Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Октября 2012 в 19:52, контрольная работа
Паводле этнаграфічнага прынцыпу на тэрыторыі Беларускага Палесся вылучаюць раёны Усходняга і Заходняга Палесся. Усходняе Палессе займае вялікую тэрыторыю Палескай нізіны; на ўсходзе мяжуе з Падняпроўем (па ніжняй Бярэзіне і правабярэжжы Дняпра), на поўначы - з Цэнтральнай Беларусю (па лініі Парычы - Любань - Старобін - Чудзін - больш на поўнач ад Ганцавіч), на захадзе - з Заходнім Палессем (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўночная мяжа рэгіёна дакладна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца разворанымі і даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтральнай Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў.
Уводзіны……………………………………………..………........……..3
1 Гістарыяграфія і крыніцы……………………………...……..…..…..6
2 Матэрыяльная культура беларусаў Палесся ў працах А. Сержпутоўскага і Ч. Пяткевіча…………………………………....…...14
3 Вывучэнне А. Сержпутоўскім і Ч. Пяткевічам духоўнай культуры палешукоў…………………………………………………………….….29
Заключэнне……………………………………………….……...…....…56
Спіс выкарыстанных крыніц…………………………………..…..........58
У жыцці беларуса-палешука вялікае месца займала хатняя жывёла. “Гаспадар без жывёліны не гаспадар, а пустога хлява затычка”, - гаворыць народная мудрасць [45, с. 26]. Існавала шмат спосабаў аховы ад ведзьмакоў, якія “наганялі на жывёлу порчу” [46, с. 33]. Часта ў ролі лекара выступала бабка-шаптуха, якая над хворай жывёлінай “пашэпча-пашэпча, тры разы плюне, сілком увалье ў горла сырое яйка, абалье халоднай вадой і тройчы стукне па крупу жывёліны” [47, с. 28].
I ўсё ж часцей сяляне карысталіся сродкамі народнай медыцыны, набытым у гэтай галіне вопытам. Так, калі на сасках у каровы з'яўляліся трэшчыны, іх змазвалі маслам або барсуковым тлушчам. Потнаму каню не давалі халоднай вады, яго не ставілі на халодным ветры. Такія веды падрывалі веру ў магію, у сілу знахароў, шаптух.
3 вялікай павагай адносіўся селянін да хлеба, лічыў грахом кідаць яго на зямлю, пакідаць пасля абеду кавалкі на стале. Хлебную дзяжу рэкамендавалася рабіць уперамежку з дубовых і кляновых клёпак. У такім посудзе цеста добра выспявала і хлеб атрымліваўся пахучым і смачным. У новую дзяжу вопытныя гаспадыні раілі класцi кавалачак цеста са старога посуду. У такім выпадку цеста будзе хутка закісаць. У той жа час народная мудрасць перасцерагала заліваць у новую дзяжу кіпень, бо цеста не будзе добра падыходзіць і хлеб атрымаецца нясмачным [48, с. 62].
Усе гэтыя ахоўныя меры ажыццяўляліся з дапамогай магіі, якая мела шырокае распаўсюджанне ў палескай частцы Беларусі. Каб уберагчы жывёлу ад хваробы, рэкамендавалася непрыкметна пранесці ў царкву ў час службы маленькае парася або цяля. Перад продажам каровы не рэкамендавалася даіць яе, здымаць з яе вяроўку, а перад продажам каня здымаць з яго аброць. Апошнія рэкамендацыі мелі і чыста практычны сэнс. У выдаенай каровы змяншаецца вымя, і пакупнік мог падумаць, што карова дае мала малака. Вяроўкі або аброці магло не быць у новага гаспадара, а без яе як завесці дамоў жывёлу? Да таго ж пах чужой вяроўкі, збруі мог напалохаць яе.
