Гістарыяграфія і крыніцы

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Октября 2012 в 19:52, контрольная работа

Краткое описание

Паводле этнаграфічнага прынцыпу на тэрыторыі Беларускага Палесся вылучаюць раёны Усходняга і Заходняга Палесся. Усходняе Палессе займае вялікую тэрыторыю Палескай нізіны; на ўсходзе мяжуе з Падняпроўем (па ніжняй Бярэзіне і правабярэжжы Дняпра), на поўначы - з Цэнтральнай Беларусю (па лініі Парычы - Любань - Старобін - Чудзін - больш на поўнач ад Ганцавіч), на захадзе - з Заходнім Палессем (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўночная мяжа рэгіёна дакладна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца разворанымі і даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтральнай Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў.

Содержание

Уводзіны……………………………………………..………........……..3

1 Гістарыяграфія і крыніцы……………………………...……..…..…..6

2 Матэрыяльная культура беларусаў Палесся ў працах А. Сержпутоўскага і Ч. Пяткевіча…………………………………....…...14

3 Вывучэнне А. Сержпутоўскім і Ч. Пяткевічам духоўнай культуры палешукоў…………………………………………………………….….29

Заключэнне……………………………………………….……...…....…56

Спіс выкарыстанных крыніц…………………………………..…..........58

Вложенные файлы: 1 файл

Дыпломная.doc

— 602.00 Кб (Скачать файл)

Разгледжаныя вышэй навковыя працы, публікацыі А. К. Сержпутоўскага з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для вывучэння жыцця беларускага народа, яго традыцый і культуры.

У залаты фонд не толькі беларускай але і сусветнай фалькларыстыкі ўвайшлі тры зборнікі вусна-паэтычных твораў беларускага народа, запісаных А. К. Сержпутоўскім у канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Гэтыя кнігі займаюць важнае месца сярод аналагічных збораў славянскага фальклору і шырока выкарыстанны ў працах такіх сусветнавядомых славістаў, як Дз. Зяленін, А. Шахматаў, Я. Карскі, І. Сахараў, І. Поліўка, К. Машынскі, што сведчыць аб важнасці і неардынарнасці зборнікаў А. К. Сержпутоўскага [5, с. 14].

Значнай з’явай у гісторыі беларускай фалькларыстыкі, этнаграфіі і мовазнаўства стаў выхад у свет у 1911 годзе зборніка А. К. Сержпутоўскага “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”. Акадэмікі А. А. Шахматаў, Я. Ф. Карскі, В. М. Істрын, М. Я. Мар высока ацанілі працу [4, с. 22].

        Вядомы фалькларыст С. У. Саўчанка ў водзыве на зборнік А. К. Сержпутоўскага адзначаў, што ён рэзка адрозніваўся ад усіх вядомых зборнікаў беларускіх казак, бо ў ім змешчаны шэраг твораў, якія закраналі маральныя і сацыяльныя пытанні сучаснасці. Высока адазваўся ён аб мастацка-эстэтычным боку казак, адзначыў каштоўнасць зборніка ў лінгвістычных адносінах. У той жа час рэцэнзент выказаў шкадаванне, што А. К. Сержпутоўскі не змясціў у сваёй працы паказальніка казачных сюжэтаў [6, с. 26].

        Акадэмік Я. Ф. Карскі пісаў, што ў зборніку ўпершыню змешчаны “апавяданні з яўна палітычнай афарбоўкай”. Больш грунтоўна спыніўся вучоны на пытаннях мовы зборніка, адзначыў вялікае значэнне запісаў А. К. Сержпутоўскага для вывучэння паўдневай Беларусі. Звярнуўшы увагу на адсутнасць у кніжцы сямі старонак (26-32), Я. Ф. Карскі выказаў меркаванне адносна таго, што яны маглі быць зняты перад друкаваннем зборніка з-за нізкай якасці твораў. Напэўна, больш блізка да ісціны меркаванне былой супрацоўніцы этнаграфічнага музея ў Пецярбургу Л. А. Драмлюк, якая доўгія гады працавала разам з А. К. Сержпутоўскім. Яна выказала думку, што недастаючыя старонкі на сумленні царскай цэнзуры. Па яе словах, у аддзеле этнаграфіі з рук у рукі перадавалі шмат казак, запісаных А. К. Сержпутоўскім на Беларускім Палессі, у якіх рэзка адмоўна кртыкаваўся цар і яго акружэнне. Дарэчы, яна выказала слушнае меркаванне адносна назвы зборніка А. К. Сержпутоўскага “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”, тым самым апярэдзіўшы магчымае пытанне чытачоў, - чаму загаловак кнігі даецца на рускай мове, а матэрыялы, змешчаныя ў ёй, - на беларускай. А. К. Сержпутоўскі хацеў прыцягнуць загалоўкам увагу шырокага рускага чытача, спадзеючыся на тое, што прачытаўшы першую старонку зборніка, той прачытае яго да канца. Так і атрымалася на самой справе. Тыраж “Сказок…” разышоўся літаральна за некалькі дзен. Па просьбе шматлікіх навуковых цэнтраў Расіі, сяброў, таварышаў па працы Аляксандр Казіміравіч прадаў ім нават свае ўласныя аўтарскія экземпляры, а сам вымушаны быў карыстацца бібліятэчным экземплярам [7, с. 24].

