Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Октября 2012 в 19:52, контрольная работа
Паводле этнаграфічнага прынцыпу на тэрыторыі Беларускага Палесся вылучаюць раёны Усходняга і Заходняга Палесся. Усходняе Палессе займае вялікую тэрыторыю Палескай нізіны; на ўсходзе мяжуе з Падняпроўем (па ніжняй Бярэзіне і правабярэжжы Дняпра), на поўначы - з Цэнтральнай Беларусю (па лініі Парычы - Любань - Старобін - Чудзін - больш на поўнач ад Ганцавіч), на захадзе - з Заходнім Палессем (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўночная мяжа рэгіёна дакладна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца разворанымі і даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтральнай Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў.
Уводзіны……………………………………………..………........……..3
1 Гістарыяграфія і крыніцы……………………………...……..…..…..6
2 Матэрыяльная культура беларусаў Палесся ў працах А. Сержпутоўскага і Ч. Пяткевіча…………………………………....…...14
3 Вывучэнне А. Сержпутоўскім і Ч. Пяткевічам духоўнай культуры палешукоў…………………………………………………………….….29
Заключэнне……………………………………………….……...…....…56
Спіс выкарыстанных крыніц…………………………………..…..........58
Мясцовыя традыцыі ў часе правядзення і нават у саміх назвах веснавых памінальных свят на могілках аказваліся надзвычай устойлівыя, і жыхары значнай часткі Беларусі маглі нават не чуць пра “Наўскі Вялікдзень”, а некаторым палешукам было незразумелым паняцце “Радаўніца”. Менавіта на такой акалічнасці пабудаваны палескі анекдот, змешчаны ў артыкуле “Душа і смерць у веравызнаннях беларусаў”: “Багаты гаспадар, мяркуючы, што Радаўніца - гэта нейкая святая нявеста, заказаў яе абраз у Лоеве ў мясцовага “багамаза”, які яму намаляваў казу, што абрывае лісце з куста вярбы, а таксама ваўка, які падкрадаецца да яе, і растлумачыў гэта: “Воўк рад казе, а каза - лазе, а ўсе разам утварае св. Радуніцу”. Траецкія дзяды, распаўсюджаныя ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі і далей у Расіі, на Палессі адзначаліся не заўседы і часта без свяшчэнніка. За памінальнай вячэраю абавязкова трэба было з’есці 7 страў, як сімвал Сёмухі [11, с. 139].
Пасля ўсебаковага агляду беларускіх памінальных абрадаў тэмай аўтарскай размовы становяцца русалкі. Сапраўдным упрыгожаннем артыкула “Душа і смерць у веравызнаннях беларусаў” з’явілася прыведзенае ў ім на мове арыгінала апавяданне жыхара в. Гарошкава з Рэчыцкага Палесся - 90-гадовага Іллі Бурака. Русалкамі, паводле яго слоў, лічацца дзяўчаты, якія памерлі на Русальным тыдні або якіх матка пракляла, а таксама тапельніцы і маленькія нехрышчоныя дзяўчынкі. Да людзей яны з’яўляюцца голыя, толькі з вянкамі на галаве - як знак іх бязгрэшнасці. Русалкі-казыткі жывуць у жыце. Бог пасылае іх пільнаваць, каб ніхто не абтрасаў расы з калосся, бо іначай яно не нальецца. Пагроза, што русалка можа заказытаць таго, хто палезе ў жыта, асабліва палохала дзяцей. Русалкамі ў народных павер’ях насяляліся таксама вадзяныя глыбіні, найбольш небяспечныя для купання. “На Русальным тыдні, - гаварыў Ілля Буряк, - іх, бувала, усюды сустрэнеш; у лесе найчасцей сядзяць паблізу ўсякіх тваней, усякіх нетраў, асцерагаючыся людзей, што тамака найбольш паганай нечысці. Падчас, седзячы на ліпавых, кляновых, а то і на бярозавых галлях, калышуцца да й просяць тоненкім, бы нача каціным галаском: “Хадзіце к нам на арэлю!”. За тым-то і цяперака наша моладзь цэлы Русальны тыдзень робіць усякія арэлі да й калышацца. Русалкі нікому не робяць зла бязвінна… бывала, у Зялёны вечар, як дзеўкі гуртом ідуць межамі серад пашні і кідаюць ім вянкі, то яны такія рахманыя ды вясёлыя, хапаюць вяночкі да, панадзяваўшы на свае галоўкі, кланяюцца, адыходзячы…” [11 , с. 78].