Народныя прыкметы, назіранні, якія датычыліся земляробчага календара, замацоўваліся ў свядомасці людзей, афармляючыся часам у закончаныя вуснапаэтычныя мініяцюры. Ч. Пяткевіч прыводзіць прыклады такіх назіранняў: “Да Юр’я сена павінна хваціць і ў дурня”, “Як мая (клён, пастаўлены на Тройцу пры хатах) пасохне на Тройцу, то і сена будзе сохнуць”, “Як на Стрэчанне мяцеліца, то і застаронкі (вуглавая частка стадолы) павымятаеш (г. зн. зіма будзе доўгатрывалая)” [49 , с. 159]. Паказаў Пяткевіч і народныя спробы лячэння хвароб, як сапраўдныя, так і ўяўныя. Вядома, што ў народную медыцыну часта падмешваліся забабоны, і акрамя ратавання раслінамі існавала шмат замоў на самыя розныя выпадкі жыцця. Пяткевіч пераказаў замовы ад крыві (“Ішла Саламання Хрыста бабіць, несла ў прыполе ячмень сеяць. Пакуль еты ячмень з-пад серабра і золата ўзойдзе, так етая кроў не пойдзе”), ад зубоў (“Маладзік малады, у цябе рог залаты: чарвяк точыць мае зубы, а ты патачы чарвяку губы!”), ад звіху (“Ехаў цар Давыд на белай кабылцы з Богам ваяваць. Стой, цар Давыд, не едзь з богам ваяваць, а будзь сведам араць! А ты, звіх, не будзь ліх, касцей не ламі, сэрца не тужы, жывата не сушы!”, пры гэтым трэба было тройчы дзьмухнуць у вывіхнутае месца), на згубленую жывёліну [50 , с. 214]. У аснову звестак раздзела “Гігіена” пакладзены раней надрукаваны артыкул “Гігіена ў жыцці палешукоў”. Гэтая тэма асветлена аўтарам з выкарыстаннем прыказак, жартаўлівых выразаў, загадак [51 , с. 167]. Блізкая да пытанняў гігіены тэма лячэння людзей і жывёл ад розных захворванняў. Народная медыцына, заснаваная на веданні гаючых уласцівасцей раслін, з’яўлялася асноўным лекавым сродкам, які дазваляў палешуку збавіцца ад хвароб. адначасова з прыроднай аптэкай, якою шчодра надзелены палескі край, селянін нярэдка карыстаўся паслугамі шаптух. “Лячэнне” замовамі, шэптамі існавала паўсюдна, і вера ў іх была надзвычай вялікая. Гэтаму садзейнічала цяжкадаступнасць і нізкі па тым часе і ў тых умовах узровень афіцыйнай медыцыны. Зразумела, што калі замовы і давалі эфект, то не дзякуючы магчымасці слова, а, кажучы сенняшняй тэрміналогіяй, яны ў вуснах іх носьбітаў аказвалі нярэдка на хворага моцнае псіхатэрапеўтычнае ўздзеянне. Аднак калі глянуць непасрэдна на тэксты замоў, пакінуўшых убаку ўласна медыцынскі аспект, то нельга не падзівіцца паэтычнасці іх зместу, не ўразіцца шырокаму рэпертуару замоў, якія маглі быць выкарыстаны пры любым захворванні або пры любой жыццёвай сітуацыі. Ч. Пяткевіч прыводзіць замовы ад лішая, ад зубоў, ад змяі, ад суроку, ад чарвей (апошняя наканавана для хатняй жывёлы). Некаторыя замовы вельмі лаканічныя (“Дабрыдзень, лішай, ідзі свінням памяшай”), некаторыя гучалі як праклён (“Соль у вочы, галаўня, альбо галуза ў зубы”), а іншыя мелі развіты сюжэт, выразную паэтыку (“У полі стаіць кіёк - шлюб Хрыстоў, да таго кія прылятае змяя - я тую змяю на сабе бяру. Прыбывайце да мяне: Рабушкі, Чарнушкі, Палушкі, Макушкі, Палавушкі і ўсякі гад, а я вас заклінаю, праклінаю кроўю Хрыста. Амін”) [52 , с. 435]. Словы замоў знахар суправаджаў