Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Сентября 2013 в 00:44, курсовая работа
Мэта дадзенай працы – аналіз працэсу станаўлення і развіцця вучэбных калекцый і кабінетаў пры навучальных установах як збораў музейнага характару. Асноўныя задачы, якія неабходна вырашыць у ходзе даследавання, наступныя:
Разгледзець і прааналізаваць працэс стварэння вучэбных калекцый і кабінетаў навучальных дапаможнікаў пры ўстановах адукацыі на Беларусі ў вызначаны перыяд.
Прасачыць шляхі папаўнення калекцый і кабінетаў новымі прадметамі і матэрыяламі.
Выявіць прычыны ўзнікнення вучэбных калекцый і іх ролю ў працэсе навучання.
УВОДЗІНЫ 3
Раздзел 1 Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст. 7
1.1 Музей Полацкай езуіцкай акадэміі 7
1.2 Кабінеты Віленскага універсітэта 13
1.3 Музей Гродзенскай медыцынскай акадэміі 18
1.4 Музей Горы-Горацкага земляробчага інстытута 21
Раздзел 2 Кабінеты і калекцыі пры сярэдніх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII – пачатку XX стст. 25
2.1 Кабінеты і калекцыі пры мужчынскіх гімназіях 25
2.2 Кабінеты і калекцыі пры жаночых навучальных установах 37
ЗАКЛЮЧЭННЕ 43
СПІС ЛІТАРАТУРЫ 45
Так, Пінская мужчынская гімназія мела якасную заалагічную калекцыю, добры збор фізічных прылад і прыбораў, але адзначаўся недахоп мінералагічных узораў. Адсутнічаюць звесткі аб існаванні пры гімназіі кабінета вучэбных дапаможнікаў.
Пры Аляксандраўскім рэальным вучылішчы ў Магілёве існавалі бібліятэка, хімічная лабараторыя, фізічны кабінет, кабінет натуральнай гісторыі, дапаможнікі па геаграфіі, гісторыі, маляванню, чарчэнню, музыцы [15, c. 38]. Фізічны кабінет вучылішча ўзнік у 1888 г., калі было ўведзена ў праграму выкладанне фізікі. Спачатку збор кабінета налічваў 181 прадмет коштам 1356 рублеў, але да 1902 г. склад кабінета павялічыўся да 544 адзінак коштам 5775 рублеў 25 капеек. Гэта адзін з кабінетаў вучылішча, які сістэматычна папаўняўся на працягу ўсяго свайго існавання. У хімічнай лабараторыі захоўвалася 98 прадметаў, але з выключэннем хіміі з шэрагу асобных дысцыплін лабараторыя перастала папаўняцца прадметамі. Прыродазнаўчы кабінет на пачатак існавання ўключаў 138 прадметаў. На 1902 г. колькасць адзінак захавання ў ім павялічылася да 381, што задавальняла патрэбы для выкладання прыродазнаўства. Але папаўняўся кабінет несістэматычна, у год выдзялялася на гэта каля 90 рублеў, тады як на папаўненне фізічнага кабінета – амаль у чатыры разы больш [15, c. 40-41].
Кабінет для малявання быў укамплектаваны даволі добра, прычым збор яго пастаянна павялічваўся. На момант адкрыцця вучылішча кабінет складаўся з 61 прадмета. На пачатак ХХ ст. у склад кабінета ўваходзяць ужо 534 прадметы, у тым ліку геаметрычныя мадэлі, геадэзічныя інструменты, узоры для чарчэння і малявання.
Гісторыка-геаграфічны кабінет не вызначаўся багаццем калекцый і патрабаваў значных укладанняў, але на яго выдаткоўвалася мала сродкаў. Першапачаткова кабінет налічваў 45 прадметаў, а да 1902 г. колькасць іх узрасла да 82. Найбольш каштоўнай была калекцыя карцін Ракочыо (да 50 адзінак) [15, c. 48-49].
