Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Декабря 2013 в 23:23, реферат
Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 г. ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Брэсцкае вобласці ў сям'і служачых. Бацька, Сцяпан Разанаў (1910–1986), паходзіў з вёскі. Вялікая Ржакса (Тамбоўская вобласьць), прыехаў з геадэзічнай экспэдыцыяй ў Беларусь, дзе і застала яго вайна. У 1942 схоплены фашыстамі і вывезены ў Нямеччыну, дзе працаваў на заводзе, знаходзіўся ў канцлагерах Заксенхаўзен і Маўтхаўзен, з якога ў 1945 вызвалены савецкай арміяй. Вярнуўся да сям'і на Брэстчыну і застаўся жыць у вёсцы Сялец. Маці, Надзея, працавала мэдсястрой, фэльчарам-акушэркай, пазней – у бальніцы ў вёсцы Сялец, цяпер на пэнсіі.
хто – дарогу на захад...
Нібы раздарожжа, я паказваю ўсім, куды ісці,
а сам застаюся на месцы –
на гэтай зямлі, пад гэтым небам –
занадта лёгкі для глыбіні,
занадта цяжкі для вышыні,
занадта цэласны, каб падавацца ў які-небудзь бок...
Вось мая левая рука, вось – правая...
Я кладу зерне ў дол – і яно вырастае ў дрэва:
на адной галіне ў яго сонца,
на другой – месяц,
рознагалосыя птушкі з усіх канцоў свету
спяваюць на ім свае песні і ладзяць гнёзды...
Тут мой захад і тут – усход.
Аналіз твораў Разанава
Першая кніга паэта
выявіла не толькі асаблівасці творчага
пісьма Разанава, але і яго мастацкія
прыярытэты, якія знайшлі сваё выяўленне
ў пошукавым, наватарскім характары
яго творчасці, якая заўсёды імкнулася
выйсці за кола норм і агульнапрынятых
ісцін.
Я маю права
ўсё закрэсліць
і потым
нанава пачаць, —
адзначыў сваё крэда малады пісьменнік,
і час паказаў, што ён цалкам скарыстаў
сваё права на пошук, эксперымент. Хоць
тыя дваццаць пяць вершаў, што склалі кнігу
«Адраджэнне», былі, па сутнасці, вельмі
сугучны рамантычнаму светаадчуванню
тагачаснага маладога пакалення, творчасць
А. Разанава ўражвала сваёй памкнёнасцю
і дзёрзкасцю, той апантанасцю, з якой
паэт услаўляў подзвіг, дзеянне, рух.
Калі ўсе згублены ключы,
калі — ні шанца,
анічога,
усё ж ідзі,
любі,
крычы
і пасягай на перамогу.
У 1974 г. выходзіць кніга
«Назаўжды», куды ўвайшлі вершы, пункціры
і паэма з аднайменнай назвай.
Вершы зборніка ў многім нагадвалі
творы першай кнігі паэта сваёй
рамантычнай накіраванасцю, узнёсласцю
думкі, апантанасцю дзейснымі ўчынкамі
і гераічнымі постацямі. «Паўстань,
распніся, уваскрэсні і немагчымае
зрабі!» — гэтым разанаўскім
радком можна акрэсліць агульны
пафас кнігі, вершы якой адрозніваліся
ад ранейшых хіба што больш глыбокім,
а іншым разам і трагічным
поглядам на рэчаіснасць. Асабліва бачна
гэта ў творах гістарычнай тэматыкі
(«Рагнеда», «Балада прыкметы», «Арышт
Кастуся Каліноўскага», «Балада
пратэсту»), дзе рэаліі мінулага ажыўлены
тонкімі, псіхалагічна-дакладнымі назіраннямі
паэта-сучасніка.
Драматычнае адчуванне мясцовага, роднага,
якое з'яўляецца адным з важнейшых матываў
усёй беларускай літаратуры, яскрава выявілася
ў вершы А. Разанава «Радзіма...»:
Радзіма, да цябе з мальбой
і нараканнем
не скрануся.
Я ў весялосці не з табой,
з табой у роздуме і ў скрусе.