пэўнымі дзеяннямі, якія таксама падмацоўвалі магічны сэнс усяго акта лячэння: загаворваючы лішай, пасліненым пальцам абводзілі больку, у выпадку са змяіным укусам знахар з непачатага бохана хлеба адразаў тры ці болей лусты, адначасова вымаўляючы закляцце да кожнай з іх асобна. Здаралася, пасля прачытання замовы трэба было ісці з таго месца не азіраючыся. Сродкі “паратунку” існавалі самастойна, незалежна ад загавораў. Напрыклад, ад таго ж змяінага ўкусу раілі прыкласці да раны жабу, каб яна высмактала яд, або забіць змяю, якая ўкусіла, і памазаць ёю рану. Некаторыя хваробы, ад якіх чалавек пакутваў не пастаянна, а толькі час адчасу, не выклікалі сур’ёзнай заклапочанасці палешука. Так, лічылася, што ад малярыі (хіндзі) ніхто звычайна не памірае, гэта пацвярджаў народны досціп: “Хто ад малярыі памрэ, таму лапцямі звоняць” [53 , с. 65]. Зрэдку Ч. Пяткевіч даваў на пэўныя лексічныя пазіцыі, вылучаныя альбо прапушчаныя М. Федароўскім, прыклады, чутыя ім на Палессі і якія не мелі блізкіх аналагаў у “Людзе беларускім”: “З аднаго яйца яечні не будзе”, “Яйцо курыцу не вучыць”, “Камар не кабан, яго і без доўбні ўб’еш”, “Масцер з Міра, дзе цюкне - там дзіра”, “Жыўшы ў лесе, дроў не купляць”, “Хто аддае ніўцы, што яна родзіць, той да суседа за хлебам не ходзіць”, “Ласкаю панскаю далека не заедзеш”. Вось яшчэ дапаўненні ўкладальніка: “На палессі кажуць: “Так харашэ, што хоць стой да глядзі, хоць плюнь і ідзі”. Шляхта ў такіх выпадках (пра некага) гаворыць: “Татка (альбо такі) ладна, жэ хоць у рамкі аправіць і на сметнік выкінуць”. Усяго, як было сказана вышэй, каля 200 пазіцый давялося ўзбагаціць Чэславу Пяткевічу ў 4 томе “Люду беларускага” [53, с. 68].
У кнiзе А. К. Сержпутоўскага “Русальная нядзеля” змешчаны своеасаблівы каляндар гадавога сельскагаспадарчага цыклу, адлік якога ідзе ад старажытных рэлігійных свят. У многіх матэрыялах даюцца апісанні свят, прыводзяцца назіранні над прыроднымі з'явамі, рытуаламі. Трывалая рытуальная аснова ўласцiва тром цыклам палескага календара - зiмоваму, веснавому, летняму. Вось што распавядаў чудзінскі мудрэц Бохмат пра грамніцы: “...вясна лічыцца з Грамніц, бо ж кажуць, што на Грамніцы да абеда зіма, а пасля абеда вясна. Яшчэ кажуць, што на Грамніцы курыца з лужы нап'ецца, бо ўжо павінна цекці з капяжу” [54, с. 8]. А раз прыйшла вясна, трэба рыхтавацца да палявых работ. У такія дні ў вёсках “хто ладзіць саху або барану, хто робіць драбінкі, парадзіць колы, хто дзяўбе човен або чайку, хто абрабляе сахор ці крук на гной, хто чэша заступ або ладзіць матыку. Бабы хутчэй ставяць кросны ды ткуць палатно, каб барзджэй заліць да бяліць іх, як заблішчыць гарачае вясеннее сонейка. Так праходзіць аж да Саракоў” [55, с. 335].
Далей ідзе апісанне вясенняга свята Саракі, пра якое сёння мала хто ведае, акрамя старых людзей ды фалькларыстаў. “Саракі, як вядома, бываюць 9 сакавіка. Гэта ўжо саўсім вясна, бо ўжэ прылятае з выр'я жаваранак. На Саракі пякуць галушкі з прэснага, а часам і з кіслага цеста. Гэта жаваранкі. Ядуць іх з сытою з мёду, бо гэто посны дзень”[56, с. 223].