На падстве шматлікіх этнаграфічных сведчанняў Ч. Пяткевіч паказаў разнастайнасць успрыняцця русалак беларусамі і суседнімі народамі. На Рэчыцкім Палессі Русаллі адзначаліся пасля Зялёнага чацвярга і святкаваліся як маляўнічы, рамантычны абрад: “Дзяўчаты з вянкамі на галовах і з рознакаляровымі стужкамі ў распушчаных валасах вельмі странна прыбіраюць у кветкі, зяленіну і каласкі, як русалку, дародную дзяўчыну са свайго асяроддзя. Пасля заходу сонца (а калі ноч абяцае быць месячная, то ў прыцемку) з “русалкаю” на чале выходзяць на жніўнае поле. Перад тым як рушыць, першая пара, пабраўшыся за рукі, падымае іх, утвараючы звод, пад якім праходзяць усе пары са спевам:
Правядзем русалак
З бору ў барок,
У дуброўну зялёну,
За ніву хрышчону,
За жоўты пясок,
Штоб не пужалі,
Не слакаталі
Нашых дзявок
Русалкі ў дзявочак
Прасілі сарочак:
Дайце хаць ліхенькі,
Да штоб хаць бяленькі.
Прывяду русалак
У зялёнае жыта,
Там мой каласочак,
Як бы яварочак… [9 , с. 109].
Прайшоўшы межамі праз зялёныя ад збожжа палі, затрымліваюцца сярод лесу, дзе пры дапамозе хлопцаў, якія праводзілі коней на начную пашу, распальваюць агонь і бавяцца так, як у купальскую ноч, спяваючы русальныя песні” [9 , с. 109].
Нават і сення, калі фальклорна-этнаграфічная спадчына нашага народа сабрана і выглядае досыць прадстаўніча, многія матэрыялы з артыкула “Мёртвыя ў вераваннях беларусаў” не проста захоўваюць сваю каштоўнасць, а ў нейкай меры застаюцца унікальнымі, непаўторнымі.
Артыкул Ч. Пяткевіча “Вялікдзень на Беларусі” па метаду пабудовы паўтарае ранейшыя. Для раскрыцця тэмы аўтар прыцягнуў з ужо згаданымі вышэй імёнамі працы Бяссонава, Дабраўлянскага, матэрыялы беларускага календара “Нашай нівы”. Нягледзячы на назву, Пяткевіч паставіў мэтаю ахапіць не толькі адзін святочны дзень, а перыяд, які папярэднічаў Вялікадню, і перыяд які ішоў пасля яго. Разгляд веснавога цыкла свят, непасрэдна звязаных з Вялікаднем, Пяткевіч пачынае з вербнай нядзелі, калі асвячаюцца галінкі вярбы, якімі ўпрыгожваюць абразы ў хаце і якія ўторкваюць на магілах у той самы дзень ці ў чацвер на Велікодным тыдні пад час правядзення памінак. Асвечаная вярба выкарыстоўвалася таксама і ў іншыя святы: на Юр’я (ёй выганялі першы раз на пашу жывёлу, паколькі лічылася, што гэтыя галінкі павінны ахоўваць яе ад ваўкоў і хвароб) і на Купалле (яе падвешвалі над дзвярыма аборы, каб чараўніцы не пашкодзілі каровам). У артыкуле пераказваецца штодзённая падрыхтоўка сялян да Вялікадня - навядзенне парадку ў хаце і ва ўсёй гаспадарцы, а затым і царкоўнае правядзенне свята. У вёсках, дзе цэркваў не было, выпраўлялі сваіх нешматлікіх пасланцаў з невялікай колькасцю прадуктаў для асвячэння. Калі ж разводдзе не дазваляла дабрацца да царквы, абмяжоўваліся тым што салілі яйкі асвечанай летась ці пазалетась соллю. На святочным стале ставіўся чыгунок з прызначаным для насення збожжам і закапаным у ім фарбаваным яйкам, якое павінна надаваць збожжу памнажальную сілу. Любімай жа гульнёй моладзі на Вялікдзень былі “біткі”. Трапляліся і хітруны, якія запаўнялі яйка воскам і ў выніку заўседы аказваліся пераможцамі. Вясною пачыналася пара карагодаў, арэляў [9 , с. 109].
