Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Января 2013 в 20:06, реферат
Кліматычныя ўмовы Брэсцкай вобласці з'яўляюцца вядучым фактарам, які вызначае занальнае размеркаванне і дыферэнцыяцыю прыродных і гаспадарчых аб'ектаў. Клімат Брэсцкай вобласці характарызуецца як умерана-кантынентальны, няўстойліва вільготны, што заснавана на класіфікацыі клімату Б.П.Алісава. Вобласць знаходзіцца ва ўмераным кліматычным поясе, дзе часцей за ўсё паўтараюцца паветраныя масы ўмераных шырот.
Сукупнасць усіх раслінных згуртаванняў вобласці ўтварае яе рас-лінняе покрыва. У залежнасці ад экалагічных умоў у вобласці развіваюцца наступныя тыпы расліннага покрыва: лясная, лугавая, балотная і водная расліннасць. Пад уплывам гаспадарчай дзейнасці чалавека пашыраецца культурная расліннасць.
Сярод натуральнай расліннасці пераважаюць лясы, на іх прыпадае 32,9% тэрыторыі вобласці. Лясы з'яўляюцца занальным тыпам расліннасці і пераважаюць на плакорных, міжрэчных прасторах. Галоўныя лесаўтвараючыя пароды ўдзельнічаюць у фарміраванні асноўных тыпаў лесу, якія маюць наступнае пашырэнне ў вобласці: хваёвыя – 59,6 %, бярозаваыя – 16,8%, чорнаальховыя – 15,1 %, дубовыя – 3,8%, яловыя – 3,2%. Акрамя іх сустракаюцца грабавыя, ясянёвыя, асінавыя лясы.
Да хвойных адносяцца хваёвыя (бары) і яловыя лясы. У хваёвых лесах пераважае хвоя звычайная, якая адрозніваецца непатрабавальнасцю да глебава-кліматычных умоў і таму расце як на сухіх пясчаных глебах, так і на забалочаных участках. На ўзвышаных участках, складзеных пяскамі, растуць лішайнікавыя ці бруснічныя бары. На супясчана-сугліністых глебах атрымліваюць развіццё бары-зеленамошнікі з верасам, ядлоўцам або чарнічнікам. Гэта найбольш прадукцыйныя фармацыі хваёвых лясоў. Пры павелічэнні ўвільгатнення развіваюцца бары-даўгамошнікі, у якіх з'яўляюцца хвашчы, асокі, малінія. Вялікае пераўвільгатненне вядзе да развіцця сфагнавых саснякоў з прымессю багуна, буяка. Хвоя расце тут у вельмі прыгнечаным стане. У дрэвавым ярусе хваёвых лясоў Брэстчыны часта дамешваюцца шырокалістыя (дуб, ліпа, клён) ці дробналістыя пароды (бяроза, асіна).
Яловыя лясы пашыраны ў вобласці ў асноўным у паўночных раёнах. якія заходзяць у падзону грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў і маюць значны дамешак шырокалістых парод – грабу, ліпы, клёну, ляшчыны. У больш вільготных месцах да елкі дамешваецца чорная вольха. У Брэсцкай вобласці прыкладна па лініі Ружаны-Ганцавічы праходзіць паўднёвая мяжа суцэльнага распаўсюджвання елкі еўрапейскай. На поўдні, у межах Палесся, яловыя лясы сустракаюцца ў астраўных месцазнаходжаннях, дзе пераважае хуткарастучая карпацкая раса елкі еўрапейскай. Яловыя лясы растуць на добра ўвільготненых, але не забалочаных глебах, развітых на марэнных і лёсападобных суглінках і супесках ці пясках, падасланых марэнай. З прычыны значнага зацянення падлесак і травяна-імховы ярус разрэджаныя. У падлеску растуць ценевынослівыя хмызнякі – брызгліна барадаўчатая, ляшчына і іншыя. Звычайнымі спадарожнікамі яловых лясоў сярод траў з'яўляюцца кісліца, майнік, дабраполь, дзераза. Мохавае покрыва добра развіта, ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення глебы яно ўтвараецца з зялёных імхоў, лугавога ільну, радзей сустракаецца сфагнум.
