Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Ноября 2014 в 12:10, курсовая работа

Краткое описание

Мэта курсавой работы – даследаванне паэзіі Рыгора Барадуліна розных гадоў.
Задачы курсавой работы:
- акрэсліць жыццёвы шлях паэта;
- зрабіць агляд паэзіі Р.Барадуліна;
- прасачыць тэматыку творчасці паэта;
- ахарактарызаваць мастацкую вобразнасць у паэзіі;
- асэнсаваць функцыю элементаў паганскай і хрысціянскай міфалогіі;
- прасачыць фальклорныя матывы ў творчасці;
- вызначыць уклад творчасці Р.Барадуліна ў развіццё беларускай дзіцячай
паэзіі

Содержание

Уводзіны….….……………………………………………… …………..................3
РАЗДЗЕЛ 1 Жыццёвы шлях паэта……….…………….………………………......5
РАЗДЗЕЛ 2 Тэматыка і праблематыка творчасці...…………………………….....8
РАЗДЗЕЛ 3 Мастацкая вобразнасць.………………………..…………….……..15
РАЗДЗЕЛ 4 Уклад Р.Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі….…………..……..17
РАЗДЗЕЛ 5 Матывы ў творчасці ………………………………………………...19
5.1 Элементы паганскай міфалогіі…..…….……………….……………...……...19
5.2 Біблейска-хрысціянскія матывы………………………………..……………..21
5.3 Фальклорныя матывы ў творчасці…………..…………….………………..…23
Заключэнне……………………………….………………………………………..25
Бібліяграфічны спіс…………….…………...……………………………………28

Вложенные файлы: 1 файл

курсавая праца.docx

— 114.86 Кб (Скачать файл)

Установа адукацыі

“Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка”

Факультэт беларускай і рускай філалогіі

Кафедра беларускага мовазнаўства

Басікірская Алена Уладзіміраўна

 

 

Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна

Курсавая работа

 

 

 

                                                             Навуковы кіраўнік:

                                                                кандыдат філалагічных навук,

                                                                дацэнт Сычова С.А.

 

 

 

 

 

 

Мінск, 2014

Змест

Уводзіны….….………………………………………………  …………..................3

РАЗДЗЕЛ 1 Жыццёвы шлях паэта……….…………….………………………......5

РАЗДЗЕЛ 2 Тэматыка і праблематыка творчасці...…………………………….....8

РАЗДЗЕЛ 3  Мастацкая вобразнасць.………………………..…………….……..15

РАЗДЗЕЛ 4 Уклад Р.Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі….…………..……..17

РАЗДЗЕЛ 5 Матывы ў творчасці ………………………………………………...19

5.1 Элементы паганскай міфалогіі…..…….……………….……………...……...19

5.2 Біблейска-хрысціянскія матывы………………………………..……………..21

 

5.3 Фальклорныя матывы ў творчасці…………..…………….………………..…23

Заключэнне……………………………….………………………………………..25

Бібліяграфічны спіс…………….…………...……………………………………28

 

Уводзіны

У беларускай паэзіі Рыгор Барадулін – самабытная і арыгінальная  індывідуальнасць па сіле мастацкага дару і па значнасці напісанага. У паэта свой голас, сваё бачанне свету, свой паэтычны слоўнік. Рыгор Барадулін – «кароль метафары», найбольш яркі  прадстаўнік філалагічнага пакалення. Паэзія Рыгора Барадуліна даўно набыла ўніверсальны характар. Рыгор Барадулін – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі.

 Па сваёй прафесіі ён адносіў сябе да літаратара. А хай сабе лёс распарадзіўся б па-іншаму, і Рыгор Барадулін меў бы іншую прафесію, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабе светаўспрымання, спосабе бачыць з’явы і рэчы ён паэт.

Барадулін нёс у падарунак сваё жыццё велічнаму і прыгожаму беларускаму слову. Ён вельмі любіў родную мову, родную зямлю, ясна ўсведамляў сваю прыналежнасць да беларускага быцця і таму не ўмеў не жыць вершам,  не ўмеў не ўбачыць паэзію ў любой праяве жыцця.