У некаторых сярэдніх навучальных установах былі зроблены спробы стварыць музеі гісторыка-краязнаўчага профілю.Так, 22 ліпеня 1915 г. пры Мсціслаўскім духоўным вучылішчы быў створаны музей старажытнасцей. У Палажэнні аб заснаванні музея адзначалася: “Мсціслаўскі музей мае мэту садзейнічаць навуковаму вывучэнню як гісторыі, археалогіі і этнаграфіі ўвогуле, так і мясцовай гісторыі, археалогіі і этнаграфіі ў прыватнасці, для чаго музей збірае, сістэматызуе і захоўвае прадметы ў выглядзе як саміх помнікаў старажытнасці і мастацтва, так і найбольш дакладных здымкаў з іх”. Музей уключаў некалькі аддзелаў: археалагічны, царкоўны, нумізматычны, мастацкі, этнаграфічны, вайны 1914-1915 гг., гісторыі Мсціслаўскага духоўнага вучылішча. Усе паступленні ў музей запісваліся ў спецыяльныя каталогі з пазначэннем дарыцеля. Дырэктарам музея прызначаўся наглядчык семінарыі. Для вырашэння важнейшых пытанняў збіраўся Савет музея. Таксама музей меў сваю пячатку з надпісам вакол герба горада Мсціслава “Мсціслаўскі музей”. У лютым 1916 г. музей быў адкрыты для наведвальнікаў [27, c. 1-8].
Яшчэ адзін прыклад – археалагічны музей полацкага кадэцкага корпуса, ініцыятарам стварэння якога быў падпалкоўнік А. В. Русет. Музей быў створаны на аснове прыватных калекцый, сабраных краязнаўцамі-аматарамі, афіцэрамі І. І. Даўговым, А. К. Марэлем, Л. Л. Кірпічовым [12, c. 66]. Полацкі кадэцкі корпус быў размешчаны ў будынках былога езуіцкага калегіума, ад якога атрымаў у спадчыну частку калекцый. Кадэцкаму корпусу перайшла частка фізічнага кабінета, карціннай галерэі, мінералагічнай калекцыі, калекцый ракавін і рэдкасцей. Фізічныя прыборы (141 адзінка, у тым ліку пнеўматычная машына, створаная майстрамі-езуітамі, тэлескоп Доланда з Лондана) размяшчаліся ў 10 шафах, на стале і на падлозе. Карцінная галерэя корпуса складалася з 67 адзінак. Калекцыя гравіраваных чарцяжоў і малюнкаў уключала 2091 адзінку, з іх 484 − па архітэктуры, 3 сшыткі з чарцяжамі па ваеннай архітэктуры, па механіцы і анатоміі. Музей кадэцкага корпуса быў адкрыты для наведвальнікаў [5, c. 46].
2.2 Кабінеты і калекцыі пры жаночых навучальных установах
Сетка жаночых навучальных устаноў на тэрыторыі Беларусі пачала складвацца яшчэ ў канцы XVIII ст. Да далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі большасць жаночых школ утрымлівалася рознымі духоўнымі ордэнамі, хаця існавалі і свецкія школы, арганізаваныя па прыкладу манастырскіх. На 1835 г. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 27 жаночых пансіёнаў пры манастырах і каля 40 свецкіх жаночых навучальных устаноў [17, c. 5].
Так, да сярэдзіны ХІХ ст. сярэднюю адукацыю дзяўчынкі маглі атрымаць толькі ў прыватных пансіянатах і жаночых пансіёнах пры манастырах. Навучанне насіла закрыты элітарны характар і было даступна для прадстаўніц вышэйшых саслоўяў.
У 1840-х гг. амаль усе пансіёны пры манастырах былі закрыты. У другой палове ХІХ ст. на Беларусі сфарміраваліся два асноўныя тыпы сярэдніх жаночых навучальных устаноў: гімназіі Марыінскага ведамства і навучальныя ўстановы духоўнага ведамства. Марыінскае ведамства існавала ў Расійскай імперыі з канца XVIII ст. і кіравала ўсімі жаночымі ўстановамі (інстытуты, гімназіі, вучылішчы, сіроцкія дамы). На тэрыторыі Беларусі вучылішчы дадзенага ведамства пачалі адкрывацца з 1860-х гг., а з 1862 гг. яны былі перайменаваны ў гімназіі. Жаночыя вучылішчы духоўнага ведамства актыўна пачалі ўзнікаць у выніку рэарганізацыі сіроцкіх дамоў у 60-я гг. Існавалі таксама прыватныя жаночыя навучальныя ўстановы [37, c. 33].
