Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Октября 2012 в 19:52, контрольная работа
Паводле этнаграфічнага прынцыпу на тэрыторыі Беларускага Палесся вылучаюць раёны Усходняга і Заходняга Палесся. Усходняе Палессе займае вялікую тэрыторыю Палескай нізіны; на ўсходзе мяжуе з Падняпроўем (па ніжняй Бярэзіне і правабярэжжы Дняпра), на поўначы - з Цэнтральнай Беларусю (па лініі Парычы - Любань - Старобін - Чудзін - больш на поўнач ад Ганцавіч), на захадзе - з Заходнім Палессем (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўночная мяжа рэгіёна дакладна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца разворанымі і даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтральнай Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў.
Уводзіны……………………………………………..………........……..3
1 Гістарыяграфія і крыніцы……………………………...……..…..…..6
2 Матэрыяльная культура беларусаў Палесся ў працах А. Сержпутоўскага і Ч. Пяткевіча…………………………………....…...14
3 Вывучэнне А. Сержпутоўскім і Ч. Пяткевічам духоўнай культуры палешукоў…………………………………………………………….….29
Заключэнне……………………………………………….……...…....…56
Спіс выкарыстанных крыніц…………………………………..…..........58
Старажытны звычай беларусаў дзяліцца з суседзямі здабыткамі сваёй працы - мясам, рыбай, мёдам, садавінай, гароднінай, знайшоў адлюстраванне ў нарысе А. К. Сержпутоўскага “Бонда”. Згодна народных уяўленняў, таго, хто не падзеліцца з іншымі “бондай” або “бондачкай”, будуць праследваць няшчасці.
Гэты звычай распаўсюджваўся і на жывёлу. Заўважыўшы брадзячую сабаку або каня, карову, якія адбіліся ад статку, сяляне лічылі неабходным накарміць іх. Пры гэтым яны гаварылі: “Бог дае на ўсіх долю. І сабаку давай кавалак хлеба - можа, не праз чыю ласку жывём” [2, с. 34].
Звычай даваць бонду, на думку А. К. Сержпутоўскага, ішоў ад сівой даўніны, калі была агульная маёмасць цэлай абшчыны або роду.
У запісах вучонага, ва ўспамінах старых людзей, ад якіх калісьці ён запісваў свае фальклорныя творы, ёсць шмат прыкладаў аб тым, як сяляне, меўшыя коней, валоў, дапамагалі суседзям-беднякам бясплатна апрацоўваць зямлю, звозіць з поля ураджай, нарыхтоўваць дровы на зіму. Нават, калі ўласнага хлеба не хапала да новага ўраджаю, палешукі не пакідалі ў бядзе суседзяў, у якіх па нейкай прычыне загінуў ураджай.
Цікавае тлумачэнне старажытных традыцый адлюстравана ў нарысе “Талака”. Сяляне бескарысна прыходзілі, па словах этнографа, на дапамогу аднавяскоўцу, прыносілі нават будаўнічы матэрыял. Гуртам выконваліся работы, плёнам якіх карысталіся ўсе аднавяскоўцы. Размова ідзе аб узвядзенні плацін і ёзаў, рыцці студняў, будаўніцтве лазняў.
Талака часта мела і іншы сэнс. Яна давала магчымасць чалавеку паказаць сябе ў рабоце, служыла своеасаблівым спаборніцтвам у спрыце, сіле, уменні. “Лёс беларускай дзяўчыны, - пісаў А. К. Сержпутоўскі, - у большасці выпадкаў залежыць ад таго поспеху ў працы якім яна зарэкамендавала сябе ў час талакі” [17, с. 334].
У даследчыка ёсць цікавае апісанне асянін - дня памінання продкаў, асенніх дзядоў. Адзначалася гэта свята праз тры тыдні пасля Пакроваў. Да гэтага часу асноўныя сельскагаспадарчыя работы былі выкананы, можна было крыху адпачыць. Напярэдадні свята мужчыны наводзілі парадак у дварах, забівалі кабаноў, цялят. авечак, гусей. Жанчыны завіхаліся на кухні, думалі, як лепш сустрэць гасцей, чым парадаваць дамашніх.