Рыгор Барадулін быў моцна ўлюбёны ў слова, з’яўляўся яго палонным і ўладаром. Ведаў, што слова - гэта заўсёды вялікае шчасце, якое падаравала нам жыццё і гісторыя. Барадулін смакаваў слова. Вычытваў то тое, то другое са свайго запаветнага блакноціка, выпытваў у сяброў, ці ёсць такое слова ў іншых гаворках. Яго захапляла мажлівасць даць свайму ўшацкаму слову высокі пасад у мове агульналітаратурнай.

Тэма курсавой работы па актуальнасці займае значнае месца, таму што даследуецца творчасць народнага беларускага паэта.

Мэта курсавой работы – даследаванне паэзіі Рыгора Барадуліна розных гадоў.

Задачы курсавой работы:

- акрэсліць жыццёвы шлях паэта;

- зрабіць агляд паэзіі Р.Барадуліна;

- прасачыць тэматыку творчасці паэта;

- ахарактарызаваць мастацкую  вобразнасць у паэзіі;

- асэнсаваць функцыю элементаў паганскай і хрысціянскай міфалогіі; 

- прасачыць фальклорныя  матывы ў творчасці;

- вызначыць уклад творчасці  Р.Барадуліна ў развіццё беларускай  дзіцячай 

          паэзіі

Аб’ект даследавання:

Лірычныя творы Рыгора Барадуліна

            Асноўныя палажэнні:

  - Рыгор Барадулін – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі. Ён увайшоў у мастацкую літаратуру ў пасляваенны час.

- На творчасці паэта  выразна адбілася свежая і  горкая памяць аб дзяцінстве, абпаленым вайной. Адным з вядучых у творчасці Р.Барадуліна з'яўляецца вобраз маці. Гэты вобраз паступова перарастае ў адзіны суладны вобраз маці-Радзімы. Тэма роднай мовы і яе лёсу, бадай, самая хвалюючая на працягу ўсёй творчасці Барадуліна. У яго паэзіі шырока прадстаўлена тэма кахання. Глыбокая павага і замілаванне дзяўчынай, стварэнне яе таямнічага, недасягальнага вобразу нараджаюць у душы паэта моцнае каханне. Скразной з’яўляецца ў творчасці Барадуліна гумарыстычная тэматыка. Ён аўтар больш за паўдзесятка гумарыстычных кніжак.

- Мастацкая мова Рыгора  Барадуліна багатая на вобразныя  сродкі. Свабоднае валоданне і  выкарыстанне мастацкасці ў мове  надае творам паэта лёгкасць, шчырасць, прыгажосць і натуральнасць  ва ўспрыманні. У вершах аўтар  выкарыстоўвае розныя мастацкія  сродкі, але найбольшая колькасць  належыць эпітэтам, параўнанням, метафарам, увасабленням, адухаўленням, паўторам. Больш тропаў выкарыстоўваў мастак у ранні перыяд тварэння сваіх шэдэўраў. Радасная мелодыя жыцця перакрывае адзнакі трагедыйнасці ў паэзіі Рыгора Барадуліна 60—70-х гадоў.

- Рыгор Барадулін пісаў выдатную літаратуру для дзяцей. Дзякуючы народнаму гумару ён набывае сваю адметную індывідуальнасць у дзіцячай паэзіі.

- Паэзія Барадуліна-прыродапаклонніка язычніцкая. «Хрышчоным паганцам» паказаў сябе Рыгор Барадулін. Ён ужывае ў сваёй творчасці агульнапрынятыя вобразы  паганства. Гэтыя вобразы характарызаюцца вялікай частотасцю ўжывання.