Беларускія каляндарныя святы мелі ярка выяўленую аграрную аснову. Не думкі пра Бога, Багародзіцу або святых, а хлеб надзённы - асноўны клопат селяніна нават у святочныя дні. Свята Грамніцы цікавіць яго з практычнага пункту гледжання, па гэтым дні ён мяркуе, якімі будуць вясна, лета. I нават забабонная грамнічная свечка павінна захаваць пасевы ад навальніцы і граду [57, с. 210]. Многія запісы А. К. Сержпутоўскага сведчаць аб тым, што беларускія сяляне высока цанілі такія рысы характару, як гасціннасць, таварыскасць, добрасуседства. Лічылася непрыстойным праехаць міма хаты сябра і не зайсці да яго павітацца. Тады ў дарозе магла адбыцца нейкая непрыемнасць. Калі дрэнна прыняць сябра, можна наклікаць гнеў Бога, які абавязкова пакарае вінаватага. Асабліва гэта магло адбіцца на гаспадарцы [52, с. 234]. У працах А. К. Сержпутоўскага змешчаны своеасаблівы каляндар гадавога сельскагаспадарчага цыклу, адлік якога ідзе ад старажытных рэлігійных свят. У многіх матэрыялах даюцца апісанні свят, прыводзяцца назіранні над прыроднымі з'явамі, рытуаламі. Народныя прыкметы, назіранні, якія датычыліся земляробчага календара, апісаны і ў працы Ч. Пяткевіча “Рэчыцкае Палессе”.
Меркаванні аб самых разнастайных з'явах жыцця людзей змешчаны ў раздзелах зборніка А. К. Сержпутоўскага: “Сватаўство”, ”Вяселле”, “Цяжарнасць”, “Роды”, “Хрэсьбіны”, “Выхаванне падлеткаў і іх жыццё”, “Жыццё моладзі”.
Шмат весялосці, маладога імпэту выклікала гаданне на Каляды. Вось як апісвае гэта А. К. Сержпутоўскі. На посную куццю пасля вячэры дзяўчаты беглі на дрывотню, набіралі па ахапку дроў і неслі іх у хату. Калі пры падліку паленняў у нейкай прыгажуні аказвалася цотная колькасць, лічылася, што яна хутка выйдзе замуж [58, с. 217].
Існавалі і іншыя спосабы гадання. Дзяўчаты падбягалі да штыкетніка і стараліся абхапіць абедзьвюма рукамі як мага болыш калкоў. Цотная іх колькасць таксама абяцала хуткае вяселле [59, с. 129].
Каб даведацца, дзе жыве суджаны, дзяўчаты пасля вячэры станавіліся на сметнік і чакалі, з якога боку пачуецца сабачы брэх. Калі ж сабакі ў гэты вечар не падавалі голас, лічылася, што нявесты застануцца ў дзеўках ці выйдуць замуж за ўдаўцоў.
На багатую куццю перад Новым годам (у народзе называлі Шчадрацом) дзяўчаты і хлопцы гадалі аб сваіх суджаных. Дзяўчаты выцягвалі са страхі саломінкі. Чым даўжэйшай аказвалася саломінка, тым хутчэй прыгажуня павінна была знайсці сабе жаніха. Калі колас на саломінцы быў неабмалочаным, гэта азначала, што мужам дзяўчыны будзе юнак з багатай сям'і. Выцягнуць саломінку без каласка — выйсці замуж за бедняка або ўдаўца [60, с. 31].
“Хата сям'ёй славіцца, мужам і жонкай правіцца”, - гаварылі палешукі [6, с. 219]. Можа, таму столькі месца ў запісах зборніка А. К. Сержпутоўскага адведзена праблеме стварэння сям'і, выхаванню дзяцей, павазе да бацькоў, старэйшых. Моцная сям'я, сцэментаваная любоўю мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, дапамагала выжыць людзям Беларусі, захаваць у чысціні і непарушнасці высокія ідэалы чалавечнасці, заснаваныя на вопыце, традыцыях, рытуалах, выпрацаваных народам. У некаторых вёсках на вяселлi маладых абсыпаюць зернем, б'юць посуд… на шчасце [60, с. 168].
Усё, што суправаджала перадвясельны і вясельны абрады, - гэта фон, не пазбаўлены рамантыкі, народнай фантазіі, іскрыстага гумару. Асабліва праяўлялася гэта ў рытуале сватання. Як правіла, свата і сваццю блізкія маладога падбіралі з ліку больш паважаных людзей, якія разумелі жарт, гумар, ведалі псіхалогію чалавека, народныя звычаі і традыцыі. Яны былі своеасаблівымі рэжысёрамі адказнага спектакля, у якім задзейнічаны дзесяткі, а то і сотні людзей. Ад умення сватоў весці перадвясельны і вясельны рэй часта залежыў нават лёс маладых людзей. Вось як апісвае А. К. Сержпутоўскі рытуал сватання на Беларускім Палессі: “Пераступіўшы парог хаты, сваты павінны былі хутчэй садзіцца за стол, каб дзяўчына не перадумала выйсці замуж. Нявеста, заўважыўшы сватоў, выбягала з хаты або не выходзіла са свайго пакою. Гэта азначала, што жаніх не падабаецца ёй. Сваты ні з чым пакідалі хату. Праўда, у асобных вёсках дзяўчына выбягала пры сватах з хаты, калі збіралася даць згоду на шлюб” [53, с. 121].
