Публіцыстычны стыль як функцыянальная разнавіднасць мовы

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Мая 2015 в 01:14, курсовая работа

Краткое описание

На жаль, нават сёння, ва ўмовах існавання самастойнай беларускай дзяржавы, пытанне нацыянальнага самавызначэння беларусаў не страчвае сваёй актуальнасці. Беларуская мова фактычна выцесненая з усіх сфер ужытку; афіцыйныя ўлады свядома фарміруюць грамадскую думку аб тым, што Беларусь з’яўляецца часткай Расіі, а беларусы – не самастойная нацыя, а прыдатак рускай. Нацыянальная ідэя надае творам Уладзіміра Караткевіча сучаснае гучанне і выклікае зацікаўленасць даследчыкаў у іх вывучэнні.

Вложенные файлы: 1 файл

Уладзімір Караткевіч вариант4.docx

— 113.50 Кб (Скачать файл)

“Публіцыстычныя тэксты адрозніваюцца незвычайнай шырынёй тэматыкі, яны могуць датычыць любой тэмы, якая патрапіла ў цэнтр грамадскай увагі. Гэта натуральным чынам ўплывае на журналісцкае маўленне: узнікае неабходнасць уключаць спецыяльную лексіку, якая патрабуе тлумачэнняў, а калі і разгорнутых каментарыеў. З другога боку, шэраг тэм пастаянна знаходзіцца ў полі зроку грамадскай увагі, і лексіка, якая адносіцца да гэтых тэм, набывае публіцыстычную афарбоўку” [9, с.249].

Адной з галоўных рыс публіцыстычнай лексікі разам з ацэначнасцю выступае “камунікатыўная агульназначымасць, агульнадаступнасць моўных адзінак” [24 , с.267]. Мова СМІ павінна быць зразумелай для самай шырокай аўдыторыі, таму ўключэнне ў публіцыстычны тэкст слоў лексікі абмежаванага ўжытку “патрабуе тлумачэнняў, а калі і разгорнутых каментарыеў” [9, с.249] да гэтых слоў.

Аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” належыць да твораў гістарычных жанраў, для якіх характэрна выкарыстанне састарэлай лексікі, якая, як вядома, не ўваходзіць у склад агульнаўжывальнай. Заўважым, што Уладзімір Караткевіч не злоўжывае словамі лексікі абмежаванага ўжытку: у тэксце аповесці няма архаізмаў, а гістарызмы выкарыстоўваюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта сапраўды неабходна, і суправаджаюцца аўтарскім тлумачэннем: “Але тут кароль Стах скочыў з свайго каня драпятага проста на спіну зверу, схапіў яго за вуха, аддзёр пысу з ляжачага і кордам, кароткім мячом, паласнуў яго па глотцы” [11, с. 222]; “Коні, ведаеце, такой старажытнай пароды, якую зараз з агнём не знойдзеш: сапраўдныя палескія дрыкганты … плашчы-велеісы” [11, с. 226]; “Гляньце, якая свірэпа (свірэпаю ў беларускай мове ХVІ стагоддзя называлі клячу)” [11, с. 232]; “Я ведаў, што ў нашых старых палацах бывалі часам так званыя «слухаўкі», гэта значыць таемныя прабоі ў мурах. У іх звычайна былі замураваны «галаснікі», - асобай формы гарлачы, што ўзмацнялі гукі…” [11, с. 217].

У “Дзікім паляванні караля Стаха” актыўна ўжываюцца ўласцівыя публіцыстычнаму стылю маўленчыя стандарты і клішэ: прадстаўнікі дзяржаўнай улады [11, с. 221], на руках (у значэнні “ў наяўнасці”) [11, с. 244], пайшоў ва-банк [11, с. 269], непрадуманы ход [11, с. 270], сапсаваць справу [11, с. 270], пакутнік за народ [11, с. 314], выканаць ролю [11, с. 341].