- Зварот Барадуліна да  біблейскай тэматыкі заканамерны. Нядаўняя кніга паэзіі так і называецца – «Евангелле ад Мамы». У творчасці хрысціянскае лучыцца з паняццямі хатняга, хлеба, маці. Паэт звяртаецца да Бога: моліцца за шматпакутную Беларусь. Відавочна, што ў творчасці паэта яскрава бачна звяртанне да Бога, асэнсаванне біблейскіх высноў.

- У мастацкім свеце Барадуліна выразна назіраюцца фальклорныя матывы. Прыкладам глыбокага пранікнення ў фальклор служыць цэлы цыкл «Матчыных песень». У творчасці  ствараюцца арыгінальныя, народныя вітанні,  зычэнні  і  падзякі, дараванні, заклінанні і інш. У паэзію Р.Барадуліна арганічна ўваходзяць разнастайныя жанравыя фальклорныя  матывы песні, плачу, галашэння, прыпеўкі, замовы, праклёну, заклінання, легенды і падання, балады, прыказкі, прымаўкі, дзіцячага фальклору і, нарэшце, сатыры і гумару. Ключавымі выглядаюць народныя вобразы бору і туману.

Курсавая работа складаецца з уводзін, пяці раздзелаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры. Спіс выкарыстанай літаратуры мае 18 найменняў на 2 старонках. Агульны аб'ём працы складае - 29 старонак, з іх асноўнага тэксту - 25 старонак.

 

 

 

РАЗДЗЕЛ 1

Жыццёвы шлях паэта

Рыгор Барадулін лічыў, што яму пашанцавала, бо нарадзіўся ў літаратурным рэгіёне, яго землякамі былі П.Броўка, В.Быкаў, Е.Лось, С.Законнікаў, А.Салтук… А на Віцебскай зямлі, у тым ліку на Полаччыне, Ушаччыне, спакон веку скрыжоўваліся гістарычныя шляхі і інтарэсы нашых мужных продкаў з рознымі заваёўнікамі. Гэта вельмі яскрава пазней адаб’ецца ў творчасці Р.Барадуліна: “Віцебшчына! // Ты лёсам не выпешчана. // Ты войнамі выпесчана…” [2, с.174].

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года ў вёсцы Верасоўка (зараз Гарадок) у сялянскай сям’і. Праз невялікае акенца звычайнай вясковай хаты хлапчук убачыў прыгожы і багаты свет. У маленстве жыццё адкрывалася з самага блізкага наваколля: студні, што выкапаў бацька, каля якой дражніўся з хлапчуком бусел, быццам абяцаючы дацца ў рукі; вярбы, што стаяла непадалёку ад студні… “Помніць сябе, - успамінае Рыгор Барадулін, - пачаў пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Жнейкі жнуць. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе…”

З басаногага маленства на ўсё жыццё засталася жыць у душы матчына песня. Сваю матулю, звычайную беларускую сялянку, працаўніцу і песенніцу Куліну Андрэеўну, паэт пазней назаве “стыхійна вялікім філолагам”. Гэта менавіта яна і бабуля па мацярынскай лініі Малання Несцераўна, якая ведала многа казак, песень, “прыбабунек”, удыхнулі ў душу хлапчука любоў і чуйнасць да роднага слова. Бацька будучага паэта Іван Рыгоравіч хадзіў на працу ў мястэчка Ушачы, дзе цяслярыў у райкамунгасе.Толькі вечарамі пасля работы яны бачыліся: бацька апавядаў, чым займаўся, а сын любіў шукаць за пазухай у бацькі гасцінец: то абаранак, то драбок цукру. Калі хлопчыку было чатыры гады, сям’я пераехала з Верасоўкі ва Ушачы, дзе бацька здолеў збудаваць сваю хату.

