Лекции по "Белорусский язык"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 13 Декабря 2012 в 19:11, курс лекций

Краткое описание

В 2008 году в новые стандарты по циклу социально-гуманитарных дисциплин в системе высшего образования Республики Беларусь был включен курс белорусского языка, под названием "Белорусский язык (профессиональная лексика)». Обучение белорусскому языку студентов ведется в соответствии с типовой программой для высших учебных заведений, подготовленной кафедрой истории белорусского языка БГУ. Характерными чертами этой программы являются обновленное содержание, акцентирование на компетентностного подхода к обучению, значительное усиление роли и места самостоятельной работы студентов, использование современных инновационных педагогических технологий.

Содержание

Предисловие .................................................................. ..................
3
И. Язык и социум .................................................................. .........
4
II. Исторические этапы формирования белорусского языка ...........................
15
III. Научный стиль белорусского языка ................................................
23
IV. Официально-деловой стиль белорусского языка ....................................
37
Приложение 1 ....................................................................................
47
Приложение 2 ....................................................................................
51
Приложение 3 ....................................................................................
59

Вложенные файлы: 1 файл

Курс лекцый.doc

— 622.50 Кб (Скачать файл)

6. Эстэтычная функцыя. Пры зносінах часта важным аказваецца не толькі тое, што сказаць, але і як гэта сказаць. Уласцівасці і якасці маўлення ацэньваюцца і паводле яго зместу, і паводле эстэтычных характарыстык, уражання, якое яно выклікае ў слухачоў або чытачоў. Мілагучнае выказванне пры аднолькавай інфарматыўнасці са звычай-ным паведамленнем успрымаецца з большай асалодай, з больш пільнай увагай.

Эстэтычная функцыя  мовы ўвасабляецца ў мастацкай літаратуры, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

7. Апелятыўная функцыя. З дапамогай пэўных моўных сродкаў адрасант уздзейнічае на адрасата і выказвае пажаданне, просьбу, загад, каманду. Граматычнае выражэнне гэта функцыя знаходзіць у загадным ладзе дзеясловаў і ва ўжыванні інфінітываў. Загадныя сказы адрозніваюцца ад апавядальных перш за ўсё тым, што яны не могуць быць праўдзівымі ці непраўдзівымі (схадзі, падай, прынясі, стаяць!).

8. Фатычная функцыя (ад лац. for, fatus sum, fari – ‘гаварыць’). Гэта функцыя ажыццяўляецца накіраванасцю на кантакт, адзінай яе мэтай служыць падтрымка камунікацыі (дыялога), што праяўляецца праз выкарыстанне слоў і выразаў тыпу ага, ну, так-так, добра, далей і інш. Фатычная функцыя рэалізуецца і такімі выказваннямі, якія маюць на мэце завязванне, працяг і спыненне камунікацыі: Паслухай! Хопіць! Даволі! Спыніся! Да фатычнай функцыі адносяць таксама выказванні, якія выкарыстоўваюцца для праверкі каналаў сувязі: Ты мяне чуеш? Як чуеце мяне?

9. Метамоўная функцыя – гэта функцыя тлумачэння таго, што незразумела ў паведамленні. Пры ўжыванні незнаёмага для адрасата слова ці выразу адрасант можа раскрываць іх змест праз разгорнутае тлумачэнне або азначэнне, тыпу ВТНУ – гэта вышэйшая тэхнічная навучальная ўстанова, бібікі біць – гультайнічаць, нічога не рабіць.

Гэта функцыя шырока ажыццяўляецца  ў перыяд засваення малымі дзецьмі  роднай мовы і ў працэсе навучання  замежным мовам.

10. Гістарычная функцыя. Мова з’яўляецца помнікам працы ўсіх пакаленняў людзей, з яе дапамогай адбываецца фіксацыя ўсіх дасягненняў чалавецтва. Мова звязвае, яднае пакаленні людзей.

11. Этнічная функцыя. Мова – гэта адна з асноўных прыкмет этнасу, галоўны фактар захавання нацыянальнай самасвядомасці. Мова з’яўляецца генетычным кодам народа, праз яе перадаецца культура народа, традыцыі, усё тое, што ўласціва гэтаму народу.

У цэлым усе  функцыі, якія выконвае мова, накіраваны на тое, каб зрабіць яе найбольш эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.