Сустракаюцца і маўленчыя штампы – шаблонныя моўныя выразы, якія надаюць маўленню канцэлярскую афарбоўку: няўменне лічыцца з перавагай [11, с. 247], нядзейсны з фінансавага боку ўчынак [11, с. 339], пакрываць забойцу [11, с. 325], вымушаны на рэтыраду [11, с. 341], сілы дасягалі… васьмі тысяч коннікаў [11, с. 221], непасільны цяжар [11, с. 244], уладумаючыя [11, с. 246].

Характэрнае для публіцыстычнага стылю выкарыстанне прэцэдэнтных тэкстаў таксама знайшло сваё адлюстраванне ў аповесці Уладзіміра Караткевіча: “шырокі, як поле бою пад Койданавам” [11, с. 206]; “аркестра з васьмі заслужаных інвалідаў Палтаўскай бітвы”; “наваяўлены донжуан” [11, с. 233]; “твар… як у юнага Давіда, які выходзіць на бой з Галіяфам” [11, с. 246]; “гатуе… новага Месію” [11, с. 340]; “новаз’яўлены Чортаў Бацька” [11, с. 346].

Прэцэдэнтныя тэксты служаць свайго роду сімваламі пэўных стандартных сітуацый. Менавіта гэтая іх “стандартнасць” дазваляе чытачу ўзнаўляць у сваёй свядомасці добра знаёмыя вобразы і тым самым больш лёгка і хутка ўспрымаць тэкст. Выкарыстанне маўленчых стандартаў робіць тэкст больш даходлівым і пераканаўчым, што адпавядае задачам публіцыстычнага стылю.

У творы выкарыстоўваецца і такі элемент публіцыстычнага стылю як іронія: “…нехта ўнёс у пакой вялікую торбу з удодамі і пакінуў яе на радасць акружаючым” [11, с. 233]; “Мы з Беларэцкім вя-ялікія паны” [11, с. 302]; “Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго” [11, с. 360].

 

 

    1. Марфалагічныя і сінтаксічныя элементы

 

Сярод словаўтваральных мадэлей публіцыстычнага стылю вялікай прадуктыўнасцю вызначаюцца назоўнікі з суфіксамі -асць, -ств, -ва. У аповесці Уладзіміра Караткевіча гэта словы: каштоўнасць, мужнасць, саступлівасць, зменлівасць, рэальнасць, мясцовасць, магчымасць, аскетычнасць, уладнасць, жорсткасць, непамяркоўнасць, годнасць, маёмасць і інш. Некаторыя з гэтых слоў выконваюць чыста інфармацыйную функцыю: абазначаюць абстрактнае паняцце, прадмет, асаблівасць; іншыя змяшчаюць у сабе эмацыянальную або сацыяльную ацэнку, садзейнічаючы праяўленню функцыі ўздзеяння: “У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе” [11, с. 247]; “Гэты чалавек трыста разоў даказваў сваю адданасць і вернасць нашаму дому, ён добры чалавек…” [11, с. 273] “Вераломства, розум, хваравітая вар'яцінка чыталіся ў гэтым ганарлівым роце, уладнасць да закасцянеласці, непамяркоўнасць да фанатызму, жорсткасць да садызму” [11, с. 237] .

 Часта сустракаюцца назоўнікі з суфіксамі іншамоўнага паходжання

-ы[j-a],-асць, -ства -ацы[j-a], -і(ы), зацы[j-a]: цывілізацыя [11, с. 189], інтанацыя [11, с. 197], галюцынацыя [11, с. 213], рэкамендацыя [11, с. 186], грацыя [11, с. 236], рэпутацыя [11, с. 240], прафанацыя [11, с. 249], эманацыя [11, с. 341], экспедыцыя [11, с. 185], кастрацыя [11, с. 341], трагедыя [11, с. 345] і інш.

Адзіночны лік назоўнікаў у публіцыстычным стылі ўжываецца ў значэнні множнага, калі трэба падкрэсліць, што аднолькавыя прадметы або прыметы належаць кожнай асобе або прадмету з пэўнай групы. Прыклады такога ўжывання можна знайсці ў аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”: “Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны” [11, с. 282].