Сярод шырокалістых лясоў вобласці найбольш пашыраны дубравы, сустракаюцца таксама грабавыя і ясянёвыя лясы. Яны растуць на крыху павышаных участках, на аўтаморфных супясчаных ці сугліністых глебах. У шырокалістых лясах добра развіты паддесак і наглебавае покрыва. Падлесак складаецца пераважна з арэшніку і брызгліны, з прымессю крушыны ломкай, рабіны, чаромхі, каліны, маліны і іншых. Травяное покрыва ў шырокалістых лясах вызначаецца разнастайнасцю. Светалюбівыя травы (зоркаўкі, медуніца, кураслеп, фіялка і інш.) развіваюцца вясной да паяўлення лісцяў на дрэвах. Ценевынослівыя травы (кісліца, варанец, папараць) развіваюцца летам. У травяным покрыве шырокалістых лясоў Брэстчыны шмат заходнееўрапейскіх відаў (купальнік горны, зубніца цыбульная і інш.). Мохавае покрыва ў шырокалістых лясах развіта слабей, чым у змешаных.
Да дробналістых адносяцца бярозавыя, чорнаальховыя, асінавыя лясы. Яны развіваюцца па высечках, пажарышчах, рачных далінах, нізінных балотах і каля азёр. У якасці дамешкаў у іх сустракаюцца ясакар, чаромха, крушына, каліна, рабіна, а падчас і шырокалістыя і хвойныя дрэвы. Бярозавыя лясы растуць на добра асветленых участках, таму пераважаюць у пачатку зарастання лесасек і пажарышчаў. Чорнаальховыя лясы растуць на пераўвільготненых глебах, прычым з павелічэннем праточнасці вод павялічваецца іх прадукцыйнасць. На месцах застойнага ўвільгатнення вольха чорная замяняецца бярозай пушыстай. Асіннікі хутка разрастаюцца на пустэчах і высечках, але асіна пазбягае сухіх пяскоў.
Характар лясной расліннасці Брэсцкай вобласці дазваляе падзяліць яе тэрыторыю на часткі, аднародныя па складу і структуры расліннасці. Паводле геабатанічнага раянавання Беларусі (Юркевіч, 1979) тэрыторыя вобласці знаходзіцца ў межах Нёманска-Перадпалескай акругі падзоны грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў і Бугска-Палескай акругі падзоны шырокаліста-хваёвых лясоў (мал. 2.18).
Лугавая расліннасць Брэсцкай вобласці складаецца са згуртаванняў шматгадовых траў, якія не спыняюць развіцця на працягу цёплага перыяду. Такія травы называюць мезафільнымі, і характэрны яны для лугоў лясной зоны. Разам з тым лугавая расліннасць вобласці адчувае істотны ўплыў з боку стэпавай расліннасці. На сухіх багатых дзярнова-падзолістых глебах сустракаюцца тыповыя стэпавыя расліны: аўсяніца шурпаталістая, танканог, метлюжок вузкалісты, крынічнік каласісты.
У залежнасці ад характару рэльефу і воднага жыўлення лугі падзяляюць на сухадольныя, нізінныя і поймавыя (заліўныя).
Сухадольныя лугі займаюць 8,9% усіх лугоў вобласці. Яны размешчаны на павышаных элементах рэльефу і атрымліваюць пераважна атмасфернае ўвільгатненне. Травастой сухадольных лугоў утвараюць злакі і разнатраўе. Са злакаў у залежнасці ад увільгатнення характэрны булаваносец сіваваты, аўсяніцы авечая і чырвоная, мятліца тонкая і сабачая, пахучы каласок; разнатраўе – шчаўе малое, ястрабінка валасістая, крываўнік звычайны, казяльцы едкі і паўзучы; бабовыя – канюшыны лугавая і паўзучая, гарошак мышыны.