Ты не ўмяшчаешся ў куток,
дзе трызніць Буг, дзе Белавежа...
Твае не вызначыць мне межы
і не намацаць твой выток.
У свет балючы дабяла,
у снежны свет, мае усходы
ідуць: там ты... там ты была!..
Ты ўся наводдалі заўсёды.
Унутранае напружанне радка, скандэнсаванасць
паэтычнай думкі, схільнасць да асацыятыўна-вобразнага
пісьма і адцягненафіласофская змястоўнасць
верша — гэтыя прыналежныя рысы разанаўскай
творчасці ранейшай пары асабліва ярка
выяўляюцца ў пункцірах — невялікіх (ад
трох да сямі-васьмі радкоў) паэтычных
мініяцюрах, у аснову якіх звычайна кладзецца
толькі адна думка, назіранне, вобраз.
Пункціры перадаюць жыццё не шырокім мазком
жывапісца, а перарывістай лініяй графіка.
Лагічна большасць з іх пабудавана на
парадоксе.
Не вернецца воін,
вандроўнік не вернецца,
вернецца сейбіт...
Заўсёды
вяртаецца сейбіт.
Паэма «Назаўжды» складаецца з такіх жа
паэтычна-філасофскіх мініяцюр, вершаваных
і празаічных, аб'яднаных скразным вобразам
Крэпасці.
Паэма і пункціры кнігі «Назаўжды» прадстаўлялі
якасна новы ўзровень асваення свету,
які выходзіць за кола рэчыўнай рэальнасці
і распаўсюджваецца на сферу ідэй, пашыраючы
абсягі быцця.
Найбольш шырока гэты новы
вобраз свету быў прадстаўлены ў
кнізе «Каардынаты быцця» (1976), якую
склалі чатырнаццаць паэм А. Разанава.
Крытыка не вельмі прыхільна сустрэла
гэту кнігу, пабачыўшы ў ёй вірус
заходняга мадэрнізму, з якім аб'ядноўвала
творчасць Разанава не толькі раскаванасць
паэтычнага стылю і цяга да асацыятыўна-вобразнага
пісьма. Агульнай была сама адмова ад прынцыпу
адлюстравання і замена яго прынцыпам
стварэння новай рэальнасці.
Запісаныя на вадзе,
на воблаках спадарожных,
на вольным дыме, на кветках,
гайдаюцца і жывуць
нашы метапытанні
і нашы метаадказы,
абняўшыя, быццам дужкі,
сабою ўсю рэчаіснасць,
якая заўсёды з намі,
што азначае — аднойчы... —
такім бачыцца паэту свет у «Паэме святла».
Прычыны звароту Разанава да новай
рэальнасці ці, дакладней метарэальнасці,
нельга зводзіць да канфлікту творчай
асобы і грамадства, успрымаць
гэты зварот толькі як прысуд рэальнай
рэчаіснасці. Пошукі іншабыцця звязаны
з асаблівасцямі чалавечай
Шукальнікам новых абсягаў чалавечага
ведання прысвечана разанаўская «Паэма
калодзежа», дзе паэт звяртаецца да старажытнага
міфа пра Ікара і Дзядала. Аднак паэт значна
адыходзіць ад зместу антычнага твора
— тое, што адбываецца з яго Ікарам, не
выпадковасць і не вынік юначай лёгкадумнасці.
На вачах разгубленага бацькі Ікар узнімаецца
ў неба, якое сімвалізуе для яго волю, незалежнасць
духу.
Зварот да міфа становіцца для паэта сродкам
адлюстравання думак сучасніка, які, як
разанаўскі Ікар, фармулюе сваё крэда
так: «Я не ўмею па абавязку жыць і паміраць,
адзіны абавязак мой — па праўдзе...» У
«Паэме калодзежа» герой бачыць дзівосны
сон — быццам ён хоча ляцець, а неба няма,
ёсць толькі каменная зямля, у якую ён
павінен падняцца. Праблему вырашае Дзядал,
які дае Ікару рыдлёўку:
Бяры, капай...
і я зямлю капаю
усё глыбей, усё больш неспатольна
і сам знікаю ў глыбіні зямной...