У “Дзікім паляванні караля Стаха” сустракаецца і характэрнае для публіцыстычнага стылю выкарыстанне ў форме множнага ліку назоўнікаў, якія не абазначаюць колькасць: “Для гэтага былі ўсе прадумовы: каралеўская кроў, якая цякла ў яго жылах (тады на гэта вельмі зважалі), падтрымка навакольнага панства, вялізныя вайсковыя сілы” [11, с. 221]; “А калі выканаўчыя ўлады прыкладваюць усе намаганні, каб толькі замяць справу, - гэта пахне вельмі непрыемна і штурхае людзей на самыя нечаканыя думкі” [11, с. 314]; “Дарэчы, я спадзяваўся адшукаць там які-небудзь стары план дома, каб пасля распачаць метадычныя пошукі” [11, с. 217].

Да элементаў публіцыстычнага стылю, што сустракаюцца ў “Дзікім паляванні караля Стаха”, можна аднесці спалучэнні назоўнікаў, адзін з якіх ужываецца ў родным склоне: прадмет палявання [11, с. 222], забойства шляхціца [11, с. 325], муры маёнтка [11, с. 365], пакой гаспадыні [11, с. 217].

Форма цяперашняга часу дзеясловаў, уласцівая публіцыстычнаму стылю (і асабліва такому яго жанру як рэпартаж), таксама сустракаецца ў тэксце аповесці: “Астатнія, акрамя Свеціловіча, былі ўжо ў тым стане, калі кожны не слухае, што кажа другі, калі твары чырвоныя, калі адзін спявае, другі расказвае сябру пра гісторыю з яго каханкай, трэці наддзіраецца, каб звярнуць увагу ўсіх на нейкі каларытны факт сваёй біяграфіі, а чацвёрты сам сабе распавядае, якая добрая ў яго была маці…”[11, с. 258]. “Мужыкі церпяць, мужыкі даруюць, мужыкі ў нас святыя” [11, с. 329].

Выкарыстанне ў рэпартажы цяперашняга часу дзеясловаў абумоўлена тым, што аўтар, які з’яўляецца сведкам або нават удзельнікам апісваемых падзей, імкнецца дакладна перадаваць свае ураджанні чытачу, ствараючы так званы “эфект прысутнасці”. Тое ж самае робіць і Уладзімір Караткевіч у сваім творы, толькі з той розніцай, што “рэпарцёрам” выступае не сам аўтар, а галоўны  герой аповесці – Андрэй Беларэцкі, ад асобы якога вядзецца расповед.

Розныя жанры публіцыстыкі характарызуюцца рознымі суадносінамі кніжных і размоўных рыс у сінтаксісе. Сярод кніжных рыс руская даследчыца В.Б. Сіроціна называе сінтаксічны паралелізм, анафару і эпіфару (якія ствараюць ўзнёсласць маўлення); сярод размоўных рыс – перавагу кароткіх сказаў з дакладнай сінтаксічнай структурай, вялікую колькасць пытальных і клічных сказаў, парцэляваныя канструкцыі [19]. Усе гэтыя рысы можна назіраць ў тэксце аповесці Уладзіміра Караткевіча.

Сінтаксічны паралелізм у аповесці выконвае дзве характэрныя для яго функцыі: кампазіцыйную і функцыю параўнання. Гэта выразна праяўляецца ў наступным урыўку: “Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады «яшчура». Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае «а-а-а» над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын” [11, с. 187]. Выкарыстанне сінтаксічна аднатыпных сказаў у дадзеным выпадку робіць больш відавочным семантычны кантраст паміж імі: чытач лёгка заўважае супрацьпастаўленне народнага свята гаротнаму жыццю людзей.