Накіроўваючыся ў дом нявесты, сват падпярэзваўся скручаным з саломы путам, “каб хутчэй скруціць князя і княгіню” [53, с. 78]. Ролю галоўнага свата ва ўсходнеславянскiм вяселлi выконвае родзiч альбо сваяк маладога i амаль нiколi - родны бацька. Калі ж дзяўчына адмаўляла сватам жаніха, тыя разрывалі пута і раскідалі яго паабапал дарогі, каб жаніх забыў пра тую дзяўчыну і не тужыў аб ёй [61, с. 342].
Народны звычай не рэкамендаваў бацькам даваць згоду сватам на шлюб дачкі з першага разу, бо “маладыя будуць вельмі няшчасныя ды і людзі засмяюць, што дзяўчыну з хаты збыць імкнуцца” [20, с. 311]. У такім разе бацькі гаварылі сватам, што дачка яшчэ маладая, што ёй пасаг не падрыхтавалі, але казалі так, каб сваты зразумелі іх хітрасць і завіталі ў другі раз.
Сваты ніколі адразу не гаварылі гаспадарам, чаго прыйшлі, а вялі размову на розныя тэмы і, толькі зразумеўшы, што ім у хаце рады, выкладвалі сутнасць справы. Традыцыйна ва ўсходнеславянскiм комплексе сватанне адбывалася без папярэднiх наведванняў сям'i нявесты. Пры згодзе бацькоў і дачкі сват даставаў пляшку гарэлкі. Гаспадары накрывалі стол. Апошнія кроплі з пляшкі сват выліваў на сцяну, каб маладыя мелі дастатак, каб у іх хаце “пілося і елася”. У сваю чаргу дзяўчына на запоінах сыпала ў пляшку з віном жытняе зерне, “каб быў добры ўраджай і ўсе прысутныя былі багатымі” [20, с. 313].
3 абрадам сватання ў беларусаў былі звязаны многія прымхі, забабоны, якія на самай справе не мелі навуковага абгрунтавання. Так, напрыклад, лічылі, што, калі ў час знаходжання ў хаце сватоў нешта разаб'ецца, - сватанне не адбудзецца.Такі ж вынік чакаўся і тады, калі нехта са сватоў спатыкаўся на дарозе, або на іх па дарозе накінуліся сабакі.
Вяселле - гэта пераходны этап ад бесклапотнай маладосці да сталасці, выхавання дзяцей, старасці. Таму падрыхтоўка да яго займала вялікае месца ў абрадавай паэзіі беларусаў. У вёсцы Лучыцы Мазырскага павета (зараз Петрыкаўскі раён), паводле запісаў А. К. Сержпутоўскага, вяселле працягвалася па 4-5 дзён, пачынаючы з пятніцы. Запеўкай да вяселля служылі сватанне, выпечка караваю. Зусiм выключнае месца ў вясельнай паэзii Палесся займаюць каравайныя песнi, якiя садзейнiчаюць фармiраванню рэалiзацыi абраду [62, с. 116]. Пяклі яго ў хатах маладога і маладой. Гэта рабілася так. Самая блізкая таварышка (сяброўка) маладой тры разы прыносіла з крыніцы ваду, тры разы засыпала ў дзяжу муку, трое дзяўчат па чарзе мясілі цеста. Накрывалі дзяжу трыма кажухамі. Калі садзілі ў печ каравай - тройчы правяралі, ці няма каго ў доме чужога. Калі даставалі яго - тройчы жартам білі лапатай па галаве. Усё гэта рабілася для таго, каб муж, жонка і дзеці заўсёды былі разам [20, с. 187].
Выпечка Караваю суправаджалася рознымі прымхамі. Калі ў дзень яго прыгатавання свяціла яркае сонца лічылася, што жыццё маладых будзе шчаслівае, калі каравай патрэскаецца - маладыя разыдуцца або нехта з іх хутка памрэ. Цеста на каравай трэба было рабіць густым, каб маладыя жылі ў дастатку [2, с. 84].