А зверху б'ецца цяжкі крок Дзядала,
навошта ты мінуў крынічны пласт?!
Калодзеж мае быць куды плытчэйшы...
А мне здавалася: я пушчаны ляцець...
Затое ўжо цяпер не абуджуся
I гэты сон не дамся абарваць:
зямля — уменню, неба — над зямлёю...
Даруй, Дзядал, я долі не змяню —
занадта доўга жыў я нерухома,
занадта палка марыў ні аб чым,
каб зараз на сярэдзіне ўтрымацца...
«Паэма калодзежа» дае ўзор гарманічнага
яднання інтэлектуальна-філасофскага
і сацыяльна-публіцыстычнага накірунку
ў паэзіі А. Разанава. Пэўная абстрагаванасць
паэтычных мадэлей свету, прадстаўленых
у паэмах, скандэнсаванасць філасофскага
зместу і афарыстычнасць выказвання спалучаюцца
ў творах гэтага пісьменіка з канкрэтна-гістарычнай
праблематыкай.
Каардынаты нацыянальнага быцця — геаграфічныя,
гістарычныя, дэмаграфічныя, — на думку
Разанава, павінны заўсёды дапаўняцца
каардынатай красы, да якой «маюць доступ
не прахадныя і падстаўныя «цяперцы»,
а захавальнікі вечнасці — мастак ды музыка».
Разанаўская «Паэма вяхі», прысвечаная
Максіму Багдановічу, — роздум над з'явай
красы, якая выяўляецца паэтам як спажытак
для душы.
Паэма складаецца з пяці верлібраў, тры
з якіх уяўляюць сабой размову аўтара
з Багдановічам, перад тым як яго не стала,
два — расказваюць пра пакуты народа,
які пайшоў шукаць лепшай долі і страціў
Радзіму. Такім чынам, у «Паэме вяхі» ўзнікаюць
дзве асобныя лініі, якія аб'ядноўваюць
вобраз Музыкі. Гэты вобраз, з аднаго боку,
сімвалічна-ўмоўны, з другога — біяграфічны,
які адлюстроўвае асобныя рысы характару
паэта, нагадвае рэальную канву яго жыцця.
У «Паэме вяхі» мы сустракаем не проста
два асобныя сюжэты — у ёй суіснуюць дзве
формы часу: час гістарычна-канкрэтны,
калі памірае ад хваробы Багдановіч, і
час міфалагічны, калі памірае Музыка,
каб спыніць народ, што пакінуў Радзіму
ў пошуках шчасця. Гэтыя дзве смерці раскрываюць
вышэйшае наканаванне паэта — вяртаць
людзям гістарычную памяць:
Цяжар твой з табой, і твая магіла пасярэдзіне
свету —
каб бачылі, як вяртацца,
каб ведалі, як заблудзіліся...
Назву паэмы сам Разанаў пазней вытлумачыць
у эсэ «Жыта і васілёк» так: «Максім Багдановіч
і надалей застаецца вяхою і арыенцірам
у беларускіх пошуках Айчыны, у вяртанні
Айчыны і вяртанні ў Айчыну. З апокрыфа
— у канон». У «Паэме вяхі» ўзнаўляюцца
многія багдановічаўскія вобразы, але
ў аснову пакладзены вобразы з «Апокрыфа»
— жыта і васілька, народа і Музыкі.
Аднак «Паэма вяхі» цікавая не толькі
як першы вопыт пісьменніка ў герменеўтычнай
паэзіі. Уражвае створаны А. Разанавым
вобраз часу, хада якога чуецца паэту ў
шоргаце. Перасыпаецца пясок у гадзінніку
жыцця, шархацяць сярпы жнеяў і крокі вандроўніка,
што брыдзе па пыльных дарогах чужыны,
асыпаецца магіла, выкапаная дачасна,
і кладзецца ў чужую зямлю зерне, што не
дасць ураджаю. Пры чытанні ўсе гукі, што
так ці інакш узнікалі ў паэме, зліваюцца
ў адзін — шоргат жыта, што запаўняе сабою
ўсё. Так своеасабліва вырашае паэт вобраз
сучаснасці, у якой няма месца чыстаму
мастацтву, прыгажосці, так вырашаецца
даўняя спрэчка Хрыста з Пятром, пачатая
ў «Апокрыфе» Багдановіча. I ўсё-ткі ён
не перастае спадзявацца на тое, што яго
сучаснікі ў рэшце рэшт адчуюць важкасць
слоў, што сказаў Багдановіч вуснамі апакрыфічнага
Хрыста: «...нашто каласы, калі няма васількоў?»