Вялікая Айчынная вайна адбілася ў свядомасці Р.Барадуліна шэрымі, як хмары, натоўпамі палонных чырвонаармейцаў, параненых і панурых. Іх праз мястэчка гналі гітлераўцы ў лагер. Праз нейкі час паўшэптам стала вымаўляцца слова “партызаны”, а потым ушацкія, лепельскія, бягомльскія лясы сталі партызанскай зонай. Спачатку Ушачы былі заняты гітлераўцамі, а потым мястэчка адбілі ў акупантаў партызаны. Сюды часта прыляталі нямецкія самалёты і скідвалі бомбы. Сям’я Барадуліных, як і суседзі, дзеля бяспекі пабудавала сабе зямлянку. Бацька стаў партызанам. Маці шыла для партызанаў маскхалаты з парашутнага шоўку. Вясной 1944 года фашысты пачалі рашучы наступ на партызанскую зону. Партызаны вымушаны былі хутка адступаць, пакідаючы цывільнае насельніцтва, безабаронных жанчын, старых і малых. Таму маці з Рыгорам і суседзямі вырашылі ўцякаць у пушчу, узяўшы з сабой толькі самае неабходнае, што можна было панесці. Калі гітлераўцы адыходзілі пры наступленні савецкай Арміі, яны спалілі бацькаву хату. “Маці, бабуля і я засталі свежыя галавешкі”, - успамінаў Рыгор Іванавіч.

Пасля вайны сям’я чакала гаспадара. Не верылася, што ён загінуў. Доўгія гады ў сэрцы Куліны Андрэеўны і сына жыло спадзяванне. У аўтабіяграфічных нататках Рыгор Барадулін піша: ”А мама чакала да канца дзён свайго Івана, бацьку майго. Пыталася ва ўсіх, ці бачылі, ці чулі, ці помняць партызана Івана Барадуліна. Адны казалі, што нібыта паранены, сам сябе ўзарваў, другія, што загінуў у вёсцы Белае. Ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста. А непахаванага чакаюць, пакуль жывуць”.  У памяці сына бацька застаўся мужным і добрым, працавітым і жартаўлівым волатам, які любіў сваю зямлю і працу на ёй.

Пасляваенныя годы ў жыцці Р.Барадуліна былі ў многім тыповымі для пакалення хлапчукоў-“бязбацькавічаў” і іх нястомных працаўніц-матуль, што засталіся ўдовамі.

Ва Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыўся Р.Барадулін, былі любімыя настаўнікі, якія давалі станоўчы прыклад, фарміравалі ідэалы прыгажосці і чалавечнасці, абуджалі ў душы падлетка прагу да ведаў, любоў і цікаўнасць да роднага слова. Старшакласнікам у школе і ў раённым Доме культуры ўдзельнічаў у вечарах мастацкай самадзейнасці, быў чытальнікам, напісаў нават байку і выконваў яе. Вершамі пачалі пісацца першыя прызнанні дзяўчатам-аднакласніцам.

Куліна Андрэеўна працавала прыбіральшчыцай у райспажыўсаюзе, а ў вольны час, звычайна начамі, шыла. Яна марыла даць адукацыю сыну, збірала і адкладвала капейку да капейкі. “Заказаў было досыць ад раённай знаці дый ад бедных местачкоўцаў, бо магла пашыць і з нічога нешта. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Калі сонца спіць, ніхто не бачыў”, - пісаў пазней паэт. І ў светлыя, і ў цяжкія часіны Куліна Андрэеўна звярталася да Бога са шчырай малітвай, навучыла ў маленстве і сына паўтараць за ёй услед “Ойча наш”. У піянерах Р.Барадулін не быў, бо маці лічыла іх бязбожнікамі.

У старэйшых класах быў камсамольцам. Бабуля Малання была ўніяткай, запомнілася ўнуку апранутай на святы ва ўсё беленькае, малілася па-беларуску. Глыбока народным укладам жыцця сям’і, песнямі, казкамі, прыказкамі, замовамі, лічылкамі, дражнілкамі, выслоўямі, якія пераняў з маленства Рыгор Барадулін ад матулі і бабулі, узгадавалася адчуванне прыгажосці і бясконцай глыбіні роднага слова ў душы паэта. Народна-песенныя матывы пазней трывала ўвойдуць у яго творчасць. І невыпадкова ў паэзіі Р.Барадуліна так многа твораў-прысвячэнняў матулі, увогуле прыгожай душой беларускай жанчыне.