Цікавы рытуал розных магічных дзеянняў суправаджаў выезд маладога па маладую, паездку ў царкву на вянчанне, вяртанне ў дом маладой, дзе іх чакалі госці. Рыхтуючыся да вянчання, малады клаў у боты медныя або срэбныя манеты, каб было заможным жыццё. Маладая насыпала запазуху льнянога семя, каб непрыкметна высыпаць яго ў царкве на падлогу. Рабілася гэта для аблягчэння будучых родаў [49, с. 162]. Каб ніякі ліхі чалавек не напусціў порчу на маладую, ёй раілі на працягу вяселля насіць пад вопраткай галоўку часнаку ці цыбулі.
Многае залежыла ў лёсе маладых і ад коней, на якіх іх павязуць у царкву. Калі ў час вянчання яны стаяць ціха, то і жыццё маладых будзе цiхім, зладным, а калі коні будуць біць нагамі, паводзіць сябе нервозна, то і маладыя будуць сварыцца або нават разыдуцца [2, с. 166].
Няшчасцем магла абярнуцца, згодна прымхам, сустрэча вясельнага картэжу з пахавальнай працэсіяй, праезд па дарозе каля могілак. Асцерагаліся чалавека, які пераходзіў дарогу маладым, калі яны ехалі вянчацца. Каб пазбегнуць позіркаў зайздросных людзей, іх чараў, бацькі, сябры маладых перад тым, як яны выедуць вянчацца, запальвалі перад канем куль саломы, каб павозка праехала праз ачышчальны агонь [33, с. 218].
Важнае значэнне надавалася “Паводзінам” свечак, якія пры вянчанні былі ў руках у маладых: па іх гадалі, якiм будзе жыццё новай сям'і: чыя свечка больш працягла гарыць - той болыш пражыве, у каго свечка плавіцца - той недаўгавечны. Калі свечка трашчыць, то жыццё пройдзе ў калатні, калі гарыць цьмяна - такім будзе і жыццё [33, с. 220].
Знаёмства з матэрыяламі зборніка А. К. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” дае ўяўленне аб светапоглядзе беларусаў-палешукоў, дазваляе раскрыць творчую ролю народа ў стварэнні духоўных каштоўнасцей. Запісаныя з вуснаў такіх народных казачнікаў, як Рэдкі, Лёбедзік, Круглік, Бохмат, Кулеш, Савіцкі, творы ўражваюць сваёй адшліфаванасцю, вобразнасцю. У кнізе называюцца прозвішчы Паўлюка Рэпчыка, Ганны Бурба, Паўліны Цундрыкавай з в. Гаўрыльчыцы, Паўлюка Крумкача з в. Барок, Ганны Бохмат, Матруны Гаравых, Рыпіны Гаравых, Купрэя Гаравых, Матруны Саўкавай з в. Чудзін, Палашкі Гурлавай з в. Замагілле, Кузьмы Галыша, Сямёна Кручка, Сёмкі Юрчына з в. Колкі, Паўлюка Саўчыка з в. Зажэвічы, Грышкі Бондара, Рыпіны Бортнікавай з в. Бучча, Рамана Канцавога, Сёмкі Галузы з в. Вёска і інш. Асабліва багаты і самабытны рэпертуар назіраецца ў Сёмкі Галузы, Матруны Саўкавай, Паўлюка Саўчыка.
Здараецца, што замест прозвішча інфарматара ўказваецца толькі назва вёскі. У канцы твора падчас напісана слова “ўсюды”, што сведчыць пра пашырэнне пэўнага звычаю, прымхаў, забабонаў на шэраг населеных пунктаў.
Праўдзівасць паданняў, легенд расказчык часта пацвярджае такімі словамі: “У нас лічаць”, “Што вы ні кажыце, а я сам добра чуў, як пішчала нячыстая сіла”, “Гэта недалёка было, у суседнім сяле”. Своеасаблівым мастацкім прыёмам казачніка з'яўляецца спроба заручыцца падтрымкай слухача, уцягнуць яго ў размову: “Можа, ведаеце - у нас рэчка невялічкая, ды праходу не дае...” [63, с. 111].