Актуальнай для сямідзесятых гадоў тэме
асушэння Палесся прысвечана паэма «Было
балота». У адрозненне ад аптымістычнабадзёрых
рэпартажаў той пары, меліярацыя прадстаўляецца
Разанаву «экскаватарным нашэсцем», навалай,
якая не толькі змяняе твар зямлі, але
і перайначвае духоўнае аблічча чалавека,
для якога прырода сталася служкай.
Пазбаўляючыся рэалій мінулага, чалавек
істотна ўплывае на свой далейшы лёс, які
прадстаўляецца паэту няпэўным. Герой
паэмы экскаватаршчык Абравец — закладнік
эксперыменту, вынік якога невядомы. Ён
— маўклівая ахвяра сучаснасці, бо балота,
якое ім сёння знішчаецца, учора было тым,
з чаго складваліся паняцці «тут», «тутэйшы»,
на якіх спрадвеку грунтавалася самасвядомасцв
беларусаў.
«Разанаў шукае свой паэтычнві сродак
супраць эрозіі. Не глебы. Асобы. Шукае,
успрымаючы рэчаіснасць не ў пэўных адрэзках
часу, а ў маштабах эпох. Мыслячы не ў катэгорыях
быту, а быцця», — слушна зазначае С. Марчанка,
разважаючы пра своеасаблівасць разанаўскіх
паэм у сваёй рэцэнзіі на кнігу «Шлях-360»,
якая выйшла ў 1991 г.
Шлях гэтай кнігі да чытача быў няпросты.
Для яе выхаду спатрэбіліся дазвол ЦК
КПБ, агульная рэдакцыя Ул. Караткевіча,
прадмова П. Панчанкі, пасляслоўе В. Бечыка.
На вокладцы кнігі пазначаны імёны ажно
трох рэцэнзентаў, хоць на самой справе
«ўнутраных» рэцэнзій было яшчэ болып.
Выхад «Шляху-360» стаў падзеяй не толькі
ў літаратурным, але і ў грамадскім жыцці
Беларусі — вельмі ўжо адметнай, наватарскай
не толькі па форме, структуры, але і па
зместу, духу была кніга, якая, відавочна,
дае найбольш поўнае ўяўленне аб філасофскіх
пошуках паэта на шляху спасціжэння быцця.
Кожны з дзевяці раздзелаў кнігі «Шлях-360»
складаецца з паэмы, двух вершаў і дзвюх
квантэм — абсалютна новага паэтычнага
жанру, дзе час і прастора кандэнсуюцца
да апорных слоўвобразаў. На думку Ул.
Калесніка, квантэмы трэба «разглядаць
як адзінку славеснай інфармацыі і як
узбуджальнік эстэтычнага хвалявання,
эмацыянальна духоўнай актыўнасці». У
пэўным плане квантэмы Разанава — гэта
спроба выявіць, наколькі лаканічнай можа
быць форма, застаючыся пры гэтым змястоўнай.
Але не толькі наватарства ў галіне форматворчасці
выклікала цікавасць з боку чытачоў і
крытыкі. «Шлях-360» з'явіўся новай вяхой
у гісторыі беларускага інтэлектуалізму.
Па сутнасці, упершыню айчыннай паэзіі
былі нададзены паўнамоцтвы вырашаць
пытанні, якія раней знаходзіліся цалкам
у кампетэнцыі філасофіі: кім ёсць чалавек?
навошта ён прыйшоў у гэты свет і ці ёсць
свет іншы? што ёсць жыццё і смерць? у чым
сутнасць быцця? — пытанні, на якія літаратура
ніколі не спрабавала адказаць комплексна,
складаючы цэласную сістэму поглядаў.