У час Вялікага посту селянін вымушаны быў абмяжоўваць сябе ў ядзе. “Чалавек галодне - нікуды не гожны, а як наесца - то ні з месца”, гаварыла прыказка. Вялікдзень дараваў магчымасць наесціся ўволю. Застоллі ладзілі не толькі ва ўласнай хаце, але і хадзілі ў госці. Хто не мог нанесці ўзаемны візіт, той даваў гасцям столькі яек, колькі атрымліваў ад іх сам. З раніцы з’яўляліся пад вокнамі з песнямі валачобнікі, якія, атрымаўшы за свае спевы пачастункі, рабілі забавы з музыкаю. Апісанне “Наўскага Вялікадня” ў гэтым артыкуле ў асноўным тое, што даваў Пяткевіч раней. У паслявелікодныя дні сустракаліся цікавыя моманты, павер’і, прымхі. Закопваючы на магіле крэўнага крашанку, селянін прыгаворваў: “Свяці яму ясным сонейкам у яго цямніцы!” Пачуўшы першыя грымоты, мыліся вадою, у якой ляжала крашанка, што павінна паспрыяць у здароўі, прыгажосці і шчасці. Каб пазбегнуць плям на твары, выціралі яго першым яйкам ад пярэстай курыцы. На Юр’я, выганяючы жывёлу, гаспадыня выцірала яйкам карову, а гаспадар - каня. Каб аберагчы жывелу ад ваўкоў, першае яйка ад чорнай курыцы абносілі вакол пашы і пакідалі там. Свяцонае яйка абносілі вакол пажару, а кінутае ў запалены ад перуна агонь, яно нібыта павіна было патушыць яго [9 , с. 109].
Ёсць апісанне Вялікадня і ў працы А. К. Сержпутоўскага: “Як свецяць яйца, та ў іх шкарлупу трохі разбіваюць, каб святасць лепш прайшла, бо праз цэлую шкарлупу яна, можа, яшчэ й не пойдзе, тагды яшчэ трапіцца разгавецца простым яйцом, а не свяцоным. Таксама, як прыносяць свяціць пірагі, шынкі ці што другое, та добра раскрываюць іх, а ў каўбасах нават прадзіраюць плеўку” [20 , с. 190]
Чэслаў Пяткевіч - прыроджаны фалькларыст, надзвычай чуйны да народнай мовы, да яе вобразнага слова, і таму фальклорная стыхія палешука, да асэнсавання якой ішоў аўтар, выяўлялася нават у тэмах, здавалася далёкіх ад вуснай паэзіі. Трапнае народнае выказванне давала нечаканую характарыстыку самым розным паняццям, прадметам, дзеянням. Так, у самым першым раздзеле “Арыентацыя прасторы і меры” абазначэнне адлегласці адбываецца з дапамогаю такіх фразеалагізмаў, як “на валовы рык”, “як палку закінуць”, “як да паповае грушы”. Калі адзін чалавек хацеў другому сумненні адносна названай тым нібыта дакладнай адлегласці, то звычайна карыстаўся прыказкай: “Каморнік мераў, а чорт шнура парваў” [11 , с. 109].
Пра паміраючых казалі: “Скора яму “касы сажань”, разумеючы пад гэтай даўжынёй труну. У раздзеле “Лічэнне” даслоўна прыведзены надзвычай цікавы расказ селяніна Аляксея Белага з Карчова, які быў абраны зборшчыкам падаткаў за тое, што сам па сабе рашыў даволі складаную для неадукаванага задачу “100 гусей” [11 , с. 168].