Функцыю арганізацыі тэксту ў аповесці таксама выконваюць анафара: “Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку” [11, с. 204]; “Ідзіце да свайго народа, да тых, хто жыве, галадае і смяецца. Ідзіце перамагаць” [11, с. 274]; “Няўжо вы не разумееце, што позна абуджаць да жыцця гэтую мясцовасць і мяне? Няўжо вы не разумееце, што вы адзін, што вы нічога не зробіце, што пагібель ваша – гэта будзе жахліва, гэта будзе непапраўна!” [11, с. 274] і эпіфара: “А вы не мой народ? А гэтыя людзі, запалоханыя і галодныя, гэта не мой народ? А Свеціловіч, якому я павінен буду здрадзіць, гэта не мой народ?” [11, с. 274].

Акрамя кампазіцыйнай, анафара і эпіфара выконваюць ў тэксце аповесці яшчэ адну функцыю – экспрэсіўную. Экспрэсія, лексічныя паўторы і пэўная кампазіцыйная арганізацыя тэксту садзейнічаюць лагічнасці і паслядоўнасці выкладання, а таксама дазваляюць падкрэсліць галоўнае, акцэнтаваўшы ўвагу на словах, якія паўтараюцца. Усё гэта служыць адной мэце – пераканаць суразмоўцу (і чытача). Правільнасць нашай высновы лёгка пацвярджаецца пры дапамозе кантэксту: прыведеныя ў якасці прыкладу сказы – гэта ўрывак са спрэчкі Яноўскай і Беларэцкага, у якой кожны з апанентаў імкнецца пераканаць іншага. На гэтай падставе мы адносім анафару і эпіфару да элементаў публіцыстычнага стылю.

Акрамя анафары і эпіфары, функцыю ўздзеяння і пераканання ў тэксце выконваюць клічныя сказы “Вось як, нават больш рускія, чым самі рускія!” [11, с. 186], “Няшчасная Беларусь!”[11, с. 248]; “Божа мой, якая цемра! Якая забітасць!” [11, с. 282]; “Радзіма мая! Гаротная маці! Плач!” [11, с. 313]. У “Дзікім паляванні караля Стаха” клічныя сказы ўжываюцца 421 раз.

Клічныя сказы валодаюць вялікай экспрэсіўнасцю і разлічаны менавіта на пачуццёвае ўспрыманне. Вядома, што ўздзеянне на пачуцці пры дапамозе высокай эмацыянальнасці выкладу бывае больш дзейсным, чым проста тэзісы, бо тэзісы, перш чым паўплываць на свядомасць, патрабуюць ад адрасата папярэдняга асэнсавання.

Таксама эмацыянальны напал выказвання ў аповесці ўзмацняюць:

1) рытарычныя  звароты: “О, якая жахлівая, якая вечная і нязмерная твая туга, Беларусь!” [11, с. 190]; “Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў” [11, с. 199]; “Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных!” [11, с. 214]; “Ах, зямля мая!” [11, с. 303].

2) рытарычныя пытанні. “Што прымусіла мяне зрабіць гэта? Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі? А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?” [11, с. 186]; “Чым я вінаватая, што павінна адказваць за грахі дзядоў?” [11, с. 214].

3) рытарычныя воклічы: “І чаго мне толькі не даводзілася бачыць!” [11, с. 187]; “О, які гэта быў холад!” [11, с. 198]; “ І якая цудоўная старая песня!” [11, с. 211]; “Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных!” [11, с. 215]; “Якая гэта была прыгажосць!!!” [11, с. 216]; “Божа, якія гэта былі вазкі!” [11, с. 232].

Рытарычныя фігуры служаць мэце ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння, бо звяртаюцца непасрэдна да чытача і гэты зварот мае “асобы даверлівы характар” [14, с. 84].

З той жа мэтай, а таксама з мэтай актывізацыі ўвагі чытача, у аповесці ўжываюцца пытальныя сказы: “Вы спрабавалі калі-небудзь спаць седзячы, прыціснуўшы спіну да мура або, лепей, да дрэва?” [11, с. 343]; “Што мне было рабіць з ім?” [11, с. 345]. Акрамя таго, актывізацыі ўвагі садзейнічаюць формы загаднага ладу: “Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі ў мужыка…”[11, с. 185]; “Прабачце мне, шаноўныя чытачы, што я не магу прайсці міма ніводнага пакоя, каб не распавясціць пра яго” [11, с. 218].