У сувязі з індустрыялізацыяй і павелічэннем насельніцтва гарадоў у 2-й палове ХІХ ст., з'яўленнем новых прафесій, што дазвалялі прымяняць працу жанчын, а таксама з распаўсюджаннем ідэй эмансіпацыі, з'явілася неабходнасць у пашырэнні і ўдасканаленні жаночай адукацыі. Канец ХІХ - пачатак ХХ ст. – перыяд масавага стварэння жаночых навучальных устаноў, што было выклікана дэмакратызацыяй грамадства і павышэннем цікавасці да жаночай адукацыі. Так, ў пачатку ХХ ст. колькасць жаночых гімназій павялічылася больш, чым за ўвесь папярэдні перыяд. Дзейнічалі Гродзенская, Мінская, Слуцкая, Пінская, Навагрудская, Віцебская, Магілёўская, Мазырская гімназіі, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, 5 аднакласных і 9 трох-класных дваранскіх вучылішч [37, c. 41].
Поспехам у працэсе навучання спрыяла шырокае выкарыстанне наглядных дапаможнікаў: фізічных прылад і механічных машын, карт і глобусаў, заалагічных і батанічных узораў. У жаночых гімназіях найбольш актыўна выкарыстоўваліся атласы, геаграфічныя і гістарычныя карты, глобусы, мадэлі для малявання і інш. Так, у Гомельскай прыватнай яўрэйскай жаночай гімназіі Гурэвіч па дадзеных на 1915 г. налічвалася 432 дапаможнікі, у тым ліку па батаніцы – 36, па заалогіі – 47, па мінералогіі – 81, па анатоміі – 45, геаграфічных карт – 77, гістарычных карт – 28, прадметаў для малявання – 30 [37, c. 73].
У некаторых жаночых гімназіях ствараліся розныя па колькасным і якасным складзе фізічныя, прыродазнаўчыя, мінералагічныя кабінеты, прадметы і ўзоры якіх выкарыстоўваліся ў працэсе выкладання. Можна разгледзець некалькі прыкладаў.
У студзені 1863 г. у Буйнічах было заснавана Магілёўскае жаночае вучылішча для дзяўчын духоўнага звання, якое падпарадкоўвалася Марыінскаму ведамству. З увядзеннем у праграму навучання курса фізікі ў пачатку 1880-х гг. пры вучылішчы пачаў стварацца фізічны кабінет. Ён абавязаны сваім заснаваннем наглядчыку па гаспадарчай частцы купцу І. М. Цярэнцьеву, які ў 1881 г. ахвяраваў 800 рублёў на набыццё фізічных прыбораў і інструментаў [41, c. 22]. Збор кабінета на працягу свайго існавання пастаянна павялічваўся: прадметы паступалі як у выніку мэтанакіраванага набыцця, так і шляхам дарэння. У перыяд 1892-1904 гг. кіраўніцтва вучылішча рабіла шмат намаганняў па паляпшэнні і пашырэнні складу бібліятэкі і фізічнага кабінета. Так, былі адрамантаваны ўсе старыя фізічныя прыборы і інструменты, а ў 1897-1898 гг. набылі новыя прылады агульным коштам 300 рублёў. Крыху пазней кабінет папоўніўся новымі прадметамі, падараванымі Гаспадарчым Упраўленнем пры св. Сінодзе [41, c. 32]. Такім чынам, можна сказаць, што Магілёўскае жаночае вучылішча задавальняла свае патрэбы ў наглядных дапаможніках і фізічных прыладах.