У кнізе «Шлях-360» А. Разанаў імкнецца стварыць
вобраз свету ва ўсёй яго паўнаце, агарнуўшы
ўсе 360 градусаў чалавечага існавання.
Кнігу «Шлях-360» адкрывае «Першая паэма
шляху», героем якой з'яўляецца чалавек,
які спазнае сябе, самавызначаецца праз
уласную свядомасць.
Пытаўся голас: хто ты?!
Я адказаў і сам сябе пачуў —
да слыху дакранулася маўленне, —
што ведаў і не ведаў: гэта я...
Так, гэта я...
А болей немагчыма
сказаць што-небудзь, я заўжды маўчаў
і голасу свайго не чуў ніколі.
Так, гэта я...
А хто я — не магу
цяпер сказаць, сказаў бы — памылюся...
Так адчувае сябе разанаўскі герой на
пачатку шляху, калі трапляе ў камяніцу
горада, своеасаблівы лабірынт свядомасці,
па якім у пакутах блукае душа, намагаючыся
вызначыць сябе, сваё месца і сутнасць.
«Я той хто шлях і хто па ім ідзе...» — да
такой парадаксальнай высновы прыходзіць
герой паэмы. Гэтае метафарычнае самавызначэнне
адлюстроўвае аўтарскі досвед, на які
аказалі ўплыў розныя ўсходнія філасофскія
сістэмы і, у першую чаргу, будызм, згодна
з якім сапраўднае веданне дасягаецца
толькі ў стане азарэння.
Спазнаўшы сябе праз уласнае
«я», душа імкнецца вызначыцца праз акаляючы
свет, праз чужыя імёны. У кожнага
з герояў разанаўскіх паэм свой шлях,
сваё прадвызначэнне.
Лёс Карпяча з «Паэмы рэха» — гэта яго
горб. «Не цябе заўважалі — твой горб,
не табой пагарджалі — горбам, а цябе шкадавалі:
няшчасны лёс, а ён жа яшчэ малое. I стаўся
лёсам тваім горб, і лёс твой з ім стаўся...»
Жыццёвае наканаванне гераіні паэмы «У
поцемках, з ліхтаром», правобразам якой
была маці паэта, «найроднейшая ўсім: доктарка-павітуха»
— самаахвярнае служэнне людзям.
Па-іншаму, але гэтак жа самаахвярна служыць
людзям Цётка (Алаіза Пашкевіч) з «Паэмы
пераадолення» — забываючыся на сябе,
раствараючыся ў чужых лёсах. «Завязаліся
ўва мне, бы мае, чыесьці жыцці», — гаворыць
пра сябе гераіня, чый кароткі, але бліскучы
шлях неадрыўны ад лёсу Беларусі, як і
шлях Ф. Багушэвіча з «Паэмы каментарыя».
Але вядомыя і невядомыя, знакамітыя і
безыменныя — усе героі аднолькава роўныя
ў час нараджэння і смерці, якая бачыцца
паэту не канцом жыцця, а пераходам у іншую
якасць, у іншабыццё.
Адной з асаблівасцей мастацкай свядомасці
А. Разанава з'яўляецца хісткасць, няўлоўнасць
мяжы, якую праводзіць паэт паміж мінулым
і сучаснасцю, паміж мёртвымі і жывымі.
Асабліва заўважна гэта ў «Другой паэме
шляху», якая кампазіцыйна замыкае кнігу.
Завершаны колазварот... Душа, спазнаўшая
сябе ў свеце, вяртаецца да першапачатку,
каб развівацца ў сабе, але ў новай якасці,
на новым ўзроўні.
Кніга «Шлях-360» выклікала шматлікія дыскусіі
— занадта ўжо нечаканымі, наватарскімі
былі сабраныя ў ёй творы. Хвалявалі не
столькі агульныя гуманістычныя ўстаноўкі
А. Разанава, як сам факт таго, што нехта
спрабуе выпрацаваць, вынайсці новае паэтычнае
пісьмо, загаварыць новай мастацкай мовай.
Кніга «Шлях-360» павярнула нацыянальнае
пісьменства да свабоднага верша, надала
легітымнасць паэтычным эксперыментам
як у га- Е ліне зместатварэння, так і ў
сферы фарматворчасці.