 

3. Канцэпцыі паходжання мовы

 

Вырашэнне праблемы паходжання мовы цалкам з’яўляецца гіпатэтычным: яе можна разглядаць толькі шляхам пабудовы праўдападобных гіпотэз, на аснове розных ускосных доказаў, тэарэтычных  разважанняў, прыцягнення дадзеных з іншых навук – гісторыі, антрапалогіі, археалогіі, этнаграфіі і г.д. Такім чынам, усе канцэпцыі паходжання мовы з’яўляюцца толькі гіпотэзамі.

1. Біблейская канцэпцыя. Па Бібліі, носьбітам слова з’яўляецца Бог. Бог надзяліў людзей здольнасцю да мовы, якую яны выкарысталі для наймення рэчаў. Мова дадзена чалавеку Богам як найвялікшы дар з мэтай набыцця ведаў, пазнання Сусвету і ўдасканалення чалавечай істоты. Ідэя боскага паходжання мовы праходзіць праз усю гісторыю мовазнаўства. Паэт 19 ст. П.Б. Шэлі адзначаў: “Ён даў людзям мову, а людзі стварылі думку”.

2. Гукапераймальная канцэпцыя. Зарадзілася ў нетрах стара-жытнагрэчаскай філасофіі. Паводле гэтай канцэпцыі, мова ўзнікла ў выніку пераймання (імітацыі) гукаў прыроды: шуму ветру, шапацення лісця, спеву птушак, крыку звяроў – чалавекам і яго органамі, якія з цягам часу ўдасканальваліся і сталі здольнымі выконваць дадатковую да біялагічных функцый функцыю маўлення. Гэта тэорыя атрымала развіццё і падтрымку ў 19 ст.

3. Выклічнікавая канцэпцыя. Гэта гіпотэза старажытнагрэчаскіх мудрацоў звязвае паходжанне мовы з тымі натуральнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыццё самога чалавека (сапенне, кашаль, крыкі, хрып, гукі, выкліканыя пачуццём болю, радасці, абурэння і г.д.). Ад гэтых гукаў і бярэ пачатак членападзельная мова.

4. Тэорыя грамадскага дагавору. Паводле гэтай тэорыі, мова ўзнікла ў выніку калектыўнага пагаднення: першабытныя людзі дамовіліся паміж сабой даваць пэўныя назвы прадметам і з’явам навакольнага асяроддзя. З дапамогай гэтых назваў нашы продкі атрымалі магчымасць утрымліваць у памяці свае думкі і паведамляць іх адно аднаму.

5. Тэорыя працоўных выкрыкаў. Гэта тэорыя прапанавана ў 19 ст. французскім вучоным Л. Нуарэ і нямецкім вучоным К. Бюхерам. Сутнасць яе ў тым, што мова ўзнікла з выкрыкаў, якія суправаджалі калектыўную працу. Гэтыя выкрыкі палягчалі і арганізоўвалі працоўныя дзеянні першабытных людзей.

6. Матэрыялістычная тэорыя. Меркаванні вучоных-матэрыялістаў пра ўзнікненне мовы грунтуюцца на шэрагу фактаў і акалічнасцей жыцця нашых продкаў. Асноўным фактарам, дзякуючы якому адбылося фарміраванне чалавека сучаснага выгляду і станаўленне яго членападзельнай мовы як сродку зносін і мыслення, лічыцца сумесная праца людзей. Але гэтаму фактару спадарожнічалі і іншыя акалічнасці і змены ва ўмовах жыцця чалавека. Да іх належыць на першым этапе ператварэння малпы ў чалавека тое, што нашы продкі паступова ў пошуках ежы сышлі з дрэў на зямлю, вялі калектыўнае жыццё, мелі органы, з дапамогай якіх вымаўлялі гукі. Станаўленню чалавека спрыялі яго прамахаджэнне, ужыванне мясной ежы, вынаходства агню, а галоўнае – калектыўная праца па здабыванні ежы і паступовае выкарыстанне спачатку выпадковых прылад (сукоў, дрэў, камянёў, палак, касцей і інш.), а потым і спецыяльна апрацаваных інструментаў. Працэс станаўлення чалавека ў час працы праходзіў вельмі доўга (дзесяткі, а магчыма, і сотні тысяч гадоў), а развіццё яго мыслення і затым свядомасці было непасрэдна звязана з узнікненнем і ўскладненнем членападзельнай мовы.

7. Тэорыя Ч. Дарвіна створана ў 19 ст. Гэта тэорыя паходжання чалавека ад пэўнага віду чалавекападобнай малпы. У працэсе эвалюцыі ў яго ўзнікла мова.

 

4. Месца мовы ў сістэме гуманітарных  навук

 

Мовазнаўства, або лінгвістыка, – навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і развіццё мовы; філалагічная навука, якая выдзелілася з комплекснай навукі пра слова – філалогіі (у перакладзе з лац. ‘любоў да слова’).