       Станоўчую ацэнку зборніка А. К. Сержпутоўскага даў і вядомы рускі фалькларыст акадэмік Д. К. Зяленін. У той жа час ён памылкова лічыў, што кніга ў многім выйграла б, калі б у ёй былі змешчаны толькі творы на традыцыйныя казачныя сюжэты. Нельга пагадзіцца з такой думкай. Змясціўшы побач з казкамі апавяданні, паданні, запісаныя ад таленавітых казачнікаў Беларускага Палесся, дарэчы, так паступалі М. Я. Анчукоў, Б. і Ю. Сакаловы і іншыя вядомыя фалькларысты, А. К. Сержпутоўскі абагаціў сваю кнігу новымі жанрамі, тэмамі, дапамог скласці больш поўнае ўяўленне аб творчай лабараторыі захавальнікаў бясцэнных народных вусна-паэтычных скарбаў [7, с. 25].

        Высокая ацэнка зборніка А. К. Сержпутоўскага дадзена ў часопісе “Исторический вестник”. Пагаджаючыся з думкай А. К. Сержпутоўскага аб тым, што патрэба знайсці адказы на жыццёва важныя запытанні выпрацавала ў народзе любоў да казак, рэцэнзент адзначаў вялікую цікавасць людзей да казак з вострым сацыяльным канфліктам, а таксама да твораў, у якіх крытыкуюцца царкоўныя легенды аб усемагутнасці  бога, святых. Каштоўнасць зборніка бачылася рэцэнзенту і ў тым, што героі большасці казак і апавяданняў перамагаюць зло і несправядлівасць не гераізмам, не высакароднымі ўчынкамі, а спрытам, хітрасцю, кемлівасцю, знаходлівасцю. Цікавасць да зборніка казак А. К. Сержпутоўскага праяўляюць і сучасныя навукоўцы. На вялікае значэнне казак указвалі В. К. Бандарчык і А. С. Фядосік, высока ацанілі зборнік даследчыкі беларускай казкі Л. Р. Бараг, К. П. Кабашнікаў і інш. Зборнік А. К. Сержпутоўскага “Сказки и рассказы белорусов-полешуков” даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. І хаця многія лепшыя казкі яго неаднаразова ўключаліся ў шматлікія фалькларыстычныя зборнікі, гучалі са сцэны у выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, выкарыстоўваліся народнымі тэатрамі, але ў поўным аб’еме гэтая цудоўная кніга, “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”, ні разу не перавыдавалася [8, с. 16].

       Зборнік А. К. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета”  выйшаў у свет у 1926 годзе ў Ленінградзе. У яго ўвайшлі запісы, зробленыя збіральнікам у 1890-1923 гадах на Беларускім Палессі. Ва ўступе да зборніка Аляксандр Казіміравіч прыводзіць даныя аб стане і развіцці народнай творчасці ў Слуцкім павеце, сцісла характарызуе казачнікаў, ад якіх запісваў народныя творы. У адрозненне ад першага зборніка, у якім творы былі размешчаны бессістэмна, у новай кнізе А. К. Сержпутоўскага запісы сістэматызаваны па казачніках [2, с. 26].

       Вядомы беларускі фалькларыст А. Шлюбскі ў рэцэнзіі на яе пісаў: “Не ўмаляючы значэння зборнікаў Бяссонава, Шэйна, Раманава, Нікіфароўскага, Дабравольскага, кніга А. К. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету” з'яўляецца першай кнігай, якая падводзіць фундамент пад беларускую этнаграфічную казку” [2, с. 27].