Недабразычлівыя водзывы асобных крытыкаў
не зламілі пошукавы дух Алеся Разанава.
У 1988 г. ён выдае кнігу версэтаў «Вастрыё
стралы», у якую ўвайшлі таксама паэтычныя
мініяцюры — пункціры і квантэмы. Словам
«версэт» А. Разанаў адзначыў паэтычныя
расповеды, блізкія па свайму зместу да
прытчаў, з якімі іх яднае перш за ўсё ўвага
да архітыповых з'яў жыцця і пэўная адсутнасць
развітога сюжэтнага руху. Рэалізуючы
сваё права гаварыць ад першай асобы, аўтар
набывае магчымасць мадэліраваць паэтычную
сітуацыю такім чынам, што рэальнасць
і выдумка становяцца непадзельнымі. Версэты,
прадстаўленыя ў кнізе «Вастрыё стралы»,
складаюцца з некалькіх адносна самастойных
сінтаксічных перыядаў і ў большасці выпадкаў
заканчваюцца сказам-вынікам, які, аднак,
цяжка назваць падагульняючым. Ён хутчэй
ключ, арыенцір далейшых суразваг, бо сістэма
версэта адкрытая і не прадугледжвае пэўнай
маральнай высновы, якая б спыніла няпэўнасць
адшукваемых ісцін:
Мы жывём у свеце, дзе вечар змяняецца
раніцай, вясна —
восенню, жыццё смерцю,
дзе час рухаецца ў адзін бок,
дзе адзіная адвечна ўстойлівая апора
— гэта страчванне яе:
вырай.
Кніга «Вастрыё стралы» прадставіла не
толькі новы паэтычны жанр, але і новы
погляд на рэчаіснасць. Паэт не адшуквае
больш каардынаты быцця, а абжывае іх.
Калі раней, вывучаючы сябе і свет, ён безупынна
рухаўся, то цяпер хутчэй сам назірае за
кругабегам жыцця. Змяняецца пункт адліку,
але не знікае жаданне зведаць жыццё ва
ўсіх яго праявах. «Парог», «Студня», «Чаравікі»,
«Камяні», «Гліняныя чалавечкі», «Дубовы
плот» — у кнізе «Вастрыё стралы» набываюць
магчымасць гаварыць рэчы, якія, па выразу
паэта, «апошняе цела людзей, якое жыве
найдаў жэй». Аднак рэчыўная вобразнасць
версэтаў не «прызямліла» творчасць А.
Разанава, якая па-ранейшаму з'яўляецца
спробай мастацкага ўсведамлення ірацыянальных
— да-культурных і дасвядомых — феноменаў.
Выхад кнігі ў новай палітычнай сітуацыі
абумовіў і характар прысвечаных ёй крытычных
артыкулаў, аўтары якіх атрымалі магчымасць
асэнсаваць увесь творчы шлях паэта, упершыню
голасна заявіўшы аб апраўданасці паэтычнага
бунту Алеся Разанава. За кнігу «Вастрыё
стралы» паэту была прысуджана ў 1991 г.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
імя Янкі Купалы.
Зварот да рэчыўнай вобразнасці, які толькі
акрэсліваўся ў кнізе «Вастрыё стралы»,
набывае паўназначнасць у кнізе «У горадзе
валадарыць Рагвалод», якая выйшла ў 1992
г. У яе ўвайшлі пункціры і вершаказы —
своеасаблівыя казанні аб жыцці рэчаў,
празаічны жанр, у якім паэт імкнецца выявіць
патаемныя сэнсы слова.
Вярнуць словам іх першапачатковае значэнне,
узнавіць сам працэс іх нараджэння — гэтую
ж мэту ставілі перад сабой на пачатку
дваццатага стагоддзя рускія паэты А.
Кручоных і В. Хлебнікаў. Вершаказы з кнігі
«У горадзе валадарыць Рагвалод» нагадваюць
аб смелых эксперыментах рускіх футурыстаў
— «завумі», якая была, па сутнасці, спробай
выявіць радавод сучаснага слова. Як і
ў футурыстаў, слова ў Разанава страчвае
сувязь з канкрэтным прадметам, з'явай.