Нізінныя лугі найбольш пашыраны, на іх прыпадае 67,2% усіх лугоў вобласці. Яны займаюць глыбокія паніжэнні водападзелаў і надпоймавых тэрас і ўвільгатняюцца пераважна грунтовымі водамі, водамі паверхневага сцёку і атмасфернымі ападкамі. Травастой нізінных лугоў складаеца са злакаў (вострыца дзірваністая, мятліца сабачая і белая, метлюжкі балотны і звычайны), асок і значнай прымесі вільгацелюбнага разнатраўя (панікніца гарадская, казяльцы паўзучы і едкі, незабудка балотная). На нізінных лугах развіваецца мохавае покрыва з зялёных імхоў.
Заліўныя (поймавыя) лугі прымеркаваны да пойм рэк. Гэты тып лугоў утвараецца ва ўмовах штогадовага затаплення веснавымі водамі. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення травастой такіх лугоў змяняецца ад разнатраўна-дробназлакавага (аўсяніца чырвоная, мятліца тонкая, пахучы каласок, трыпутнік ланцэталісты, канюшына лугавая) да асакова-буйназлакавага (сітняк ніткападобны, вострая, пузырчатая, збліжаная, лісіная і іншыя асокі, вільгацелюбныя злакі – чаротніца трыснёгападобная, маннікі). Поймавыя лугі маюць найбольшую прадукцыйнасць.
Забалочанасць тэрыторыі Брэсцкай
вобласці складае 21%. Большасць балот вобласці нізіннага тыпу.
На іх прыпадае 88,2% усіх балот. Нізінныя балоты
ўтварыліся пры зарастанні вадаёмаў, у
далінах рэк, каля азёр, забалочванні плоскіх
водападзельных прастораў з неглыбокім
заляганнем грунтовых вод. Гэтым абумоўлена
багатае мінеральнае жыўленне і найбольш
разнастайная балотная расліннасць. Па
яе характару нізінныя балоты падзяляюцца
на лясныя, травяныя і мохавыя. 3 дрэў і
хмызнякоў на такіх балотах растуць бяроза
пушыстая, вольха чорная, часам елка ці
хвоя і вельмі часта попельная вярба. У
травяным покрыве пераважаюць асокі (омская,
ніткападобная), трыснёг, шабельнік, касач,
бабоўнік, балотны хвошч. Развіты гіпнавыя
імхі. На вельмі абводненых балотах пераважаюць
трысняговыя, хвашчовыя, травяна-гіпнавыя
і асакова-гіпнавыя асацыяцыі. Вялікія
травяныя балоты вядомы пад назвай "галы".
На менш абводненых балотах пераважаюць
асакова-злакавыя, чорнаальхова-крапіўна-
Верхавыя і пераходныя балоты распаўсюджаны на невялікіх плошчах у Ганцавіцкім, Столінскім, Івацэвіцкім раёнах. Іх агульная доля ад плошчы ўсіх балот 11,8%. Расліннасць на іх існуе амаль выключна за кошт атмасфернага жыўлення, таму яна вельмі аднастайная. Пераважаюць сфагнавыя імхі, сустракаюцца расянкі. Дрэвавы ярус прадстаўлены рэдкім карлікавымі хвоямі, якія не могуць выкарыстаць халодную і бедную пажыўнымі рэчывамі ваду. Вельмі пашыраны тут журавіны, падвей похвенны, зрэдку трапляецца марошка. На пераходных балотах умовы жыўлення раслін паляпшаюцца і іх склад узбагачаецца. З'яўляюцца вербы, вольхі, бярозы і асіна.