        Б. Эпімах-Шыпіла ставіў зборнік вышэй за ўсе раней апублікаваныя зборнікі беларускіх казак. Ён адзначаў асаблівую літаратурную стройнасць твораў, высокую якасць запісаў, што садзейнічала вывучэнню дыялектных асаблівасцей мовы беларусаў-палешукоў [2, с. 26].

         Станоўча ацаніў зборнік А. К. Сержпутоўскага ўкраінскі фалькларыст М. Тарасенка. Ён адзначыў высокую мастацкую якасць казак, адсутнасць у іх штампаў, цікавую кампазіцыю, наяўнасць адступленняў і разважанняў, не звязаных з асноўным сюжэтам, у апісанні прыроды, быту сялян [7, с. 16].

        У галіне вывучэння старажытных вераванняў і светапоглядаў беларусаў асаблівая роля належыць зборніку А. К. Сержпутоўскага “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (1930). У гэтай кнізе, якая з’яўляецца вынікам яго шматгадовай збіральніцкай дзейнасці, змешчаны вялікі фактычны матэрыял - 2275 запісаў легенд, паданняў, прымхаў, апавяданняў, запісаных у паўднёвых раёнах Слуцкага павета [2, с. 31].

         Аб папулярнасці казачных зборнікаў А. К. Сержпутоўскага сведчыць той факт, што многія творы, змешчаныя ў іх, неаднаразова перадрукоўваліся газетамі, часопісамі, выходзілі асобнымі кніжкамі. Так, казка “Хвароба над хваробамі” была змешчана ў зборніку “Нашай нівы” (Вільня, 1912), у “Беларускім календары “Нашай нівы” (Вільня, 1913), у беларускім гаспадарчым календары “Рольнік” на 1931 год (Вільня, 1930) [2, с. 33].

        Ведаюць і любяць казкі са зборнікаў А. К. Сержпутоўскага і ў нашы дні. Не заляжаліся на прылаўках кніжных магазінаў “Казкі і апавяданні Беларусскага Палесся” (складальнік А. С. Фядосік Мінск, 1965), “Беларускія народныя казкі”  (складальнікі Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў. Мінск, 1981), “У трыдзевятым царстве” (складальнікі У. К. Касько, А. С. Фядосік. Мінск, 1995), “Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і” (складальнік Васілевіч У. А. Мінск, 1998), “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (Складальнік У. К. Касько. Мінск, 1998), “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” (Складальнік У. К. Касько Мінск, 1999), “Казкi i апавяданi, беларусаў Слуцкага павета” (Складальнік У. К. Касько Мінск, 2000), “Палескі дзівасіл: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі: са скарбніцы А. К. Сержпутоўскага” (складальнік У. К. Касько Мінск, 2005), “Русальная нядзеля. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (Складальнік У. К. Касько. Мінск, 2009), “Гняздоўе белых буслоў: казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” (Складальнік У. К. Касько. Мінск, 2010), поўнасцю або часткова складзеныя з твораў, запісаных А. К. Сержпутоўскім.

        Аб жыцці і творчасці Ч. Пяткевіча можна даведацца з кнігі У. А. Васілевіча “Збіральнікі” (выдадзена ў 1991 годе ў выдавецтве “Навука і тэхніка”) [3, с. 134]. Кніга прысвечана збіральніку, даследчыку беларускай вуснай народнай паэзіі і быту, дзейнасць якога на Беларусі яшчэ не атрымала шырокага асвятлення. Працяглая работа аўтара ў архівах, знаходкі дакументаў, якія не былі раней у навуковым абароце, дазволілі глыбей раскрыць і ацаніць жыццё і творчасць Ч. Пяткевіча. Артыкул І. Кітуркі “Рэчыцкае Палессе” Ч. Пяткевіча як крыніца па гісторыі і этнаграфіі Рэчыцкай зямлі” (выдадзены ў 2008 годзе ў выдавецтве ГДУ імя Ф. Скарыны) прысвечаны жыццю, творчай і грамадскай дзейнасці выдатнага беларускага фалькларыста, этнографа, мовазнаўцы, публіцыста Ч. Пяткевіча [9, с. 108].У ім даецца грунтоўны аналіз лепшых узораў запісаў народных традыцый і абрадаў на Беларускім Палессі, аб уплыве, які аказала і аказвае беларуская народная творчасць на развіццё славянскай фалькларыстыкі. Большасць матэрыялаў уводзілася ў навуковы абарот упершыню. Трэба адзначыць, што навуковая дзейнасць Ч. Пяткевіча разгледжана недастаткова, адсутнічаюць супастаўленні яго прац з вынікамі дзейнасці іншых беларускіх фалькларыстаў.Трэба працягваць работу па вывучэнню жыцця і творчай дзейнасці Ч. Пяткевіча.         

