расліны, якія ўваходзілі ў склад флор мінулых геалагічных  эпох. З ледавіковых і міжледавіковых часоў захаваліся падвей похвенны, журавіны балотныя, пантыйская азалія (рададэндран жоўты). Рэліктамі галацэну з'яўляюцца чарамша, луннік ажываючы (з атлантычнага перыяду), герань цёмная і шалфей лугавы (з суббарэальнага перыяду).

Информация о работе География Брестской области - климат, воды, почвы, растительный и животный мир