Мовазнаўства мае многа  напрамкаў даследавання. Назавём  некаторыя з іх.

Рыторыка – аратарскае мастацтва чалавека, вывучае выкары-станне слова з мэтай уздзеяння на чалавека.

Супастаўляльная лінгвістыка – галіна мовазнаўства, якая шляхам параўнання даследуе некалькі моў з мэтай выяўлення ў іх агульнага і спецыфічнага, роднасных і няроднасных моў у гістарычным аспекце.

Сацыялінгвістыка – навука, якая ўзнікла на стыку мовазнаўства і сацыялогіі і разглядае мову як грамадскую з’яву, агульначалавечую, універсальную, без якой чалавек не з’яўляецца разумнай істотай і членам пэўнага калектыву. Сацыялінгвістыка займаецца распрацоўкай пытанняў суадносін мовы і грамадства, вывучае асаблівасці ўжывання мовы ў розных сацыяльных групах, суадносіны мовы і нацыі, грамадскія функцыі мовы, двухмоўе, шматмоўе і інш.

Этналінгвістыка – раздзел мовазнаўства, які вывучае мову ў яе адносінах да культуры народа, адлюстраванне ў мове культурных, народна-псіхалагічных і міфалагічных уяўленняў і перажыванняў людзей. Аб’ектам даследавання этналінгвістыкі з’яўляюцца моўныя адзінкі (словы, фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі), значэнне якіх звязана з рознымі бакамі народнага светапогляду, народнай духоўнай культуры – абрадамі, звычаямі, вераваннямі, прыкметамі, уяўленнямі людзей пра навакольнае асяроддзе, жывёльны і раслінны свет. Этналінгвістыка вывучае асаблівасці моў розных народаў. Французскія вучоныя лічаць, што на свеце існуе 2796 моў, расійскія вучоныя налічваюць 3500 моў, нямецкія – 4 тыс. жывых моў, а апошнія дэмаграфічныя даведнікі – 4 – 5 тыс. моў (разам з мёртвымі мовамі і дыялектамі).

Псіхалінгвістыка – гэта псіхалагічны накірунак у мовазнаўстве. Гэта навука пра моўную дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, па якім можна вызначыць псіхічныя асаблівасці чалавека. Псіхалінгвістыка разглядае мовазнаўства як навуку псіхалагічную, а ўсе самыя істотныя з’явы мовы як псіхічныя.

Псіхалінгвістыка  імкнецца вывучаць мову ў працэсе, каб выявіць тыя яе істотныя ўласцівасці, якія рэалізуюцца ў маўленні, звязаны з псіхікай і свядомасцю чалавека. Да агульных псіхалагічных асаблівасцей нашай свядомасці, што даволі яскрава адлюстроўваецца ў маўленні, можна аднесці яе здольнасць аперыраваць адначасова такой колькасцю адзінак, якая знаходзіцца ў межах 7 + 2 (ад пяці да дзевяці).

Праводзяцца асацыятыўныя эксперыменты, выяўляецца рэакцыя чалавека, сувязі паміж словам і яго асацыяцыяй. Псіхалінгвістыка імкнецца выкарыстаць вынікі сваіх даследаванняў для практычных патрэб чалавека, што прывяло да стварэння ў межах гэтай дысцыпліны прыкладной псіхалінгвістыкі, галоўныя задачы якой – распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на слухачоў або чытачоў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай камунікацыі, прапаганды і інш.), методык вывучэння роднай і замежных моў, лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных з адносінамі ў сістэме чалавек – машына, з прыняццем правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

Матэматычная  лінгвістыка – навука, якая ляжыць на сумежжы розных галін матэматыкі і мовазнаўства. Выкарыстанне колькасных паказчыкаў пры вывучэнні мовы дае магчымасць ствараць частотныя слоўнікі, вызначаць найбольш прадуктыўныя моўныя з’явы, ступень ужывальнасці пэўных моўных адзінак, вырашаць пытанні ўнармаванасці мовы і г.д. З дапамогай статыстычных метадаў даследуецца структура тэксту, узаемасувязі паміж моўнымі адзінкамі ў звязным тэксце і сістэме мовы, раскрываюцца некаторыя асаблівасці пісьмовага тэксту.

Мовазнаўства  звязана з рознымі гуманітарнымі навукамі. Назавём некаторыя з іх.