Вусны народны каляндар здаўна і беспамылкова вёўся селянінам, выяўляючы яго лёгкую арыентацыю ў складаных, непастаянных чаргаваннях свят і прысвяткаў, у прадказанні надвор’я нават на аддаленае будучае. Менавіта гэтай арыентацыі і звязаным з ёю назіранням за прыроднымі з’явамі прысвечаны наступны раздзел - “Час”. У падзеле года, як і ўсюды, селянін вылучаў 4 пары. Вясна, лічылася, настае “на Сарака” (4 сакавіка), а сапраўдная - калі салавей запяе, ды загрыміць з цёплым дажджом. Пачаткам лета паляшук называў дзень Мацвея (30 чэрвеня), восені - Другую Прачысту (8 верасня). “Справядлівая” зіма трывалая ад Піліпаўкі да Стрэчання. Дакладных межаў між 12 месяцамі селянін не ведаў, а арыентаваўся на святы: 1 - Каляды, 2 - Стрэчанне, 3 - Вялікі пост, або марац, 4 - св. Юр’я, 5 - май, 6 - Пятроўка, 7 - св. Ілля, 8 - Спасаўка, 9 - Другая Прачыста, 10 - Пакрова, 11 - Піліпаўка, 11-12 - да Раства. Неаднолькавая працягласць летняга і зімовага дня выявілася ў параўнаннях: “Доўгі, як Пятроўскі дзень”, “Кароткі, як Піліпаўскі дзень”. Вымярэнне часу ў самых розных працягласцях, неабходных для выкарыстання той ці іншай справы, таксама было трапна схоплена ў народнай гаворцы: “як волас перапаліць” (1 сек.), “як лусту хлеба з’есці”, “як схадзіць у гумно (збегаць у карчму) і вярнуцца”, “як вады з калодзезя прынесці”, “так доўга, як хлеб у печы сядзіць”, “як дзежка падыходзіць” [9 , с. 109].
Такія параўнанні часам выражалі з’яву не менш красамоўна, чым дакладныя лічбы.
Як праца, так і адпачынак палешукоў былі цесна звязаны з неабходнасцю вымярэння часу. Ч. Пяткевіч трапна заўважаў, што паляшук дзяліў яго на 12 месяцаў, надаючы ім назвы, якія падыходзяць пераважна ад гадавых святаў і пастоў Каляды (студзень), Стрэчанне (люты), Вялікі Пост альбо марц (сакавік), але калі пачынаецца і скончваецца кожны з іх - невядома. Таму для дакладнага акрэсляння часу палешукі казалі: “за тыждзень перад Благавешчаннем”, “на пяты дзень пасля Вялікага Пасту” [11 , с. 280].
У манаграфіі выдзелены раздзел, названы Ч. Пяткевічам “Веды пра псіхічнае жыццё”. Аўтар адзначыў, што па названай тэме народазнаўчая літаратура сабрала яшчэ вельмі мала звестак. “Матэрыялы ў гэтай галіне можа сабраць перш за ўсё той, хто з гэтым народам знаходзіўся амаль з дзяцінства, хто з ім зжыўся, заваяваў яго поўны давер і шчырасць, хто пранік у сферу пачуццяў і зразумеў механізм яго мыслення”, - пісаў Чэслаў Пяткевіч [11 , с. 146]. Вядома, што сам ён якраз і ўвасабляў сабою такое рэдкае шчаслівае выключэнне - і прадстаўніка народа, і яго назіральніка адначасова. Сяляне, сярод якіх ён пражыў доўгія гады, лічылі яго за свайго чалавека, бо ён жыў аднолькавым з імі жыццем, гэтаксама, як і яны, зарабляў цяжкаю працаю на хлеб. Часта вяскоўцы запрашалі яго прымаць удзел у сямейных урачыстасцях. Ч. Пяткевіч на падставе апавяданняў, пачутых з вуснаў народа, раскрывае аблічча палешука ў самых розных жыццёвых сітуацыях - вясёлых, сумных, анекдатычных. Якія сцэнкі, якія характары ажываюць на старонках кнігі. Тут паўстае этычны светапогляд палешука, выяўляецца ацэнка розных чалавечых якасцей і ўчынкаў, раскрываюцца ўяўленні пра благое і добрае. Гэты раздзел - як разгорнуты тлумачальны слоўнік, дзе побач з азначэннем пэўнага абстрактнага паняцця, дзеяслова, прыметніка ва ўсёй мнагазначнасці іх выкарыстання ў розных кантэкстах прыведзены ілюстрацыі з жывой народнай гаворкі, якія падаюцца ці ў форме дыялога, ці прыказкамі, ці цэлымі апавяданнямі, ці песнымі. Вось, напрыклад, тлумачэнне паняцця “роскаш”: “то… ж як да чалавека: адзін даволіцца добра наеўшыся і напіўшыся дап’яна, другі кажа, што яму вялікая роскаш з жонкаю спаць, а найбольшая спаць, то спаць з жонкаю, да яшчэ чужою”. Слова “нудна” суправаджаецца тэкстам пра тое, як Апанас, пакінуўшы валы на пашы, пайшоў па гарэлку, а вяртаючыся,
Да й стаяў цэлы дзень.