       Дэбютаваў Чэслаў Пяткевіч у друку ў 1925 годзе артыкулам “Да пытання гісторыі шкларобства на Валынскім Палессі” [10, с. 11]. Ч. Пяткевічу ў перыяд жыцця на Палессі давялося шмат павандраваць. Аб’ехаўшы вялікую тэрыторыю роднага краю ўздоўж і ўпоперак, Ч. Пяткевіч выклаў свае шматлікія назіранні за шляхамі, што звязвалі мясцовае насельніцтва між сабою і з усім светам, у артыкуле “Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове ХІХ стагоддзя” [3, с. 134]. У наступных публікацыях у перыёдыцы Чэслаў Пяткевіч працягваў знаёміць чытачоў з палескай тэматыкай. Нарыс “Хойнікі” змяшчае гісторыка-геаграфічнае апісанне мястэчка, расказвае пра найбольш прыкметныя збудаванні ў навакольных мясцінах [3, с. 135].

        Артыкул “Палессе ў канцы ХІХ стагоддзя: Пажары сасновых лясоў і балот” напісаны вобразна, з сапраўдным мастацкім адчуваннем. Аўтар вылучае некалькі прычын пажараў: з-за засухі, помсты, легкадумства, з-за ўяўнай патрэбы лепшай пашы, якая павінна ўзнікнуць на папялішчы, з-за патрэбы таннага будаўнічага матэрыялу, з-за неасцярожнасці, нядбайства. Нярэдка віноўнікамі пажараў станавіліся дзеці [3, с. 136].

        Першая грунтоўная манаграфія з’явілася абагульняючай працай па матэрыяльнай культуры вывучаемага рэгіена. З яе выхадам Ч. Пяткевіч адразу ж заваяваў вялікі аўтарытэт сярод спецыялістаў. “Рэчыцкае Палессе” падрабязна знаёміла адукаваны свет з жыццёвымі ўмовамі насельніцтва малавядомага, атуленага лясамі і балотамі краю. Уступ да гэтай кнігі быў напісаны К. Машынскім. “Рэчыцкае Палессе”, - пісаў ён, гэта адзіны ў сваім родзе дакумент… зроблены інтэлігентам, які вёў сялянскае жыцце і пры гэтым вызначаецца цудоўнай памяццю, што раскрывае перажытае з фатаграфічнай дакладнасцю” [11, с. 672]. Шматлікія малюнкі для кнігі выкананы самім Ч. Пяткевічам. Намаляваныя прадметы, падкрэсліваў Машынскі, Пяткевіч “неаднаразова трымаў у руках, а значную частку сам вырабляў”. Манаграфія вызначалася грунтоўнасцю, надзвычайнай дэталёвасцю, у ёй удалося ўсебакова раскрыць багацце матэрыяльнай культуры Рэчыцкага Палесся [3, с. 137]. Чатырнаццаць раздзелаў кнігі асвятляюць літаральна ўсе заняткі і рамёствы палешукоў. Здаецца, кожны матэрыяльны прадмет з сялянскага ўжытку быў зафіксаваны не толькі славесна, але і на дакладных малюнках.     “Кніга “Рэчыцкае Палессе” знаменавала не толькі прыход у навуку цікавага сур’езнага працаўніка, але і стала пэўным этапам у развіцці даследаванняў пра Палессе. З энцыклапедычнай усебаковасцю ў ёй распрацаваны пытанні матэрыяльнай культуры рэгіена. Манаграфія Ч. Пяткевіча паслужыла ўзорам таго, якімі павінны быць навуковаыя даследаванні па краязнаўству.     Але задумы Ч. Пяткевіча не спыняліся на гэтым, маштабы іх былі куды большыя, чым ужо зробленае. Веды даследчыка не абмяжоўваліся матэрыяльнай культурай. Духоўны свет палескага селяніна, не раскрыты ў навуковай літаратуры, вабіў этнографа, і Ч. Пяткевіч, пакуль яшчэ ставала сіл, пачаў распрацоўку дадзенай тэмы, тым больш што задзел ужо быў зроблены ў дапаўненнях да кнігі К. Машынскага. Пяткевічу трэба было спяшацца, каб расказаць пра свой родны край усё, што ён ведаў і шмат, акрамя яго, пакуль ніхто не мог сказаць [3, с. 140].

Пад час працы ў аддзеле этналогіі Варшаўскага навуковага таварыства міністэрствы веравызнання і народнай асветы прызначылі Пяткевічу пастаянныя стыпендыі, якія матэрыяльна падтрымалі яго і дазволілі яму цалкам прысвяціць сябе навуцы без лішніх клопатаў пра сродкі для існавання [ 3, с. 141].

      Ч. Пяткевіч узяў на сябе таксама абавязкі па падрыхтоўцы пасмяротнага выдання 4-га тома “Люду беларускага” Міхаіла Федароўскага. Том ахопліваў фальклорныя матэрыялы малых жанраў - жарты, выслоўі. Шмат працы і сіл паклаў Ч. Пяткевіч на ўпарадкаванне запісаў, сабраных М. Федароўскім на працягу 1877-1905 гг., на тлумачэнне і дапаўненне ўласнымі матэрыяламі [3, с. 141].

    Пасля выхаду манаграфіі “Рэчыцкае Палессе” адначасова з апрацоўкай матэрыялаў Федароўскага Пяткевіч не спыняў працу над уласнай тэмай. У апошнія гады ён апублікаваў некалькі артыкулаў пра народныя ўяўленні, пра характар правядзення некаторых свят на Палессі, пра асаблівасці сялянскага быту. Пераважная большасць артыкулаў стала ў наступным старонкамі другой манаграфіі Ч. Пяткевіча “Духоўная культура Рэчыцкага Палесся” [3, с. 142].

У артыкуле “Душа і смерць у веравызнаннях беларусаў” Пяткевіч выкарыстаў не толькі ўласныя назіранні, як звычайна, але прыцягнуў этнаграфічны матэрыял Федароўскага, Крашэўскага, Раманава, Чубінскага, Нарбута, Аю Плуга. Блізкі па тэме гэтай публікацыі артыкул Пяткевіча “Мёртвыя ў веравызнаннях беларусаў” [3, с. 143].

Ён, таксама, як і папярэдні, насіў кампілятыўны характар: акрамя ўласных запісаў у ім скарыстаны працы Афанасьева, Дабравольскага, Федароўскага, Машынскага, Шэйна. Артыкул меў вялікую цікавасць для чытача ў першую чаргу дзякуючы шырока ўжытым у ім абрадавам апісанням і ўзорам вуснай паэзіі беларусаў, прычым запісы многіх твораў належалі самому Ч. Пяткевічу і да таго часу не былі вядомыя. Пасля ўсебаковага агляду беларускіх памінальных абрадаў тэмай аўтарскай размовы становяцца русалкі. Сапраўдным упрыгожаннем артыкула з’явілася прыведзенае ў ім на мове арыгінала апавяданне жыхара в. Гарошкава з Рэчыцкага Палесся - 90-гадовага Іллі Бурака. Нават і сення, калі фальклорна-этнаграфічная спадчына нашага народа сабрана і выглядае досыць прадстаўніча, многія матэрыялы з артыкула “Мёртвыя ў вераваннях беларусаў” не проста захоўваюць сваю каштоўнасць, а ў нейкай меры застаюцца унікальнымі, непаўторнымі [3 , с. 144].

     Артыкул Ч. Пяткевіча “Вялікдзень на Беларусі” па метаду пабудовы паўтарае ранейшыя. Для раскрыцця тэмы аўтар прыцягнуў з ужо згаданымі вышэй іменамі працы Бяссонава, Дабраўлянскага, матэрыялы беларускага календара “Нашай нівы”. Нягледзячы на назву, Пяткевіч паставіў мэтаю ахапіць не толькі адзін святочны дзень, а перыяд, які папярэднічаў Вялікадню, і перыяд які ішоў пасля яго [3, с. 144].

Информация о работе Гістарыяграфія і крыніцы