Парцэляцыя як прыём экспрэсіўнага сінтаксісу перадае асаблівасці гутарковай мовы, што фарміруецца ў працэсе разгортвання думкі. Па сутнасці, аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” – гэта маналог Андрэя Беларэцкага. Таму ўжыванне парцэляцыі ў ёй – з’ява натуральная і цалкам апраўданая. Напрыклад: “І тады яна заплакала. Плакала ўзахлёб, як дзіцёнак” [11, с. 338] “Шмат непрыемнасцей мінула б, калі б я абстукаў там сценкі, абшытыя панелямі. Але не позна было і зараз” [11, с. 342].

Вывад: у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” вельмі актыўна выкарыстоўваюцца разнастайныя сродкі публіцыстычнага сінтаксісу, а марфалагічныя элементы публіцыстычнага стылю сустракаюцца параўнальна рэдка.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Публіцыстыка займае адметнае месца ў журналісцкім і літаратурна-мастацкім працэсе. Яна актуалізуе ў соцыўме пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі, маральныя каштоўнасці, дапамагае ўключэнню асобнага чалавека ў структуру сацыяльных адносін, вызначэнню асабістага меркавання і выяўленню агульных тэндэнцый, характэрных для грамадскага настрою пэўнай эпохі. У адрозненне ад іншых відаў літаратуры, якія апасродкавана ўплываюць на фарміраванне чалавечай свядомасці (уплыў гэты мае пераважна індывідуальны характар), публіцыстыка непасрэдна спрыяе вызначэнню грамадзянскай пазіцыі асобы [23, с. 3].

Публіцыстычны стыль, як і мастацкі, характарызуецца вялікай экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, багаццем маўленчых сродкаў.

У мастацкім і публіцыстычным стылях ёсць шмат агульнага, таму падчас аналізу аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” мы сутыкнуліся з праблемай размежавання моўных адзінак гэтых стыляў. Дзякуючы даследванням П.П. Жаўняровіча і М.Я. Цікоцкага, мы вызначылі, што ў адрозненне ад мастацкіх сродкаў, галоўнай задачай якіх з’яўляецца стварэнне вобразаў рэчаіснасці ў свядомасці чытача, публіцыстычныя сродкі маюць на мэце ўздзеянне на саму свядомасць шляхам пераканання (эмацыянальнага і лагічнага).

Адрозненне публіцыстычнага стылю ад мастацкага М.Я. Цікоцкі сфармуляваў так: “Публіцыстыцы характэрна такая адметная рыса, як адкрытасць, прамая аўтарская ацэначнасць і спецыфічны характар вобразнасці. У гэтым прынцыповае адрозненне публіцыстычнага стылю ад мастацкага. Публіцыстычнае маўленнне суб’ектыўнае, ацэначнае; мастацкае маўленне аб’ектываванае, двухпланавае” [24, с.270]. Таму галоўным крытэрыем размежавання мастацкіх і публіцыстычных лексічных адзінак у тэксце “Дзікага палявання караля Стаха” стаў фактар ацэначнасці. Заўважым, што вызначэнне долі ацэначнасці ў кожнай асобна ўзятай лексеме нярэдка мае суб’ектыўны характар. Таму ў сваёй працы мы часта звярталіся да слоўнікаў, а таксама ўлічвалі тое, у якім кантэксце ўжываецца слова. На падставе праведзенага намі семантыка-стылістычнага і частотнага аналізу тэксту, мы ўстанавілі, што ў аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” ўжываецца шмат экспрэсіўна-ацэначных лексічных сродкаў, што сведчыць аб адкрытай аўтарскай пазіцыі, характэрнай для публіцыстыкі.

Информация о работе Публіцыстычны стыль як функцыянальная разнавіднасць мовы