Філасофія. Мовазнаўства кантактуе з філасофіяй пры вывучэнні такіх праблем, як сутнасць мовы, роля мовы ў працэсе пазнання, суадносіны мовы і мыслення і інш. Тэарэтычнае мовазнаўства і зарадзілася ў нетрах філасофіі, бо найбуйнейшымі вучонымі, якія распрацоўвалі пытанні навуковага апісання мовы ў старажытнай Еўропе, былі Платон, Сакрат, Дэмакрыт і інш. Галоўным інструментам пазнання навакольнага свету ў філасофіі выступае мова, праз якую адбываецца светаўспрыманне і фарміруецца светапогляд чалавека.

Этыка – філасофскае вучэнне аб маралі, яе развіцці, прынцыпах, нормах і ролі ў грамадстве. Нормы паводзін людзей у грамадстве цесна звязаны са словам, таму важным з’яўляецца маўленчы этыкет – нацыянальна спецыфічныя правілы маўленчых паводзін, якія рэалізуюцца ў сістэме ўстойлівых формул і выразаў у прынятых і прапанаваных грамадствам сітуацыях “ветлівага” кантакту з суразмоўцам.

Логіка. Сувязь мовы з логікай узнікла на самых ранніх стадыях існавання мовазнаўства. Лагічны накірунак у мовазнаўстве даследуе суадносіны лагічных формаў мыслення з моўнымі формамі іх выражэння – г.зн. вывучае лагічныя законы будовы сказаў. Лагічны напрамак у мовазнаўстве ўзыходзіць да Арыстоцеля.

Эстэтыка – філасофскае вучэнне пра сутнасць і формы прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і жыцці як асобны від грамадскай ідэалогіі.

Ужо на ранніх стадыях  свайго ўзнікнення мовазнаўства цесна  звязана з гісторыяй, у прыватнасці з гісторыяй стварэння пісьмовых тэкстаў і апісанымі ў іх гістарычнымі падзеямі. Вывучэнне мовы пісьмовых помнікаў дазваляе меркаваць пра роднасць розных моў і, значыць, пра агульнасць лёсаў розных народаў, тэрыторыі іх рассялення, міграцыі. Улік знешніх гістарычных фактараў робіць зразумелым фарміраванне моў, лёс асобных слоў або выразаў.

 

5. Білінгвізм. Віды і аспекты беларуска-рускага білінгвізму

 

Білінгвізм (двухмоўе) – папераменнае карыстанне дзвюма мовамі ў працэсе зносін. Полілінгвізм (шматмоўе) – выкарыстанне трох і больш моў у працэсе зносін.

Разнавіднасці двухмоўя:

1) індывідуальнае – дзвюма мовамі валодаюць асобныя людзі;

2) групавое – двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або сацы-яльныя слаі;

3) поўнае, або суцэльнае – характэрна для ўсіх сацыяльных груп народа;

4) нацыянальнае – распаўсюджана сярод прадстаўнікоў усёй нацыі;

5) дзяржаўнае – статус дзяржаўнай маюць 2 мовы (Фінляндыя – фінская і шведская, Канада – англійская і французская).

Дзяржаўная мова –  гэта афіцыйная мова, на якой працуюць дзяржаўныя і адміністрацыйныя органы, грамадскія арганізацыі, навуковыя, навучальныя і культурныя ўстановы.

Сучасная  моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе, якое прадстаўлена беларуска-рускім, руска-беларускім двухмоўем і індывідуальным беларускім і рускім аднамоўем.

Двухмоўе  – з’ява складаная, шматбаковая. Яна можа разглядацца ў трох аспектах:

1) псіхалагічны – звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстаса-вальнасцю да вывучэння моў, з праблемай пераключэння моўных кодаў;

2) сацыялінгвістычны – закранае сферы выкарыстання кожнай з моў, ступень авалодання мовамі, размеркаванне камунікатыўных функцый паміж імі;

3) педагагічны – закранае розныя аспекты навучання другой мове, уплыў адной мовы на працэс засваення другой.

 

Гісторыя двухмоўя на Беларусі

На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала здаўна, хоць яго  характар і састаўныя кампаненты мяняліся. Ужо ў перыяд ВКЛ (13 – 16 ст.) існавала беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе, пісьмовае і вуснае. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы (пасля аб’яднання ВКЛ з Польскім каралеўствам) пачало складвацца беларус-ка-польскае двухмоўе. Пазней, пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.), беларускія землі адышлі да Расіі і функцыі афіцыйнай мовы пачала выконваць руская мова, шырока развівалася беларуска-рускае двухмоўе. У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-яўрэйскае двухмоўе.

Информация о работе Лекции по "Белорусский язык"