Яно само становіцца рэчаіснасцю, дзе
ўладараць гукі, сугучча, марфемы.
Рускі гость вядзе з сабой Ost і, калі прыводзіць,
кажа, што ён тут не госць, а гаспадар.
Украінскі гість апавядае прыгоды-гісторыі
— то па-блазенску дасціп ныя, то па-магістарску
грунтоўныя.
Нямецкі Gast кіруецца напрасткі — праз
гаць і пагост.
Польскі gost востры, як восці, але калі ён,
запрошаны за стол, есць і п'е — ён ягамосць.
Беларускі госць ідзе дарогай — гасцінцам
і нясс з сабой падарунак — гасцінец.
Менавіта такое, «калажнае», а не апісальнае
пісьмо, своеасаблівы тып пабудовы паэтычнага
тэкста, які ідзе не за прычынна-выніковай
плынню тэмы, а згодна з асацыятыўнымі
ўяўленнямі паэта аб той ці іншай з'яве,
дзе вызначальнікам рытмічнай будовы
становіцца семантыка, дазваляе гаварыць
аб блізкасці творчых поглядаў Разанава
і Хлебнікава. Значэнне надаецца не проста
слову, якое само па сабе ўтварае вобраз,
але і яго складнікам, — у вершаказах фанетыка
становіцца паэтыкай.
«Не толькі паняцце ўцелясняецца ў слова,
але і наадварот — слова здабывае паняцце.
Як вакол электрода, устаноўленага ў вадкасць,
збіраюцца малекулы рэчываў, так і тут:
слова назваўшыся, арэчаўляецца сэнсам,
значэннем. Слова кліча — сэнс адгукаецца»,
заўважае А. Разанаў ў сваёй наступнай
кнізе «Паляванне ў райскай даліне», якая
пабачыла свет у 1995 г.
У зборнік увайшлі версэты, пункціры, вершаказы,
паэмы, зномы, а таксама пераклады, дакладней,
перастварэнні з Вяліміра Хлебнікава.
Самы вялікі раздзел кнігі «Паляванне
ў райскай даліне» складае разанаўская
эсэістыка — празаічныя мініяцюры, якія
паэт вызначыў як зномы, відавочна, адштурхоўваючыся
ад слова «зно», якое сам тлумачыць так:
«Той, хто спазнае, і тое, што спазнаецца,
твораць новую рэчаіснасць — зно. У ёй
знікае падзел на суб'ект і аб'ект, і яна
новая не таму, што настае пасля нечага,
а таму, што ніколі не бывае старой».
Зномы прысвечаны розным тэмам: тут і абагульненне
фактаў побытавага жыцця, і тонкія назіранні
літаратара, і вытлумачэнні найбольш адцягненых
філасофскіх паняццяў. У многім, празаічныя
мініяцюры А. Разанава — гэта ўяўленне
аб самім сабе, аб сваёй творчасці. Менш
за ўсё імкнецца пісьменнік падаць зномы
як грунтоўны, цэласны погляд на свет.
Нездарма згадваецца яму знакамітае сакратаўскае
выслоўе «я ведаю, што я нічога не ведаю»,
з якога ён выводзіць сваё назіранне: «На
пачатку свайго пазнавальнага (і такім
чынам — самапазнавальнага) шляху думка
не ведае, што яна ведае, у сярэдзіне —
ведае, што яна ведае, і ў канцы — ведае,
што яна не ведае. Дзякуючы гэтаму няведанню
чалавек вызваляецца ад ношкі свайго набытку
— ці, больш дакладна, сам становіцца «набыткам»
— здольны выходзіць да небакраю з'яў».
Выкладанне ўласных творчых прынцыпаў,
асабістага светаразумення — гэта, у нейкай
ступені, кампенсацыя таго вакууму, які
быў створаны вакол творчасці паэта крытыкай,
літаратуразнаўствам. Аднак у першую чаргу
— гэта вынік глыбокага роздуму над заканамернасцямі
быцця, творчым даследаваннем якіх ён
займаецца на працягу ўсяго жыцця.