Перад тым як сесці за святочны стол. палешукі ішлі ў лазню, а прыйшоўшы адтуль, апраналіся ў чыстае адзенне. У гэты дзень нават у бедных сялян падавалася не менш як сем абрадавых страў. У больш заможных сялян рыхтавалі да адзінаццаці страў. Абавязковымі былі тут куцця, кіслая капуста з ялавічынай, юшка, верашчака, посныя стравы. Не забывалі, вядома і пра памерлых продкаў [18, с. 234]. У рытуале асянін бачыцца высакароднасць беларускага селяніна, яго павага да блізкіх, старэйшых, пераемнасць пакаленняў, чаго так не хапае нам сёння ў жыцці.
Такім чынам, трэба адзначыць, што А. К. Сержпутоўскі ў сваіх нарысах “Сябрына”, “Талака”, “Асяніны” вельмі цікава даў тлумачэнне старажытным традыцыям палешукоў.
Спосаб здабывання і захоўвання агню шырока апісаны ў шматлікай навуковай літаратуры. Не абышоў гэты факт увагай і А. К. Сержпутоўскі, прысвяціўшы яму этнаграфічны нарыс “Добывание огня”. Даследуючы быт жыхароў цяжкадаступных населеных пунктаў Беларускага Палесся, ён адзначаў, што большасць сялянскіх сем’яў не карысталіся запалкамі і здабывалі агонь старажытнымі спосабамі пры дапамозе вогніва, крэмню і трута або “цыра” - грыба, што расце на гнілой частцы ствала хвоі. Рабілася гэта па некалькіх прычынах. Запалкі каштавалі даволі дорага і былі не па кішэні многім палешукам. Да таго ж яны тухлі ад ветру. Таму кожны мужчына насіў у маленькай торбачцы, якую называлі вогневіцай, магалейкай або калітой, нескладаныя прыстасаванні для атрымання агню. Умелі разводзіць агонь у сваіх дамах і палескія жанчыны, калі мужчын не было ў сядзібе.
Ва ўрачыстых выпадках запальвалі свяшчэнны агонь трэннем, пры дапамозе шкельцаў і сонечных промняў. Гэта рабілі звычайна пры пераходзе ў новы дом. У прысутнасці ўсёй сям’і, гасцей гаспадар распальваў свяшчэнны агонь у старой хаце і пераносіў яго ў новую хату, дзе рыхтавалася застолле. На думку палешукоў, у такім выпадку заступнікі продкаў разам з агнём пераселяцца на новае месца і будуць ахоўваць навасёлаў ад няшчасцяў і бядот.
У час эпідэміі пры дапамозе свяшчэннага агню запальвалі кастры на ўскраінах вёсак. Яны павінны былі ўберагчы людзей ад хвароб.
У многіх палескіх вёсак існаваў звычай распальваць пры дапамозе свяшчэннага агню купальскія кастры. Яшчэ задоўга да свята на месца, дзе ў ноч з 22 на 23 чэрвеня шугане ў неба купальскі агонь, моладзь пачынала зносіць “май” - галінкі бярозы і ліпы, якімі на Тройцу сяляне ўпрыгожвалі дамы і двары, а таксама кавалкі дошак, салому, зношаныя лапці.
У дзень свята хлопцы ўкопвалі ў зямлю высокую жардзіну, насаджвалі на яе старое кола ад павозкі. Дзяўчаты вешалі на жардзіну вянкі, упрыгожвалі яе рознакаляровымі стужкамі, зялёнымі галінкамі. Затым вакол жардзіны складвалі ўсё, што гарыць.
Вечарам, калі сонца хавалася за гарызонтам, малыя і старыя ішлі сустракаць свята. Пакуль хлопцы і дзяўчаты спявалі песні, гулялі ў розныя гульні, а старыя вялі нетаропкія размовы пра жыццё-быццё, маладыя дужыя мужчыны прымаліся за дабыванне свяшчэннага агню. І вось ён - доўгачаканы момант: на волю вырваўся агеньчык. Ён перакідваўся на сухую салому, вецце. Адступала цемра. Пад радасныя крыкі і воклічы прысутных пачыналася адно з самых любімых народных святаў [19, с. 35]. Такім чынам, трэба адзначыць, што А. К. Сержпутоўскі вельмі добра апісаў спосаб здабывання агню палешукамі ў этнаграфічным нарысе “Добывание огня”. Ч. Пяткевіч у сваіх працах такога занятка палешукоў не адзначыў.
У нарысе А. К. Сержпутоўскага “Каўтун” адсутнічаюць апісанні абрадаў і рытуалаў беларусаў-пелешукоў, і тым не менш ён з’яўляецца своеасаблівым лагічным працягам разгледжаных вышэй нарысаў у сацыяльным плане. “Каму даводзілася бываць у балоцістых месцах Беларускага Палесся, размешчанага па прытоках ракі Прыпяць, - піша А. К. Сержпутоўскі, - той, думаецца, звярнуў увагу на тое, што ў многіх жыхароў гэтага краю валасы на галаве збіты ў нейкія лямцападобныя косы або ўтвараюць адзін вялізны каўтун” [2, с. 35].
Па словах аўтара, адны даследчыкі тлумачылі гэта мікраарганізмам, які трапіў з балота ў кроў чалавека, іншыя - неахайнасцю мясцовых жыхароў. А. К. Сержпутоўскі справядліва тлумачыць узнікненне гэтай і іншай хвароб цяжкімі ўмовамі жыцця народа, адсутнасцю на Палессі медыцынскіх устаноў. У пацвярджэнне гэтай думкі ён прыводзіў наступныя факты: “На Палессі жывёлу пасуць пераважна на багністых мохавых балотах. Пасьба пачынаецца з ранняй вясны і працягваецца да позняй восені. Балота ўвесь час пакрыта гнілой стаячай вадой. Пастухі цэлымі днямі стаяць па калені ў вадзе або гразі. І як вынік - балотная ліхаманка, рэўматызм, незажываючыя раны на нагах пастухоў, той жа каўтун. Лячыцца гэтым людзям няма калі і няма дзе, бо на Палессі да рэвалюцыі амаль што адсутнічалі бальніцы, амбулаторыі” [2, с. 36]. Такім чынам, трэба адзначыць, што А. К. Сержпутоўскі cваёй публікацыяй імкнуўся звярнуць увагу шырокай грамадскасці на поўнае драматызму жыццё беларускага селяніна.
Добрае веданне жыцця i быту палескiх сялян прадэманстраваў А. К. Сержпутоўскi i ў нарысе “Запасванне гаўяда”. Цеплыней i святлом напоўнены радкi матэрыяла аб першым пасля зiмы выгане жывёлы на пашу. Радавую, на першы погляд, падзею ён паказаў як сапраўднае свята ў час якога асаблiва поўна раскрываецца душа чалавека. На сямейным савеце ў прысутнасцi ўсёй сям'i абмяркоўвалася пытанне - пара выганяць скацiну на пашу цi не. Прымалiся пад увагу дзень тыдня, фаза месяца. Панядзелак i пятнiцу "звычайна лiчылi не падыходзячымi для запасвання днямi”. Звычайна час выгану прымяркоўвалi да поўнi, “каб усе было поўна” [20, с. 118].
Не апошнюю ролю адыгрывалi тут прыкметы. На думку палешукоў, скiнутая на падлогу лыжка, разбiты посуд маглi прывесцi да бяды. Яшчэ горш, калi ў дзень запасвання жывёлы на загнеце тух агонь. У гэты дзень не пазычалi суседзям агню, розных рэчаў, бо згодна iснуючым прымхам лiхi чалавек мог нанесцi вялiкую шкоду. Але вось усё гатова для выгану жывёлы. Сям'я выходзщь на двор, каб прысутнiчаць пры ўрачыстым моманце. Наперадзе гаспадар, апрануты ва ўсё чыстае i белае. На iм новыя лапцi з белымi анучамi. У торбе, якая вiсiць на баку, акраец хлеба, соль, “хрэшчык” (крыж, выпечаны з мукi на “хрэсцы” - у сераду на чацвёртым тыднi вялiкага посту), тры невялiкiя каменьчыкi, нож, замок, бязмен, сякера, курынае яйка, грамнiчная свечка. Няспешна, з непакрытай галавой iдзе гаспадар у бок хлява, каб выгнаць жыўнасць. Там ён бярэ тры пукi саломы, потым выцягвае са студнi поўнае вядро вады, строга па сонцу абноciць яго вакол жывёлы, перакiдвае праз статак каменьчык i аблiвае вадой жывёлу. Гэты абрад паўтараецца тройчы [20, с. 119].
Пасля гаспадар закопваў у зямлю каля варот замок, бязмен, сякеру, яйка i разводзiў на гэтым месцы невялiкае вогнiшча, у якое кiдаў салому, выцягнутую са cтpaxi хлява. Толькi пасля гэтай цырымонii ён аддаваў торбу пастуху i той праз агонь выганяў жывёлу з двара на вулiцу. Уся сям'я iшла за пастухом за ваколіцу. Урачыста сустракалi жывёлу з пашы.
У нарысе падрабязна тлумачыцца кожны атрыбут, які суправаджаў запасванне жывёлы. Пераганялі яе праз агонь з мэтай уберагчы ад нячыстай сілы і ліхіх людзей. Калі выкапанае яйка аказвалася цэлым - гэта было добрай прыкметай: на працягу лета ўся жывёла будзе ў наяўнасці. Замок закапвалі для таго, каб замкнуць пасці ваўкам і мядзведзям, бязмен - каб жывёла хутка набірала вагу.
Рытуальнай сiлай валодалa i вада, якой аблівалі жывёлу. Сяляне лiчылi, што скура ix гаўяда будзе чыстай, а конi i каровы не будуць баяцца мошак, камароў, розных сурокаў. Салома, выцягнутая са стpaxi, павiна была клiкаць жывёлу дадому, перакiнутыя праз статак каменьчыкi - адганяць ад яго звяроў i нячыстую сiлу [20, с. 120].
Догляду хатняй жывелы і птушак, нарыхтоўцы для іх корму ўдзяляў шмат увагі у сваіх працах Ч. Пяткевіч. Ён прывёў шмат прыкладаў аховы жывёлы ад захворванняў і заразы. Аўтар “Рэчыцкага Палесся” асабліва падкрэсліваў, што палешукі вельмі чулыя на любыя звесткі пра паветрые. “У гэты момант на разнастайных дарогах з таго боку, адкуль прыйшлі весткі, будуюць курэнь і садзяць вартавога, які ва ўсіх, хто прыязджае ў вёску ці праязджае праз яе, адбірае салому і сена і тут жа спальвае” [11, с. 57].
Але такая перасцярога не дапамагала выратаваць Рэчыцкае Палессе ад паветрыя, у выніку якога ў 1866-1867 г. загінула амаль уся рагатая жывёла, і на працягу наступных 15 гадоў галоўнай жывёлай, якая давала малако, у палешукоў стала каза, бо на пакупку дойных кароў не хапала грошай.
Даследаванне Ч. Пяткевіча пацвярджае, што доўгі час на Палессі галоўным відам цяглавай жывелы былі валы, і “да каня не надта ласкава ставіліся старыя палешукі, аднак, дзякуючы сваей шпаркасці, ён досыць хутка заняў паважнае становішча ў гаспадарчым жыцці. Самы зацяты кансерватар хутка прыкмеціў розніцу ў інтэнсіўнасці працы гэтай жывёлы і вала”, - падкрэсліваў Ч. Пяткевіч [11, с. 38].
Але ў асноўным пэўная закрытасць Палескага рэгіена ўсе ж абумоўлівала больш устойлівае і трывалае захаванне ў ім традыцыйнага ўкладу жыцця. Такім чынам, добрае веданне жыцця i быту палескiх сялян прадэманстраваў А. К. Сержпутоўскi i ў нарысе “Запасванне гаўяда”, а Ч. Пяткевіч падрабязна апісаў працэс догляду хатняй жывелы і птушак, нарыхтоўку для іх корму, прывеў шмат прыкладаў аховы жывелы ад захворванняў і заразы у сваёй працы “Рэчыцкае Палессе”.
Глыбокае веданне жыцця палескiх cялян, ix звычаяў i традыцый апісана у нарысе А. К. Сержпутоўскага “Ловля вьюнов”. Як i ў iшых нарысах, тут апiсваецца гаротнае жыццё палешукоў. “Нелёгкая гэта работа, - пiша аўтар, - цэлы дзень стаяць на адной назе ў глыбокiм чаўне, рызыкуючы кожную мiнуту звалiцца ў ваду. Харчуецца рыбак аднымi ўюнамi, cпiць на голай зямлi пад адкрытым небам у любое надвор'е, а тут мноства камароў i мошак ссуць кроў, забiраюцца ў нос, вушы i прыносяць невыносныя мукi” [2, с. 37]. Але цяжкасцi гэтыя пераноciць паляшук стойка, разумее, што ад яго рыбацкага шчасця залежыць лёс сям'i. Больш буйны ўлоў пойдзе на базар, меншую рыбу засоляць, засушаць i будуць харчавацца ёй на працягу доўгай зiмы.
Здаралася, што ў вынiку зацяжных дажджоў балоты, па якix працякалi рэчкi, станавiлiся непраходнымi. Сялянам даводзiлася галадаць у поўным сэнсе гэтага слова. Яны харчавалicя дзiкiмi яблыкамi, грушамi, жалудам i нават пырнiкам. З-за адсутнасці сена ўсю зіму жывёлу пасвілі ў лясах [6, с. 37]. Такім чынам, трэба адзначыць, што А. К. Сержпутоўскі вельмі добра апісаў рыбалоўства ў нарысе “Ловля вьюнов”, а Ч. Пяткевіч у сваіх працах такога занятка палешукоў не адзначыў.
Важнай крыніцай для здабывання сродкаў да iснавання з'яўлялася для беларуса-палешука лясное пчалярства - бортнiцтва. У сваей рабоце “Бортничество в Белоруссии” А. К. Сержпутоўскi падрабязна спыняецца на гэтым нялёгкiм промысле, прыводзiць цiкавыя звесткi з гiсторыi яго узнiкнення, пралiвае святло на cацыяльныя рысы сялянскiх узаемаадносiн, якiя яскрава праяўлялiся пры сумесным здабываннi мёду. З даўнiх часоў палешукi па тых цi iншых прычынах забiралiся ў глухiя лясы, за непраходныя балоты i засноўвалi там новыя паселiшчы. У той час у лясах вадзiлася многа пчол i бортнiцтва прыносiла нядрэнны даход.
Сяляне ставiлi на борцях свае знакi тым самым аб'яўлялi сябе ўласнiкамi пчалiных сем'яў. Гэтыя няпiсаныя законы строга выконвалiся палешукамi. Забраць мёд з борцi суседа лiчылася вялiкiм злачынствам. Вiнаватага сяляне маглi пакараць фiзiчна, але самым ганебным з'яўлялася мянушка “пчаладзёр”, якая пераходзiла i на яго дзяцей [2, с. 38]. Умоўныя знакі ўласнасці ставілі палешукі і на іншых прадметах, якія не з'яўляліся агульнай уласнасцю. Убачыць селянін свабодны кавалачак сенакосу, дрэва, якое можа спатрэбіцца яму для пэўнай справы, і тут жа ўбівае побач калок, абвязвае яго вяхоткай з травы. З гэтага моманту тут не можа гаспадарыць ніхто іншы [6, с. 39].
На думку беларусаў, пчолы добра водзяцца толькi ў самых сумленных людзей, таму кожны пчалавод у час работы каля борцяў лiчыў за правiла памiрыцца з суседам, не думаць пра яго дрэннага. “Калi двое чужых людзей вельмi ў ладу жывуць прамiж сабе, та добрэ, калi ў ix будуць залетныя пчолы. Гэтыя пчолы робяць тых людзей сябрамi і самi добра раяцца і шмат носяць мёду да воску” [21, с. 137].