З гаспадарчай дзейнасцю чалавека звязана сінантрапізацыя расліннасці вобласці. Яна праяўляецца ў пашырэнні плошчаў, занятых культурнай расліннасцю, павелічэнні долі інтрадукаваных раслін у складзе флоры. Разам з пашырэннем культурнай расліннасці распаўсюджваецца пустазелле. Уздоўж дарог і вуліц ў населеных пунктах, у парках высаджваюцца дэкаратыўныя расліны, якія вызначаюцца сваімі памерамі, формай кроны, будовай і колерам кветак. Для азелянення выкарыстоўваюцца як мясцовыя, так і інтрадукаваныя расліны. Сярод іх шмат кветкавых раслін (ружы, цюльпаны, гладыёлусы, гіяцынты і іншыя), хмызнякі (бэз, ядловец віргінскі і казацкі) і дрэвы (хвоі, елкі, піхты, дубы, арэхі і іншыя). Цікавыя калекцыі дрэвавых абарыгенных і інтрадукаваных экзатычных раслін сабраны ў дэндралагічных парках: Кобрынскім, Парэцкім, Ружанскім і Савейкаўскім.
2.8. ЖЫВЁЛЬНЫ СВЕТ
Гістарычнае развіццё жывёльнага свету на тэрыторыі вобласці прывяло да фарміравання сукупнасці відаў жывёл, якая ўяўляе фауну Брэстчыны. Сучасная фауна вобласці належыць да лясной зоны Ёўрапейска-Сібірскай вобласці Палеаарктычнага падцарства Галарктычнага царства. Для фауны вобласці характэрны жывёлы з еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў, а жывёл з эндэмічнымі арэаламі няма. Згодна з зоагеаграфічным раянаваннем Беларусі (Долбік, 1965, 1974), распрацаваным па ланшафтнаму прынцыпу, Брэсцкая вобласць адносіцца да пераходнага раёна (Белавежская пушча), заходняга (захад і поўнач вобласці) і ўсходняга (паўднёвы ўсход вобласці) раёнаў. Ф.Н.Варонін у 1976 годзе распрацаваў схему зоагеаграфічнага раянавання Беларусі, заснаваную на ўліку асаблівасцей клімату, рэльефу і расліннасці. Паводле яе поўнач Брэстчыны адносіцца да Цэнтральнай пераходнай правінцыі, а поўдзень – да Палескай нізіннай правінцыі.
Фауна вобласці мае рознае паходжанне ў сувязі з неаднаразовай зменай гістарычных умоў фарміравання фауністычных комплексаў і прыродных асаблівасцей тэрыторыі. Неаднаразовыя зледзяненні ў антрапагене прыводзілі некалькі разоў да амаль поўнага вымірання ранейшых фауністычных комплексаў. Фарміраванне сучаснай фауны адбывалася пасля вызвалення ўсёй тэрыторыі ад дняпроўскага зледзянення, паўночных раёнаў ад сожскага зледзянення і пацяплення клімату ў час паазёрскага зледзянення Беларусі. У галацэне безупынны, узрастаючы ўплыў на фарміраванне фауны Брэстчыны аказваў чалавек. Паляванне на звера і птушку пачалося яшчэ ў неаліце, пашырэнне ворных земляў і скарачэнне лясных масіваў прывялі да змяншэння колькасці многіх дзікіх жывёл і вымірання асобных відаў. Да ХV-ХVШ стагоддзяў у лясах Брэстчыны жылі собалі, бабры, лясныя коні – тарпаны, высокародныя алені, дзікія лясныя быкі – туры, зубры. Пашырылася распаўсюджванне жывёл, якія прыстасаваліся да жыцця побач з чалавекам. Значна рассяліліся і сталі больш шматлікімі і стэпавыя віды ў сувязі з пашырэннем адкрытых прастораў. Гэта шэрая курапатка, перапёлка, заяц-русак, звычанны хамяк, рабы суслік, чубаты жаваранак. На працягу апошняга стагоддзя практыкавалася рэакліматызацыя некаторых раней вымершых на Брэстчыне жывёл. У выніку на тэрыторыі вобласці зноў жывуць зубры, высокародныя алені, бабры. Паспяхова акліматызаваны ў вобласці шэраг новых відаў пераважна прамысловага значэння. Сярод іх андатра, янотападобны сабака, фазан.
У склад фауны вобласці уваходзяць групы жывёл, якія развіваліся ў розных геаргафічных умовах. Прадстаўніком тундравай фауны з'яўляецца даволі рэдкі на Брэстчыне заяц-бяляк. Болш разнастайныя ў вобласці тыповыя жывёлы тайгі. Да іх трэба аднесці лася, рысь, вавёрку, глушца, рабчыка, снягіра, трохпальцавага дзятла, крыжадзюба-яловіка і некаторых іншых. Гэтыя жывёлы жывуць у мяшаных хваёва-шырокалістых лясах і часцей сустракаюцца ў паўночнай частцы вобласці, дзе ў лясах пашырана елка. Вышэй адзначалася, што ў Брэсцкай вобласці пашыраліся некаторыя прадстаўнікі стэпавай фауны. Але самым шматлікім і разнастайным элементам фауны з'яўляюцца жывёлы еўрапейскіх шырокалістых лясоў. Наяўнасць розных геаграфічных груп жывёл у складзе фауны звязана з неаднаразовай зменай умоў асяроддзя. Пры гэтым скарачалася колькасць і плошча арэалаў асобных жывёл пад уплывам х выцяснення больш прагрэсіўнымі відамі. Некаторыя рэліктавыя жывёлы захаваліся да цяперашняга часу. Найбольш рэліктаў захавалася з ледавіковага часу: зубр, з рыб – мянтуз. Рэліктам ксератэрмічнага часу галацэну з'яўляецца аўдотка.
Засяленне жывёламі разнастайных месцапражыванняў з рознымі прыроднымі ўмовамі прывяло да фарміравання некалькіх тыпаў зоацэнозаў. Найбольш багатыя, складаныя і разнастайныя лясныя зоацэнозы. У іх багата прадстаўлены жывёлы, якія кормяцца рознымі часткамі раслін. Гэта раслінаядныя насякомыя, многія з якіх з'яўляюцца шкоднікамі лесу: жукі-караеды, дрывасекі, жук-алень, хрушч, вялікі сасновы слонік, альховы лістаед, матылькі-шаўкапрады і шмат іншых. Сярод пазваночных жывёл, спажыўцоў фітамасы, ў глебава-наземным ярусе шмат грызуноў і капытных. Гэта зубр, казуля, высокародны алень, кабан, лось, лясная рыжая палёўка і звычайная лясная мыш, еўрапейская жоўтагорлая мыш. У дрэвавым ярусе пладамі і насеннем кормяцца разнастайныя птушкі: глушэц, цецярук, рабчык, белабрывы дрозд, арэхаўка, лясны жаваранак, дубанос, шчыгол, аўсянка, чачавіца. Прычым у час гадавання птушанят нават гэтыя птушкі кормяцца пераважна насякомымі. У дуплах дрэў або гнёздах на дрэвах жывуць соні (арэшнікавая, палчок, садовая і лясная), а таксама вавёркі.
Зоафагамі I парадку з'яўляюцца насякомаядныя арганізмы. У глебава-наземным ярусе лясных зоацэнозаў Брэстчыны жывуць прадстаўнікі млекакормячых з атрада насякомаядных – крот, вожык, буразубкі. Іх можна сустрэць таксама і ў хмызняках, на агародах і палях. Тут жа, у наземным ярусе лясоў можна сустрэць амфібій – звычайную рапуху, травяную і вострамордую жаб. Насякомымі кормяцца таксама спрытная і жывародзячая яшчаркі і бязногая яшчарка-вераценіца. У кронах дрэў і ў паветры ловяць насякомых разнастайныя птушкі, рукакрылыя млекакормячыя і даволі рэдкая дрэвавая жаба – квакша. Прадстаўнікамі пераважна насякомаядных птушак у лясных зоацэнозах з'яўляецца трохпальцавы, чорны, вялікі і сярэдні стракатыя, зялёны дзятлы, сініцы, лясны канёк, жоўтагаловы каралёк, івалга, мухалоўкі, салавей і іншыя. З рукакрылых жывуць каля дзесятка відаў кажаноў: вячорніцы, двухколерны кажан, кажан-карлік і іншыя.
Информация о работе География Брестской области - климат, воды, почвы, растительный и животный мир