“Нуда, дае Ч. Пяткевіч народнае тлумачэнне, - йшчэ не бяда, абы не горшае ліха”. Дэманструе збіральнік багацце народнай мовы на прыкладзе: “падобны”, “абодва браты схожыя сабою”, калі сын падобны да бацькі, то “ўдаўся ў бацька” і “крошкі бацькавы падабраў”, “пайшоў па бацьку”, “дачка ўдалася ў матку”; “у яго акурат кажух такі самы, як у мяне”. Альбо іншы набор блізказначных выразаў: “спужаўся, што аж валоссе дыбам стала”, “аж чупрына з’ежылася”, “са страху так валасы пруцянеюць, што аж шапка сама падымаецца ўгору”, “шапка на галаве расце”, “спужаешся, то так табе зараз па спіне і пойдзе мароз”. Здаецца, што народнае слова не ведае межаў у вобразнай выразнасці і таго ж паняцця: “галаву замарочыла”, “глузды памяшаліся”, “памаркі закруціліся”, галава чыста здурнела”, “забаранела”, “абалванела”, “стаў суздром бязглуздым…” [11 , с. 265].
У гэтым раздзеле багата сустракаецца анекдотаў, жартаў-параўнанняў, прыказак і загадак, скіраваных на раскрыццё самых розных псіхічных станаў і чалавечых адносін: “Не будзь вельмі цікавы, бо скора барада вырасце”, “За ліха ціха, а за добрае - не чуваць”, “Мужык у лесе не злодзей,- то дома не хазяін”, “Уздумала баба думу за дзевіч вечар, да й заплакала”, “Які ты шляхціч? Як бы адкапаў твайго дзеда, то да й жа яшчэ і лапці не пагнілі”, “Калі не дасць Бог за шчасце, то дасць за працу”, “Ведаў Бог, што не даў свінні рог”. Многія з выказванняў, здараецца, падзапраўлены саланаватым народным гумарам (асабліва адчуваецца ў творах, дзе вядзецца гаворка пра паноў). Аднак зусім брыдкім, непрыстойным выразам давалася ў народзе адмоўная ацэнка: “Сказана такое слаўцэ, што гадка шчэпкамі ўзяць” [11 , с. 135].
Вельмі добра апісаў у сваіх работах духоўную культуру беларусаў А. К. Сержпутоўскі. Ён разглядаў чалавека і яго жыццё, звычаі, установы на працягу года, гаданні моладзі на Каляды, парады і перасцярогі, раджанне, хрысціны, гадоўлю дзяцей, жыццё моладзі, сватанне, вяселле, лекі ад ўсякіх хвароб, смерць, хаванне і памінкі, бога і святых, духаў, істот у постаці людзей, хваробы ў постаці людзей, тлумачэнні сноў. Аўтар знаёміць з чарадзейнымі і сацыяльна-бытавымі казакамі, вуснымі апавяданнямі, небыліцамі і легендамі жыхароў Палесся. Разам з тым не вельмі шмат увагі А. К. Сержпутоўскі звяртаў на: музыку і танцы, рэлігійнае жыццё палешукоў.