У 1879 г. была заснавана Дзвінская прагімназія, пераўтворная ў 1882 г. у гімназію. Яна размясцілася ў каменным двухпавярховым будынку, але ў хуткім часе, у сувязі з павелічэннем колькасці класаў і пашырэннем калекцый кабінетаў і бібліятэкі, гімназія заняла яшчэ адзін будынак побач. Ініцыятарам стварэння пры гімназіі бібліятэкі і кабінетаў фізічных, прыродазнаўчых і іншых вучэбных дапаможнікаў быў гарадскі галава П. Ф. Дубровін. У год заснавання навучальнай установы П. Ф. Дубровін набыў для яе вялікую колькасць разнастайных вучэбных дапаможнікаў на суму 325 рублёў 75 капеек, а затым, па меры неабходнасці, набываў карты, карціны, фізічныя прыборы, апараты і інш. На 1904 г. гімназія валодала якаснай калекцыяй самых неабходных вучэбных дапаможнікаў па розных прадметах. Фізічны кабінет гімназіі налічваў 603 прадметы, калекцыя па прыродазнаўству – 343. Акрамя гэтага, захоўвалася 925 іншых вучэбных дапаможнікаў. Агульная колькасць адзінак захавання ў кабінетах гімназіі складала 1871, на суму 6126 рублёў 49 капеек. Сярод цікавых прадметаў калекцыі вызначаўся “чароўны ліхтар” (ліхтар эфіра-кіслароднага асвятлення) і даволі багатая калекцыя карцін [23, c. 18].
Аднак не ўсе жаночыя навучальныя ўстановы маглі прадставіць сваім навучэнцам багатыя і якасныя дапаможныя матэрыялы. Напрыклад, па дадзеных на 1908 г., бібліятэка і фізічны кабінет Віленскай жаночай гімназіі знаходзіліся ў нездавальняючым стане. Гімназія валодала невялікай колькасцю фізічных прыбораў (коштам у 500 рублеў), большасць з якіх былі старыя ці непрыдатныя для выкарыстання. Неабходныя дапаможнікі пры вывучэнні літаратуры і важнейшыя фізічныя прыборы настаўнікі прыносілі з іншых навучальных устаноў [17, c. 32].
У пачатку ХХ ст. пры гімназіях пачалі адкрывацца педагагічныя музеі – культурна-асветніцкія ўстановы, якія служылі вывучэнню і прапагандзе матэрыялаў, што адносяцца да школы і асветы. Адзін з такіх музеяў быў адкрыты пры Мінскай жаночай гімназіі. Прадстаўлены там збор падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, састарэлых і новых, айчыннага і замежнага выдання, закліканы быў дапамагчы настаўнікам зарыентавацца ў вялікай колькасці існуючай вучэбнай літаратуры [14, c. 73].
На мяжы ХІХ-ХХ стст. на хвалі ўздыму цікавасці да адукацыі і навукі быў заснаваны шэраг жаночых гімназій: Полацкая (1903 г.), Брэсцкая (1904 г.), Пінская (1906 г.), Мазырская (1911 г.), Слуцкая (1912 г.) і інш. У гэты перыяд у жаночых сярэдніх навучальных установах актывізуецца працэс стварэння кабінетаў фізікі і прыродазнаўчых навук, абсталяваных адпаведнымі прыборамі і дапаможнікамі [37, c. 41].
24 верасня 1910 г. была заснавана Слонімская жаночая гімназія, якая размясцілася ў двух каменных будынках. Спачатку гімназія мела толькі бібліятэку, але пазней склаліся багатыя і разнастайныя калекцыі. Фізічны кабінет Слонімскай гімназіі налічваў 316 прыбораў. У прыродазнаўчым кабінеце захоўваліся 222 прадметы, у тым ліку шкілет чалавека, гіпсавыя разборныя мадэлі асобных органаў цела чалавека, якія выкарыстоўваліся на ўроках гігіены. Акрамя гэтага, гімназія мела 105 навучальных дапаможнікаў па геаграфіі, 110 па гісторыі (атласы, глобусы, геаграфічныя і гістарычныя карты), 255 па маляванню (мадэлі з пап’е-машэ, гіпсу, тэракоты, гліны), 888 па рукадзеллю. З пачаткам першай сусветнай вайны Слуцкая гімназія, як і іншыя навучальныя ўстановы, прыняла ўдзел у аказанні дабрачыннай дапамогі байцам рускай арміі. Гімназія вылучыла месца ў сваіх памяшканнях пад медыцынскі шпіталь і канцылярыю гродзенскага губернатара. У жніўні 1915 г., калі пачалася эвакуацыя гімназіі ў Калужскую губерню, з-за недахопу часу ўсю маёмасць не змаглі вывезці: мэбля, бібліятэка і кабінеты засталіся ў Слоніме. Далейшы лёс калекцый невядомы [38, c. 273-274].
Невялікія калекцыі наглядных дапаможнікаў, фізічных прылад, заалагічных, мінералагічных узораў мела амаль кожная жаночая гімназія. Так, фізічны кабінет Аршанскай гімназіі на 1916 г. налічваў 345 прыбораў, а кабінет натуральнай гісторыі − 104 прадметы. Гомельская гімназія мела фізічны кабінет з колькасцю прадметаў 354, і прыродазнаўчы – 295 прадметаў. У Пінскай гімназіі фізічны кабінет налічваў 346 прыбораў, прыродазнаўчы – 324 прадметы. У некаторых навучальных установах з-за недахопу месца кабінетам і калекцыям не адводзілі асобнага памяшкання, а размяшчалі іх у класах і калідорах [37, c. 74].
Можна адзначыць,
што большасць кабінетаў
Дзейнасць музеяў
пры жаночых гімназіях і
Але, нягледзячы на ўсе адмоўныя бакі ў арганізацыі кабінетаў, неабходна падкрэсліць іх станоўчую ролю ў развіцці жаночай сярэдняй адукацыі на тэрыторыі Беларусі, так як яны мелі важнае значэнне ў працэсе засваення ведаў вучаніцамі гімназій, у фарміраванні іх навуковага светапогляду.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
З канца XVIII ст. пры духоўных і свецкіх навучальных установах Беларусі пачалі стварацца першыя вучэбныя кабінеты і калекцыі, некаторыя з якіх адпавядалі статусу музеяў. Гэта можна гаварыць, у асноўным, пра калекцыі пры вышэйшых навучальных установах. Так, як прыклад можна прывесці калекцыі Полацкага езуіцкага калегіума, Гродзенскай медыцынскай акадэміі, Віленскага універсітэта, Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Склад і характар калекцый залежаў ад профільнага накірунка навучальнай установы: пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі дзейнічаў музей натуральнай гісторыі, Горы-Горацкі земляробчы інстытут валодаў значным зборам сельскагаспадарчых прылад. Прадметы траплялі ў музеі шляхам набыцця кіраўніцтвам установы, шляхам дарэння, а таксама дзякуючы намаганням выкладчыкаў-энтузіястаў. Некаторыя настаўнікі займаліся разнастайнай навуковай і даследчыцкай дзейнасцю, якая закранала сферы медыцыны, заалогіі, батанікі, геалогіі, мінералогіі, археалогіі. Тое, што свае даследаванні яны праводзілі на аснове калекцый навучальных устаноў, надавала кабінетам навуковую вартасць і ператварала іх у першыя своеасаблівыя навуковыя лабараторыі.
Пасля падаўлення паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг., закрыцця Віленскага універсітэта, а пазней і Горы-Горацкага земляробчага інстытута на Беларусі не засталося вышэйшых навучальных устаноў. У гэты перыяд на першы план выходзяць сярэднія навучальныя ўстановы, намаганнямі настаўнікаў якіх фарміруюцца вучэбныя калекцыі і ствараюцца кабінеты. Шырокае выкарыстанне наглядных дапаможнікаў: фізічных прылад, механічных машын, заалагічных і батанічных узораў, карт і глобусаў − спрыяла поспехам у працэсе навучання, лепшаму засваенню інфармацыі вучнямі. Розныя па колькасным і якасным складзе кабінеты фізікі, прыродазнаўства, механікі і малявання ствараліся ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, вучылішчах, духоўных семінарыях. Экспанаты і літаратура перадаваліся ў калекцыі настаўнікамі, набываліся на гімназічныя сродкі, прымаліся ў дар ад мясцовага насельніцтва. Да ўдзелу ў стварэнні кабінетаў прыцягваліся і навучэнцы. Часам настаўнікі разам з вучнямі арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння і апісання помнікаў старажытнасці, збору прадметаў этнаграфіі, кніг, прыродазнаўчых узораў. Знойдзеныя прадметы папаўнялі гімназічныя калекцыі. Аднак, большасць вучэбных збораў пры сярэдніх навучальных установах змяшчалі невялікую колькасць аўтэнтычных прадметаў, папаўняліся эпізадычна і не мелі музейнага значэння.