На пачатку 90-х гадоў А. Разанаў становіцца
старшынёй беларускага фонду Рэрыхаў,
некаторы час працуе ў Скарынаўскім цэнтры.
З 1994 па 2000 г. А. Разанаў — супрацоўнік
часопіса «Крыніца», які заснаваў разам
з аднадумцамі як культуралагічнае выданне.
У 2001 г. пісьменнік быў запрошаны Міжнародным
парламентам пісьменнікаў у Германію
для творчай працы.
У гэты перыяд пісьменнік актыўна звяртаецца
да герменеўтычных распрацовак. У 1994 г.
у Беластоку выходзіць кніга Надзеі Артымовіч
«Дзверы» з паэтычнымі каментарыямі А.
Разанава. У 1997 г. штотыднёвік «Літаратура
і мастацтва» друкуе эсэ «Васілёк і жыты»,
прысвечанае «Апокрыфу» М. Багдановіча.
У гэты час паэтам былі ўзноўлены, пераказаны
на сучасную мову творы Кірылы Тураўскага,
Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля
Цяпінскага, Язэпа Руцкага, Кірылы ТранквіліёнаСтаўравецкага,
Мялеція Сматрыцкага, Іпація Пацея.
У 1998 г. выходзіць зборнік А. Разанава «Рэчаіснасць»,
куды ўвайшлі версэты, вершаказы, пункціры
і дзве паэмы — «Усяслаў Чарадзей» і «Гліна».
Кніга даказала жыццяздольнасць вынайдзеных
паэтам жанраў, якія здатныя не толькі
замацоўваць абстрактныя філасофска-мастацкія
разважанні пісьменніка, але і выяўляць
складанасць, супярэчлівасць рэчаіснасці
ў «часы пераменаў». Найбольшую цікавасць
выклікалі ў чытача разанаўскія версэты,
якія, нечакана для чытачоў і крытыкаў,
аказаліся здатнымі адлюстроўваць сацыяльна-палітычныя
праблемы сучаснасці, якія неўпрыкмет
змянілі воблік беларуса. Няпэўнасць,
хісткаць уласнага становішча, страта
духоўнага апірышча, размаітасць сацыяльных
арыенціраў...
Некалі праз дрыгву былі праложаны кладкі,
і людзі тады разумелі, куды жывуць, але
даўно ўжо кладкі ўбіліся ўглыб, засмакталіся
прагнай дрыгвою, і трэба цяпер ісці наўздагад.
Мы гразнем, мы сумняваемся, мы вывяраем
крокі і, калі раптам правальваемся ў зглыбную
глыбіню, знаходзім гэтак жа раптоўна
апірышча — старачанае, старое, аднятае,
але заўсёды прысутнае патаемна ў нашых
адчайных памкненнях, — кладкі.
У кнізе «Рэчаіснасць» паэт застаецца
верным свайму прыроднаму аптымізму, яшчэ
раз нагадваючы, што шляхі выратавання
ляжаць не на паверхні, а ўглыбіні чалавечай
душы.
У 1999 г. выдавецтва «Мастацкая літаратура»
ў серыі «Беларуская паэзія XX стагоддзя»
выдае зборнік выбранага «Танец з вужакамі».
У Беластоку — намаганнямі літаратурнага
аб'яднання «Белавежа» — выходзіць у 2000
г. кніга паэм «Гліна. Камень. Жалеза»,
якая з'яўляецца вынікам шматгадовага
пошуку архетыпаў нацыянальнага існавання,
якому прысвяціў сваё творчае жыццё А.
Разанаў.
Сёння гэтае імя ў беларускай літаратуры
сімвалізуе мастацкі прарыў. Апантанасць
ідэяй паэтычнага рэфарматарства, здольнасць
выводзіць літаратуру з плоскасці быту
ў вертыкалі небыцця, нязгаснае жаданне
«пераўзыйсці зацверджаныя межы і ўяўленні»
— усё гэта робіць творчасць Алеся Разанава
сапраўднай вяхой у гісторыі беларускага
пісьменства, якое паступова ўваходзіць
у актуальны еўрапейскі культурны кантэкст.