Прыкметны ўплыў на выбар жыццёвага шляху будучага паэта аказаў настаўнік роднай літаратуры Канстанцін Паўлавіч Баразна, якога Р.Барадулін называе сваім першым літаратурным настаўнікам.  Ён наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха “Першыя крокі”. Там упершыню з’явіліся вершы старшакласніка Р.Барадуліна, аднаго з першых паэтаў Ушацкай школы.  У выпускным класе Рыгор разам з аднакласнікам Алесем Лобкісам надрукавалі ў абласной газеце “Віцебскі рабочы” допіс аб свяце песні ва Ушачах. Абодвух юнакоў ужо вабіла журналістыка. Па газеце “Звязда” Р.Барадулін пазнаёміўся

з умовамі прыёму ў БДУ ў Мінску. Матуля праводзіла са словамі: “Паспрабуй, сынок, можа, і паступіш, каб пасля не крыўдзіўся”. Было гэта ў 1954 годзе.

У Мінску многае было ўпершыню: упершыню ехаў у трамваі, упершыню апынуўся ў асяроддзі маладых, захопленых роднай мовай і літаратурай хлопцаў і дзяўчат, пасяліўся ў студэнцкім інтэрнаце. У адзін час з ім вучыліся цікавыя, адметныя маладыя людзі, будучыя пісьменнікі, “філалагічнае пакаленне”: М.Стральцоў, Я.Сіпакоў, Г.Бураўкін, В.Зуёнак, Ю.Свірка, Е.Лось… Пасябраваў на ўсё жыццё з У.Караткевічам. Літаб’яднанне пры газеце “Чырвоная змена” было асяродкам, дзе творча раслі і сталелі пачаткоўцы. У 1953-1954 і наступных гадах вершы маладога паэта друкаваліся у шматтыражцы БДУ “За сталінскія кадры”, у газеце “Чырвоная змена” пад псеўданімам Алесь Чабор.

На фарміраванне светапогляду, літаратурных густаў і грамадзянскіх перакананняў Р.Барадуліна паўплывала шчырае сяброўства і творчыя пошукі “філалагічнага пакалення”. Ён, як і многія студэнты-камсамольцы, тры гады працаваў на цаліне. Маладыя рамантыкі сутыкнуліся там з цяжкасцямі, неўладкаваным бытам, але ўсведамленне патрэбнасці і вялікага сэнсу сваёй працы па асваенні стэпу дадавала сілы і працоўнага натхнення. Гэтымі думкамі і пачуццямі былі прасякнуты “цалінныя” вершы. Нізка вершаў “На зямлі цаліннай” была адзначана ў 1957 годзе сярэбраным медалём VІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Яна склала асноўны змест першага зборніка паэзіі “Маладзік над стэпам”, што быў выдадзены ў 1959 годзе. Яшчэ студэнтам Р.Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1959 годзе скончыў універсітэт і застаўся жыць у Мінску. Спачатку працаваў літкансультантам аддзела культуры ў рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”. Пазней у рэдакцыях часопісаў ”Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”. Гэта праца была звязана з камандзіроўкамі на прадпрыемствы, у гаспадаркі. Даводзілася многа бываць у іншых рэспубліках былога СССР, сустракацца з цікавымі людзьмі, калегамі па літаратурнай творчасці. Знаёмствы і гутаркі выліваліся ў нарысы, замалёўкі, вершы, якія рэгулярна з’яўляліся ў перыядычным друку. Сапраўдным падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Лінія перамены дат” (1969), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Свята пчалы” (1975), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Парастак радка, галінка верша” (1987), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Аратай, які пасвіць аблокі” (1995), “Евангелле ад мамы” (1996).

Информация о работе Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна