Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Сентября 2013 в 00:44, курсовая работа

Краткое описание

Мэта дадзенай працы – аналіз працэсу станаўлення і развіцця вучэбных калекцый і кабінетаў пры навучальных установах як збораў музейнага характару. Асноўныя задачы, якія неабходна вырашыць у ходзе даследавання, наступныя:
Разгледзець і прааналізаваць працэс стварэння вучэбных калекцый і кабінетаў навучальных дапаможнікаў пры ўстановах адукацыі на Беларусі ў вызначаны перыяд.
Прасачыць шляхі папаўнення калекцый і кабінетаў новымі прадметамі і матэрыяламі.
Выявіць прычыны ўзнікнення вучэбных калекцый і іх ролю ў працэсе навучання.

Содержание

УВОДЗІНЫ 3
Раздзел 1 Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст. 7
1.1 Музей Полацкай езуіцкай акадэміі 7
1.2 Кабінеты Віленскага універсітэта 13
1.3 Музей Гродзенскай медыцынскай акадэміі 18
1.4 Музей Горы-Горацкага земляробчага інстытута 21
Раздзел 2 Кабінеты і калекцыі пры сярэдніх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII – пачатку XX стст. 25
2.1 Кабінеты і калекцыі пры мужчынскіх гімназіях 25
2.2 Кабінеты і калекцыі пры жаночых навучальных установах 37
ЗАКЛЮЧЭННЕ 43
СПІС ЛІТАРАТУРЫ 45

Вложенные файлы: 1 файл

курсовая. Алексейчик, 450 гр..doc

— 302.50 Кб (Скачать файл)

План

 

УВОДЗІНЫ

На сёняшні  дзень, калі ўзрасла цікавасць даследчыкаў  да мінулага нацыянальнай беларускай культуры, яе вывучэнне не можа быць поўным без разгляду гістарычнага шляху, пройдзенага музеямі. Музеі адыгралі важную ролю ў станаўленні і развіцці беларускай культуры, іх дзейнасць спрыяла захаванню найбольш каштоўных гістарычных помнікаў, развіццю навукі, мастацтва, фарміраванню культурнага асяроддзя.

Распаўсюджанай  з’явай ў развіцці музейнай справы на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII – пачатку XX ст. стала ўзнікненне музейных калекцый пры навучальных установах. Звычайна яны ўяўлялі сабой вучэбныя кабінеты з нагляднымі сродкамі навучання. Некаторыя з іх, дзякуючы намаганням адданых сваёй справе выкладчыкаў, пераўтварыліся ў паўнавартасныя калекцыі з яскрава акрэсленай адукацыйна-выхаваўчай сацыяльнай функцыяй музеяў.

Неабходна акрэсліць, што ўяўлялі сабой вучэбныя калекцыі дадзенага перыяду. Зыходзячы з  апісанняў кабінетаў пры універсітэтах, гімназіях і іншых навучальных установах, у склад вучэбных калекцый уваходзілі фізічныя прылады і машыны, мінералагічныя, батанічныя, заалагічныя ўзоры, геаграфічныя і гістарычныя матэрыялы (карты, глобусы, атласы), мадэлі і ўзоры для малявання і чарчэння. Усе дапаможнікі выкарыстоўваліся настаўнікамі і вучнямі пры правядзенні заняткаў па адпаведных дысцыплінах. Некаторыя кабінеты былі даступны для наведвання шырокай публікай і карысталіся высокай папулярнасцю.

У пачатку ХХ ст. паўстала вялікая колькасць вучэбных кабінетаў і калекцый, якія склаліся са спецыфічных экспанатаў (пераважна наглядныя дапаможнікі і педагагічная літаратура). Перш за ўсе гэта тычыцца сярэдніх навучальных устаноў. Навучальныя дапаможнікі адыгрывалі важную ролю ў справе адукацыі і асветы, і асабліва неабходныя былі для нагляднага засваення такіх прадметаў, як гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка.

У сваёй працы  я разглядаю гісторыю стварэння  калекцый і кабінетаў пры вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. І калі пры універсітэтах і  калегіумах можна адзначыць ужо  існаванне сапраўдных музеяў з экспазіцыямі, каталогамі, правядзеннем навуковай працы з прадметамі, то пры размове аб сярэдніх навучальных установах можна ўзгадаць толькі існаванне калекцый і асобных кабінетаў, прадметы якіх выкарыстоўваліся ў вучэбнай дзейнасці.

Мэта дадзенай працы – аналіз працэсу станаўлення і развіцця вучэбных калекцый і кабінетаў пры навучальных установах як збораў музейнага характару. Асноўныя задачы, якія неабходна вырашыць у ходзе даследавання, наступныя:

  1. Разгледзець і прааналізаваць працэс стварэння вучэбных калекцый і кабінетаў навучальных дапаможнікаў пры ўстановах адукацыі на Беларусі ў вызначаны перыяд.
  2. Прасачыць шляхі папаўнення калекцый і кабінетаў новымі прадметамі і матэрыяламі.
  3. Выявіць прычыны ўзнікнення вучэбных калекцый і іх ролю ў працэсе навучання.

Актуальнасць  тэмы вызначаецца той прычынай, што  стварэнне цэласнай карціны гісторыі музейнай справы Беларусі немагчыма без вывучэння калекцый вучэбных матэрыялаў і дапаможнікаў ХІХ - пачатку ХХ ст., якія,у сваю чаргу, з’яўляюцца правобразамі сучасных вучэбных музеяў пры установах адукацыі. Вывучэнне гісторыі стварэння і развіцця кабінетаў пры навучальных установах павінна прывесці да набыцця пэўнага вопыту ў арганізацыі адпаведных кабінетаў у сучасных школах і універсітэтах.

На сёняшні  дзень не існуе абагульняючай працы па гісторыі вучэбных калекцый пры вышэйшых і сярэдніх навучальных установах на Беларусі. Узгадванні аб існаванні кабінетаў змяшчаюцца ў працах Еўдакімавай, Пастуховай, якія апісваюць гісторыю стварэння і развіцця сярэдніх навучальных устаноў.

Значныя звесткі  аб складзе і гісторыі фарміравання калекцый змяшчаюцца ў справаздачах аб стане гімназій і вучылішч, якія былі напісаны іх настаўнікамі і дырэктарамі. У іх можна знайсці інфармацыю аб пагадовым папаўненні калекцый, аб фінансавых сродках, якія выдаткоўваліся на набыццё новых матэрыялаў, а таксама вопісы маёмасці з пералікам прадметаў, якія ўваходзілі ў склад збору.

Амаль кожная гімназія мела сваіх біёграфаў у асобах гімназічных выкладчыкаў. Гісторыю гімназій занатавалі ў “Памятных запісках”, “Гістарычных запісках”, “Нарысах” настаўнікі Мінскай мужчынскай гімназіі Н. А. Адо, В. Г. Краснянскі, выкладчык Слуцкай гімназіі І. А. Глебаў, выкладчык Магілеўскай гімназіі М. І. Сазонаў, выкладчык Гомельскай мужчынскай гімназіі І. П. Максімаў, настаўнік Полацкага кадэцкага корпуса В. П. Вікенцьеў і інш. Звесткі аб стане калекцый змяшчаюцца таксама ў апублікаваных актах рэвізій гімназій.

Кароткая гісторыя і апісанне калекцый пры гімназіях  змяшчаецца ў “Сборнику сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа” (1873). Гэта адна з першых спроб абагульнення звестак аб гімназіях і вучылішчах, якая дае даволі поўнае ўяўленне аб распаўсюджанасці і стане вучэбных калекцый і кабінетаў. Але матэрыял пададзены фактаграфічна, без спробы яго аналізу.

Біёграфам Горы-Горацкага  сельскагаспадарчага інстытута  можна назваць С. Г. Цітовіча, які ў шэрагу сваіх прац закрануў і пытанне існавання музея сельскагаспадарчых прылад. Падрабязнае апісанне калекцый Віленскага універсітэта, гісторыі іх стварэння далі ў сваіх працах В. Севяргін, П. Масоніус.

Асобныя артыкулы на пэўныя тэмы па дадзенай праблеме друкаваліся  ў зборніках матэрыялаў навуковых  канферэнцый. Напрыклад, І. М. Сімакова разгледзела гісторыю вучэбных калекцый Віцебскай гімназіі. М. А. Ступакевіч напісала артыкул аб гісторыі развіцця Слонімскай жаночай гімназіі, дзе змяшчаліся звесткі аб існаванні пры ёй калекцый. Вытокі фарміравання нумізматычнай калекцыі Віленскага універсітэта прасачыла Д. Грымалаускайтэ. У артыкулах Т. Бліновай падрабязна апісана дзейнасць езуітаў па стварэнні музея пры Полацкім калегіуме. Некаторыя аспекты гісторыі музеяў пры ўстановах адукацыі разглядаліся ў часопісных артыкулах. Так, аб музеі натуральнай гісторыі і батанічным садзе пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі ў сваіх артыкулах узгадвалі П. Дашкевіч, Б. В. Кляпацкі, В. Г. Анціпаў, Ф. І. Ігнатовіч.

Такім чынам, можна  сказаць, што большасць даследчыкаў абмяжоўваюцца разглядам канкрэтных вузкіх праблем. Адзіную спробу абагульніць і прааналізаваць звесткі аб існаванні музеяў пры навучальных установах Беларусі на сёння зрабіў А. А. Гужалоўскі, які прысвяціў дадзенай тэме цэлы раздзел у кнізе “Нараджэнне беларускага музея”. Аўтар выяўляе агульныя тэндэнцыі фарміравання і развіцця вучэбных калекцый, прапануе каштоўныя матэрыялы па гісторыі музеяў пры вышэйшых навучальных установах, але калекцыі пры гімназіях і вучылішчах раглядаюцца ім даволі павярхоўна.

Дадзеная праца  напісана на аснове вывучэння і аналізу  літаратурных крыніц, рэвізій, справаздач аб дзейнасці навучальных устаноў, артыкулаў на асобныя тэмы, і з’яўляецца спробай абагульніць разрозненыя звесткі, якія змяшчаюцца ў розных крыніцах.

 

Раздзел 1 Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст.

1.1 Музей Полацкай езуіцкай акадэміі

Па загаду польскага караля Стэфана Баторыя ў 1580 г. быў адкрыты Полацкі езуіцкі калегіум, першым рэктарам якога стаў вядомы прапаведнік Пётр Скарга. Полацкі калегіум з'яўляўся адным з найбагацейшых у Беларусі. Архітэктурны комплекс Полацкага езуіцкага калегіума з'яўляўся найбольш значным будынкам у горадзе. Каменны сабор Святога Стэфана, пабудаваны ў 1745 г. пры калегіуме, быў галоўнай архітэктурнай дамінантай цэнтра Полацка. Полацкі езуіцкі калегіум рыхтаваў выкладчыкаў па шэрагу дысцыплін для іншых навучальных устаноў езуітаў [44].

Перыяд высокага ўздыму Полацкага калегіума пачаўся ў апошняй чвэрці ХVІІІ ст., калі забаронены папам Кліментам ХІV ордэн езуітаў захаваўся з дазволу Кацярыны ІІ толькі ў Беларусі, а Полацк зрабіўся сталіцай ордэна. Сярод сяброў ордэна, што з'язджаліся сюды з усяго свету, было шмат выдатных навукоўцаў, педагогаў, мастакоў і літаратараў. Пасаду прафесара тэалогіі і архітэктуры ў калегіуме займаў таленавіты італьянскі жывапісец і архітэктар Каятан Анджыяліні. Полацкім студэнтам чытаў лекцыі доктар Сарбоны, гісторык і археолаг Дзід'е Рышардо. Многія, хто ехаў у Беларусь з Еўропы, прывозілі з сабой прыродазнаўчыя зборы, мастацкія вырабы, розныя механізмы і кнігі. Калегіум валодаў багацейшай бібліятэкай, якая налічвала каля 40000 тамоў кніг. У 1812 г. езуіты дамагліся перайменавання калегіума ў акадэмію з правамі універсітэта [29, c. 15].

Да ліку найважнейшых дасягненняў полацкіх езуітаў адносіцца  стварэнне музея, які быў уладкаваны па тыпу кунсткамеры. Ініцыятарам сістэматызацыі прывезеных у Полацк калекцый і стварэння на іх аснове музейнай экспазіцыі быў выкладчык калегіума, а затым і генерал ордэна славенец Габрыэль Грубер. У 1788 г. па яго праекту да галоўнага будынка калегіі быў прыбудаваны корпус, дзе размясціліся навуковыя кабінеты і музей для выкладчыкаў і студэнтаў.Такім чынам, афіцыйнай датай пачатку дзейнасці музея лічыцца 1788 год - год пабудовы будынка, у якім размяшчаліся яго калекцыі. Аднак магчыма, што і да гэтага часу існаваў невялікі збор розных прылад [12, c. 56].

З імем Г. Грубера звязана абсталяванне астранамічнага, фізічнага, мінералагічнага і хімічнага кабінетаў, а таксама стварэнне карціннай галерэі. У музеі захоўвалася мноства мастацкіх вырабаў з каштоўных камянёў, каралаў і бурштыну, унікальныя нумізматычная і археалагічная калекцыі, зброя розных часоў і народаў, рукапісы старажытных актаў. Г. Грубер, акрамя таго, што асабіста стварыў для музея некалькі даволі дасканалых механізмаў і прылад, таксама з братоў ордэна падрыхтаваў механікаў, якія сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы і дапамагалі яму ў абсталяванні музея. Напрыклад, Схопфер Францыск-Ксаверый (1761-1808) стаў вядомым механікам, кавалём і гадзіннікавых спраў майстрам. Ён будаваў механічныя млыны, вынайшаў машыну для стрыжкі сукна, якая ўпершыню была паспяхова выкарыстана на езуіцкай фабрыцы ў Полацку. З высокім прафесіяналізмам вырабляў розныя машыны для музея Схмідт Кшыштаф (1745-1812). Выдатным столярам і скульптарам быў Ян Сомерэр (?-1823), які па заданні Г. Грубера выконваў усё неабходнае для кабінетаў калегіума [3, c. 60]. Пасля ад’езду Г. Грубера ў 1800 г. у Пецярбург на працягу дзевяці гадоў музеем кіраваў Франчэска Рыка, які значна павялічыў калекцыі, а пасля яго смерці і да самага выгнання езуітаў з Расіі – вучань Грубера Юзэф Цітовіч [12, c. 56].

Музей размяшчаўся  ў трохпавярховым будынку злева  ад касцёла, дзе займаў два паверхі. Трэці паверх быў жылым. Усе памяшканні музея былі ўпрыгожаны фрэскамі. На першым паверсе размясцілася лабараторыя, пакой для іспытаў і публічных  мерапрыемстваў, кабінет натуральнай гісторыі. У кабінеце натуральнай гісторыі ўсе экспанаты размяшчаліся ў пяці шафах, дзе знаходзіліся зародышы людзей і звяроў, чучалы некаторых жывёл і птушак, біўні маманта. Кабінет прыродазнаўства змяшчаў таксама багатыя калекцыі "розных зямельных металаў, каштоўных і іншых рэдкіх камянёў, мармуру і каменных рэчаў, як замежных, так і ўнутраных, паміж якіх ёсць выдатны збор сібірскіх металаў, а таксама адмысловы збор земляў, камянёў і рэчываў закамянелых, у акружнасці горада Полацка сабраных" [4, c. 245-246]. Захоўваліся таксама 387 парод дрэваў, 518 тыпаў раслін, закамянелыя рэшткі жывёл, выдатная калекцыя ракавін. У 98 спецыяльных начыннях змяшчаліся ўзоры раствораў [12, c. 57].

 Хімічная лабараторыя таксама была забяспечана разнастайным абсталяваннем. У ёй мелася ўсё неабходнае для розных хімічных вопытаў: шкляныя пасудзіны і прылады, печы для расплаўлення і ачышчэння матэрыялаў.

На другім паверсе  ўсе тры залі былі заняты пад фізічны кабінет. У калідоры размяшчалася мастацкая галерэя, дзе дэманстраваліся 4 мазаічныя карціны, партрэты, пейзажы, карціны на міфалагічныя сюжэты, выкананыя алеем і тушшу, 2000 гравюр, некалькі дзесяткаў выяў вядомых педагогаў і выпускнікоў калегіума. Сярод гэтых твораў вылучаліся карціны С. Чаховіча, партрэты Кальвіна і Марціна Лютэра пэндзля невядомых мастакоў, карціны С. Розы і П. П. Рубенса на дрэве (“Смерць Архімеда”, “Пошукі Архімедавай магілы”), копіі з работ Рафаэля і Тыцыяна. Некалькі карцін-копій належалі пэндзлю польскага мастака Недвецкага, былога выхаванца езуітаў. Аўтарам некаторых твораў быў Г. Грубер. Інтэр’ер галерэі дапаўнялі скульптурныя партрэты, мазаікі, розныя бурштынавыя рэчы, чатыры пальмавыя лісты з малабарскім пісьмом, а таксама больш 4000 гіпсавых адбіткаў разнастайных медалёў, вайсковы рыштунак. Па апісаннях сучаснікаў, адзін з кароткіх калідораў быў завешаны партрэтамі знакамітых езуітаў; другі − светлы, прамы, доўгі калідор быў упрыгожаны партрэтамі польскіх каралёў, а насупраць уваходу размяшчаўся вялікі партрэт Стэфана Баторыя [3, c. 61-62]. Адзін з партрэтаў выкладчыка акадэміі – магістра архітэктуры і жывапісу Язэпа Празора, захоўваецца зараз у Маскве, другі – прафесара старажытных усходніх моў Міхаэля Квіена – у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея РБ. Цікавымі экспанатамі былі партрэт Кацярыны Вялікай, зроблены са слановай косці і ўстаўлены ў срэбную раму, і яйка з мініяцюрнымі шахматамі, шашкамі і кеглямі. Каля дзвярэй стаялі тры драўляныя манекены ў рыцарскіх латах [24, c. 369-370].

Багатымі калекцыямі валодаў  і фізіка-механічны кабінет, дзе былі сабраны розныя прыборы мясцовай і замежнай вытворчасці.У ім знаходзіліся шматлікія фізічныя, механічныя, аптычныя, астранамічныя апараты, электрычныя машыны. Па ўспамінах А. Слізеня, былога вучня полацкіх езуітаў, у кабінеце стаяў вялікі тэлескоп, розныя дзейючыя мадэлі механізмаў. Тут жа знаходзілася па-майстэрску выкананая чарапахавая канторка. Можна адзначыць, што большасць з механізмаў была выканана ў Полацку [4, c. 246-247]. Цікавасць у наведвальнікаў музея выклікала “размаўляючая галава”. Як апісвае А. Сапуноў, галава старога з доўгімі сівымі валасамі была ўбудавана высока ў сцяне, амаль пад столлю. Галава мела багатую міміку, рухаліся вочы, і, галоўнае, яна размаўляла на ўсіх вядомых мовах. “Езуіт, які суправаджаў наведвальнікаў музея, прапаноўваў ім задаваць любыя пытанні на розных мовах. Галава адразу ж адказвала дакладна, гучна, лагічна – за сцяной сядзеў вопытны механік, які прыводзіў у рух вочы і ўвесь твар галавы і адказваў на пытанні” [29, c. 30].

Да музея таксама была далучана асобная зала для размяшчэння архітэктурных мадэляў. Зала была абсталявана для заняткаў маляваннем, жывапісам і архітэктурай, і забяспечана разнастайнымі мадэлямі, кнігамі, малюнкамі і гравюрамі. У ёй былі прадстаўлены мадэлі будынкаў усіх архітэктурных стыляў эпохі антычнасці і сярэднявечча: дарыйскага, іанічнага, карынфскага, раманскага і гатычнага, а таксама выкананыя з алебастру дэталі асобных ордэраў, у прыватнасці, іанічныя і карынфскія капітэлі. Экспанаты выкарыстоўваліся для правядзення ўрокаў па архітэктуры. Арыгінальным экспанатам была мадэль пабудовы карабля з ветразямі.

Такім чынам, можна вызначыць некалькі асноўных крыніц папаўнення калекцый музея. Па-першае, самастойны выраб розных механізмаў і машын для фізіка-механічнага кабінета Г. Груберам і яго вучнямі. Па-другое, тут асядалі вынікі навукова-даследчай працы, якая праводзілася музеем і вучнямі калегіума. Па-трэцяе, у кабінетах размяшчаліся розныя рэчы, падараваныя езуітамі, якія прыбывалі ў Полацк з іншых краін [3, c. 61].

Полацкі калегіум і яго  музей не абыходзілі ўвагай і прадстаўнікі правячых колаў Расійскай імперыі. Так, у час падарожжа ў 1780 г. калегіум наведала Кацярына ІІ, а ў ліпені 1802 г. “прыемна здзіўлены” экспазіцыяй музея быў Аляксандр І [12, c. 58].

Падчас Айчыннай вайны 1812 г. музей быў моцна пашкоджаны: у яго памяшканнях размясціліся французскія вайсковыя часткі. Маршал Сен-Сіp распарадзіўся выкінуць большасць экспанатаў, пакінуўшы толькі некаторыя прадметы, якія знаходзіліся ў сцянных шафах. Пры пераносе некаторыя з экспанатаў былі настолькі пашкоджаны, што не падлягалі ўзнаўленню. Так, французскімі салдатамі была знішчана калекцыя рэдкіх ракавін, а таксама шэраг іншых прадметаў з кабінета натуральнай гісторыі [4, c. 248].

Информация о работе Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст